Сыманас Даўкантас
Сы́манас Да́ўкантас (лет. Simonas Daukantas, польск. Szymon Dowkont; 17 (28) кастрычніка 1793, Кальві, цяпер Шкудзкі раён, Летува — 24 лістапада (6 сьнежня) 1864, Папіляны, цяпер Акмянскі раён) — летувіскі гісторык, асьветнік, адзін зь першых ідэолягаў летувіскага нацыянальнага адраджэньня, аўтар першых працаў з гісторыі Летувы на летувіскай мове.
Сыманас Даўкантас | |
![]() | |
Род дзейнасьці | гісторык |
---|---|
Дата нараджэньня | 28 кастрычніка 1793 |
Месца нараджэньня | Кальві, цяпер Шкудзкі раён, Летува |
Дата сьмерці | 6 сьнежня 1864 (71 год) |
Месца сьмерці | Папіляны, цяпер Акмянскі раён |
Месца вучобы | |
Занятак | гісторык, аўтар, пісьменьнік, лексыкограф |
БіяграфіяРэдагаваць
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Навучаўся ў школах Крэтынгі й Жамойцкай Кальварыі (цяпер Вардува), у віленскай гімназіі. Паступіў ў 1816 годзе ў Віленскі ўнівэрсытэт, спачатку вучыўся на аддзяленьні літаратуры й вольных мастацтваў, затым (з 1818 году) на аддзяленьні маральных і палітычных навук вывучаў гісторыю й антычную літаратуру. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт са ступеньню кандыдата ў 1819 годзе. У 1822 годзе абараніў дысэртацыю на ступень магістра, але праз працэс філяматаў—філярэтаў дыплём магістра права атрымаў толькі ў 1825 годзе.
Служыў у Рызе ў канцылярыі генэрал-губэрнатара (1825—1834), потым у Санкт-Пецярбургу памагатым мэтрыканта Літоўскай мэтрыкі ў канцылярыі Сэнату (1835—1851).
У 1850 годзе вярнуўся ў Летуву. У 1851 годзе выйшаў на пэнсію. Жыў у Вярнях у біскупа Мацея Валанчэўскага, потым у мэцэнатаў — у лекара Пятра Смуглевіча ў маёнтку Ной-Бэргфрыд на паўдарогі паміж Баўскай і Елгавай (цяпер Яўнсьвірлаўка ў Латвіі)[1], а апошнія гады правёў у мястэчку Папілянах (сучасная Летува).
Навуковая дзейнасьцьРэдагаваць
На працягу ўсёй сваёй дзейнасьці Сыманас Даўкантас пісаў наступныя творы: «Дзеяньні старадаўніх летувісаў і жамойтаў»(«Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), «Звычаі старадаўніх летувісаў — горнікаў і жамойтаў» («Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių»). Пры ягоным жыцьці быў надрукаваны толькі адзіны твор: "Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių" («Звычаі старадаўніх летувісаў, горнікаў і жамойтаў») (1845), дзе напісана пра асаблівасьці жыцьця летувіскага народу ў Сярэднявеччы[2].
Паводле ягоная меркаваньня, летувісы да канца ХV ст. былі паганцамі, заставаліся апошнім паганскім народам Эўропы. Праз моцную палянізацыю мясцовыя звычаі й традыцыі зьнікалі, культура й мова знаходзіліся пад моцным уплывам Польшчы[2]. У 1845 годзе прапанаваў новаўтворанае слова «віціс» (výtis) (з малой літары й з націскам на першым складзе) дзеля азначэньня вершніка-рыцара на гербе «Пагоня»[3].
Складальнік зборнікаў летувіскага фальклёру (1846, 1932), слоўнікаў летувіскай мовы. Аўтар падручнікаў, кніг па сельскай гаспадарцы.
«Аўкштайты»Рэдагаваць
- Асноўны артыкул: Аўкштота
Калі выдадзеная ў 1822 годзе праца Сыманаса Даўкантаса мела назву «Дзеяньні старажытных летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), то ўжо ў 1845 годзе (па публікацыях Ёганэса Фогта і Тэадора Нарбута, дзе тыя фактычна вярнулі зь нябыту назву «Аўкштота») ён выдаў сваё дасьледаваньне пад назвай «Звычаі старажытных летувісаў — горнікаў і жамойтаў» (жамойцкае «Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū», сучаснае летувіскае «Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių»). Такім парадкам Даўкантас пераклаў старажытны нямецка-лацінскі тэрмін уласным летувіскім наватворам «горнікі» (ад лет. kalnas 'гара'), чым засьведчыў няведаньне тэрміну «аўкштоты» («аўкштайты»).
ПрацыРэдагаваць
- Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių (1822)
- Istorija žemaitiška (1838)
- Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių (Звычаі старажытных летувісаў, горнікаў і жамойтаў) (1845)
- Pasakojimas apie veikalus lietuvių tautos senovėje (1850)
ПамяцьРэдагаваць
Партрэт Сыманаса Даўкантаса зьмешчаны на банкноце 100 літаў.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Egidijus Aleksandravičius. XIX amžiaus profiliai. Vilnius: Lietuvos rašytojų sąjungos leidykla, 1993. ISBN 9986-413-09-5. P. 167(лет.)
- ^ а б А. Ханников. История Великого Княжества Литовского. 2011. С. 22.
- ^ 97. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
ЛітаратураРэдагаваць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1998. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0106-0 С. 67.
- Lietuvių rašytojai. Biobibliografinis žodynas. I: A — J. Vilnius: Vaga, 1979. P. 392—409.
- Merkys V. Simonas Daukantas. Vilnius: Vyturys, 1991.
- Žukas S. Simonas Daukantas. Kaunas: Šviesa, 1988.
- История литовской литературы. Вильнюс: Vaga, 1977. С. 76—78.