Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ

(Перанакіравана з «КХП БНФ»)

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ — беларуская палітычная партыя, якую 30 траўня 1993 году Беларускі народны фронт «Адраджэньне» ўтварыў у якасьці парлямэнцкай фракцыі для ажыцьцяўленьня сваёй праграмы шляхам удзелу ва ўтварэньні ўстановаў дзяржаўнай улады Беларусі. Да 4-га зьезду 26 верасьня 1999 г. мела назоў Партыя Беларускага народнага фронту[2]. 3 кастрычніка 1999 г. ад партыі адкалоліся непераабраныя на 4-ым зьезьдзе намесьнікі старшыні на чале зь Вінцуком Вячоркам, якія сабралі частку былога Сойму і прызначылі зьезд[3], што ўтварыў новую партыю пад старым назовам Партыя БНФ.

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ
лац. Kanservatyŭna-Chryścijanskaja Partyja — BNF
па-беларуску: Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ
Лідэр партыі Зянон Пазьняк
(в. а. на Беларусі Юры Беленькі)
Дата заснаваньня 30 траўня 1993 (31 год таму)
Распушчаная 27 ліпеня 2023 году
Штаб-кватэра Менск, вул. Заходняя, д. 13, пак. 231
Ідэалёгія кансэрватызм, хрысціянская дэмакратыя
Колькасьць блізу 3500 (лістапад 2000)[1]
Дэвіз Жыве Беларусь!
Афіцыйны сайт www.narodnaja-partyja.org

КХП-БНФ грунтуецца на ідэалёгіі беларускага нацыянальнага адраджэньня і кансэрватыўных каштоўнасьцях. Партыя ажыцьцяўляе сваю палітычную праграму шляхам прапаганды ідэяў і ўдзелу ў фармаваньні канстытуцыйных органаў дзяржаўнай улады Беларусі. Галоўная мэта КХП-БНФ — «усталяваньне дэмакратычнага грамадзтва і пабудова моцнай беларускай дзяржавы»[4]. Партыя выступае за культурна-нацыянальнае адраджэньне беларускай нацыі, за разьвіцьцё беларускай культуры ды культуры ўсіх нацыянальных супольнасьцяў Беларусі. Ад 2000 г. ладзіць байкот усіх выбараў празь перашкоды ў допуску да назіраньня.

Партыя цалкам байкатавала ўсе парлямэнцкія выбары (2000, 2004, 2008, 2012, 2016) з моманту ўстанаўленьня аўтарытарнага рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі.

У ліпені 2023 году Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — БНФ[5].

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Зьезд. Зьбіраецца аднойчы на 2 гады. Зацьвярджае кірункі дзейнасьці. Выбірае Сойм, старшыню ды Рэвізійную камісію. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў пры наяўнасьці 2/3 удзельнікаў.
  • Сойм. Склікаецца штомесяц. Вызначае склад, парадак працы й кіраўніцтва Ўправы. Вылучае прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Ладзіць кіраваньне ўласнасьцю. Вызначае парадак прадстаўніцтва на Зьезьдзе.
  • Управа. Зьбіраецца штотыдзень. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў пры наяўнасьці больш як паловы сябраў. Выконвае пастановы Зьезду ды Сойму. Ладзіць сувязь зь іншымі ўстановамі краіны. Вядзе ўлік суполак.
  • Рэвізійная камісія. Наглядае за кіраваньнем сродкамі Соймам ды Ўправаю. Сочыць за іх пасяджаньнямі. Накіроўвае справаздачы Зьезду.

Праграма

рэдагаваць

Дзейную праграму 26 верасьня 1999 г. зацьвердзіў IV Зьезд партыі. Праграма прадугледжвае вяртаньне Канстытуцыі 1994 году з увядзеньнем матэрыяльнай незалежнасьці судзьдзяў, пракурораў і адвакатаў ад выканаўчай улады. Паводле праграмы, партыя выступае за касаваньне ўрадавай цэнзуры і льготныя падаткі на ўкладаньні ў СМІ. Прапануе амністыю вылучэнцаў на выбарныя дзяржаўныя пасады, іх давераных асобаў і ўдзельнікаў вулічных шэсьцяў разам з касаваньнем заканадаўчага абмежаваньня ўдзелу ў выбарах і шэсьцях.

Праграма прадугледжвае спрашчэньне гандлю і перамяшчэньня людзей празь мяжу з Латвіяй, Летувой, Польшчай і Ўкраінай. Таксама прапануецца аднавіць супрацу з Эўрапарлямэнтам. Пры гэтым партыя выступае за ўвядзеньне мытаў у гандлі з Расеяй і нагляду на мяжы зь ёй. Партыя прапануе ўстанавіць ільготныя падаткі для перапрацоўнікаў харчаваньня і вытворцаў лекаў і мэдычнага абсталяваньня. Таксама прапануецца вызваліць ад падаткаў накіраваны на ўкладаньні прыбытак. Паводле праграмы, вызваленьню ад падаткаў на дададзеную вартасьць і прыбытак маюць падлягаць укладаньні прадпрыемстваў у шляхі зносінаў, сродкі сувязі і турыстычныя будынкі.

Арэндныя нежылыя будынкі ўраду і Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта прапануецца перадаць ва ўласнасьць мясцовага самакіраваньня. Прадугледжваецца касаваньне ліцэнзаваньня відаў гаспадарчай дзейнасьці. Паводле праграмы, пазакаштарысныя сродкі, у тым ліку прэзыдэнта, падлягаюць пераводу ў дзяржаўны каштарыс.

Праграма прадугледжвае папаўненьне дзяржаўнага пэнсійнага фонду за кошт распродажу на аўкцыёнах прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Прапануецца зьняць з камэрцыйных банкаў абавязак нагляду за гаспадарчай дзейнасьцю ўкладнікаў. Прадугледжваецца стварэньне ўмоваў для вольнага рынку(en) валюты, каштоўных папераў, нерухомасьці, страхаваньня і тавараў. Партыя выступае за стварэньне дастатковага запасу валюты для падтрыманьня адзінага курсу беларускага рубля. Таксама заклікае да папаўненьня дзяржаўнага страхавога фонду шляхам прыватызаваньня праз аўкцыёны ўрадавых прадпрыемстваў гандлю, будаўнічай, лёгкай і харчовай прамысловасьці[6].

Ініцыятывы

рэдагаваць
  1. ^ Структуры. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ. Праверана 7 студзеня 2012 г.
  2. ^ Юры Дракахруст. Навіны 27 верасьня 1999 г. // Радыё «Свабода», 27 верасьня 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  3. ^ Юрась Карпаў. Кастрычнік 1999 // Свойскае агенцтва навінаў і аргумантаў «Вітінфармбюро», 30 кастрычніка 1999 г. Праверана 17 кастрычніка 2014 г.
  4. ^ Сведения о политических партиях, зарегистрированных в Республике Беларусь Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
  5. ^ Вярхоўны суд Беларусі, выглядае, ліквідаваў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — БНФ
  6. ^ Праграма Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ // Народная партыя Праверана 17 кастрычніка 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць