Расейскі сьвет
«Расейскі сьвет» (рас. русский мир — «рускі сьвет») — геапалітычныя дактрына расейскага псыхоляга Юрыя Грамыкі, якую той выклаў у 1998 годзе ў артыкуле «Зьбіраньне расейскага сьвету». Ва ўводзінах артыкула Ю. Грамыка адмаўляў існыя дзяржаўныя межы Расеі, бо меркаваў, што «суайчыньнікі за мяжой, якія не пажадалі (або ня здолелі) вярнуцца ў Расею» «лічуць сябе расейцамі і адстойваюць па-за афіцыйнай Расеяй права на існаваньне вялізнага расейскага сьвету, які стагодзьдзямі жыў за рамкамі штучных адвольных межаў усечанай Расеі, што ўтварылася ў выніку развалу камуністычнай ідэалёгіі». У артыкуле асыміляваньне іншых народнасьцяў разглядалася ў якасьці спосабу існаваньня расейскай народнасьці (шавінізм): «Расейцы забылі формулу-замову, якую ім трэба будзе ўзгадаць, калі яны жадаюць выжыць… Гэтая формула зьвязаная з аднаўленьнем расейскага сьвету — Pax Russica — здольнага ўвабраць і ўлучыць у сябе шмат розных этнасаў і групаў». У прыклад Ю. Грамыка прыводзіў заклік расейскага мастацтвазнаўца Алега Генісарэцкага выкарыстаць расейскую дыяспару для русіфікацыі: «Паводле трапнага выразу выдатнага культуроляга і мэтадоляга Алега Генісарэцкага, для ўтварэньня і структураваньня расейскага сьвету расейская грамада-дыяспара мае быць наноў упісанай і ўлучанай ва ўсялякія грамадзкія, культуровыя і палітычныя сусьветы»[1].
5 пазыцыяў і 4 сцэнары
рэдагавацьУ разьдзеле «Пяць пазыцыяў і чатыры сцэнары» артыкула «Зьбіраньне расейскага сьвету» Ю.Грамыка цьвердзіў, што «Толькі традыцыяналістам патрэбна зьбіраньне расейскага сьвету, бо іх галоўны патэнцыял і рэсурс — тысячагадовая расейская гісторыя». Адпаведна перавага надавалася 4-му «сцэнару ажыцьцяўленьня чыньніка расейскай дыяспары», бо «4-ы сцэнар — сцэнар і ва ўнутрыпалітычнай расейскай прасторы — гэта расейскі традыцыяналізм і народна-дзяржаўніцкая ідэя». Гэты сцэнар прадугледжваў «Выбудоўваньне сеткавай жыцьцяздольнай і моцнай дыяспары зь цеснымі сувязямі з моцнымі расейскімі асяродкамі ўнутры Расеі». Такі сцэнар грунтаваўся на 5-м стаўленьні («пазыцыі») да «расейцаў у СНД», краіны-ўдзельніцы якой прапаноўвалася русіфікаваць: «Пазыцыя за актыўнае прарастаньне расейскай суб’ектнасьці на прасторы новых дзяржаўнасьцяў рэспублік СНД»[1].
Увасабленьне
рэдагаваць29 лістапада 2006 году ў Санкт-Пецярбургу расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін (2000—2008) правёў сустрэчу з удзелам каля 20 расейскіх актораў, пісьменьнікаў і кінарэжысэраў з нагоды 100-годзьдзя з дня народзінаў расейскага мовазнаўца Дзьмітрыя Ліхачова (1906—1999)[2]. Пры канцы той 2-гадзіннай сустрэчы ў Доме Дзяржавіна прэзыдэнт У. Пуцін заявіў: «Наступны год абвешчаны годам расейскай мовы, якая зьяўляецца ўнівэрсальнай асновай расейскай дзяржавы і — шырэй — расейскага сьвету… Расейскі сьвет можа і мае аб’яднаць усіх, каму дорага расейскае слова і расейская культура, дзе б яны ні жылі, у Расеі або за яе межамі, і да якой бы этнічнай групы не належалі. Часьцей ужывайце гэтае словазлучэньне — расейскі сьвет»[3].
21 чэрвеня 2007 году прэзыдэнт У. Пуцін падпісаў Указ № 796 «Аб стварэньні фонду „Расейскі сьвет“», паводле якога «заснавальнікамі фонду ад імя Расейскай Фэдэрацыі зьяўляюцца Міністэрства замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі і Міністэрства адукацыі і навукі Расейскай Фэдэрацыі; маёмасьць фонду ўтвараецца за кошт сродкаў фэдэральнага каштарысу». Паводле 3-га пункта Ўказу, «старшыня і сябры апякунскай рады фонда прызначаюцца прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі; …старшыня, намесьнікі старшыні і сябры кіраўніцтва фонда прызначаюцца прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі». Паводле 5-га пункту, загадвалася «Ўраду Расейскай Фэдэрацыі забясьпечыць… разьмяшчэньне фонда ў г. Маскве; накіраваньне ў 2007—2020 гадах сродкаў фэдэральнага каштарыса фонду для ажыцьцяўленьня яго дзейнасьці»[4]. Да канца 2008 г. фонд атрымаў звыш 1 млрд расейскіх рублёў (20 млн эўра) зь дзяржаўнага каштарысу. За 2008 г. фонд «Расейскі сьвет» адчыніў 15 расейскіх асяродкаў пры вучэльнях у 10 краінах сьвету: Азэрбайджан (Баку), Армэнія (Ерэван), Бэльгія (Монс), ЗША (Нью-Ёрк), Казахстан (Аскемен, Астана), Кыргыстан (Бішкек, Кант, Ош), Расея (Расейскі ўнівэрсытэт сяброўства народаў), Таджыкістан (3 у Душанбэ), Эстонія (Талін) і Японія (Хакадатэ). Адначасна фонд заключыў дамовы на адкрыцьцё яшчэ 67 расейскіх асяродкаў: 38 (57%) у краінах Садружнасьці незалежных дзяржаваў, 24 у іншых краінах Эўропы, 11 у іншых краінах Азіі, 3 у Амэрыцы і 1 у Афрыцы[5]. Да канца 2015 году фонд «Расейскі сьвет» адчыніў 106 асяродкаў у 46 краінах: 6 у Расеі, 29 у краінах СНД, 46 (43%) у іншых краінах Эўропы, 21 у іншых краінах Азіі і 4 у Амэрыцы. Сярэдняя наведвальнасьць мерапрыемстваў (сэмінараў і нарадаў) на асяродак склала каля 3000 чалавек за год[6].
Беларусь
рэдагаваць3 сьнежня 2014 г. 1-ы расейскі асяродак у Беларусі адчынілі ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце пры ўдзеле катэдры тэорыі і гісторыі расейскай літаратуры філялягічнага факультэта. На 2017 год фонд «Расейскі сьвет» таксама зьмяшчаў у сваім адмысловым каталёгу ўстановаў-пашыральніцаў расейскай мовы:
- 5 радыёстанцыяў — «А Плюс», «Альфа Радыё» (расейская), «Беларусь» (Белтэлерадыёкампанія), «Бі-Эй» (беларуска-амэрыканская) і «Юністар» (БДУ);
- 6 вучэльняў — Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі (катэдра моваў), Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (радыё), Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова, Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, адукацыйны цэнтар «Лідэр» (школа расейскай мовы для іншаземцаў);
- 16 грамадзкіх аб’яднаньняў — Беларускае аб’яднаньне выкладнікаў расейскай мовы як замежнай, «Беларускае казацтва», Беларускі літаратурны зьвяз «Полацкая галіна», «Войскі казачай гвардыі» (прадстаўніцтва), «Гаро» (прадстаўніцтва), Грамада чувашоў «Атал», «Патомкі казакоў Расеі», «Расейскае таварыства» (абласныя цэнтры і Маладэчна), «Расейская грамада» (Віцебск), «Расейскі дваранскі сход», Расейскі культурны цэнтар «Русь» (Віцебск), «Русь маладая», Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне, Таварыства імя Кірылы Тураўскага (Гомель), Таварыства расейскай культуры «Русь» і «Ўсебеларускае аб’яднанае казацтва»;
- 4 дзяржаўныя ўстановы Расеі — Амбасада ў Менску, Генэральнае консульства ў Берасьці, Каардынацыйны савет Беларускага саюзу грамадзкіх аб’яднаньняў расейскіх суайчыньнікаў пры Амбасадзе і Расейскі цэнтар навукі і культуры «Рассупрацоўніцтва»;
- татара-башкірскі фонд «Чышма» (прадстаўніцтва)[7].
Крытыка
рэдагаваць29 студзеня 2015 году ў менскім Палацы Незалежнасьці прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ Беларусі і замежжа[8]. У адказ на пытаньне намесьніцы гал.рэдактара газэты «Камсамольская праўда ў Беларусі» Ульяны Бабаед пра «асьцярогу перад расейскімі настроямі, вось гэтым расейскім „крыманашызмам“ на тэрыторыі Беларусі» А.Лукашэнка заявіў: «Асобныя ці тое, якія прыехалі, ці тое, якія доўга жывуць тут, каторыя лічаць, што беларуская зямля — гэта частка, як яны кажуць зараз, расейскага сьвету і ледзь не Расеі, — забудзьце. Беларусь — гэта сувэрэнная і незалежная дзяржава. … Мы заўсёды былі гасьціннымі да ўсялякага чалавека. Але прымусім усялякага паважаць наш сувэрэнітэт і незалежнасьць, хто падумвае пра тое, што няма такой краіны — Беларусь, не было і гэтак далей. Не было — а цяпер ёсьць. І з гэтым трэба лічыцца. І мы сваю зямлю нікому не аддамо. Гэта мая задача. Якая б яна ні была цяжкая, я яе вырашу. Я выканаю сваю місію, чаго б мне гэта ні каштавала. І за маёй сьпінай стаяць сотні, тысячы такіх людзей узброеных»[9].
28 сакавіка 2016 году ў Краматорску (Данецкая вобласьць) прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступіў на цэнтральнай плошчы з заявай пра страты з 2014 году ў выніку расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну: «Амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх герояў аддалі сваё жыцьцё для таго, каб вызваліць Данбас, абараніць яго ад так званага „расейскага сьвету“, амаль 6,5 тысячаў украінскіх цывільных было забіта ў гэтай вайне ў выніку экспэрымэнту, які „расейскі свет“ жадаў правесьці над Украінай. Але Ўкраіна аб’ядналася і прадэманстравала сваю сілу»[10].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Юры Грамыка. Зьбіраньне расейскага сьвету (рас.) = Собирание русского мира // Расейскі аналітычны агляд : часопіс. — 1998. — № 8-9.
- ^ У комплексе «Дом Дзяржавіна» прайшла сустрэча Ўладзімер Пуціна з прадстаўнікамі расейскай інтэлігенцыі (рас.) // Прэзыдэнт Расеі, 29 лістапада 2006 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- ^ Аляксандар Баброў. Год расейскай мовы (рас.) = Год русского языка // Расейскі дом : часопіс. — Люты 2007. — № 2. — С. 50. — ISSN 1990-9802.
- ^ Уладзімер Пуцін. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 21 чэрвеня 2007 г. № 796 «Аб стварэньні фонду „Расейскі сьвет“» (рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі Расеі, 28 сьнежня 2015 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- ^ Справаздача аб асноўных накірунках дзейнасьці за 2008 год (рас.) // Фонд «Расейскі сьвет», 2009 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- ^ Справаздача аб дзейнасьці фонда «Расейскі сьвет» у 2015 годзе (рас.) // Фонд «Расейскі сьвет», 2016 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- ^ Сьпіс арганізацыяў каталёга «Увесь расейскі сьвет» у Беларусі (рас.) // Фонд «Расейскі сьвет», 2017 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- ^ БелТА. Адкрыты дыялёг прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі // Газэта «Петрыкаўскія навіны», 30 студзеня 2015 г. Архіўная копія ад 30 студзеня 2015 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- ^ Лукашэнка не дапускае думак аб магчымасьці вайны паміж Беларусьсю і Расеяй // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 студзеня 2015 г. Архіўная копія ад 29 студзеня 2015 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- ^ Парашэнка: Амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх герояў аддалі сваё жыцьцё, каб вызваліць Данбас ад «расейскага сьвету» (укр.) // 5 канал, 28 сакавіка 2016 г. Архіўная копія ад 28 сакавіка 2016 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Расейскі сьвет // Партал «Народная перамога», 13 красавіка 2017 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- Расейскі сьвет // Тэлеканал «Белсат», 16 сакавіка 2017 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- Рускі сьвет // Эўрарадыё, 20 красавіка 2017 г. Архіўная копія ад 20 красавіка 2017 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- Расейскі сьвет // Часопіс «Ідэя», 16 сакавіка 2017 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- Фонд «Рускі сьвет» // Газэта «Зьвязда», 15 верасьня 2016 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
- Фонд «Расейскі сьвет» (рас.)
- Часопіс «Расейскі сьвет» (рас.)
- Расейскі сьвет (рас.) // Бібліятэка «Расейскі архіпэляг», 2012 г. Праверана 2 траўня 2017 г.