Аляска (штат)

штат ЗША

Аля́ска (па-ангельску: Alaska) — найвялікшы паводле тэрыторыі штат ЗША, на паўночна-заходняй ускраіне Паўночнай Амэрыкі. Улучае Алеуцкія астравы.

Аляска
Сьцяг Аляскі Герб Аляскі
Сьцяг Аляскі Герб Аляскі
Штат Аляска на мапе ЗША
Мянушка «Апошняя мяжа»,
«Зямля Паўночнага Сонца»
Сталіца Джуна
Найбуйнейшы горад Анкорыдж
Плошча
1-я па ЗША
- сушы 1 481 347 км²
- вады 236 507 км²
- % вады 13,77
- шырата 54° 40' пн. ш. па 71° 50' пн. ш.
- даўгата 130° 00' з. д. па 173° 00' з. д.
Насельніцтва
48-е па ЗША
- агулам 626 932
- шчыльнасьць 0,42/км²
Дата заснаваньня 3 студзеня 1959 (49-ы)
Губэрнатар Біл Ўокер
Сэнатары Ліза Мэркаўскі
Дэн Саліван
Часавы пас Аляскінскі: UTC-9/-8
Алеуцкі: UTC-10/-9
(заходняй даўгаты 169° 30')

Геаграфія

рэдагаваць

Штат разьмешчаны на крайнім паўночным захадзе кантынэнту, аддзелены ад Чукоцкага паўвострава (Расея) Бэрынгавым пралівам, на ўсходзе мяжуе з Канадай. Складаецца з мацерыковай часткі і вялікай колькасьці абтокаў: архіпэляг Аляксандра, Алеуцкія астравы, Абтокі Прыбылава, абток Кадзяк, абток Сьвятога Ляўрына. Абмываецца Паўночным Ледавітым і Ціхім акіянамі. На Ціхаакіянскім узьбярэжжы — Аляскінскі хрыбэт; унутраная частка — плято вышынёй ад 1200 м на ўсходзе да 600 м на захадзе; пераходзіць у нізіну. На поўначы — хрыбэт Брукс, за якім разьмешчаная Арктычная нізіна.

Гара Дэналі (6190,5 м) — найвышэйшая ў Паўночнай Амэрыцы. Ёсьць дзейныя вульканы. У гарах ледавікі (Мэйлсьпін).

У 1912 годзе ў выніку вывяржэньня вулькана паўстала Даліна дзесяці тысячаў дымоў. Паўночную частку штату пакрывае тундра. У паўднёвай разьмешчаныя лясы. У склад штату ўваходзіць абток Малы Дыямід у Берынгавай пратоцы, разьмешчаны на адлегласьці 4 км ад абтокі Вялікі Дыямід (востраў Ратманава), які належыць Расеі.

На Ціхаакіянскім узьбярэжжы клімат умераны, марскі, адносна мяккі; у астатніх раёнах — арктычны і субарктычны кантынэнтальны, з суровымі зімамі.

Самая даўгая рака — Юкан даўжынёй 3190 км (амаль 2000 міляў).

Найбуйнейшыя гарады

рэдагаваць

Гарады з насельніцтвам больш за 100 000 чалавек

Гарады з насельніцтвам 10 000 — 100 000 чалавек

Гарады з насельніцтвам меней за 10 000 чалавек

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Аляскі

У адрозьненьне ад большасьці іншых штатаў ЗША, дзе асноўнай найніжэйшай адміністрацыйнай адзінкай мясцовага самакіраваньня зьяўляецца акруга (county), назва адміністрацыйных адзінак на Алясцы — бара (borough — «раён, які мае самакіраваньне»). Яшчэ больш важнае іншае адрозьненьне — 15 бара і муніцыпалітэт Анкорыджу пакрываюць толькі частку тэрыторыі Аляскі. Астатняя тэрыторыя ня мае дастаткова насельніцтва (прынамсі зацікаўленага) для фармаваньня мясцовага самакіраваньня. Дзеля прасьцейшага перапісу насельніцтва і для зручнасьці кіраваньня тэрыторыямі, якія не ўваходзяць ні ў адну акругу, яны падзеленыя на так званыя зоны перапісу насельніцтва (census area). Такіх зонаў на Алясцы налічваецца 11.

Гісторыя

рэдагаваць

Групы сыбірскіх плямёнаў перайшлі пярэсмык (цяпер Бэрынгаў праліў) 16—10 тысячаў гадоў таму. Эскімосы сталі сяліцца на арктычным узьбярэжжы, алеуты засялілі Алеуцкі архіпэляг.

Першымі эўрапейцамі, якія наведалі Аляску, былі Вітус Бэрынг і Аляксандар Чырыка (1741). Аляска стала калёніяй Расеі з 1744 (калёнія называлася «Расейская Амэрыка»). Сталае паселішча расейцаў было заснаванае ў 1784 годзе на абтоку Кадзіяк Рыгорам Шолахавам (цяпер адзінае цалкам расейскае паселішча — Нікалаеўск на паўвысьпе Кенай, заснаванае і заселенае з 1968 году стараверамі).

Тэрыторыя Аляскі была прададзеная Расеяй ЗША па дамове паміж дзьвюма краінамі ад 30 сакавіка 1867[1] за 7,2 млн даляраў, што склала каля 2 цэнтаў за акр зямлі (банкаўскі чэк № 9759[2]). Перамовы вялі расейскі амбасадар у ЗША Э. А. Сьцекль і дзяржсакратар ЗША Ўільям Сьюард. Сярод чыньнікаў, паводле якіх Расея вырашыла пазбавіцца Аляскі, называюць слабую разьвітасьць эканомікі і аддаленасьць Аляскі, а таксама боязь страціць калёнію ў выніку вайсковых дзеяньняў супраць ангельцаў без аніякага кампэнсаваньня. Амэрыканцы жа гэтай угодай хацелі нашкодзіць Вялікабрытаніі, «атачыўшы» Канаду, якая ў той час была брытанскай.

Празь пяць гадоў было знойдзенае золата. Рэгіён разьвіваўся павольна да пачатку залатой ліхаманкі на Кландайку 1896 году.

Аляска была абвешчаная штатам у 1959. З 1968 там распрацоўваюцца розныя мінэральныя рэсурсы, асабліва ў раёне затокі Прадха-Бі, на паўднёвым усходзе ад Роінта-Бараў. У 1977 пракладзены нафтаправод ад затокі Прадха-Бі да порта Валдзязоў. У 1989 годзе разьліцьцё нафты з танкера «Прынц Ўільям» стала прычынай сур’ёзнага забруджваньня навакольнага асяродзьдзя.

Эканоміка

рэдагаваць

На поўначы здабыча нафты-сырцу (у раёне затокі Прудо і паўвыспы Кінай; нафтаправод Аліеска даўжынёй 1250 км да порта Валдзез), прыроднага газу, вуглю, медзі, жалеза, золата, цынку; рыбалоўства; гадоўля паўночных аленяў; лесанарыхтоўка і паляўніцтва; авіятранспарт; вайсковыя авіябазы. Турызм.

Здабыча нафты пачала граць вялізную ролю з 1970-х гадоў пасьля адкрыцьця радовішчаў і пракладкі Трансаляскінскога трубаправоду.

Насельніцтва

рэдагаваць

Хоць штат адзін з найменш населеных у краіне, у 1970-я гады сюды пераехалі шматлікія новыя жыхары, прыцягнутыя вакансіямі ў нафтавай прамысловасьці і на транспарце, а ў 1980-я гады прырост насельніцтва склаў больш за 36 адсоткаў.

Прырост насельніцтва апошніх дзесяцігодзьдзяў:

  • 1990 год — 550 000 жыхароў;
  • 2004 год — 648 818 жыхароў;
  • 2005 год — 663 661 жыхар.

У 2005 годзе насельніцтва Аляскі павялічылася ў параўнаньні з папярэднім годам на 5906 чалавек, або 0,9%. У параўнаньні з 2000 годам насельніцтва павялічылася на 36 730 чалавек (5,9%). Гэтая лічба ўлучае натуральны прырост насельніцтва на 36 590 чалавек (53 132 нараджэньні мінус 16 542 сьмерці) з моманту апошняга перапісу, а таксама павелічэньне дзякуючы міграцыі на 1181 чалавекі. Іміграцыя з-за межаў Злучаных Штатаў павялічыла колькасьць насельніцтва Аляскі на 5800 чалавек, у той час як унутраная міграцыя паменшыла яе на 4619 чалавек. Шчыльнасьць насельніцтва на Алясцы самая нізкая з усіх штатаў ЗША.

Каля 75 адсоткаў насельніцтва белыя, выхадцы з ЗША. У штаце каля 86 тыс. карэнных жыхароў — індзейцы (атапаскі, хайда, тлінкіты, сімшыяне), эскімосы і алеуты. У штаце жыве таксама невялікая колькасьць нашчадкаў расейцаў. Сярод асноўных рэлігійных групаў — каталікі, праваслаўныя, баптысты і мэтадысты. Дзель праваслаўных, якая складае па розных адзнаках 8-10%, зьяўляецца найвышэйшай у краіне. Апошнія 20 гадоў жыхары штату традыцыйна галасуюць за рэспубліканцаў.

Адукацыя

рэдагаваць

У 1917 годзе быў заснаваны Ўнівэрсытэт Аляскі. Установа разьмяшчаецца ў горадзе Фэйрбэнкс.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Аляска (штат)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў