Ялоўка

вёска ў гміне Міхалова Беластоцкага павету Падляскага ваяводзтва Польшчы

Ялоўка[2][3][4] (польск. Jałówka) — вёска ў Польшчы, на рацэ Ялоўцы. Уваходзіць у склад гміны Міхалова Беластоцкага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2013 год — 305 чалавек.

Ялоўка
лац. Jałoŭka
польск. Jałówka
Вуліца вёскі
Вуліца вёскі
Герб Ялоўкі


Магдэбурскае права: 1545
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Беластоцкі
Гміна: Міхалова
Насельніцтва: 305 чал. (2013)[1]
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 85
Паштовы індэкс: 16-050
Нумарны знак: BIA
Геаграфічныя каардынаты: 53°0′19.000″ пн. ш. 23°54′19.000″ у. д. / 53.00527778° пн. ш. 23.90527778° у. д. / 53.00527778; 23.90527778Каардынаты: 53°0′19.000″ пн. ш. 23°54′19.000″ у. д. / 53.00527778° пн. ш. 23.90527778° у. д. / 53.00527778; 23.90527778
Ялоўка на мапе Польшчы
Ялоўка
Ялоўка
Ялоўка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ялоўка — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны), на этнічнай тэрыторыі беларусаў.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Упершыню Ялоўка ўпамінаецца ў XVI ст. як мястэчка ў Ваўкавыскім павеце Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Раней тут, відаць, існаваў цэнтар адміністрацыі Ялоўскай пушчы, найбольш заходняй часткі Ваўпянскай пушчы. Мястэчка засялялася беларусамі з паўднёвых прытокаў Росі (на 1623 год тут налічвалася толькі 4 палякі, 4 летувісы і 2 вугорцы[5]).

21 сьнежня 1545 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары надаў Ялоўцы Магдэбурскае права. Ужо ў пачатку XVI ст. у мястэчку існавала царква, пазьней вялікая княгіня Бона Сфорца фундавала тут касьцёл. 21 студзеня 1589 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза заснаваў у Ялоўцы войтаўства. У пачатку ХVІІ ст. староста ялоўскі Ян Станіслаў Сапега заснаваў тут першую школу. У XVII ст. мястэчка стала цэнтрам нягродавага староства, якое трымалі Гарайны. Войны сярэдзіны ХVІІ ст. спустошылі Ялоўку, таму чарговы староста Юры Караль Глябовіч вызваліў мяшчанаў ад падаткаў і дапамагаў у адбудове спаленых хатаў[5].

У 1766 годзе Ялоўскае нягродавае староства трымаў кашталян берасьцейскі Ян Гарайн, які сплаціў зь яго кварты 3751 злоты і 28 грошаў. Згодна з пастановай сойму 1773—1775 гадоў староства перайшло да пісара земскага і дэпутата ваўкавыскага Міхала Булгарына на 50 гадоў з выплатай на карысьць скарбу Вялікага Княства Літоўскага 15 тыс. злотых штогод. У канцы XVIII ст. у Ялоўцы зьявіліся першыя юдэі, якія спачатку належалі да кагалу ў Сьвіслачы[6]. 18 студзеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку герб: «у блакітным полі выява Сьвятога Мацьвея»[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Герб з прывілею 1792 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ялоўка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні. У 1859 годзе тут пачалося будаваньне новага касьцёлу. Неўзабаве расейскія ўлады адабралі будынак у каталікоў і перадалі яго Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскаму патрыярхату), а ў 1861 годзе заснавалі новую царкву Аляксандра Неўскага. У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня на каталіцкую Сёмуху 1863 году Ялоўку заняў паўстанцкі аддзел Валерага Ўрублеўскага. З гэтай прычыны ў 1866 годзе расейскія ўлады ліквідавалі каталіцкую парафію, якую далучылі да сьвіслацкай парафіі. Мясцовыя каталікі атрымалі дазвол на стварэньне парафіі Сьвятога Антонія толькі ў 1907 годзе і ў 1910—1915 гадох збудавалі ў мястэчку новы касьцёл[5]. У другой палове XIX ст. у Ялоўцы дзеялі 2 царквы, расейская сельская прыходзкая вучэльня. Большасьць жыхароў займаліся земляробствам, сярод рамесьнікаў пераважалі цесьляры і катляры. У выніку хуткага росту жыдоўскай грамады ў мястэчку заснавалі самастойную гміну з 2 сынагогамі[6].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Ялоўку занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ялоўка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[7]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ялоўка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва. Польскія ўлады ў 1922 годзе перарабілі царкву Аляксандра Неўскага пад касьцёл Перамяненьня Пана і Сьвятога Міхала. З 1933 году касьцёл стаў цэнтрам самастойнай (другой у мястэчку) парафіі[5]. У 1937—1939 гадох ксяндзом у Ялоўцы быў Янка Семашкевіч.

У 1939 годзе Ялоўка ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Сьвіслацкага раёну Беластоцкай вобласьці. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 году Ялоўка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 24 чэрвеня 1941 году ў выніку нямецкага наступленьня згарэлі 55 жылых дамоў, 250 гаспадарчых пабудоў і драўляная царква[5]. Пад канец 1942 году нацысты вывезьлі зь Ялоўкі ўсіх жыдоў (каля 600 чал.), сьпярша ў часовы лягер пад Ваўкавыскам, а потым у лягер сьмерці ў Трэблінку[6]. У ліпені 1944 году пры адступленьні нацысты зьнішчылі касьцёл Сьвятога Антонія, новабудаваную царкву і сынагогу[5]. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі паселішча Польшчы. Праваслаўныя жыхары толькі ў 1958—1966 гадох збудавалі новую мураваную царкву Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа[5]. Па Другой сусьветнай вайны Ялоўку далучылі да гміны Міхалова. З прычыны блізкага знаходжаньня ад дзяржаўнай граніцы (за 1 км ад яе) і аддаленасьці ад камунікацыйных шляхоў паселішча хутка пачало занепадаць.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1781 год — 1658 чал.[5]
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 330 муж., зь іх шляхты 1, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 217, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 111[8]; 1878 год — 1091 чал., зь іх 668 юдэяў[9]; 1830 год — 707 чал., зь іх хрысьціянаў 346 і юдэяў 401[5]; 1897 год — 1311 чал., зь іх 743 юдэі
  • XX стагодзьдзе: 1912 год — 2920 чал.; 1921 год — 1211 чал., зь іх паводле веры 394 каталікі, 229 праваслаўныя і 588 юдэі, паводле нацыянальнасьці 1163 чал. запісалі палякамі, 5 беларусамі, 40 жыдамі і 3 іншай нацыянальнасьці[10]; 1939 год — 5 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2009 год — 291 чал.; 2013 год — 305 чал.

Канфэсійны і нацыянальны склад

рэдагаваць

Жыхары Ялоўкі каталіцкай веры (парафія Перамяненьня Пана[11]) маюць польскую нацыянальную ідэнтыфікацыю, тым часам этнічныя беларусы ў большасьці праваслаўныя (прыход Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа).

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць
  • Касьцёл Перамяненьня Пана (1859, 1922)
  • Царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1956—1960)

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага (1910—1915, зруйнаваны ў 1944)
  1. ^ Główny Urząd Statystyczny. Bank Danych Lokalnych. (пол.) Праверана 16 чэрвеня 2015 г.
  2. ^ Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny / red. S. Glinka, A. Obrębska-Jabłonowska, J. Siatkowski. T. 1. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1980. S. 49. [1]
  3. ^ а б Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 257.
  4. ^ Насевіч В. Ваўкавыскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 395.
  5. ^ а б в г д е ё ж з Nos L. Monografia Gminy Michałowo. Białystok: Towarzystwo Przyjaciół Ziemi Michałowskiej, 1996. [2]
  6. ^ а б в Jałówka. Historia. (пол.) Wirtualny Sztetl. Muzeum Historii Żydów Polskich POLIN. Праверана 16 чэрвеня 2015 г.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
  9. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 388.
  10. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej : opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5. Województwo białostockie. S. 96. [3]
  11. ^ Parafia Przemienienia Pańskiego (Jałówka) (пол.) Parafie. Archidiecezja Białostocka. Праверана 16 чэрвеня 2015 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць