Звадкаваны прыродны газ
Звадкава́ны прыро́дны газ (ЗПГ) — прыродны газ (пераважна мэтан CH4 зь некаторым прымешкам этану C2H6), які астуджаецца да вадкай формы дзеля зручнасьці і бясьпекі ягонага захоўваньня або транспартаваньня. У такім стане газ займае каля 1/600 аб’ёму ад прыроднага газу ў газападобным стане пры стандартных умовах тэмпэратуры і ціску.
ЗПГ ня мае паху, колеру, ён ня ёсьць таксычным і не выклікае карозіі. Небясьпека зыходзіць з гаручасьці пасьля выпарэньня ў газападобны стан і замярзаньне. Працэс звадкаваньня ўлучае выдаленьне некаторых кампанэнтаў, як то пыл, кіслыя газы, гель, вада і цяжкія вуглевадароды. Затым прыродны газ кандэнсуецца ў вадкасьць пад ціскам, блізкім да атмасфэрнага, астуджаючы яго прыкладна да —162 °C. Максымальны транспартны ціск складае каля 25 кПа.
Газ, які здабываецца з радовішчаў вуглевадародаў, звычайна зьмяшчае шырокі спэктар вуглевадародных прадуктаў, у які ўваходзяць мэтан (CH4), этан (C2H6), прапан (C3H8) і бутан (C4H10). Усе гэтыя прадукты маюць шырокі дыяпазон тэмпэратуры кіпеньня, а таксама розныя паказчыкі награваньня, што дазваляе ствараць розныя канфігурацыі канчатковага прадукту ў залежнасьці ад варыянтаў выкарыстаньня ці жаданьня пакупнікоў. Кісьлевыя элемэнты, як то серкавадарод (H2S) і вуглякіслы газ (CO2), разам з нафтай, брудам, вадой і ртуцьцю, выдаляюцца з газу дзеля атрыманьня чыстага газавага прадукту. Невыдаленьне такіх кісьлевых малекулаў, ртуці ды іншых прымешак можа прывесьці да пашкоджаньня абсталяваньня. Карозія сталёвых трубаў і амальгамізацыя ртуці з алюмінам у крыягенных цеплаабменьніках можа спрычыніць вялікую шкоду. Газавая плынь звычайна падзяляецца на фракцыі звадкаванай нафты (бутан і прапан), якія могуць захоўвацца ў вадкай форме пры адносна нізкім ціску, і больш лёгкія фракцыі этану і мэтану. Гэтыя больш лёгкія фракцыі мэтану і этану затым ператвараюць у вадкасьць, ствараючы такім чынам ЗПГ.
Гістарычна прыродны газ лічыўся эканамічна непрыбытковым, калі нафтавыя або газавыя радовішчы, дзе здабываюць газ, былі аддаленыя ад газаправодаў або разьмешчаныя ў моры ці на астравах, дзе цяжка ці немагчыма пабудаваць трубаправоды. Гэта звычайна азначала, што здабыўны з нафтай прыродны газ звычайна спальвалі, бо ў адрозьненьне ад нафты не існавала аніводнага спосабу захоўваньня або транспартаваньня прыроднага газу, акрамя трубаправодаў, выкарыстаньне якіх патрабавала неадкладнага спажываньня пакупнікамі. Гэта азначала, што рынкі прыроднага газу гістарычна былі выключна мясцовымі, і любы здабыўны газ павінны быў спажывацца адразу на лякальным рынку.
Разьвіцьцё вытворчых працэсаў, крыягеннага захоўваньня і транспартаваньня стварыла інструмэнты, неабходныя дзеля камэрцыялізацыі прыроднага газу на сусьветным рынку, які цяпер канкуруе з рынкамі іншых відаў паліва. Акрамя таго, разьвіцьцё сховішчаў ЗПГ таксама прывяло да надзейнасьці гандлёвых сетак, што раней лічылася немагчымым. Улічваючы, што захоўваньне іншага паліва адносна лёгка забясьпечваецца з дапамогай простых рэзэрвуараў, запасы можна захоўваць на працягу некалькіх месяцаў. Пасьля зьяўленьня буйнамаштабных крыягенных сховішчаў стала магчымым стварыць доўгатэрміновыя запасы газу. Гэтыя запасы звадкаванага газу могуць быць скарыстаныя ў любы момант праз працэсы рэгазафікацыі.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Gasworld.
- LNG safety. Our Safety.