Вайна́ — арганізаваная збройная барацьба паміж дзяржавамі, грамадзкімі клясамі і г. д. У пераносным значэньні: стан варожасьці між кім-небудзь; супярэчка, сварка з кімсьці; барацьба.

Вайна і палітыка

рэдагаваць

Вайна ёсьць працяг палітыкі, як унутранай, так і зьнешняй, якія знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі і фармуюцца на агульнай сацыяльна-эканамічнай базе. У час вайны і пры яе падрыхтоўцы зьнешняя палітыка выступае на першы плян і набывае вырашальнае значэньне; мяняюцца ня толькі суадносіны паміж унутранай і зьнешняй палітыкамі, але і формы іх ажыцьцяўленьня.

Палітыцы належыць вырашальная роля пры распрацоўцы ваеннай дактрыны дзяржавы і пры вызначэньні мэтаў вайны, што вырашальным чынам уплывае на яе зьмест і вядзеньне. Палітыка ўзьдзейнічае на плянаваньне вайны, вызначэньне чарговасьці і сілы ўдараў па праціўніку. Праз стратэгію палітыка ўплывае і на разьвіцьцё ваенных дзеяньняў. Палітыка вызначае неабходныя меры для мабілізацыі людзкіх рэсурсаў і матэрыяльных рэсурсаў краіны.

Вайна ня толькі залежыць ад палітыкі, але і сама актыўна ўплывае на яе. Унутрыпалітычнае жыцьцё дзяржаваў, што ваююць, і міжнародныя адносіны церпяць істотныя зьмяненьні ў залежнасьці ад ходу вайны.

Як асаблівы стан грамадзтва, вайна ўяўляе сабою складаную спэцыфічную грамадзка-палітычную зьяву, якая падпарадкоўваецца сваім законам. Два ўзаемазьвязаныя аспэкты вайны — сацыяльна-палітычны і ваенна-тэхнічны.

Сацыяльна-палітычны аспэкт вайны выражае дачыненьне вайны да асноўнай тэндэнцыі гістарычнага разьвіцьця і да асноўнага зьместу эпохі, яе адпаведнасьць інтарэсам сацыяльных групіровак. Гэты аспэкт паказвае, якія групоўкі і дзеля чаго вядуць вайну, якое дачыненьне да вайны маюць розныя сацыяльныя сілы і інш.

Ваенна-тэхнічны аспэкт адлюстроўвае тыя матэрыяльныя сродкі, ваенную тэхніку і людзкія масы, якія выкарыстоўваюцца ва ўзброенай барацьбе, а таксама формы і спосабы вядзеньня ваенных дзеяньняў.

Ход і вынік вайны, формы і спосабы яе вядзеньня залежаць ад уроўню разьвіцьця вытворчых сілаў і эканамічнага ладу дзяржаваў, што ваююць (гл. эканамічны патэнцыял), узроўню разьвіцьця навукі і тэхнікі (гл. навуковы патэнцыял), сацыяльна-палітычнага ладу (гл. сацыяльны патэнцыял), ад ідэалёгіі і маральнага духу народу і арміі (гл. маральна-палітычны патэнцыял), ад баявой моцы узброеных сілаў (гл. баявы патэнцыял, ваенны патэнцыял).

Рэалізацыя эканамічных, сацыяльна-палітычных, навукова-тэхнічных і ваенных магчымасьцяў у хадзе вайны забясьпечваецца палітычным кіраўніцтвам і ваенным камандаваньнем.

Прычыны войнаў

рэдагаваць

Асноўная прычына ўзьнікненьня войнаў — імкненьне палітычных сіл выкарыстоўваць узброеную барацьбу для дасягненьня разнастайных зьнешне- і ўнутрыпалітычных мэтаў. Існуе мноства тэорыяў, якія даюць тлумачэньне глыбінных прычынаў пераходу сацыяльнага канфлікта ў ваенную стадыю.

Эвалюцыйная псыхалёгія

рэдагаваць

Сьцьвярджаецца, што чалавечыя войны — аналяг паводзінаў жывёлаў, якія змагаюцца за тэрыторыю, або канкурыруюць за ежу ці партнёра. Жывёлы агрэсіўныя па сваёй прыродзе, а ў чалавечым грамадзтве агрэсія выліваецца з вайны.

Дэмаграфічныя тэорыі

рэдагаваць

Прадстаўленыя двума асноўнымі кірункамі:

  • мальтузіянскія тэорыі тлумачаць прычыны войнаў ростам насельніцтва і недахопам рэсурсаў;
 
Сярэдні ўзрост па краінах
  • тэорыі пераважаньня моладзі апісваюць, як спалучэньне вялікай колькасьці маладых мужчынаў зь недахопам пастаяннай мірнай працы вядзе да вялікай рызыкі ўзьнікненьня вайны (адносяцца да найбольш папулярных у цяперашні час тэорыяў). Рэлігія і ідэалёгія зьяўляюцца другаснымі фактарамі і служаць для наданьня вайне легітымнасьці. Паводле гэтых тэорыяў перакос адбываецца, калі ад 30 да 40% мужчынскага насельніцтва краіны належыць да «выбухованебясьпечнай» узроставай групы — ад 15 да 29 гадоў.

Рацыяналістычныя тэорыі

рэдагаваць

Мяркуецца, што абодва бакі канфлікта дзейнічаюць разумна ў адпаведнасьці з жаданьнем атрымаць найбольшую выгаду пры найменшых стратах.

Марксісцкая тэорыя

рэдагаваць

Марксізм тлумачыць войны канфліктам паміж клясамі і паміж імпэрыялістычнымі сіламі.