Telegram

(Перанакіравана з «Тэлеграм»)

Telegram (бел. Тэлеграм) — бясплатны кросплятформенны мэсэнджэр для смартфонаў ды іншых прыладаў для абмену тэкставымі паведамленьнямі ды мэдыяфайламі розных фарматаў. Выкарыстоўваецца прапрыетарная сэрвэрная частка з закрытым кодам. Telegram працуе на магутнасьцях некалькіх кампаніяў, якія фінансуюцца Паўлам Дуравым. Мэсэнджэр прапаноўвае магчымасьці end-to-end шыфраваньня[1].

Telegram
Telegram на Android Lollipop
Распрацоўка Telegram Messenger LLP
Апошняя вэрсія
  • Windows:
    5.2.3 (26 ліпеня 2024 г.; 4 месяцы таму)
  • Android:
    10.14.5 (10 ліпеня 2024 г.; 4 месяцы таму)
  • iOS:
    10.14.2 (17 ліпеня 2024 г.; 4 месяцы таму)
Напісаны на C, C++
АС Android, BlackBerry(en), iOS(en), Лінукс, Mac OS, Windows, Windows Phone
Тып кросплятформенны мэсэнджэр
Ліцэнзія карыстальніцкая
Афіцыйная старонка telegram.org

Уліковы запіс карыстальніка прывязваецца да нумара тэлефона, што зьяўляецца адным з істотных аргумэнтаў крытыкаў Telegram, бо гэта не забясьпечвае поўнай ананімнасьці пры камунікаваньні. Колькасьць актыўных карыстальнікаў сэрвісу на люты 2016 год склала больш за 100 млн чалавек. Беларуская мова не даступная па змоўчаньні, але можна ўсталяваць уласнаручна[2]. 13 сьнежня 2020 году зьявіўся беларускі інтэрфэйс праграмы ў клясычным правапісе для настольных кампутараў[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Праект створаны Паўлам Дуравым, заснавальнікам сацыяльнай сеткі «Вконтакте». 14 жніўня 2013 году быў прадстаўлены першы кліент Telegram для прыладаў на плятформе iOS.[4]

  • 22 жніўня 2013 году адзін з удзельнікаў конкурсу Durov’s Android Challenge напісаў ды выклаў у адкрыты доступ першы дастасунак для апэрацыйнай сыстэмы Android, сумяшчальны з Telegram, (таксама з выкарыстаньнем пратаколу MTProto).
  • У кастрычніку ў праекту адкрыўся вэб-сайт і была прадстаўленая афіцыйная вэрсія Telegram пад Android з адкрытым крынічным кодам (GPL2). Папярэдняя вэрсія праграмы даступная пад назвай «Unofficial Telegram S».
  • 7 лістапада 2013 году зьявіліся пабочныя кліенты сэрвісу для Windows ды OS X з абмежаваннай функцыянальнасьцю. Таксама быў распрацаваны канцэпт вэб-вэрсіі кліенту.
  • У студзені 2014 году выйшла неафіцыйная вэб-вэрсія Webogram ад былога распрацоўніка ВКонтакце Ігара Жукава.
  • 21 ліпеня 2014 году ў App Store зьявіўся дастасунак Telegram HD для iPhone ды iPad, якія запампавала кампанія Telegram Messenger LLP[5].
  • 15 кастрычніка 2014 году да Telegram была дададзеная падтрымка псэўданімаў, па якіх можна зьвязацца з карыстальнікамі, ня ведаючы іх нумару тэлефона, а таксама запушчаны вэб-кліент.
  • 2 студзеня 2015 году да Telegram была дададзеная падтрымка налепак. Пачаткова ў дастасунку было 14 налепак, але любы карыстальнік можа мадыфікаваць іх або дадаць свае. У адрозьненьне ад многіх дастасункаў, у Telegram налепкі бясплатныя].
  • У траўні 2016 году зьявілася магчымасьць рэдагаваньня дасланых паведамленьняў. Зрабіць зьмены магчыма цягам дзьвюх содняў ад моманту адпраўкі. У гэтым выпадку ў паведамленьні зьявіцца адмысловая метка[6].
  • 22 лістапада 2016 году распрацоўнікамі быў запушчаны праект Telegraph — блог-плятформа, бясплатны выдавецкі інструмэнт, які дазваляе ствараць публікацыі, агляды, дапасаваць фатаздымкі ды ўсе віды embedded-коду. Telegraph — гібрыд блог-плятформы, мэсэнджэра ды пляцішэру (падобнага на Medium), з канцэпцыяй ананімных іміджбордаў.
  • У сакавіку 2017 году расейскі палітычны аналітык Валеры Салавей са спасылкай на ананімную крыніцу паведаміў, што расейскія спэцслужбы атрымалі доступ да паведамленьняў карыстальнікаў і іх архіву за тры гады. Павал Дураў назваў гэтую заяву выдумкай.
  • У красавіку 2017 году было абвешчана пра запуск галасавых тэлефанаваньняў з сыстэмай end-to-end шыфраваньня[7]..
  • У красавіку 2018 году Таганскі суд Масквы пастанавіў заблякаваць Telegram у Расеі[8].

У чэрвені 2020 году ў Расеі зьнялі абмежаваньне доступу да праграмы. Падчас пратэстаў у Беларусі 2020 году «Тэлеграм» стаў асноўным спосабам сувязі і доступу да СМІ Беларусі, у тым ліку да тых, чые вэб-бачыны заблякавала Міністэрства інфармацыі Беларусі[9]. У студзені 2021 году «Тэлеграм» усталявалі 63 млн разоў, што было ў 3,8 разы больш чым летась. У выніку праграма стала найбольш запампоўванай у сьвеце, у тым ліку на смартфонах з АС «Андроід». Прычынай стала масавая перабежка карыстальнікаў зь іншага мэсэнджэра «ЎотсАп» праз увядзеньне абавязковай перадачы асабістых зьвестак у сацсетку «Фэйсбук»[10].

За 2021 год «Тэлеграм» узьняўся з 3-га на 2-е месца паводле пашыранасьці ў сьвеце сярод мэсэнджэраў. На люты 2022 году праграма мела найбольшы ахоп насельніцтва ў Расеі, дзе знаходзілася на 2-м месцы паводле пашыранасьці — 36 %. Пры гэтым, у расейскай моладзі да 25 гадоў «Тэлеграм» займаў 1-е месца. Найбольш пашыранам мэсэнджэрам «Тэлеграм» быў у Беларусі, Армэніі, Бэльгіі, Камбоджы, Латвіі, Вэнэсуэле, Шры-Ланцы, Казахстане і Кыргызстане[9].

Тэхналёгія

рэдагаваць

Для мэсэнджэра быў створаны пратакол MTProto, які базуецца на выкарыстаньні некалькіх пратаколаў шыфраваньня. Пры аўтарызацыі ды аўтэнтыфікацыі выкарыстоўваюцца альгарытмы RSA-2048, DH-2048 для шыфраваньня, пры перадачы паведамленьняў пратакола яны шыфруюцца AES з ключом, які вядомы кліенту ды сэрвэру. Таксама стасоўваюцца крыптаграфічныя хэш-альгарытмы SHA-1 ды MD5.

Бясьпека ад перахопу дасланых паведамленьняў з боку сэрвэру Telegram забясьпечваецца толькі ў рэжыме «таемных» чатаў (Secret Chats), даступным ад 8 кастрычніка 2013 году. Гэты рэжым рэалізуе шыфраваньне, пры якім толькі адпраўнік ды атрымальнік валодаюць агульным ключом (end-to-end шыфраваньне), з ужываньнем альгарытму AES-256 у рэжыме IGE (англ. Infinite Garble Extension) для дасланых паведамленьняў. У адрозьненьне ад звычайнага рэжыму, паведамленьне ў таемных чатах не дэшыфруюцца сэрвэрам, гісторыя ліставаньня захоўваецца толькі на тых дзьвюх прыладах, на якіх быў створаны чат.

Пры абмене файламі можна як дасылаць файлы з прылады, так і шукаць мэдыякантэнт у інтэрнэце (прі выкарыстаньні мабільных вэрсій для iOS або Android). Памер дасланых файлаў абмежаваны 1,5 Гб. Праграма выкарыстоўвае сыстэму дазапампоўваньня файлаў пасьля абрыву сувязі[4].

Маецца магчымасьць арганізоўваць мульцічаты да 200 удзельнікаў ды супэргрупы да 5000 удзельнікаў.

Пры дапамозе адмысловага API пабочныя распрацоўнікі могуць ствараць ботаў (адмысловыя акаўнты, якія кіруюцца праграмамі)[11]. Тыповыя боты адказваюць на адмысловыя каманды ў пэрсанальных ды групавых чатах, таксама яны могуць ажыцьцяўляць пошук у інтэрнэце або выконваць іншыя задачы.

Заснавальнік WhatsApp Ян Кум адзначаў, што ідэі, рэалізаваныя ў ягоным дастасунку, выкарыстоўваюцца ў Telegram[12].

Сэрвэры Telegram не захоўваюць паведамленьні з таемных чатаў, але захоўваюць гісторыю звычайных чатаў і зьмест адраснай кнігі карыстальнікаў на тэрмін выкарыстаньня сэрвісу і на тэрмін неактыўнасьці, пазначаны ў наладах акаўнта (ад аднаго месяца да году). Шыфраваньне, якое выкарыстоўваецца ў мэсэнджэры, не забясьпечвае PFS ва ўсіх выпадках.

Афіцыйныя кліенты Telegram па змоўчаньні актыўна дасылаюць усім кантактам мэтаінфармацыю ад адчыненьні ды зачыненьні дастасунку, пры гэтым падпісацца на гэтую мэтаінфармацыю можа любы карыстальнік. Для адключэньня такой расылкі патрабуецца зьмяніць налады акаўнта.

Таксама неаднаразова выказваўся сумнеў у бясьпецы пратаколу MTProto[13].

Telegram у Беларусі

рэдагаваць
  • сьнежань 2015 году — група беларускіх праграмістаў распрацавала бота BelarusAutoBot, які дазваляе кіроўцам атрымаць інфармацыю пра штрафы, аўтасэрвісы і чэргі на мяжы[14]

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Телеграмм нашего времени // электроннае выданьне «Lenta.ru»
  2. ^ Зроблены пераклад Telegram на беларускую мову // электроннае выданьне «Наша Ніва»
  3. ^ Беларуская (клясычная) // «Тэлеграм», 13 сьнежня 2020 г. Праверана 13 сьнежня 2020 г.
  4. ^ а б Телеграмма от Дурова// электроннае выданьне «Vedomosti.ru»
  5. ^ Дуров сменил юридическое лицо Telegram и запустил новое приложение для iOS// электроннае выданьне «vc.ru»
  6. ^ В Telegram появилась возможность редактировать сообщения // электроннае выданьне «Коммерсант.ru»
  7. ^ В Telegram появились голосовые звонки//электроннае выданьне «dev.by»
  8. ^ Суд постановил заблокировать Telegram в России Праверана 2018-04-13 г.
  9. ^ а б Якія мэсэнджары цяпер самыя папулярныя ў сьвеце // Партал «Наша ніва», 13 лютага 2022 г. Праверана 15 лютага 2022 г.
  10. ^ «ЦікТок» больш ня топ // Газэта «Зьвязда», 6 лютага 2021 г. Праверана 7 лютага 2021 г.
  11. ^ Telegram Bot Platform // блог The Telegram Team
  12. ^ Основатель WhatsApp обвинил Дурова в плагиате // электроннае выданьне «Forbes.ru»
  13. ^ A practical cryptanalis of the Telegram messaging protocol // навуковая праца Jakob Bjerre
  14. ^ Праграмісты распрацавалі Telegram-бота для беларускіх аўтамабілістаў // электроннае выданьне «Dev.by»

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць