Амэрыка́нскія белару́сы (па-ангельску: Belarusian American) — грамадзяне ЗША, якія маюць беларускія карані. Паводле розных ацэнак агульная іхняя колькасьць складае ад 600 да 800 тысячаў чалавек. Дакладная колькасьць беларусаў у ЗША невядомая, бо перапіс і іміграцыйная статыстыка ня ўлічвае беларусаў як асобную катэгорыю, і шмат хто зь іх зарэгістраваныя палякамі альбо расейцамі.

Беларусы ў ЗША
Агульная колькасьць 600 000[1]—800 000

0,24% насельніцтва ЗША

Рэгіёны пражываньня Нью-Ёрк, Нью-Джэрзі, Кліўлэнд, Чыкага, Лос-Анджэлес, Дэтройт
Мовы беларуская, расейская, ангельская мова
Рэлігіі праваслаўе, рыма-каталіцтва, юдаізм
Блізкія этнасы расейцы ў ЗША, украінцы ў ЗША, русіны ў ЗША, іншыя славяне

Мінуўшчына

рэдагаваць

Мяркуецца, што першыя беларусы на тэрыторыі ЗША аселі ў пачатку XVII стагодзьдзя ў Вірджыніі, куды іх мог завезьці ангельскі мараплавец Джон Сьміт, які наведваў Вялікае Княства Літоўскае ў 1603 року[2]. У пачатку XIX стагодзьдзя ў ЗША эмігравалі каталіцкія сьвятары беларускага паходжаньня, якія садзейнічалі пашырэньню рэлігійнай адукацыі (Норбэрт Корсак, Баніфацы Крукоўскі, Вільгельм Файнэр). Францішак Дзеружынскі займаў у ЗША высокія царкоўныя пасады, стаў заснавальнікам школьнай каталіцкай сыстэмы адукацыі. Наладжаныя ў 1810-я рокі сувязі езуітаў Беларусі і ЗША тлумачацца тым, што пасьля забароны ў 1773 Папам рымскім Ордэна езуітаў апошні працягваць існаваць на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Каб захаваць сябе арганізацыйна, амэрыканскія езуіты сталі Беларускай правінцыяй Таварыства Ісуса (з 1805 да 1814 року, калі дзеяньне ордэна было адноўленае). Сярод эмігрантаў тае пары пераважалі асобы шляхецкага паходжаньня. Рабіліся спробы стварэньня суполак зямляцкага тыпу, ужо ў пачатку XIX стагодзьдзя існаваў гурток «літоўскай шляхты» зь Віцебшчыны і Магілёўшчыны.

Першая хваля масавай эміграцыі зь Беларусі пачалася ў апошнія дэкады XIX стагодзьдзя і працягвалася да I сусьветнай вайны, пераважна ў пошуках заробкаў. Беларусы зьяжджалі ў ЗША празь Лібаву і паўночную Нямеччыну. На месцы яны сяліліся ў Нью-Ёрку, Філядэльфіі, Бостане і Балтымары. Беларускія перасяленцы працавалі пераважна ў вугальнай, мэталаапрацоўчай, сталеліцейнай, тытунёвай, баваўнянай прамысловасьці, на цэмэнтных, цагельных і іншых заводах. Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў сельскагаспадарчых калёніяў, якія сталі зьяўляцца ў ЗША ў 2-й палове XIX стагодзьдзя на аснове агульнай маёмасьці. Аднак большасьць гэтых мігрантаў натуралізаваліся як расейцы (калі былі праваслаўнымі) ці палякі (каталікі) і не стварылі ўласных нацыянальных арганізацыяў. Частка беларусаў удзельнічала ў стварэньні прафсаюзных суполак, уваходзілі беларусы і ў палітычныя арганізацыі, напрыклад у Фэдэрацыю зьвязаў расейскіх працоўных у Чыкага.

У міжваенны пэрыяд у ЗША эмігравалі пераважна палітычныя імігранты з Заходняй Эўропы ды Польшчы, зь Беларусі зьехалі хіба некаторыя жыдоўскія сем’і[2]. Пачалося стварэньне нацыянальных арганізацыяў беларусаў. У 1923 року ў Чыкага заснаваны Беларуска-амэрыканскі зьвяз, які дзейнічаў да пачатку 1940-х. У 1935 у Іліноі зарэгістраванае Беларуска-амэрыканскае грамадзянскае задзіночаньне. У 1928 року ў Чыкага створанае першае ў ЗША палітычнае аб’яднаньне — Беларуска-амэрыканскі грамадзкі клюб, які на выбарах 1928, 1932 і 1936 рокаў падтрымліваў кандыдатаў Дэмакратычнае партыі. У часе выбараў 1936 року дзейнічаў і Беларуска-ўкраінскі рэспубліканскі клюб. Значная частка імігрантаў міжваеннага часу, як і папярэдняе хвалі, трапіла пад уплыў расейскіх і польскіх асяродкаў, далучылася да ўкраінскіх. Чыкаская газэта «Белорусская трібуна» (1928, №2) адзначала, што «99% усіх „расейскіх“ арганізацыяў у Чыкага і ў шматлікіх іншых местах Злучаных Штатаў належаць беларусам — нацыянальна сьвядомым або не — гэта ўжо іншае пытаньне, але беларусам».

 
Помнік «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзі

Пасьля II сусьветнай вайны, у прамежку між 1948 і пачатку 1950-х рокаў у ЗША эмігравалі каля 50 000 беларусаў — былых ваеннапалонных польскай і савецкай арміяў, остарбайтэраў, эмігрантаў, якія пакінулі Беларусь неўзабаве перад вайной ці з адыходам нямецкіх войскаў, а таксама пасьляваенныя ўцекачы і дысыдэнты. Большасьць такіх людзей прыехалі ў ЗША з Заходняй Нямеччыны ды Аўстрыі; сярод іншых краінаў таксама Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бэльгія, Данія, некаторыя краіны Паўднёвай Амэрыкі і Паўночнае Афрыкі[2]. Да сярэдзіны 1950-х у ЗША існавалі каля 30 беларускіх арганізацыяў. Галоўным завадатарам нацыянальнай дзейнасьці стала Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне (БАЗА), пад апекай якога былі створаныя Згуртаваньне беларускай моладзі ў Амэрыцы (1951), Беларуска-амэрыканскі дапамогавы камітэт (1956). Другой уплывовай беларускай арганізацыяй быў Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА), заснаваны ў процівагу БАЗА.

У 1980—1990-х роках прыбыла параўнальна невялікая дзеля эмігрантаў, якія зьехалі з палітычных, эканамічных ці сямейных прычынаў. Паводле перапісу 1980 року ў ЗША налічвалася 7328 беларусаў, а ў 1990 — толькі 4277[2].

Колькасьць і пражываньне

рэдагаваць

Паводле перапісу 1990 року беларускае паходжаньне засьведчылі толькі 4277 рэспандэнтаў[3]. Варта ўлічваць, што частка беларусаў запісваліся расейцамі ці палякамі ў залежнасьці ад веравызнаньня і месца нараджэньня. У 2000 року ў ЗША пражывалі 38 505 чалавек, якія нарадзіліся ў Беларусі[4]; зь іх па-беларуску дома размаўлялі 1363 чалавекі[5].

Найбольш шчыльна беларусы пражываюць у Нью-Ёрцкай аглямэрацыі, Нью-Джэрзі (асабліва ў Гайлэнд-Парку і Саўт-Рывэры), Кліўлэндзе (з прадмесьцямі), Чыкага (вакол Ўілінгу), Лос-Анджэлесу і Дэтройту.

Эміграцыя беларусаў адбывалася хвалямі: першая перад кастрычніцкім пераваротам 1917 року, у 1919—1939 — з Заходняй Беларусі, пасьля Другой сусьветнай вайны ў 1940 — пачатку 1950-х і ў 1990-х пасьля развалу Савецкага Саюзу. Да асобнай плыні эмігрантаў адносяцца беларускія жыды, якія зьяжджалі з-за перасьледу ў Расейскай імпэрыі.

Адукацыя і культура

рэдагаваць

Адной з найбольшых арганізацыяў беларусаў ЗША, якія стварылі сыстэму агульнаадукацыйных школаў і займаюцца захаваньнем мовы, культуры і традыцыяў Беларусі, ёсьць Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне (БАЗА). Дзейнічаюць беларускія хоры, тэатральныя гурткі, музычныя і танцавальныя калектывы[2]. Выдаецца газэта «Беларуская думка».

У 1950-х роках у Саўт-Рывэры заснаваная праваслаўная парафія сьвятой Эўфрасіньні Полацкай(en) пад юрысдыкцыяй Канстантынопальскага партыярхату.

У 1951—1953 роках заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва, які займаецца вывучэньнем беларускага мастацтва і навукі па ўсім сьвеце, падтрымлівае сувязі зь бібліятэкамі розных краінаў; з 1980-х рокаў падтрымлівае кантакты і зь Беларусяй. У 1975—1985 БІНІМ арганізоўваў беларусазнаўчыя курсы ў штатах Агаё, Нью-Ёрк, Іліной, Нью-Джэрзі.

Выбітныя беларусы ЗША

рэдагаваць
  1. ^ Залесский, Борис (15 лютага 2006) Как живёшь, белорусская диаспора? (рас.). Вечерний МинскПраверана 8 верасьня 2016 г.
  2. ^ а б в г д Kipel, Vitaŭt Belarusan americans (анг.) Countries and their Cultures Праверана 8 верасьня 2016 г.
  3. ^ Belarus Slavic Heritage Coalition Архіўная копія ад December 29, 2013 г.
  4. ^ Profile of Selected Demographic and Social Characteristics: 2000 - People Born in Belarus U.S. Census Bureau Праверана January 14, 2016 г.
  5. ^ Detailed Languages Spoken at Home and Ability to Speak English for the Population 5 Years and Over for the United States: 2006-2008 U.S. Census Bureau Архіўная копія ад May 8, 2010 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць