Гіта́нас Наўседа́ (лет. Gitanas Nausėda; нар. 19 траўня 1964, Клайпеда) — летувіскі палітык і эканаміст. Прэзыдэнт Летувы (з 12 ліпеня 2019 году).

Гітанас Наўседа
з 12 ліпеня 2019
Папярэднік Даля Грыбаўскайце
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 19 траўня 1964(1964-05-19)[1] (59 гадоў)
Партыя:
Сужэнец: Дыяна Наўседыяне[d]
Адукацыя:
Узнагароды:
ордэн Зоркі Румыніі Ордэн Леапольда ордэн князя Яраслава Мудрага I ступені ордэн Вітаўта Вялікага

Жыцьцяпіс рэдагаваць

З 1982 па 1987 год вучыўся на факультэце эканомікі прамысловасьці Віленскага ўнівэрсытэту, з 1987 па 1989 год — на эканамічным факультэце. Атрымаў доктарскую ступень у вобласьці сацыяльных навук у 1993 годзе, з 1990 па 1992 год праходзіў практыку ў Мангайскам унівэрсытэце ў Нямеччыны. Стажыраваўся ў Бундэстагу ў Боне (1994) і ў Сусьветным банку ў Вашынгтоне (1998).

З 1992 па 1993 год — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту эканомікі і прыватызацыі. З 1993 па 1994 год узначальваў аддзел фінансавага рынку ў Дзяржаўным камітэце па коштах і канкурэнцыі. З 1994 году быў намесьнікам кіраўніка аддзелу па наглядзе за камэрцыйнымі банкамі (1994—1996), дырэктарам дэпартамэнту грашова-крэдытнай палітыкі (1996—2000) і сябрам кіраваньня Банку Летувы (1998—2000).

У 2000 годзе пачаў працаваць у AB Vilniaus Bankas у якасьці раднага старшыні кіраваньня. З 2008 па 2018 год — радны прэзыдэнта SEB Bankas, галоўны эканаміст. З 2004 па 2009 год ён таксама быў радным прэзыдэнта Валдаса Адамкуса.

З 1987 па 2004 год выкладаў на эканамічным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту, у 2009 годзе пачаў выкладаць у Віленскай бізнес-школе.

Удзел у палітыцы рэдагаваць

Вылучыўся як беспартыйны кандыдат у прэзыдэнты Летувы на выбарах у 2019 годзе.

Падчас першага туру 15 траўня экс-міністарка фінансаў, былы намесьніца прэзыдэнта Банка Летувы, кандыдат ад правацэнтрысцкай партыі «Саюз айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты» Інгрыда Шыманіце набрала 31,43%, а Гітанас Наўседа — 31,16% і выйшлі ў другі тур абышоўшы іншых 7 кандыдатаў[3].

Падчас другога туру, які адбыўся 26 траўня 2019 году Гітанас Наўседа абыйшоў сваю суперніцу былую міністарку фінансаў Інгрыду Шыманіце[4].

Асабістае жыцьцё рэдагаваць

Жанаты, мае дзьвюх дачок[5]. Валодае ангельскай, нямецкай і расейскай мовамі[6].

Крытыка рэдагаваць

Асноўныя артыкулы: Летувізацыя і Ліцьвінства

У 1988 годзе (таго ж году заснавалі Саюдзіс) уступіў у Камуністычную партыю Савецкага Саюзу, але схаваў гэты факт, калі балятаваўся на пасаду кіраўніка дзяржавы: ня стаў адказваць у анкеце на пытаньні, якія тычыліся таго, ці быў кандыдат у прэзыдэнты раней у нейкіх партыях. Па выкрыцьці гэтага падману назваў сваё сяброўства ў кампартыі «памылкаю маладосьці». Паводле ўласнага тлумачэньня, думаў, што статус сябра партыі дапаможа ў навуковай кар’еры[7].

За прэзыдэнцтва Наўседы, у 2020 годзе часопіс Міністэрства абароны Летувы Karys(en) прысьвяціў два артыкулы крытыцы «ліцьвінізму». У першым зь іх назваў заснавальнікам «ліцьвінізму», які «супрацоўнічаў з расейскімі ўладамі», прафэсара-паліглёта Восіпа Сянкоўскага (1800—1858)[8].

У 2022 годзе Наўседа зьмясьціў допіс у Twitter, дзе азначыў Францішка Скарыну героем агульнай мінуўшчыны Летувы і Чэхіі, не згадаўшы пра Беларусь[9][10]. Таксама не ўпамінуў беларусаў у 160-гадовую гадавіну нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў[11].

У 2023 годзе пасьлядоўна прасоўваў прыраўнаньне беларусаў да расейцаў у Летуве на ўзроўні законаў[12]. 11 ліпеня 2023 году на саміце НАТО ў Вільні назваў Беларусь «адной з губэрніяў Расеі»[13][14].

Як зазначае экспэрт Аляксандар Фрыдман, Наўседа сыстэматычна выносіць «за дужкі» беларусаў, беларускае і Беларусь, прыраўноўвае іх да рэжыму Лукашэнкі. Сваім парадкам, гэта правакуе дыскусіі і канфлікты наконт «ліцьвінізму»[11].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Gitanas Nauseda // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ а б Hoffman R. LinkedIn (анг.) — 2003.
  3. ^ ЦВК Летувы
  4. ^ На прэзыдэнцкіх выбарах у Літве перамагае эканаміст Гітанас Наўседа, Радыё Свабода, 26-05-2019
  5. ^ D. Nausėdienė: Gitanas man pateikė viliojantį pasiūlymą, kurio negalėjau atsisakyti Delfi, October 31, 2015
  6. ^ G.Nausėdos kelias į ekonomiką aplaistytas ašaromis Delfi, February 24, 2010
  7. ^ Прэзыдэнт Літвы Наўседа хаваў, што ў 1980-х быў чальцом КПСС, Радыё Свабода, 5 красавіка 2023 г.
  8. ^ Sutkus D. Litvinizmas: istorija, prielaidos, perspektyvos // Karys. Nr. 1, 2020. P. 4.
  9. ^ Гісторык адказвае Наўседу пра беларуса Скарыну, Радыё Свабода, 14 кастрычніка 2022 г.
  10. ^ «Беларусь для вас нейкі жарт ці што?» Твітар палыхае пасля паста Наўседы пра Скарыну, Наша Ніва, 9 кастрычніка 2022 г.
  11. ^ а б Вільня, ВКЛ і беларусы. Адкуль бярэцца «літвінізм» і чаму ён пужае літоўцаў?, Новы час, 4 верасьня 2023 г.
  12. ^ Кіраўнік МЗС Літвы і Ціханоўская раскрытыкавалі вэта Наўседы на закон аб новых санкцыях для расейцаў і беларусаў, Радыё Свабода, 14 красавіка 2023 г.
  13. ^ Аб’яднаны пераходны кабінет адказаў Наўседзе, які сказаў, што Беларусь — расійская губерня, Наша Ніва, 12 ліпеня 2023 г.
  14. ^ Прэзыдэнт Літвы: «Беларусь больш не незалежная краіна, фактычна гэта адна з губэрняў Расеі», Радыё Свабода, 11 ліпеня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць