Анатоль Вольны

беларускі драматург, паэт, журналіст

Анато́ль Во́льны (сапр. — Анатоль Іўсты́навіч Ажгірэ́й; 2 сьнежня 1902, ст. Пухавічы, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 29 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі паэт, празаік, журналіст, кінадраматург. Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай прозе[1].

Анатоль Вольны
лац. Anatol Volny
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Акша; Алёша; В.Анатолий; Анатолий Вольный
Нарадзіўся 2 сьнежня [ст. ст. 19 лістапада] 1902
ст. Пухавічы, Ігуменскі павет, Менская губэрня, цяпер — Пухавіцкі раён Менская вобласьць
Памёр 29 кастрычніка 1937
Менск, турма НКВД
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік, журналіст, кінадраматург
Гады творчасьці 1920—1937
Мова беларуская
Узнагароды
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР

Заслужаны дзяяч мастацтваў БССР (1935).

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 2 сьнежня 1902 у сям’і службоўца Іўстына Ажгірэя. Па заканчэньні пачатковай школы, у 1911 паступіў у Ігуменскую гімназію. У 1920—1921 служыў добраахвотнікам у Чырвонай арміі, удзельнічаў у баёх зь белапольскімі войскамі. Пасьля дэмабілізацыі працаваў у ЦК ЛКСМБ, рэдагаваў газэту «Юный пахарь» (з 1924 — «Малады араты»). Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

 
Анатоль Вольны (зьлева) і Міхась Чарот, Менск, 1925

У 1920—1930-х быў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў Беларусі. У 1923 стаў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», першы рэдактар ейнага аднайменнага часопіса[2]. З 1928 — у «Полымі». З 1934 — сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР.

Быў жанаты, гадаваў дзіця. Арыштаваны 4 лістапада 1936 у Менску па адрасе: вул. М. Горкага, д. 4, кв. 6. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Анатоля Вольнага прадугледжвалася «спальваць»[3]. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 як «член контрарэвалюцыйнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 у турме НКВД. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3 сьнежня 1957.

Творчасьць

рэдагаваць

Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1920 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Камсамольская нота» (1924, з А. Александровічам), «Чарнакудрая радасьць» (1926), «Табе» (1927).

У 1925 выйшаў раман «Ваўчаняты» (у сааўтарстве з А. Александровічам і А. Дударом). Аўтар аповесьцяў «Два» (1925), «Антон Савіцкі» (1927, газэта «Савецкая Беларусь»). «Зборнік фэльетонаў» (1927) і кніга гумарэсак і фэльетонаў «Суседзі» (1932) выйшлі пад псэўданімам «Алёша».

Напісаў п’есы, драматызаваныя агітжарты («Калі дзяк гаворыць праўду», «Міколка», «У агранома» — 1924), камэдыю «Ратуй, божа!» (з Р. Кобецам, 1932). Выступаў і як кінадраматург — паводле яго сцэнараў пастаўленыя фільмы «Хвоі гамоняць» (з К. Дзяржавіным, 1929), "Гатэль «Савой» (1930), «У агні народжаная» (1930), «Сонечны паход» (1931), «Новая радзіма» (1935) і інш. У 1935 г. выйшла кінааповесьць «Шасцідзясятая паралель».

  1. ^ Маракоў, Л. Вольны Анатоль // Ахвяры і карнікі : [аб палітычных рэпрэсіях 1937―1938 гадоў] / Леанід Маракоў. — Мінск, 2007. — 439 с.
  2. ^ Смаль, В. «Сэрца ласкай вішнёваю плёскае...» Пуцявінамі Анатоля Вольнага // Роднае слова. — 2002. — № 11. — С. 13.
  3. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць