Каліфорнія
Каліфо́рнія (па-ангельску: State of California) — штат, разьмешчаны на захадзе ЗША, на беразе Ціхага акіяна. Каліфорнія — самы населены і трэці па плошчы штат ЗША. Назва «Каліфорнія» ўзятая з раману XVI стагодзьдзя «Прыгоды Эсплядыяны» («Las sergas de Espladia’n», аўтар Гарсія Радрыгес дэ Мантальва), дзе так зваўся райскі абток.
Каліфорнія | |||||
| |||||
Мянушка | «Залаты штат» | ||||
---|---|---|---|---|---|
Сталіца | Сакрамэнта | ||||
Найбуйнейшы горад | Лос-Анджэлес | ||||
Плошча | |||||
3-я па ЗША | |||||
- агулам | 410 000 км² | ||||
- сушы | 404 298 км² | ||||
- вады | 20 047 км² | ||||
- % вады | 4,72 | ||||
- шырата | 32°30' пн. ш. па 42° пн. ш. | ||||
- даўгата | 114°8' з. д. па 124°24' з. д. | ||||
Насельніцтва | |||||
1-е па ЗША | |||||
- агулам | 33 871 648 | ||||
- шчыльнасьць | 83/км² | ||||
Дата заснаваньня | 9 верасьня 1850 (31-ы) | ||||
Губэрнатар | Гэвін Ньюсам | ||||
Часавы пас | Ціхаакіянскі час: UTC-8/-7 |
Гісторыя
рэдагавацьПершымі эўрапейцамі, якія дасьледавалі гэтыя берагі, былі Хуан Радрыгес Кабрыльё ў 1542 годзе і сэр Фрэнсыс Дрэйк у 1579 годзе. Да 1730-х Каліфорнія лічылася абтокам. З канца 1700-х гадоў, гішпанскія місіянэры будавалі невялікія селішчы на велічэзных участках зямлі на пустых землях да поўначы ад Ніжняй Каліфорніі (California Baja). Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Мэксыкі ўвесь ланцуг такіх селішчаў (місій) быў абвешчаны ўласнасьцю мэксыканскага ўраду і яны былі закінутыя.
Каліфорніяй была названая паўночна-заходняя частка гішпанскай імпэрыі ў Паўночнай Амэрыцы. Пасьля Амэрыкана-Мэксыканскай вайны 1847 году гэты рэгіён быў падзелены паміж Мэксыкай і Злучанымі Штатамі. Амэрыканская частка, Верхняя Каліфорнія, стала 31-м штатам ЗША ў 1850 годзе.
Пасьля выяўленьня золата ў 1848 годзе пачалася так званая «Залатая ліхаманка». У гэты час колькасьць насельніцтва Каліфорніі расьце шматкроць. У гэты ж час абвяшчаецца Каліфарнійская Рэспубліка, існаваньне якой хутка скончылася пасьля таго, як камадор Ваенна-Марскога Флота ЗША Слоўт высадзіўся ў Сан-Францысцкім заліве і абвясьціў гэтую тэрыторыю прыналежнай ЗША. У 1850 годзе Каліфорнія была прынятая ў Саюз штатаў.
Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША Каліфорнія афіцыйна падтрымала Поўнач. Але насельніцтва падзялілася ў сваіх перавагах, і атрады каліфарнійскіх добраахвотнікаў ваявалі на абодвух баках.
Завяршэньне будаўніцтва першай транскантынентальнай чыгункі ў 1870-х гадах прывяло да выбухнага росту насельніцтва. Перасяленцам падабаўся клімат, выдатна прыдатны для жыцьця і вядзеньня сельскай гаспадаркі. Да 1950 году Каліфорнія стала самым населеным штатам ЗША, якім яна зьяўляецца дагэтуль.
Адміністрацыйны лад
рэдагавацьКаліфорнія кіруецца як рэспубліка. Мае тры галіны ўлады — выканаўчую, заканадаўчую і судовую.
Выканаўчая ўлада — гэта губэрнатар штату і іншыя выбарныя службовыя асобы. Цяперашні губэрнатар Каліфорніі — Джэры Браўн. Віцэ-губэрнатар — Gavin Newsom.
Заканадаўчую ўладу здзяйсьняюць Сэнат (40 сэнатараў) і Асамблея (80 дэпутатаў). Галоўным законам Каліфорніі зьяўляецца Канстытуцыя Каліфорніі — адзін з самых доўгіх заканадаўчых дакумэнтаў у сьвеце. Яго аб’ем — больш 10 000 старонак.
Судовая галіна ўлады ўяўляе сабою Вярхоўны Суд Каліфорніі і суды ніжэйшага ўзроўню.
Сталіца штату — горад Сакрамэнта. Раней сталіцай былі гарады Мантэрэй (1775—1849), Сан-Хасэ (1849—1851), Валейха (1852—1853), Бэніцыя (1853—1854) і Сан-Францыска (1862). Сакрамэнта стаў сталай сталіцай у 1854 годзе. У 1862 годзе сталічныя функцыі былі перанесеныя на чатыры месяцы ў Сан-Францыска з-за моцнай паводкі.
Каліфорнія мае двух прадстаўнікоў у Сэнаце ЗША і 53 — у Кангрэсе ЗША.
Геаграфія
рэдагавацьКаліфорнія разьмешчаная ўздоўж берагу Ціхага акіяна. Яна мяжуе з штатам Арэгон на поўначы, штатамі Нэвада і Арызона на ўсходзе, і мэксыканскім штатам Баха-Каліфорнія на поўдні. Каліфорнія — трэці па плошчы штат ЗША (410 000 км²). Большасьць буйных гарадоў ляжыць на ўзьбярэжжы, у больш прахалодным клімаце.
Цэнтральную частку штата займае ўрадлівая Цэнтральная даліна (па-ангельску: Central Valley), апраўленая з ўсіх бакоў горамі, якая некалі была дном акіяна.
На поўдні Каліфорніі знаходзіцца пустэльня Махавэ. Да паўначнага ўсходу ад яе ляжыць Даліна Сьмерці — самая нізкая (86 мэтраў ніжэй узроўню мора) і гарачая кропка Паўночнай Амэрыкі.
На ўсходзе знаходзяцца горы Сьера-Нэвада (па-гішпанску: Sierra Nevada — засьнежаныя горы). Іх вянчае гара Ўітні (Mount Whitney) — самая высокая кропка кантынэнтальнай часткі ЗША (4421 м). Тутака ж знаходзіцца Нацыянальны парк Ёсьміці і глыбокае прэснае возера Таха.
Па тэрыторыі ўсёй Каліфорніі праходзіць разлом Сан-Андрэас, з-за чаго тут частыя землятрусы. Таксама на тэрыторыі Каліфорніі знаходзіцца некалькі вульканаў. Некаторыя зь іх — дзейныя, такія як пік Ласэн, які вывяргаўся ў 1914 і 1921 гадах.
Клімат
рэдагавацьКлімат Каліфорніі надзвычай разнастайны. На большай частцы тэрыторыі штату ён міжземнаморскі, з дажджлівай зімой і сухім летам. Уплыў акіяна зьніжае роскід тэмпэратураў, прыводзіць да прахалоднага лета і цёплай зімы. З-за зімнай Каліфарнійскай акіянскай плыні ўздоўж берагу часта стаіць смуга. Пры пасоўваньні ўглыб тэрыторыі клімат становіцца больш кантынэнтальным, зь вялікім роскідам тэмпэратураў узімку і ўлетку. Заходнія ветравеі з акіяна прыносяць вільгаць, і паўночная частка штату атрымоўвае больш ападкаў, чым паўднёвая. На клімат таксама ўплываюць горы, якія не прапускаюць вільготнае паветра з акіяна далёка ўглыб кантынэнта.
Паўночна-заходняя частка Каліфорніі валодае ўмераным кліматам, сумарнае выпадзеньне ападкаў складае 38—100 см у год. У Цэнтральнай даліне пераважае міжземнаморскі клімат. Для гораў характэрны горны клімат, сьнежная зіма і ўмерана цёплае лета. Да ўсходу ад горных хрыбтоў разьмешчаныя пустэльныя раёны зь халоднай зімой і гарачым летам.
Эканоміка
рэдагавацьКаліфорнія вырабляе 13% валавога нацыянальнага прыбытку ЗША. Гэта больш, чым вырабляе любая краіна сьвету, акрамя ЗША, Японіі, Нямеччыны, Кітаю, Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі.
Асноўная галіна эканомікі Каліфорніі — сельская гаспадарка, уключна з вытворчасьцю садавіны, гародніны, малочных прадуктаў і віна. Пасьля сельскай гаспадаркі прытрымліваюцца авія-касмічная індустрыя, індустрыя забаваў (у асноўным, тэлебачаньне і кінэматограф) і індустрыя высокіх тэхналогій.
Насельніцтва
рэдагавацьПаводле перапісу насельніцтва 2000 году ў Каліфорніі пражывала 33 871 648 чалавек, што робіць Каліфорнію самым населеным штатам ЗША (12% агульнага насельніцтва).
У Каліфорніі адсутнічае абсалютная этнічная большасьць. Асноўную частку насельніцтва ўсё яшчэ складаюць белыя, пасьля іх ідуць лацінаамерыканцы (амаль траціна), выхадцы з Азіі, афра-амэрыканцы і амэрыканскія індзейцы. Па прагнозах экспэртаў, выхадцы з Лацінскай Амэрыкі складуць абсалютную большасьць насельніцтва Каліфорніі да 2040 году. Чыньнікамі гэтага завуць вялікі струмень імігрантаў з Мэксыкі і высокі ўзровень нараджальнасьці сярод іх.
Важныя гарады
рэдагавацьБольшасьць гарадоў Каліфорніі сканцэнтраваныя ў дзевяці абласьцях-мэгаполісах. Самыя буйныя зь іх разьмешчаныя каля ўзьбярэжжа: Лос-Анджэлас, Сан-Дыега, Сан-Хасэ і Сан-Францыска. Астатнія пяць знаходзяцца ў глыбіні тэрыторыі: Inland Empire (Рывэрсайд — Сан-Бэрнардына — Антарыё), Сакрамэнта, Фрэсна, Бэйкэрсьфілд і Antelope Valley (Палмдэйл — Ланкастэр).
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьКаліфорнія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў