Саюзная рашучасьць-2022

беларуска-расейскія вучэньні ў Беларусі

«Саюзная рашучасьць-2022» — сумесныя апэратыўныя вучэньні ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі, праведзеныя 10—20 лютага 2022 году ў Беларусі.

Саюзная рашучасьць — 2022
вайсковыя вучэньні
Частка адРасейска-ўкраінскі крызіс (з 2021) Рэдагаваць
Цяперашняе месцазнаходжаньнеБеларусь Рэдагаваць
Дата пачатку10 лютага 2022 Рэдагаваць
Дата заканчэньня20 лютага 2022 Рэдагаваць
УдзельнікУзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, Узброеныя сілы Расеі Рэдагаваць

3ь лютага 2022 году генэральны сакратар Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы Енс Стольтэнбэрг заявіў, што Ўзброеныя сілы Расеі перамясьцілі ў Беларусь каля 30 000 вайскоўцаў. Для дзеяньняў войскаў прызначылі 5 палігонаў Беларусі — «Абуз-Лясноўскі» (Баранавіцкі раён), «Асіпавіцкі» (Магілёўская вобласьць), «Берасьцейскі», «Госкі» (Гарадзенскі раён) і «Даманаўскі» (Івацэвіцкі раён), а таксама задзейнічалі 4 лётнішчы — Баранавічы і Лунінец (Берасьцейская вобласьць), Ліда (Гарадзенская вобласьць) і Мачулішчы (Менскі раён). Сярод іншага, на вучэньнях скарысталі 7 дзялянак — «Асіпавічы», «Гомель», «Мазыр», «Мар’іна Горка», «Палеская», «Пінск» і «Рэчыца». 24 лютага 2022 году пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з удзелам расейскіх войскаў, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі пасьля вучэньняў.

Падрыхтоўка

рэдагаваць

29 сьнежня 2021 году на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу (Расея) кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін дамовіліся правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні ў Беларусі ў 1-м квартале 2022 году. Лукашэнка заявіў: «Я вось зьвярнуўся да вас, каб мы не спынялі нашыя сумесныя вучэньні. Каб мы прадоўжылі стварэньне цэнтраў навучаньня нашых хлопцаў, перш за ўсё новым узорам вайсковай тэхнікі, якую мы ў Расеі закупаем». Лукашэнка заўважыў Пуціну: «вы і вашы вайскоўцы разглядаеце мае прапановы па вучэньнях на тэрыторыі Беларусі. Хацелася б, каб гэтыя рашэньні былі прынятыя вамі». Пуцін адказаў: «Як вы і прапаноўвалі, мы правядзём у пачатку года. Там вайскоўцы ўзгодняць. У сакавіку—лютым»[1]. 17 студзеня 2022 году начальнік галоўнай апэратыўнай управы Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Павал Муравейка паведаміў, што сумеснае апэратыўнае вучэньне ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі заплянаванае на люты і атрымала назву «Саюзная рашучасьць-2022». Муравейка заявіў: «сумесна з расейскімі калегамі правядзём раптоўную праверку сілаў і сродкаў рэагаваньня Саюзнай дзяржавы (СД). На завяршальным этапе гэтага мерапрыемства пройдзе вучэньне». Лукашэнка зацьвердзіў задуму вучэньня на заходніх і паўднёвых межах Беларусі і падкрэсьліў: «Гэта павінныя быць нармальныя вучэньні па адпрацоўцы пэўнай задумы ў процістаяньні з гэтымі сіламі: захаду (Прыбалтыка і Польшча) і поўдня (Украіна)». Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Віктар Гулевіч адзначыў, што праводзіцца праверка сілаў рэагаваньня па ахове мяжы, падчас якой «будзе ажыцьцёўлена перагрупоўка на тэрыторыі Беларусі даволі вялікага кантынгенту». Пры гэтым, Гулевіч дадаў, што адпрацуюць абарону «на паўднёвым апэрацыйным напрамку як у паветранай прасторы, так і на сушы». Сярод іншага, Гулевіч згадаў: «Таксама будуць выкананыя задачы па барацьбе з дывэрсійна-выведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі. Заплянаваная праверка вайскова-лягістычнай сыстэмы па забесьпячэньні перагрупоўкі на вялікія адлегласьці»[2]. Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч паведаміў, што плянуецца адпрацаваць кіраваньне войскамі падчас разгортваньня, адбіцьця паветраных ўдараў і сухапутнага нападу. Вальфовіч падкрэсьліў, што частка расейскіх сілаў і сродкаў ужо прыбывае ў Беларусі ў рамках 1-га этапу праверкі[3].

18 студзеня 2022 году памагаты міністра абароны Беларусі ў міжнароднай вайсковай супрацы Алег Воінаў правёў брыфінг для замежных аташэ ў справах абароны. Воінаў паведаміў, што праверка сілаў рэагаваньня пройдзе ў 2 ступені. На 1-й ступені да 9 лютага мелі адпрацаваць: перамяшчэньне і стварэньне груповак войскаў на напрамках, з боку якіх можа быць небясьпека; ахову дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы ў рамках Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) Беларусі і Расеі; ацэнку сумеснага навучальна-баявога асяродка СПА выканаць задачы з выкананьнем кантрольных мэтаў. На 2-й ступені 10—20 лютага мелі правесьці сумеснае вучэньне «Саюзная рашучасьць-2022» з адпрацоўкай: узмацненьня адцінкаў дзяржаўнай мяжы на магчымых напрамках пранікненьня ў Беларусь узброеных групаў, перакрыцьця каналаў дастаўкі зброі, боепрыпасаў і сродкаў, якія могуць скарыстаць для заняцьця вызначаных рубяжоў і абсталяваньня блёкпастоў; пошуку, блякаваньня і зьнішчэньня ўзброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведвальных групаў; ладжаньня ўзаемадзеяньня і забесьпячэньня ў зонах адказнасьці; пасьляканфліктнага ўрэгуляваньня. Да праверкі вырашылі прыцягнуць частку Узброеных сілаў Беларусі і шэраг вайсковых часьцей Усходняй вайсковай акругі Расеі. Для дзеяньняў войскаў прызначылі 5 палігонаў Беларусі — «Абуз-Лясноўскі» (Баранавіцкі раён), «Асіпавіцкі» (Магілёўская вобласьць), «Берасьцейскі», «Госкі» (Гарадзенскі раён) і «Даманаўскі» (Івацэвіцкі раён). Таксама мелі задзейнічаць асобныя дзялянкі мясцовасьці і 4 лётнішчы — Баранавічы і Лунінец (Берасьцейская вобласьць), Ліда (Гарадзенская вобласьць) і Мачулішчы (Менскі раён). Воінаў заявіў, што «праверка не падлягае апавяшчэньню» ў адпаведнасьці зь Венскім дакумэнтам АБСЭ «Аб умацаваньні даверу і бясьпекі ў Эўропе» ад 30 лістапада 2011 году. Паводле Воінава, у сваім меркаваньні наконт неапавяшчэньня ён зыходзіў з «колькасьці задзейнічанага асабовага складу, асноўных сыстэмаў узбраеньня і тэхнікі»[4]. Паводле Венскага дакумэнту 2011 году, пры вучэньнях з удзелам звыш 9000 жаўнераў варта было за 42 дні разаслаць апавяшчэньне замежным дзяржавам, а пры колькасьці звыш 13 000 жаўнераў — запрасіць замежных назіральнікаў[5]. Кіраўніком вучэньняў зь беларускага боку прызначылі начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Віктара Гулевіча[6].

18 студзеня 2022 году экспэрт амэрыканскага мазгавога цэнтру «Атлянтычная рада» Майкл Шэлдан абнародаваў фотаздымак разьмяшчэньня расейскіх разьлікаў з рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню «Ўраган» пад вёскай Іванаўка Рэчыцкага раёну каля магістралі М10. Пры гэтым, у Рэчыцкім раёне адсутнічалі палігоны, вызначаныя для правядзеньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022», але адтуль было каля 40 км да Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны і каля 90 км да Кіеўскай вобласьці[7]. 19 студзеня на сумесныя вучэньні ў Беларусі з Расеі накіравалі 4 дывізіёны зэнітных ракетных комплексаў С-400, зэнітны ракетна-гарматны дывізіён «Панцыр-С» і 12 зьнішчальнікаў «Су-35». З Далёкаўсходняй фэдэральнай акругі Расеі перакідвалі каля 10 000 расейскіх вайскоўцаў[8]. 21 студзеня Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што 2 дывізіёны ЗРК С-400 «Трыюмф» ва Ўсходняй вайсковай акрузе «зьдзейсьнілі марш на станцыю пагрузкі ў Хабараўскім краі» для дастаўкі на вайсковыя палігоны Беларусі[9].

21 студзеня 2022 году тэлеграм-канал «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» паведаміў: «У прамежку з 16.01.2022 па 21.01.2022 на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, у рамках правядзеньня сумесных стратэгічных вучэньняў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі „Саюзная рашучасьць“, за 7 сутак ужо прыбылі больш як 33 вайсковыя эшалёны з вайсковай тэхнікай і вайскоўцамі. Эшалёны працягваюць прыбываць. Па распрацаваным графіку руху вайсковых эшалёнаў, агульная колькасьць саставаў, якія прыбудуць у Беларусь — 200 эшалёнаў — лічба экстраардынарная (такой колькасьці ніколі не было), сярэдняя колькасьць вагонаў у вайсковых эшалёнах роўная 50. У складзе эшалёнаў задзейнічаныя наступныя адзінкі рухомага складу: пасажырскія вагоны, крытыя вагоны (уключаючы з пазнакай ВМ — выбуховыя матэрыялы першай клясы небясьпекі — і крытыя вагоны, пераабсталяваныя пад перавозку людзей), плятформы для перавозкі вайсковай тэхнікі і вагоны прыкрыцьця. Пры правядзеньні сумесных стратэгічных вучэньняў „Захад-2021“ у Рэспубліку Беларусь за месяц прыбылі ўсяго 29 вайсковых эшалёнаў»[10]. 22 студзеня ў этэры тэлеканала «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» начальнік Галоўнай управы баявой падрыхтлўкі Ўзброеных сілаў Беларусі Андрэй Некрашэвіч заявіў: «Беларуска-расейскае вучэньне пройдзе ня толькі на беларускіх палігонах — манэўры разгорнуцца і на дзялянках мясцовасьці паблізу нашых межаў»[11]. 24 студзеня Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра сканчэньне пагрузкі падразьдзяленьняў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня на чыгуначныя плятформы ў Амурскай вобласьці для накіраваньня на вучэньні ў Беларусь[12]. На 25 студзеня ў Беларусь пасьпелі прыбыць 36-я асобная мотастралковая брыгада з Борзі ў Забайкальскім краі і марская пяхота Ціхаакіянскага флёту Расеі, а таксама 152-мілімэтровыя самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Акацыя». Пры гэтым Венскім дакумэнтам 2011 году дапускалася задзейнічаньне да 300 танкаў або 500 браневікоў, ці 300 артылерыйскіх гарматаў, мінамётаў і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню калібрам звыш 100 мілімэтраў[13].

25 студзеня 2022 году на чыгуначную станцыю Палонка ў Баранавіцкім раёне прыбылі эшалёны з узбраеньнем і вайсковай тэхнікай артылерыйскіх падразьдзяленьняў Усходняй вайсковай акругі Расеі і марской пяхоты Ціхаакіянскага флёту Расеі[14]. 31 студзеня ў Беларусь з Расеі перабазавалі 12 зьнішчальнікаў «Су-35С»[15]. 1 лютага міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў пра пачатак аховы дзяржаўных і вайсковых пабудоваў, а таксама дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы ў рамках Агульнай рэгіянальнай сыстэмы СПА Беларусі і Расеі[16]. 2 лютага беларускія і расейскія вайсковыя часьці правялі першыя сумесныя манэўры на некалькіх палігонах, у ходзе якіх адпрацавалі падрыхтоўку да абароны і барацьбу з фармаваньнямі. Да вучэньняў прыцягнулі мотастралковыя падразьдзяленьні, разьлікі танкаў і баявых машынаў пяхоты, артылерыйскія разьлікі і разьлікі супрацьтанкавых ракетных комплексаў[17]. 3 лютага на сустрэчы з А. Лукашэнкам міністар абароны Расеі зазначыў: «студзень вымусіў нас пачаць гэтыя вучэньні, праверкі і сумесную працу значна раней: гэта быў Казахстан»[18]. У той дзень на Берасьцейскім палігоне міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу назіралі за розыгрышам эпізоду зьнішчэньня вайсковых фармаваньняў сумеснай брыгаднай тактычнай групай[19]. 3 лютага ў Беларусь з Хабараўскага краю прыбыў ЗРК С-400 «Трыюмф», прызначаны для паражэньня самалётаў на адлегласьці да 400 км і балістычных ракетаў — на адлегласьці да 60 км. ЗРК накіравалі на палігон у Берасьцейскай вобласьці[20].

3 лютага 2022 году генэральны сакратар Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы Енс Столтэнбэрг заявіў, што Ўзброеныя сілы Расеі перамясьцілі ў Беларусь каля 30 000 вайскоўцаў. Пры гэтым, Узброеныя сілы Беларусі налічвалі каля 65 000 чалавек, зь якіх 45 000 складалі вайскоўцы, а яшчэ 20 000 — цывільныя адмыслоўцы. 4 лютага ангельскае агенцтва «Ройтэрз» абнародавала спадарожнікавыя здымкі амэрыканскага прадпрыемства «Максар Тэхналёгіі» (штат Каларада), на якіх зьмяшчаліся зграмаджэньні расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» у Ельскім раёне. Таксама на здымках з Рэчыцы прысутнічала вайсковая тэхніка на тэрыторыі такіх 2-х зачыненых заводаў, як «Рэчыцкі гідролізны завод» на вуліцы Ільліча і завод мікрасхемаў «Рытм». Пры гэтым, Ельскі раён і Рэчыца не згадваліся сярод мясьцінаў правядзеньня вучэньняў. Таксама ў супрацоўнікаў «Лоеўскай лясной гаспадаркі» ўзялі расьпіскі, што яны ня будуць размаўляць з расейскімі вайскоўцамі ў ваколіцах вёскі Дзімамеркі, што за некалькі км ад мяжы з Украінай і за 25 км ад Чарнігава[21]. 5 лютага 2022 году на лётнішчы ў Берасьцейскай вобласьці прызямліліся самалёты «Су-25СМ» з Усходняй вайсковай акругі Расеі[22]. На 7 лютага ўжо некалькі дзён адпрацоўвалася баявая стральба агульнавайсковых і дэсантных падразьдзяленьняў, прымяненьне агню артылерыі, а таксама удары армейскай і штурмавой авіяцыі. Спадарожна адпрацоўвалі ахову вайсковых пабудоваў, эвакуацыю пашкоджанай баявой тэхнікі і параненых. Вёўся штодзённы дазор паветранай мяжы, адпрацоўка лётчыкамі перахопу парушальнікаў дзяржаўнай мяжы і паветраны бой[23].

7 лютага 2022 году нараўлянская газэта «Прыпяцкая праўда» паведаміла пра манэўры вучэньняў 10—20 лютага на асобных дзялянках Нараўлянскага раёну. 8 лютага лельчыцкая газэта «Сьветлае жыцьцё» паведаміла пра вучэньні з баявой стральбой 14—16 лютага на былым палігоне, які межаваў з Прыпяцкім нацыянальным паркам і 14-ю вёскамі: Каросьцін, Асмаленік, Замошша, Убарцкая Рудня, Ветвіца, Сярэднія Печы, Сіманічы, Сіманіцкая Рудня, Слабада, Іванава Слабада, Тонеж, Тонеская Рудня, Карма і Радзілавічы. 8 лютага газэта «Навіны Століна» (Берасьцейская вобласьць) абвясьціла забароненай зонай на гэты самы тэрмін землі былога палігона, якія часткова закраналі заказьнік «Альманскія балоты» і межавалі з 20 вёскамі: Луткі, Таўмачаў, Кароцічы, Аздамічы, Цераблічы, Мачуль, Велямічы, Альпень, Рубель, Хотамель, Старына, Атвержычы, Манькавічы, Малыя Вікоры, Струга, Ямнае, Узьляжжа, Усьцімле, Кашара і Альманы[24]. 8 лютага 2022 году прадстаўніца Мінабароны Беларусі Іна Гарбачова паведаміла пра акрэдытацыю звыш 150 журналістаў Беларусі, Расеі і 3-х краінаў для працы на вучэньнях. 12, 15 і 19 лютага для іх сплянавалі 3 прэс-туры на дзялянкі дзеяньняў войскаў. 12 лютага на «Госкім» палігоне беларускія і расейскія журналісты мелі назіраць вядзеньне бою з засады падразьдзяленьнямі аховы з выведкай праціўніка. Надалей прадугледжвалася манэўраная абарона пры патрымцы авіяцыі і артылерыі, а таксама контарнапад агульнавайсковым рэзэрвам на дзялянцы ўкліньваньня праціўніка. Затым заплянавалі выхад з бою і адыход на наступныя рубяжы манэўранай абароны. 15 лютага беларускіх і расейскіх журналістаў мелі дапусьціць на «Палескую» дзялянку, дзе сплянавалі баявы пуск тактычным ракетным комплексам «Кропка» для групавога ракетнага ўдару па 2-х пабудовах на адлегласьці да 70 км 19 лютага журналісты Беларусі, Расеі і 3-х краінаў мелі наведаць «Абуз-Лясноўскі» палігон для назіраньня за абарончым боем на манэўраным рубяжы абароны з наступным выхадам з бою на апэратыўны абарончы рубеж, нанясеньнем паразы праціўніку і контарнападам з тактычнай паветранай высадкай ў тыле праціўніка, пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі[25].

8 лютага на «Госкім» палігоне 6-я асобная мэханізаваная брыгада Ўзброеных сілаў Беларусі правяла пры дапамозе авіяцыі і артылерыі залістоўваньне тэрыторыі контарпрапагандай супраць дывэрсантаў, выведвальных падразьдзяленьняў і ўзброеных фармаваньняў суперніка[26]. 9 лютага начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі Валеры Герасімаў прыбыў у Беларусь для праверкі гатоўнасьці расейскага войска да вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022»[27].

Правядзеньне

рэдагаваць
 

10 лютага 2022 году сумеснае вучэньне «Саюзная рашучасьць-2022» пачалося на такіх 5 палігонах у Беларусі, як Абуз-Лясноўскі, Асіпавіцкі, Берасьцейскі, Госкі і Даманаўскі[28]. На «Берасьцейскім» палігоне выведнікі ажыцьцявілі пошук узброеных фармаваньняў, які скончылі зьнішчэньнем праціўніка. Дэсантна-штурмавое падразьдзяленьне 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады правяло ротнае тактычнае вучэньне з баявой стральбой. На дзялянцы «Лунінец» зэнітна-ракетныя падразьдзяленьні адбілі адзіночныя і групавыя ўдары з паветра. Штурмавая авіяцыя перахапіла паветраныя мэты ворага. На «Госкім» палігоне і дзялянцы «Ліда» адпрацавалі абарончы бой падразьдзяленьнямі мэханізаванай брыгады Беларусі і прыкрыцьцё войскаў ад паветраных ўдараў. На дзялянцы «Баранавічы» адбілі паветраныя ўдары, а ў рэйд адправіліся падразьдзяленьні марской пяхоты Расеі. Таксама 10 лютага вучэньні ішлі на яшчэ 7 дзялянках — «Мар’іна Горка», «Асіпавічы», «Пінск», «Палеская», «Мазыр», «Рэчыца» і «Гомель»[29]. На палігоне ў Берасьцейскай вобласьці экіпажы самалётаў «Су-25» Паветрана-касьмічных сілаў Расеі выявілі замаскаваныя пункты кіраваньня, бранятэхніку і самаходы ды адпрацавалі паветраны ўдар па наземных мэтах з выкананьнем манэўраў. Таксама паказалі разгортваньне АТРК «Іскандэр-М» Узброеных сілаў Расеі[30].

11 лютага на «Госкім» палігоне падразьдзяленьні 6-й мэханізаванай брыгады Ўзброеных сілаў Беларусі адпрацавалі вядзеньне абарончага бою. Падразьдзяленьні СПА ажыцьцявілі супрацьпаветранае прыкрыцьцё пунктаў кіраваньня, агнявых пазыцыяў, раёнаў абароны вайсковых часьцей і падразьдзяленьняў ад паветраных удараў. На «Берасьцейскім» палігоне Сілы спэцыяльных апэрацыяў Беларусі, Паветрана-дэсантныя войскі і мотастралковыя падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі адпрацавалі ахову вайсковых пабудоваў і тылавых калёнаў, а таксама ўскрыцьцё сховішчаў узброеных фармаваньняў праціўніка. На дзялянцы «Гомель» Паветрана-дэсантныя войскі Расеі правялі розыгрыш выведвальна-пошукавых дзеяньняў блякаваньня і зьнішчэньня дывэрсійна-выведвальных групаў і ўзброеных фармаваньняў праціўніка. На дзялянцы «Баранавічы» падразьдзяленьні СПА марской пяхоты Расеі адпрацавалі адбіцьцё паветраных удараў з баявой стральбой. Мэханізаваная брыгада Беларусі правяла навучальны абарончы бой. На дзялянцы «Рэчыца» мотастралковыя падразьдзяленьні Ўзброеных сілаў Расеі адбілі паветраныя ўдары і адпрацавалі захаваньне жывучасьці, вывад і заняцьце абарончых рубяжоў ды пераправу праз Прыпяць[31]. На дзялянцы «Лунінец» зэнітныя ракетныя падразьдзяленьні Расеі напалі на ворага. Штурмавая авіяцыя Расеі перахапіла паветраныя сілы праціўніка. На «Палескай» дзялянцы ракетныя падразьдзяленьні несьлі баявы дазор[32].

 
Верталёт Вайскова-паветраных сілаў Расеі ў Менску 13 лютага 2022 году.

12 лютага на «Госкім» палігоне адпрацавалі манэўраную абарону сіламі мэханізаваных падразьдзяленьняў пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі, падразьдзяленьняў тылавога і тэхнічнага забесьпячэньня, а таксама эвакуацыю параненых мэдычнымі браневікамі «БТР-82А». У ходзе эпізоду сілы выведкі знайшлі рух перадавых падразьдзяленьняў праціўніка. Мэханізаваныя падразьдзяленьні ў складзе агнявой засады ўступілі ў бой і адышлі ў ротны апорны пункт. Пасьля гэтага падразьдзяленьні аховы ў складзе ўзводу на «БМП-2» нанесьлі агнявое паражэньне і пад прыкрыцьцём дымавой заслоны адышлі на падрыхтаваны пазыцыі. Выведвальныя бесьпілётнікі выявілі пункты кіраваньня праціўніка, па якіх авіяцыя нанесла паветраны ўдар. Праціўнік уступіў у бой зь 2-ма мотастралковымі ротамі, танкавым узводам і батарэыяй 2С1 «Гвазьдзік» на 1-м рубяжы манэўранай абароны. Спробу прарыву спынілі агнём танкавай роты і гранатамётнага ўзводу. Агульнавайсковы рэзэрв зь 2-х мотастралковых ротаў і танкавай роты пры падтрымцы батарэі 2С1 «Гвазьдзік» і батарэі БМ-21 «Град» ажыцьцявілі контарнапад і нанесьлі канчатковую паразу ўмоўнаму праціўніку[33]. 15 лютага на «Палескай» дзялянцы на месцы былога авіяпалігона ў Гомельскай вобласьці ажыцьцявілі пускі ракетаў тактычнымі ракетнымі комплексамі «Кропка-У»[34]. Разьлікі 465-й ракетнай брыгады нанесьлі групавы ракетны ўдар па мэце на адлегласьці звыш 60 км[35]. Таксама 15 лютага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў: «Нададзеная магчымасьць вайсковым аташэ назіраць за вядзеньнем розыгрышаў на розных дзялянках дзеяньняў. Яскравы прыклад пасьля ўчорашняй размовы зь міністрам абароны Ўкраіны, убачыўшы пэўную трывожнасьць, зноў жа на парытэтнай аснове, паколькі яны запрасілі нашага вайсковага аташэ на свае вучэньні „Завея“, ключавы розыгрыш якіх будзе заўтра праходзіць, я з свайго боку зрабіў такую ж прапанову, каб і вайсковы аташэ Ўкраіны мог назіраць за дзеяньнямі нашых войскаў падчас гэтых вучэньняў і канчатковага розыгрышу на Абуз-Лясноўскім палігоне 19 лютага. Сёньня тут прысутнічае вайсковы аташэ Ўкраіны»[36]. 15 лютага частку тэхнікі падразьдзяленьняў Заходняй і Паўднёвай вайсковых акругаў Расеі пагрузілі на чыгуначныя плятформы для адбыцьця на вайсковыя базы[37].

16 лютага на дзялянках «Мазыр» і «Рэчыца» мотастралковыя падразьдзяленьні Расеі адпрацоўвалі барацьбу з дывэрсійна-выведвальнымі групамі і ўзброенымі фармаваньнямі праціўніка[38]. Экіпажы зьнішчальнікаў «Су-35» Усходняй вайсковай акругі Расеі з аэрадрома Баранавічы адпрацавалі перахоп самалёта «Су-30СМ», які ўмоўна парушыў паветраную прастору, і прымусілі сесьці на аэрадроме[39]. 17 лютага на Асіпавіцкім палігоне (Магілёўская вобласьць) разыгралі тактычны эпізод, падчас якога лётчыкі зьнішчальнікаў «Су-35С» правялі баі з авіяцыяй праціўніка. Пры гэтым, забясьпечылі нанясеньне ракетна-бомбавых удараў самалётамі «Як-130» і «Су-25», а таксама ўдарнымі верталётамі «Мі-24» па тактычным дэсанце праціўніка. Падразьдзяленьні рэактыўных сыстэмаў залпавага агню «Сьмерч» і «Ўраган» нанесьлі ўдар па калёнах тэхнікі. Разьлікі пераносных зэнітных ракетных комплексаў «Вярба» паразілі імітацыі верталётаў на вышыні звыш 3-х км. Пры падтрымцы рэактыўнай артылерыі, разьлікаў гаўбіцаў «Д-30» і самаходных артылерыйскіх установак «Нона» паветрана-дэсантныя войскі завяршылі разгром тактычнага дэсанта праціўніка[40]. На дзялянцы «Мар’іна Горка» (Менская вобласьць) падразьдзяленьні спэцпрызначэньня Беларусі і Расеі зладзілі засаду выведгрупай і выканалі тактычную стральбу ноччу[41]. 17 лютага расейскія вайскоўцы навялі пантонны мост праз Прыпяць каля адселенай вёскі Вяпры (Нараўлянскі раён) ў Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку, адкуль было 7 км да беларуска-ўкраінскай мяжы[42].

19 лютага на «Абуз-Лясноўскім» палігоне войскі Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Беларусі і марская пяхота Ціхаакіянскага флёту, авіяцыя Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Паветрана-касьмічныя сілы Расеі правялі контарнаступ для поўнага зьнішчэньня ўмоўнага праціўніка[43]. У небе прысутнічалі самалёты «Су-30СМ» і «Су-35С», ракетаносцы-бамбавікі «Ту-22М3», «Су-25» і «Як-130», а таксама верталёты «Мі-24». На зямлі выкарыстоўвалі танкі «Т-72Б» і «Т-80», баявыя машыны пяхоты «БМП-2» і «БТР-82А». У той дзень на дзялянцы «Пінск» рэпэтавалі выведвальна-баявыя дзеяньні на захопленай тэрыторыі[44]. На палігоне за розыгрышам назіралі 20 вайсковых аташэ 16 дзяржаваў, у тым ліку ад ЗША і 7 дзяржаваў Азіі — Віетнаму, Індыі, Казахстану, Кітаю, Сырыі, Туркмэністану і Турэччыны, а таксама 8 дзяржаваў Эўропы — суседніх Польшчы, Расеі і Ўкраіны, як і Баўгарыі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Сэрбіі і Чэхіі[45]. Сярод іншых, на палігон прыбылі звыш 120 журналістаў, зь іх каля 60 замежных ад блізу 30 замежных СМІ[46]. Таксама 19 лютага прадстаўнікі ўзброеных сілаў Латвіі і Летувы прыбылі ў Беларусь для назіраньня за вучэньнямі «Саюзная рашучасьць-2022»[47]. Тым часам, у Расеі прайшло вучэньне сілаў стратэгічнага стрымліваньня. Да манэўраў прыцягнулі Паветрана-касьмічныя сілы Расеі, падразьдзяленьні Паўднёвай вайсковай акругі, Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня Расеі, Паўночны і Чарнаморскі фляты. Начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі Валеры Герасімаў паведаміў, што мэтай манэўраў была адпрацоўка нанясеньня паразы стратэгічнымі наступальнымі сіламі. Падчас вучэньня зьдзейсьнілі пускі звышгукавых ракетаў авіяцыйнага ракетнага комплексу «Кінжал» і звышгукавых супрацькарабельных крылатых ракетаў «Цыркон»[48].

20 лютага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў: «У сувязі з нарастаньнем ваеннай актыўнасьці ля зьнешніх граніц Саюзнай дзяржавы і абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе, прэзыдэнтамі Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі прынятае рашэньне праверку сілаў рэагаваньня Саюзнай дзяржавы прадоўжыць»[49].

Наступствы

рэдагаваць
 
Верталёт «Мі-171Ш» марской пяхоты Расеі ў Менску 23 лютага 2022 году з пазнакай расейскіх інтэрвэнтаў ва Ўкраіну

24 лютага 2022 году а 4:30 паводле беларускага часу пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку з удзелам расейскіх войскаў, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі пасьля вучэньняў. Памежная служба Ўкраіны пашырыла відэазапіс, на якім калёна танкаў прайшла праз памежны пункт пропуску «Сенькаўка — Весялоўка» (Добрускі раён). Таксама калёна танкаў рушыла з-пад Берасьця праз украінскі горад Любамль у Валынскай вобласьці. Апоўдні Памежная служба Ўкраіны паведаміла пра абстрэл верталётам з боку Беларусі ўкраінскай тэрыторыі каля памежнага пункту «Славуціч» у Кіеўскай вобласьці. Увечары прадстаўнік Узброеных сілаў Украіны паведаміў пра бой з расейскім войскам каля пункту пропуску «Вільча» ў Палескім раёне Кіеўскай вобласьці. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны заявіў пра абстрэл вайсковых пабудоваў у Луцку (Валынская вобласьць) балістычнымі ракетамі з тэрыторыі Беларусі. Празь Церахоўку ў Добрускім раёне на тэрыторыю Ўкраіны праехалі расейскія танкі, зь якіх каля 5 засталося на ўкраінскім пункце пропуску ў вёсцы Дзеравіны, а больш за 70 паехала ўглыб Чарнігаўскай вобласьці. Увечары ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі пацьвердзіў расейскі прарыў беларуска-ўкраінскай мяжы ў раёне зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС і наступную спробу захопу атамнай электрастанцыі. Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім таксама зрабіў заяву: «З тэрыторыі Беларусі папаўзьлі „зялёныя чалавечкі“, паляцелі ракеты (расейскія), якія былі ў Беларусі нібы для абароны, пайшла „зялёная“ (без апазнавальных знакаў) тэхніка. Напаўшы на Ўкраіну, Расея аб’явіла вайну славянскаму сьвету. Усе славянскія дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мора і Балканаў (акрамя Беларусі) асудзілі дзеяньні Крамля. Думаю гэта памылка так званага „расейскага сьвету“ і яго прыхільнікаў, і кошт гэтай памылкі будзе высокім для ўсіх нас. І забудзьцеся пра „братэрскія“ народы. Расея зрабіла ўсё, каб забіць гэтае „братэрства“ надоўга»[50].

18 студзеня 2022 году кандыдат фізыка-матэматычных навук Ягор Лебядок адзначыў: «Характар вучэньняў у дачыненні да Ўкраіны і Польшчы будзе зразумелы паводле некаторых элементаў. У прыватнасьці, ці будзе дэсантаваньне з вышыняў 4 км і больш для адпрацоўкі засылкі дэсанту на дзясяткі км празь мяжу на парашутных сыстэмах незаўважна для СПА? Ці будзе шырока прымяняцца інжынэрная тэхніка для стварэньня шляхоў перакідваньня тэхнікі па малачаканых напрамках, ці перамесьцяць расейскія С-400 з Горадні на поўдзень Беларусі? Ці пакінуць іх там і далей? Узмацненьне ВПС і РЭБ». Лебядок падсумаваў: «Рост вайсковых сілаў паблізу Беларусі з усіх бакоў і агрэсіўная рыторыка ўсё больш штурхаюць Беларусь у рэгіянальную варонку эскаляцыі з стандартным выхадам — праз вайну»[51]. 21 студзеня 2022 году доктар палітычных навук Павал Вусаў заявіў: «Мяркуючы па складзе расейскіх войскаў, якія будуць прымаць удзел у вучэньнях „Саюзная рашучасьць“, правільна будзе сказаць, што Расейская Фэдэрацыя праводзіць свае вучэньні „Расейская рашучасьць“ на тэрыторыі Беларусі». Вусаў патлумачыў, што ўрад Расеі палічыў патрэбным «забясьпечыць дадатковы націск на Ўкраіну, а на фоне агульнага супрацьстаяньня „падхапіць“ і Беларусь»[52].

23 студзеня 2022 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк абнародаваў «Заяву аб акупацыі Беларусі» зь 7 пунктаў, у якой зазначыў: «Расейскія войскі ўведзеныя ў Беларусь. Працэс акупацыі працягваецца. Рускае войска сьцягваецца з усёй Расеі. У дарозе 200 цягнікоў па 50 вагонаў кожны». Пазьняк падкрэсьліў: «Увядзеньне рускіх войскаў адбываецца з згоды нелегітымнага самазванца ўлады Аляксандра Лукашэнкі пад выглядам правядзеньня расейскіх вайсковых вучэньняў на тэрыторыі Беларусі і стварэньня пагрозы Ўкраіне». Таксама Зянон Пазьняк заявіў: «Акупацыя, якая навісла над Беларусяй, ператварае нашую тэрыторыю ў ваенны пляцдарм пуцінскіх агрэсараў, зь якога яны намераныя наносіць удары па іншых краінах». Урэшце, Пазьняк папярэдзіў: «у час акупацыі і ў бруднай чужой вайне, якую хочуць пачаць расейцы з нашай акупаванай імі тэрыторыі, ужо ня будуць мець значэньня ніякія людзкія і палітычных падзелы, акрамя здрады і пуцінскага ворага перад намі. Бомбы ня будуць выбіраць, на якія галовы ўпасьці. У час пагрозы нацыянальнаму існаваньню нацыя павінна быць адзінай супроць пуцінскай Расеі і рускіх акупантаў»[53]. Таксама 23 студзеня Зянон Пазьняк абнародаваў «Зварот да беларускіх вайскоўцаў», у якім адзначыў: «Расейскія акупанты пад выглядам ваенных вучэньняў на нашай зямлі ўехалі з зброяй у Беларусь. Іх прывёў здраднік самазванец Лукашэнка, які ёсьць катам Беларускага народу. Іхняя мэта — стварыць у нашай краіне пляцдарм для нападу на вольную Ўкраіну і ўцягнуць Беларусь у сваю брудную вайну, адабраць беларусам будучыню і свабоду». Пазьняк заклікаў: «Калі расейцы памкнуцца напасьці на Ўкраіну і ўцягнуць вас, не падтрымлівайце іх, ня ўдзельнічайце ў чужой вайне. Не страляйце па ўкраінцах і ў бок украінцаў. Паварочвайце зброю супраць рускіх акупантаў нашай краіны, стварайце беларускія салдацкія камітэты. Зрынайце прадажных здраднікаў з ваеннага кіраўніцтва. Змагайцеся за вольную Беларусь. У выпадку неабходнасьці пераходзьце на бок украінцаў і разам зь імі змагайцеся супраць агульнага ворага за незалежнасьць Украіны, за волю і свабоду роднай Беларусі»[54].

6 лютага 2022 году міністарка замежных справаў Вялікабрытаніі Элізабэт Трас абвінаваціла ўрад Беларусі ў сувязі з падрыхтоўкай вучэньняў «Саюзная рашучасьць-2022» у стварэньні пагрозы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. У той самы дзень 75 дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту назвалі адпаведныя манэўры акупацыяй Беларусі[55]. 7 лютага старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк паведаміў, што з Расеі прыбыло 30 000 вайскоўцаў, якія разьмясьціліся ў 5 абласьцях Беларусі пераважна каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Ён згадаў, што «ў Лунінцы і іншых месцах акупанты сталі будаваць казармы і дамы для афіцэраў». Урэшце, палітык адзначыў, што Нацыянальны сакратарыят «Вольная Беларусь» адаслаў зварот наконт расейскай акупацыі Беларусі ў Раду бясьпекі ААН (ЗША)[56].

8 лютага 2022 году міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў пра тое, што 10—20 лютага Ўзброеныя сілы Ўкраіны правядуць вучэньні ў адказ на «Саюзную рашучасьць-2022». Украінскія вучэньні прызначылі правесьці ў 9 гарадах і на асобных пляцоўках з адпрацоўкай выкарыстаньня бесьпілётнікаў «Байрактар», перанасных супрацьтанкавых ракетных комплексаў «Джавэлін» і лёгкага супрацьтанкавага ўзбраеньня, якое «нядаўна атрымалі ад Вялікай Брытаніі»[57]. На тэлебачаньні Рэзьнікаў заявіў пра намер задзейнічаць на вучэньнях у адказ 9 палігонаў — Адэскі, Аляшкоўскія пяскі, Ковельскі, Оўруцкі, Сумскі, Чарнігаўскі, Чугуеўскі і Шырокі лан[58].

10 лютага сэнатар-рэспубліканец Джэймс Лэнкфард унёс у Сэнат ЗША законапраект «Аб адказнасьці Беларусі за агрэсію», які прадугледжваў увядзеньне санкцыяў стасоўна Беларусі і кожнай дзяржавы, якая падтрымлівае агрэсію Расеі супраць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. У законапраекце прапісвалася, што санкцыі мелі ўвесьці за: 1) сумесны ўдзел ва ўварваньні, 2) наданьне матэрыяльнай і тактычнай падтрымкі расейскаму ўварваньню, 3) разьмяшчэньне расейскага войска, якое бярэ ўдзел ва ўварваньні, 4) супрацу з расейскай выведкай падчас уварваньня, 5) пастаўку сьмяротнай зброі для выкарыстаньня падчас уварваньня[59]. Таксама 10 лютага ўрады Латвіі, Летувы і Эстоніі запыт ураду Беларусі з патрабаваньнем патлумачыць вайсковую актыўнасьць у рамках Венскага дакумэнту АБСЭ аб захадах умацаваньня даверу і бясьпекі 2011 году. У запыце адзначалася: «у пазачарговыя маштабныя вайсковыя вучэньні ўцягнутыя практычна цалкам узброеныя сілы Беларусі няма інфармацыі ні пра дакладную колькасьць войскаў, ні пра ўзбраеньне, якое будзе выкарыстоўвацца, ні пра плянаваную дату вяртаньня расейскіх войскаў. Такім чынам, не забясьпечаная неабходная празрыстасьць вучэньняў, як таго патрабуе Венскі дакумэнт АБСЭ». Пры гэтым, дзяржавы ўдзельніцы Венскага дакумэнту 2011 году былі абавязаныя супрацоўнічаць адносна «любой незвычайнай і незаплянаванай дзейнасьці іх вайсковых сіл па-за месцамі іх звычайнай дысьлякацыі ў мірны час». Сярод іншага, у запыце нагадалі, што ўрад Беларусі праігнараваў патрабаваньне ўраду Латвіі правесьці двухбаковую інспэкцыю вайсковых сіл у рамках «Захадаў умацаваньня даверу і бясьпекі». У якасьці станоўчага кроку разглядалася запрашэньне 9 лютага на вучэньні ў Беларусі прадстаўнікам урадаў Латвіі і Летувы. Адначасна ў запыце нагадалі, што пра вучэньні мелі паведаміць за 42 дні. Запыт прадугледжваў адказ цягам 48 гадзінаў[60].

13 лютага ўрад Украіны запытаў ва ўрада Польшчы як старшыні АБСЭ сустрэчу з урадам Расеі пад эгідай АБСЭ цягам 48 гадзінаў, бо не атрымаў ад ураду Расеі адказу на запыт паводле Венскага дакумэнту 2011 году датычна занепакоенасьці беларуска-расейскімі вучэньнямі. 15 лютага міністар замежных справаў Польшчы Зьбігнеў Раў накіраваўся ў Маскву для адпаведнай сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым[61]. 16 лютага ўрады ЗША і Вялікабрытаніі абвясьцілі пра эвакуацыю дыпляматаў з Кіева, а таксама параілі суайчыньнікам выехаць зь Беларусі, Малдовы і Ўкраіны ў сувязі з пагрозай расейскага ўварваньня ва Ўкраіну[62]. 20 лютага доктар палітычных навук Сяргей Богдан заўважыў: «Сумесныя вучэньні пачалі ўключаць у сябе элемэнты, якія могуць разглядацца як адпрацоўка наступальных дзеяньняў — кшталту хуткай перакідкі сілаў з расейскай пэрыфэрыi, выкід дэсанту і інш. Вучэньні „Саюзная рашучасьць“ выглядаюць мерапрыемствам менавіта такога кшталту»[63].

  1. ^ Лукашэнка і Пуцін пацьвердзілі пляны аб правядзеньні сумесных вучэньняў на тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 сьнежня 2021 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  2. ^ Ваеннае вучэньне Беларусі і Расеі атрымала назву «Саюзная рашучасьць-2022» // БелТА, 17 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  3. ^ Віктар Талочка. Вальфовіч: у сумесным вучэньні Беларусі і Расеі няма нічога надзвычайнага // Радыё «Спадарожнік», 17 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  4. ^ Ян Гарбанюк, агенцтва «Ваяр». «Саюзная рашучасьць – 2022» - максімальная адкрытасьць і празрыстасьць // Міністэрства абароны Беларусі, 18 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  5. ^ РР. Што трэба ведаць пра вучэньні «Саюзная рашучасьць» і зьвязаныя зь імі пагрозы // Тэлеканал «Белсат», 20 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  6. ^ Марыя Дадалка. «Асобныя гарачыя галовы ўжо адкрыта заклікаюць да вайны. Мы чуем гэтыя заявы» // Зьвязда : газэта. — 18 студзеня 2022. — № 10 (29632). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Расейская тэхніка стала лягерам каля Рэчыцы // Партал «Новы час», 19 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  8. ^ Дзе ў Беларусі могуць разьмясьціць расейскія войскі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  9. ^ Расея пачала перадысьлякацыю ў Беларусь зэнітна-ракетных комплексаў С-400 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  10. ^ У Беларусь прыбылі 33 расейскія вайсковыя эшалёны, чакаецца агулам 200 // Беларуская служба Радыё «Свабода», 21 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  11. ^ Некрашэвіч: вучэньне «Саюзная рашучасьць-2022» носіць выключна абарончы характар // Беларуская служба Радыё «Свабода», 22 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  12. ^ Віктар Талочка. Новыя эшалёны расейскай ваеннай тэхнікі прыбываюць у Беларусь // Радыё «Спадарожнік», 24 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  13. ^ Расейскія войскі прыбываюць у Беларусь — колькі, з чым і навошта // Партал «Наша ніва», 25 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  14. ^ Вучэньні «Саюзная рашучасьць - 2022»: дата і месцы правядзеньня // Радыё «Спадарожнік», 26 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  15. ^ Аляксей Кудзенка. Што пад прыцэлам? Экспэрт ацаніў узбраеньні на заходніх і паўднёвых межах Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 31 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  16. ^ Сяргей Півавараў. Войскі пераадолелі 10 000 км для ўдзелу ў вучэньні «Саюзная рашучасьць-2022» // Радыё «Спадарожнік», 1 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  17. ^ Танкі, артылерыя, СПА: вайскоўцы паказалі першыя кадры сумесных вучэньняў – відэа // Радыё «Спадарожнік», 2 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  18. ^ Сустрэча зь міністрам абароны Расейскай Фэдэрацыі Сяргеем Шайгу // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 3 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  19. ^ Хрэнін і Шайгу праверылі зладжанасьць сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы // Газэта «Зьвязда», 3 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  20. ^ ЗРК С-400 «Трыюмф» прыбыў у Беларусь // Радыё «Спадарожнік», 3 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  21. ^ «Хаваюць тэхніку на тэрыторыі закінутых заводаў». Новыя паведамленьні пра расейскія войскі ў Беларусі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 7 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  22. ^ Расейскія штурмавікі «Су-25СМ» перакінуты ў Беларусь // Радыё «Спадарожнік», 5 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  23. ^ Вераніка Канюта. Праціўнік — умоўны, задачы — рэальныя // Зьвязда. — 8 лютага 2022. — № 25 (29647). — С. 7.
  24. ^ «Вы ў сьмяротнай небясьпецы» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 9 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  25. ^ Аляксандар Стадуб. Паведамленьне прэс-службы // Міністэрства абароны Беларусі, 8 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  26. ^ Беларускія вайскоўцы навучыліся псыхалягічна ўзьдзейнічаць на баевікоў // Радыё «Спадарожнік», 8 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  27. ^ Паведамленьне прэс-службы // Міністэрства абароны Беларусі, 9 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  28. ^ Сёньня стартуе беларуска-расейскае вучэньне «Саюзная рашучасьць - 2022» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 10 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  29. ^ Вераніка Канюта. Старт дадзены // Зьвязда : газэта. — 11 лютага 2022. — № 28 (29650). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  30. ^ Вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022» афіцыйна стартавалі, на іх разгарнулі «Іскандэр-М» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  31. ^ Паведамленьне прэс-службы // Міністэрства абароны Беларусі, 11 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  32. ^ Вераніка Канюта. Умоўны праціўнік ліквідаваны // Зьвязда. — 12 лютага 2022. — № 29 (29651). — С. 4.
  33. ^ Аляксандар Сявенка. Саюзная моц // Міністэрства абароны Беларусі, 12 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  34. ^ «Саюзная рашучасьць-2022» набірае абароты // Міністэрства абароны Беларусі, 15 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  35. ^ Георгі Патапаў, агенцтва «Ваяр». На ўчастку мясцовасьці «Палескі» прайшлі пускі з ТРК «Кропка-У» // Міністэрства абароны Беларусі, 15 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  36. ^ Хрэнін пра «Саюзную рашучасьць»: мы нікому не пагражаем, а проста трэніруем свае войскі // БелТА, 15 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  37. ^ Віктар Талочка. У Крамлі пракамэнтавалі адвод войск зь Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 15 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  38. ^ Працягваецца адпрацоўка вучэбна-баявых задач // Міністэрства абароны Беларусі, 16 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  39. ^ Віктар Талочка. Зьнішчальнікі УС Расеі перахапілі «самалёт-парушальнік» мяжы ў Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 16 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  40. ^ Удзел у сумесным апэратыўным вучэньні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Саюзная рашучасьць - 2022» // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 17 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  41. ^ На «Саюзнай рашучасьці» адпрацоўваюць проціпаветранае прыкрыцьцё войскаў // БелТА, 17 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  42. ^ Расейскія вайскоўцы навялі пантонны мост праз Прыпяць за 7 км ад мяжы Ўкраіны // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 17 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  43. ^ Ян Гарбанюк. Фінальны розыгрыш вучэньня «Саюзная рашучасьць-2022» // Міністэрства абароны Беларусі, 19 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  44. ^ Віктар Талочка. Фінальны эпізод: што адбывалася ў суботу на вучэньнях «Саюзная рашучасьць» // Радыё «Спадарожнік», 19 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  45. ^ Ян Гарбанюк. Ніякіх сакрэтаў // Міністэрства абароны Беларусі, 19 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  46. ^ На Абуз-Лясноўскім палігоне разыграюць фінальны эпізод вучэньняў «Саюзная рашучасьць» // Газэта «Зьвязда», 19 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  47. ^ У Беларусь прыехалі прадстаўнікі Латвіі і Летувы для назіраньня за вучэньнямі «Саюзная рашучасьць» // Партал «Наша ніва», 19 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  48. ^ У Расеі з удзелам Лукашэнкі і Пуціна прайшлі стратэгічныя вучэньні з запускам гіпэргукавых ракет // Газэта «Зьвязда», 19 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  49. ^ Ян Гарбанюк. Падведзеныя папярэднія вынікі сумеснага апэратыўнага вучэньня «Саюзная рашучасьць-2022» // Міністэрства абароны Беларусі, 20 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  50. ^ Балістычныя ракеты, захоп Чарнобыльскай АЭС // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  51. ^ Лебядок: Беларусь усё больш штурхаюць у рэгіянальную варонку эскаляцыі са стандартным выхадам — праз вайну // Партал «Наша ніва», 18 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  52. ^ Вусаў: Гэта Расея праводзіць свае вучэньні «Расейская рашучасьць» на тэрыторыі Беларусі // Партал «Новы час», 21 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  53. ^ Зянон Пазьняк. Заява аб акупацыі Беларусі // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 23 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  54. ^ Зянон Пазьняк. Зварот да беларускіх вайскоўцаў // Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, 23 студзеня 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  55. ^ Аляксандар Сьмірноў, тэлеканал «Беларусь 1». Ваенныя вучэньні «Саюзная рашучасьць - 2022», якія хутка адбудуцца, выклікаюць павышаную ўвагу // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  56. ^ Зянон Пазьняк. Акупацыя. Дзень 21-ы // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 7 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  57. ^ МГМ. Украіна правядзе свае ваенныя вучэньні адначасова зь беларуска-расейскай «Саюзнай рашучасьцю» // Тэлеканал «Белсат», 8 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  58. ^ Сёння ў Беларусі стартуе вучэньне «Саюзная рашучасьць – 2022» // Радыё «Спадарожнік», 10 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  59. ^ У Сэнат ЗША ўнесьлі законапраект аб адказнасьці Беларусі за агрэсію супраць Украіны // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  60. ^ Валер Карбалевіч. Беларусь як цацка ў чужой мілітарысцкай гульні // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  61. ^ Максім Захараў. Беларусь і Расея абмяркуюць украінскі крызіс па лініі АБСЭ // Радыё «Спадарожнік», 15 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  62. ^ Захарава: прэтэнзіі Захаду да вучэнняў «Саюзная рашучасьць» абсалютна абсурдныя // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.
  63. ^ Вольга Шавела. «Саюзная рашучасьць – 2022» i гульні ў «карыбскі крызіс» // Газэта «Беларусы і рынак», 20 лютага 2022 г. Праверана 28 лютага 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць