Валеры Васільевіч Герасімаў
Валеры Васільевіч Герасімаў (1955; Казань, цяпер Рэспубліка Татарстан, Прыволская фэдэральная акруга, Расея) — расейскі вайскавод.
Валеры Васільевіч Герасімаў рас. Валерий Васильевич Герасимов | ||||||||||
нар. 8 верасьня 1955 (69 гадоў) | ||||||||||
Месца нараджэньня | Казань, Татарская АССР, Расейская СФСР, СССР | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Прыналежнасьць | Расея | |||||||||
Род войскаў | Сухапутныя войскі(ru) | |||||||||
Гады службы | 1977—1984, 1987—1995, 1997 — цяпер | |||||||||
Званьне | генэрал арміі(be) (2013) | |||||||||
Камандаваў | 144-я мотастралковая дывізія(en) (1993—1995), 58-я армія (2001—2003), Ленінградзкая вайсковая акруга (2007—2009), Маскоўская вайсковая акруга(be) (2009—2010), Цэнтральная вайсковая акруга(ru) (2012) | |||||||||
Бітвы/войны | Другая расейска-чачэнская вайна (1999—2003, 2006—2007), расейская вайсковая інтэрвэнцыя ва Ўкраіну (2014—2015), расейскае ўварваньне ў Сырыю(en) (2015—2016) | |||||||||
Узнагароды | | |||||||||
Сувязі | жонка, сын | |||||||||
7-ы начальнік Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі (з 9 лістапада 2012 г.). Генэрал арміі (2013), герой Расейскай Фэдэрацыі (2016).
З чэрвеня 2024 году знаходзіцца ў вышуку Міжнароднага крымінальнага суду.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьВайсковая кар’ера
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і рабочых. У 1971—1973 гадах у старэйшых клясах навучаўся ў Казанскай сувораўскай вайсковай вучэльні(ru). Затым скончыў Казанскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню(ru) (1973—1977). У 1977—1984 гадах служыў камандзірам зьвяза, роты і батальёна ў 80-м танкавым палку (Борнэ Сулінова, Шчэцінскае ваяводзтва(pl)) 90-й танкавай дывізіі Паўночнай групы войскаў(ru) СССР у Польскай Народнай Рэспубліцы (цяпер Польшча), начальнікам штаба батальёна ў Далёкаўсходняй вайсковай акрузе(be) (Расейская СФСР).
У 1984—1987 гг. навучаўся ў Маскве ў Вайсковай акадэміі бранятанкавых войскаў(ru) імя маршала Радзівона Маліноўскага. У 1987—1993 гг. служыў начальнікам штаба і камандзірам 228-га танкавага палка (Кейля, Хар’юскі павет, Эстонская ССР) 144-й мотастралковай дывізіі ў Прыбалтыйскай вайсковай акрузе(ru) СССР, начальнікам штаба 144-й мотастралковай дывізіі (Талін, Эстонія) Паўночна-Заходняй групы войскаў(ru) Расеі. У 1993—1995 гг. служыў камандзірам 144-й мотастралковай дывізіі, якую ў жніўні 1994 г. вывеў у Маскоўскую вайсковую акругу Расеі (Ельня, Смаленская вобласьць).
У 1995—1997 гг. у Маскве прайшоў навучаньне ў Вайсковай акадэміі Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі(ru). З 1997 г. па люты 1998 г. служыў 1-м намесьнікам камандзіра 1-й гвардзейскай танкавай арміі(ru) (Смаленск). Зь лютага 1998 г. па люты 2001 г. служыў начальнікам штаба, а зь лютага 2001 г. па сакавік 2003 г. — камандзірам 58-й арміі (Уладзікаўказ, Рэспубліка Паўночная Асэтыя — Аланія) у Паўночна-Каўкаскай вайсковай акрузе(be) Расеі, дзе ўдзельнічаў у Другой расейска-чачэнскай вайне. За часам камандаваньня 58-й арміяй меў званьне генэрал-маёра.
З сакавіка 2003 г. па красавік 2005 г. служыў начальнікам штаба Далёкаўсходняй вайсковай акругі Расеі (Хабараўск, Далёкаўсходняя фэдэральная акруга) ў званьні генэрал-лейтэнанта. 22 лютага 2005 г. атрымаў званьне генэрал-палкоўніка. З красавіка 2005 г. па сьнежань 2006 г. служыў начальнікам Галоўнай управы баявой падрыхтоўкі і службы войскаў Узброеных сілаў Расеі. Са сьнежнія 2006 г. да 11 сьнежня 2007 г. — начальнікам штаба Паўночна-Каўкаскай вайсковай акругі. З 11 сьнежня 2007 г. па 5 лютага 2009 г. — камандзір войскаў Ленінградзкай вайсковай акругі. З 5 лютага 2009 г. па 23 сьнежня 2010 г. — камандзір войскаў Маскоўскай вайсковай акругі. У 2010 г. атрымаў беларускі ордэн Сяброўства народаў. Паводле ўказу прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева, з 23 сьнежня 2010 г. па 26 красавіка 2012 г. займаў пасаду намесьніка начальніка Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расеі. У 2009—2012 г. загадваў вайсковымі парадамі ў дзень Перамогі на Чырвонай плошчы Масквы. 26 красавіка — 9 лістапада 2012 г. быў камандзірам войскаў Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі (Урал і Сыбір).
Начальнік Генштабу
рэдагаваць9 лістапада 2012 г. заняў пасаду начальніка Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расеі паводле ўказу прэзыдэнта Ўладзімер Пуціна на прапанову новапрызначанага міністра абароны Сяргея Шайгу. 26 студзеня 2013 г. выступіў з дакладам «Асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця формаў і спосабаў прымяненьня ЎС, актуальныя задачы ваеннай навукі па іх удасканаленьні» перад агульным сходам Акадэміі ваенных навук Расейскай Фэдэрацыі(ru) (АВН РФ), які праходзіў у Культурным цэнтры Ўзброеных сілаў Расеі(ru) (Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга)[1]. 29 студзеня 2013 г. сумесна зь міністрам Шайгу прадставіў Плян абароны Расейскай Фэдэрацыі на 2013—2015 гг., які прэзыдэнт Пуцін зацьвердзіў сваім указам[2]. 20 лютага 2013 г. атрымаў званьне генэрала арміі паводле Ўказу прэзыдэнта Расеі № 151.
Паводле свайго даклада перад АВН Расеі, 27 лютага 2013 году выдаў у газэце «Ваенна-прамысловы кур’ер» артыкул «Каштоўнасьць навукі ў прадбачаньні», ва ўводзінах якога заявіў: «У XXI стагодзьдзі прасочваецца тэндэнцыя размываньня адрозьненьняў між станам вайны і міру. Войны ўжо не абвяшчаюцца, а пачаўшыся – ідуць не паводле звыклага нам шаблёна. Досьвед ваенных канфліктаў, у тым ліку зьвязаных з так званымі каляровымі рэвалюцыямі(en) ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, пацьвярджае, што цалкам шчасная дзяржава за лічаныя месяцы і нават дні можа ператварыцца ў арэну разьлютаванага ўзброенага змаганьня, стаць ахвярай замежнай інтэрвэнцыі, пагрузіцца ў бездань хаосу, гуманітарнай катастрофы і грамадзянскай вайны». Далейшы тэкст артыкула падзяляўся на 4 разьдзелы: 1) Урокі «арабскай вясны»; 2) Задачы ваеннай навукі; 3) Кантроль тэрыторыі; 4) Ідэі немагчыма генэраваць паводле загаду. У 1-м разьдзеле артыкула зьмяшчалася схема «Роля неваенных мэтадаў пры вырашэньні міждзяржаўных канфліктаў», дзе вылучаліся 6 ступеняў разьвіцьця канфліктаў: 1) «схаванае зараджэньне, 2) абвастрэньне, 3) пачатак канфліктных дзеяньняў, 4) крызіс, 5) вырашэньне, 6) аднаўленьне міру (пасьляканфліктнае ўрэгуляваньне)». Ваенная пагроза падзялялася на: 1) «патэнцыйную (магчымую), 2) накіраваную, 3) непасрэдную, 4) ваенны канфлікт». Таксама прадугледжвалася 6 фазаў разьвіцьця канфліктаў: 1) «зьяўленьне разыходжаньняў у зацікаленасьцях, 2) ператварэньне разыходжаньняў у супярэчнасьці(en) і іх усьведамленьне ваенна-палітычным кіраўніцтвам, 3) паглыбленьне супярэчнасьцяў, 4) крызіснае рэагаваньне, 5) лякалізаваньне ваеннага канфлікта, 6) нэўтралізаваньне ваеннага канфлікта». Неваенныя і ваенныя захады разьвіцьця канфліктаў суадносіліся ў схеме 4:1. Вылучалася 12 неваенных захадаў: «вядзеньне весткавага проціборства, утварэньне кааліцыяў і саюзаў, утварэньне палітычнай апазыцыі, палітычны і дыпляматычны націск, гаспадарчыя санкцыі, разрыў дыпляматычных дачыненьняў, дзеяньне апазыцыйных сілаў, гаспадарчая блякада, пошук спосабаў урэгуляваньня канфлікта, перавод гаспадаркі на ваенныя рэйкі, зьмена ваенна-палітычнага кіраўніцтва, правядзеньне комплекса захадаў для зьніжэньня напружанасьці ў дачыненьнях. Таксама пералічваліся 4 ваенныя захады: стратэгічнае стрымліваньне(en), стратэгічнае разгортваньне, вядзеньне ваенных дзеяньняў, міратворчыя апэрацыі»[3].
2-і разьдзел артыкула ад 27 лютага 2013 году зьмяшчаў схему «Зьмена характара ўзброенага змаганьня», дзе формы і спосабы дасягненьня палітычных мэтаў падзяляліся на традыцыйныя (прымяненьне ваеннай сілы) і новыя: «Выкарыстаньне палітычных, дыпляматычных, гаспадарчых і іншых неваенных захадаў у спалучэньні з ужыцьцём ваеннай сілы». Вылучалася 7 традыцыйных спосабаў: «пачатак ваенных дзеяньняў пасьля стратэгічнага разгортваньня; франтальныя сутыкненьні буйных груповак войскаў, аснову якіх складаюць сухапутныя войскі; паражэньне жывой сілы і агнявых сродкаў, пасьлядоўнае авалодваньне рубяжамі і раёнамі з мэтай захопа тэрыторыі; разгром праціўніка, разбурэньне гаспадарчага патэнцыяла і авалодваньне яго тэрыторыяй; вядзеньне баявых дзеяньняў на сушы, у паветры і на моры; кіраваньне групоўкамі войскаў у рамках строга выбудаванай герархічнай структуры органаў кіраваньня». Таксама пералічвалася 8 новых спосабаў: «пачатак ваенных дзеяньняў групоўкамі войскаў мірнага часу; высокаманэўраныя бескантактныя баявыя дзеяньні міжвідавых груповак войскаў; зьніжэньне ваенна-гаспадарчага патэнцыяла дзяржавы паражэньнем крытычна важных аб'ектаў яго ваеннай і цывільнай інфраструктуры ў кароткія тэрміны; шырокае ўжыцьцё ВДЗ(en), шырокамаштабнае выкарыстаньне сілаў спэцыяльных апэрацыяў, а таксама робатызаваных комплексаў і зброі на новых фізычных прынцыпах, удзел у баявых дзеяньнях ваенна-цывільнага складніка; адначаснае ўзьдзеяньне на войскі і аб'екты праціўніка на ўсю глыбіню яго тэрыторыі; узброенае змаганьне адначасна ва ўсіх фізычных асяродзьдзях і весткавай прасторы; ужыцьцё асымэтрычных і непрамых дзеяньняў; кіраваньне сіламі і сродкамі ў адзінай весткавай прасторы». У 3-м разьдзеле артыкула адзначалася: «Асаблівую актуальнасць у сучасных канфліктах набывае абарона насельніцтва, аб'ектаў і камунікацыяў ад дзеяньняў сілаў спэцыяльных апэрацыяў праціўніка ва ўмовах ўзрастаньня маштабаў іх ужыцьця. Рашэньне гэтай задачы прадугледжваецца арганізацыяй і вядзеньнем тэрытарыяльнай абароны. Да 2008 году, калі колькасць арміі на ваенны час складала больш за 4,5 мільёна, гэтыя задачы вырашаліся выключна Ўзброенымі сіламі. Але ўмовы зьмяніліся. Цяпер супрацьдзеяньне дывэрсійна-выведвальным і тэрарыстычным сілам можна арганізаваць толькі комплексным ужыцьцём усіх сілавых структураў дзяржавы». У 4-м разьдзеле сьцьвярджалася, што існаваў «росквіт ваенна-тэарэтычнай думкі ў нашай краіне (СССР) наконадні Другой сусьветнай вайны». У якасьці «неардынарный асобы зь яркімі ідэямі» і «фанатыка ад навукі», якіх «нам сёньня якраз і не хапае», прыводзіўся «прафэсар Акадэміі Генэральнага штаба», «камдзіў Георгі Ісерсон(ru), які, нягледзячы на погляды, што склаліся ў перадваенны пэрыяд, выдаў кнігу «Новыя формы змаганьня». У ёй савецкі ваенны тэарэтык прадказаў: «Вайна наогул не абвяшчаецца. Яна проста пачынаецца загадзя разгорнутымі ўзброенымі сіламі. Мабілізацыя і засяроджваньне тычацца не пэрыяду пасьля наступленьня стану вайны, як гэта было ў 1914 годзе, а непрыкметна, паступова праводзяцца задоўга да гэтага»[3] (маланкавая вайна; частка 2 «Нямецка-польская вайна», 2. Уступленьне ў вайну).
5 ліпеня 2013 г., паводле яго даклада перад Акадэміяй ваенных навук Расеі, Савет бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі зацьвердзіў Рашэньне аб прапанове зьмены Ваеннай дактрыны Расеі. З 29 жніўня[4] па 18 кастрычніка 2013 г. наведваў Беларусь па службе для падрыхтоўкі, назіраньня за і адзнакавай справаздачы аб беларуска-расейскіх вайсковых вучэньнях «Захад-2013», якія праводзіліся 20-26 верасьня 2013 г. з удзелам каля 12 900 жаўнераў, 350 адзінак бранятэхнікі, больш за 50 адзінак артылерыі і больш за 50 верталётаў і самалётаў[5]. 18 кастрычніка 2013 г. у справаздачы аб вучэньнях адзначыў, што з пачатку 2013 г. у Заходняй вайсковай акрузе(ru) Расеі і Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь правялі больш за 10 сумесных мерапрыемстваў апэратыўнай падрыхтоўкі да вучэньняў[6].
20 лютага 2014 г. вайскоўцы падпарадкаванай яму Галоўнай управы Генэральнага штаба Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі(ru) пачалі захоп украінскага паўвострава Крым, які ажыцьцявілі да 26 сакавіка 2014 году (Крымскі крызіс)[7]. 5 красавіка 2014 г. дывэрсанты Галоўнай управы Генэральнага штаба Расеі пашырылі сваё ўварваньне на ўсход Украіны (Данбас). У выніку, паводле Прадпісаньня № 433 Рады Эўразьвязу ад 29 красавіка 2014 г., патрапіў пад забарону на ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу[8]. 6 ліпеня 2014 г. яго даклад перад Акадэміяй ваенных навук Расеі ад 26 студзеня 2013 г. атрымаў найменьне «Дактрына Герасімава»(ru) ад ангельскага гісторыка Марка Галеоці(en) (нар. 1965)[9]. 26 сьнежня 2014 г. прэзыдэнт Пуцін зацьвердзіў зьмены ў Ваенную дактрыну Расеі паводле «Дактрыны Герасімава», згодна зь якой у лютым 2014 г. распачалі расейскую вайсковую інтэрвэнцыю ва Ўкраіну[10]. 5 жніўня 2015 г. Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева (Украіна) зацьвердзіў вышук Герасімава па падазрэньні паводле часткі 3 артыкула 110 Крымінальнага кодэкса Ўкраіны «Замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны», які прывёў «да згубы людзей».
Ад пачатку 30 верасьня 2015 г. расейскага ўварваньня ў Сырыю ўдзельнічаў у арганізацыі налётаў расейскіх бамбавікоў[11], за што атрымаў ад Пуціна званьне героя Расеі ўказам ад 4 траўня 2016 году.
25 чэрвеня 2024 году Другая палата папярэдняй вытворчасьці Міжнароднага крымінальнага суду (Нідэрлянды), удзел у якім бралі 124 дзяржавы, выдала загад на арышт Валерыя Герасімава і былога міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. Судьдзі палічылі абодвух падазраванымі ў такіх ваенных злачынствах, як нанясеньне ўдараў па цывільных пабудовах і прычыненьне празьмернай выпадковай шкоды цывільнаму насельніцтву шляхам аддачы загаду аб учыненьні злачынстваў і празь няздольнасьць ажыцьцяўляць належнае кіраваньне войскамі пад іх камандаваньнем у ходзе расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У прыватнасьці ў паведамленьні МКС выказвалася меркаваньне, «што двое падазраваных нясуць адказнасьць за ракетныя ўдары, нанесеныя расейскімі ўзброенымі сіламі па ўкраінскай электраэнэргетычнай інфраструктуры прынамсі зь 10 кастрычніка 2022 году па 9 сакавіка 2023 году. Цягам гэтага часу вялікая колькасьць удараў па шматлікіх электрастанцыях і падстанцыях была нанесена расейскімі ўзброенымі сіламі ў многіх мясьцінах Украіны»[12][13].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Агульны сход Акадэміі ваенных навук (рас.) // Ігар Ашурбейлі(ru), 26 студзеня 2013 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Шайгу і Герасімаў прадставілі Пуціну Плян абароны Расейскай Фэдэрацыі (рас.) // Вікінавіны, 29 студзеня 2013 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ а б Валеры Герасімаў. Каштоўнасьць навукі ў прадбачаньні (рас.) = Ценность науки в предвидении // Ваенна-прамысловы кур'ер : газэта. — 27 лютага 2013. — № 8 (476). — С. 1-3. — ISSN 1729-3928.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. У Беларусь прыбыў першы намесьнік міністра абароны РФ генэрал арміі Валеры Герасімаў // БелаПАН, 29 жніўня 2013 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Вераніка Канюта. Вучэньне стартавала // Газэта «Зьвязда», 21 верасьня 2013 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Аляксей Арэшка. Кіраўнічы склад Узброеных сіл РФ падвёў вынікі сумесных стратэгічных вучэньняў узброеных сіл Расеі і Беларусі «Захад-2013» // БелаПАН, 18 кастрычніка 2013 г. Архіўная копія ад 18 кастрычніка 2013 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Стужка навінаў 26 сакавіка 2014 году (рас.) // Вікінавіны, 26 сакавіка 2014 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Тацяна Каравянкова. Эўрасаюз пашырыў санкцыі ў дачыненьні да асобаў, адказных за расейска-ўкраінскі канфлікт // БелаПАН, 29 красавіка 2014 г. Архіўная копія ад 29 красавіка 2014 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Марк Галеоці. «Дактрына Герасімава» і расейская нелінейная вайна (анг.) // Блог «У цені Масквы», 6 ліпеня 2014 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Ігар Суцягін(ru). Расейскія войскі ва Ўкраіне (анг.) // Аб'яднаны каралеўскі інстытут абаронных дасьледаваньняў Брытаніі(en), 9 сакавіка 2015 г. Архіўная копія ад 9 сакавіка 2015 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ Упершыню з пачатку расейскай апэрацыі ў Сырыі ўдар па ІД нанесла далёкая авіяцыя // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 лістапада 2015 г. Архіўная копія ад 18 лістапада 2015 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- ^ МКС выдаў ордары на арышт Сяргея Шайгу і Валерыя Герасімава // Партал «Наша ніва», 25 чэрвеня 2024 г. Праверана 25 чэрвеня 2024 г.
- ^ Разарыё Аітала. Становішча ва Ўкраіне: судзьдзі МКС выдалі загады на арышт Сяргея Кужугетавіча Шайгу і Валерыя Васільевіча Герасімава (анг.) // Міжнародны крымінальны суд, 25 чэрвеня 2024 г. Праверана 25 чэрвеня 2024 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Валеры Герасімаў // Газэта «Зьвязда», 26 верасьня 2013 г. Праверана 20 верасьня 2016 г.
- Чарлз Бартлз. Разуменьне Герасімава належным чынам (анг.) / гал.рэд. Ганна Фрыдрых-Магард = Getting Gerasimov Right // Вайсковы агляд : часопіс. — Лівэнўорт(en): Агульнавайсковы цэнтар Арміі ЗША(en), студзень-люты 2016. — Т. 96. — № 1. — С. 30-38. — ISSN 0026-4148.