Дубінкі
Дубі́нкі (лет. Dubingiai) — мястэчка ў Летуве, на беразе возера Асьвеі. Цэнтар староства Маляцкага раёну Ўцянскага павету. Насельніцтва на 2011 год — 208 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на поўдзень ад Малятаў, за 50 км на паўночны ўсход ад Вільні.
Дубінкі лац. Dubinki | |||||
лет. Dubingiai | |||||
Замчышча | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1334 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Уцянскі | ||||
Раён: | Маляцкі | ||||
Вышыня: | 183 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 260 чал. (2003) | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°3′28.77″ пн. ш. 25°27′0.00″ у. д. / 55.0579917° пн. ш. 25.45° у. д.Каардынаты: 55°3′28.77″ пн. ш. 25°27′0.00″ у. д. / 55.0579917° пн. ш. 25.45° у. д. | ||||
Дубінкі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дубінкі — мястэчка гістарычнай Віленшчыны, колішняя рэзыдэнцыя князёў Радзівілаў, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся падмуркі кальвінскага збора на Замчышчы.
Назва
рэдагавацьГісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што Дубінкі ёсьць характэрнай славянскай назвай[1].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Дубинки (1553 год)[2].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Дубінкі датуецца 1334 годам[3]. У 1373 годзе яны пацярпелі ад нападу крыжакоў. Паводле Хронікі Лівоніі Германа Вартбэрга, у 1375 годзе лівонскі магістар Вільгельм з Урымэрсгайму ўчыніў напад на некалькі паселішчаў ВКЛ, у тым ліку Дубінкі[4]. У пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт збудаваў каля вёскі драўляны[5] замак, у якім заснаваў касьцёл Сьвятога Духа. У канцы XV ст. вакол замка ўтварылася мястэчка.
Да пачатку XVI ст. Дубінкі разам з Майшаголай кіраваліся каралеўскімі намесьнікамі, пазьней перайшлі ў валоданьне Радзівілаў, а Юры Радзівіл пачаў тут узводзіць мураваны замак. Па ягонай сьмерці ў 1541 годзе мястэчка перайшло да ягонага сына Мікалая Радзівіла «Рудога», які ў 1564 годзе стаў кальвіністам і перарабіў касьцёл пад кальвінскі збор. Апошні стаў месцам пахаваньня біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў[6].
У 2-й палове XVI — XVII стагодзьдзях цэнтар Дубінкаўскага княства. У 1547—1548 гадох тут жыла Барбара Радзівіл. У XVII стагодзьдзі Дубінкі складаліся зь дзьвюх частак на розных берагах возера — Ціванішак і Лаўрыканцаў[6]. На 1651 год у мястэчку было 67 дымоў, аднак у 1661 годзе ў выніку ваенных спусташэньняў іхная колькасьць скарацілася да 12[6].
У 1682 годзе ў Дубінках адбыўся сынод Кальвінісцкай царквы Вялікага Княства Літоўскага. У 1777 годзе ў мястэчку адкрылася парафіяльная школа.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Дубінкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце Віленскай губэрні. У 1808 годзе Дубінкі перайшлі ў валоданьне Тышкевічаў. На 1866 год у мястэчку было 26 будынкаў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Дубінкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі
Найноўшы час
рэдагавацьПа польска-летувіскіх баях і падпісаньні пагадненьня паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Летувой у 1919 годзе Дубінкі ўвайшлі ў склад Летувы. У міжваенны час яны былі летняй рэзыдэнцый прэзыдэнта Антанаса Сьмятоны.
23 чэрвеня 1944 году мясцовы аддзел Арміі Краёвай ўчыніў гвалт над больш чым 20 жыхарамі-летувісамі[7][8] ў адказ за ранейшыя адпаведныя дзеяньні да польскіх жыхароў Гліцішкаў летувіскімі калябарантамі[7][8].
У 2004 годзе на Замкавай гары ў Дубінках праводзіліся археалягічныя раскопкі, у час якіх у крыпце пад алтаром былога касьцёлу Сьвятога Духа (пазьней кальвінскага збору) выявілі парэшткі Радзівілаў. У 1650-я гады Багуслаў Радзівіл пахаваў тут сваіх продкаў. У выніку аналізу ДНК летувіскія і польскія навукоўцы здолелі ідэнтыфікаваць косьці Мікалая Радзівіла «Чорнага», яго жонку Альжбету[9] і Мікалая Радзівіла «Рудага». 5 верасьня 2009 году парэшткі стрыечных братоў ўрачыста перапахавалі ў адрэстаўраваных руінах кальвінскага збору[10].
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVII стагодзьдзе: 1651 год — каля 450 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 363 чал., зь іх 241 каталік, 20 праваслаўных і 102 юдэі[11]; 1897 год — 363 чал.
- XX стагодзьдзе: 1923 год — 265 чал.; 1959 год — 102 чал.; 1970 год — 130 чал.; 1989 год — 253 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 229 чал.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Замчышча, падмуркі збора (XVII ст.)
- Могілкі каталіцкія, званіца касьцёла (1672)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Касьцёл Сьвятога Юрыя (1672)
Галерэя
рэдагаваць-
Мост да Замчышча
-
Падмуркі збора
-
Званіца
-
Перапахаваньне Радзівілаў
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 37.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 166.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 205
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 34.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 205
- ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 206
- ^ а б Piotrowski T. «Poland's Holocaust». — McFarland & Company, 1997. — С. 168—169. — ISBN 0-7864-0371-3
- ^ а б Litewska prokuratura przesłuchuje weteranów AK (пол.). Gazeta Wyborcza (14 лютага 2001). Праверана 7 чэрвеня 2010 г.
- ^ Ніна Шчарбачэвіч. Супольная гісторыя ў Вялікім Княстве // Ігуменскі тракт. — 27 траўня 2014. — № 18 (76).
- ^ Szymaniak M., Mickiewicz R. (7 верасьня 2009) Litwa żegna Radziwiłłów (пол.). газэта Rzeczpospolita. Праверана 3 кастрычніка 2010 г.
- ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 191.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Gajewski M. Dubinki: w krainie niebieskich jezior // Magazyn Wileński. Nr. 2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881., 2003.