Бостанскае чаяваньне
Бо́станскае чаява́ньне (па-ангельску: Boston Tea Party) — амэрыканская палітычная і гандлёвая акцыя пратэсту згуртаваньня Сыноў свабоды ў Бостане, які месьціцца ў штаце Масачусэтс, 16 сьнежня 1773 году[1]. Мэтай стаў закон аб гарбаце 10 траўня 1773 году, згодна зь якім Брытанская Ост-Індзкая кампанія набыла правы продажу гарбаты з Кітаю ў амэрыканскіх калёніях бяз выплаты мытаў, акрамя тых, што чыніліся паводле Таўнзэндавых законаў. Сыны свабоды рашуча выступілі супраць такога прывілею, зазначыўшы яго як парушэньне іхных правоў. Пратэстоўцы, некаторыя зь якіх былі замаскаваныя пад амэрыканскіх індзейцаў, зьнішчылі ўсю партыю гарбаты, адпраўленую Ост-Індзкай кампаніяй. Дэманстранты напалі на караблі і паскідалі ў Бостанскую гавань скрыні з прывезенай гарбатай. Брытанскі ўрад адрэагаваў жорстка, і эпізод перарос у Амэрыканскую рэвалюцыю. Чаяваньне сталася знакавай падзеяй амэрыканскае гісторыі, і з таго часу іншыя палітычныя пратэсты, як то Рух чаяваньня, называлі сябе гістарычнымі пераемнікамі Бостанскага пратэсту 1773 году.
Бостанскае чаяваньне | |||
Амэрыканская рэвалюцыя | |||
Дата | 16 сьнежня 1773 году | ||
---|---|---|---|
Месца | Бостан, Масачусэтс 42°21′12.96″ пн. ш. 71°3′8.64″ з. д. / 42.3536° пн. ш. 71.0524° з. д.Каардынаты: 42°21′12.96″ пн. ш. 71°3′8.64″ з. д. / 42.3536° пн. ш. 71.0524° з. д. | ||
Прычыны | ухваленьне закону аб гарбаце | ||
Мэты | адмена закону і жаданьне адсутнасьці падаткаабкладаньня без прадстаўніцтва | ||
Спосабы | выкіданьне гарбаты прабрытанскае арганізацыі | ||
Вынік | ухваленьне невыносных законаў | ||
Удзельнікі канфлікту | |||
Ключавыя асобы | |||
Бостанскае чаяваньне сталася кульмінацыяй руху супраціву ва ўсёй Брытанскай Амэрыцы супраць закону аб гарбаце, які быў прыняты брытанскім парлямэнтам у 1773 годзе. Каляністы выступалі супраць закону, таму што лічылі, што ён парушае іхныя правы як ангельцаў праз падаткаабкладаньне без прадстаўніцтва, то бок яны лічылі, што спаганяцца падаткі могуць толькі іхнымі ўласнаабранымі прадстаўнікамі, а не брытанскім парлямэнтам, у якім яны ня мелі прадстаўніцтва. Да таго ж Ост-Індзкая кампанія праз добрыя стасункі атрымала канкурэнтныя перавагі ў параўнаньні з каляніяльнымі імпартэрамі гарбаты, якія абурыліся гэтым крокам і баяліся дадатковых ускладненьняў свайго бізнэсу. Пратэстоўцы пасьпяхова перашкодзілі разгрузцы гарбаты ў трох іншых калёніях, але ў Бостане каралеўскі губэрнатар Томас Гатчынсан адмовіўся вярнуць гарбату ў Брытанію[2].
У 1774 годзе парлямэнт у адказ зацьвердзіў шэраг актаў, вядомыя як невыносныя законы, якія спынілі мясцовае самакіраваньне ў Масачусэтсе і закрылі гандаль Бостану. Каляністы трынаццаці калёніяў, у сваю чаргу, адказалі на гэты крок дадатковымі актамі пратэсту і скліканьнем Першага Кантынэнтальнага кангрэсу, які зьвярнуўся да брытанскага манарха па запыт аб адмене гэтых законаў і скаардынаваным каляніяльным супраціве ім. Крызіс абвастрыўся, і ў 1775 годзе пад Бостанам пачалася вайна за незалежнасьць ЗША.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «The Boston tea party». Libertarianism.org.
- ^ Mitchell, Stacy. «The big box swindle». Strong Towns.