Клайпеда
Кла́йпеда (лет. Klaipėda, ням. Memel, мянушка: Uostamiestis — «партовае места») — трэцяе паводле велічыні места Летувы пасьля Вільні і Коўна, на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора пры Курскай затоцы. Адміністрацыйны цэнтар Клайпедзкага павету і Клайпедзкага мескага раёну. Найбуйнейшы порт Летувы, які не замярзае, і адзін з найбуйнейшых партоў у Балтыйскім моры.
Клайпеда лац. Kłajpieda | |||||
лет. Klaipėda | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1252 | ||||
Места з: | 1254 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Клайпедзкі | ||||
Раён: | Клайпедзкі мясцовы | ||||
Мэр: | Arvydas Vaitkus[d] | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 21 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: |
| ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | 846 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-91001 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°42′45″ пн. ш. 21°8′6″ у. д. / 55.7125° пн. ш. 21.135° у. д.Каардынаты: 55°42′45″ пн. ш. 21°8′6″ у. д. / 55.7125° пн. ш. 21.135° у. д. | ||||
Клайпеда | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://www.klaipeda.lt/ |
Клайпеда (Мэмэль) і прылеглыя да яе землі маюць асобную ад Летувы гісторыю. Да 1525 году Мэмэль належаў рыцарам Тэўтонскага ордэна, да 1923 году — Нямецкай імпэрыі, што адбілася на архітэктурным абліччы места. У сілу сваёй гісторыі, этнічнае і моўнае аблічча Клайпеды традыцыйна носіць шматнацыянальны характар. Апроч летувісаў, тут жыве значная колькасьць расейцаў. Насельніцтва Клайпеды скарацілася ў значнай ступені празь перамяшчэньне часткі жыхароў у прадмесьці: у 1992 годзе ў месьце жыло 207 100 чалавек, у 2014 годзе — 157 350 чалавек, але апошнім часам насельніцтва зноў расьце. Каля Клайпеды знаходзяцца папулярныя курорты, як то Ніда на поўдзень ад места й Паланга на поўначы.
Назва
рэдагавацьНазва Клайпеда ўпершыню ўпамінаецца ў 1413 годзе ў форме Caloypede: лац. «Item castrum Memel est intra prefatos limites terre Samaytharum que sic alio antiquo vocabulo Caloypede nuncupatur Item procurator protestator quod»[2]. У тэксьце Мельнскага міру 1422 году пры апісаньні межаў Прусіі адзначалася, што «…замак Мэмэль па-жамойцку завецца Клайпеда» (лац. «...castrum Memel in Samogitico Glaupeda appelatum»), тое ж паўтаралася ў тэксьце дамовы 1436 году (лац. «...castrum Memel in Samogitico Clupeda appellatum»)[3]. Аднак дагэтуль няма агульнапрынятага тлумачэньня назвы места з балтыйскіх моваў.
Паводле вэрсіі Людвіка Юцэвіча, агучанай у 1864 годзе, тапонім Клайпеда ўтварыўся ад «пруска-летувіскіх» словаў «клайсьці» («клайці») 'гразнуць, тануць' і pėda 'нага, ступня'[4]. У 1870 годзе Канстантын Грэвінгк(ru) зьвязаў назву места з klaips або klepas 'хлеб'[5], пазьней летувіскі мовазнаўца Казімерас Буга вытлумачыў яе з куршаўскіх словаў klaips 'бохан' і êdu 'есьці'[6]. Тым часам, на думку летувіскага гісторыка Ёнаса Таторыса, назва места ўтварылася ад латыскіх словаў klais (klait) 'роўны, пляскаты' і peda 'зямля, край, глеба' або ад латыскай назвы вандроўнай дзюны[7]. У «Энцыкляпэдыі Малой Летувы» (2003 год), апроч памянёнай вэрсіі Казімераса Бугі, выкладаецца яшчэ чатыры: што ў аснове тапоніму — адно слова, якім можа быць латыскае klaips 'бохан' або летувіскае «клайп» 'крывы', што ў аснове тапоніму — два латыскія словы «клая» 'роўны' і peda 'зямля' (сам аўтар энцыкляпэдычнага артыкула Вілюс Пецерайціс лічыць гэтую вэрсію неверагоднай, раней клайпедзкі гісторык Ёганэс Зебрыцкі крытыкаваў блізкую вэрсію — ад латыскага «клайс» 'нізкая, роўная' і «педа» або «падас» 'фундамэнт, аснова, найніжэйшы пункт чагосьці' на той падставе, што ўся мясцовасьць вакол Клайпеды роўная і нізкая, таму падобная назва ня мела б ніякага сэнсу, апроч таго, зычная «с» не магла зьнікнуць з назвы), апошняя пададзеная ў энцыкляпэдыі вэрсія зьвязвае назву Клайпеды з магчымай мянушкай мясцовых жыхароў Клайпеджус (Клайпедайціс), утворанай ад летувіскіх pėda 'ступня' і «клайпа» 'крывіцца'[8]. Клайпедзкі гісторык Васіліюс Сафронавас (2020 год) выводзіць назву места ад летувіскага «клайпа» («клайпус») 'дрыгва' або ад латыскага klajš 'адкрыты, пусты, парожні'[9].
Тым часам у эстонскай мове (фінска-вугорская сям’я моваў) ёсьць слова kalapüüdja — 'рыбак' (ад kala 'рыба' і püüdja 'лавіць', даслоўна рыбалоў), тым часам Мэмэльскае комтурства было асноўным пастаўніком рыбы ў землі Тэўтонскага ордэну[10].
Гісторыя
рэдагавацьПершыя паселішчы куршаў на тэрыторыі сучаснага гораду вядомыя зь першых стагодзьдзяў н. э.
У 1240 годзе папа рымскі прапанаваў каралю Нарвэгіі Гокану IV магчымасьць захапіць Самбію. Тым ня менш, пасьля асабістага прыняцьця хрысьціянства вялікага князя Міндоўга, тэўтонскія рыцары і група крыжакоў зь Любэка рушылі на Самбію, заснаваўшы форт ў 1252 годзе, які вядомы як Мэмэльскі замак. Будаўніцтва форту было скончана ў 1253 годзе. У Мэмэлі быў заснаваны гарнізон з войска Тэўтонскага ордэну, які ачоліў дойч майстар Эбэргард фон Зэйнэ. Дакумэнты з нагоды заснаваньня гарнізону былі падпісаны Эбэргардам і біскупам Генрыхам фон Люцэльбургам 29 ліпеня і 1 жніўня 1252 году.
Майстар Конрад фон Тырбэрг выкарыстоўваў крэпасьць у якасьці базы для далейшых паходаў уздоўж ракі Нёман супраць жамойтаў. Мэмэль быў беспасьпяхова абложаны самбійцамі ў 1255 годзе. Да новага паселішча пачалі прыбываць мігранты зь нямецкіх местаў, як то Гальштайну, Любэку і Дортмунду. Неўзабаве ў гэты час, Мэмэль атрымаў сваю мянушку «Новы Дортмунд». Горад стаў галоўным местам Курляндзкай эпархіі. У горадзе былі пабудаваны адзін катэдральны сабор і, па меншай меры, два парафіяльных касьцёла, але разьвіцьцё замку сталася дамінуючым прыярытэтам. Паводле розных крыніцаў, Мэмэль атрымаў Любэскае права ў 1254 або 1258 годзе[11].
Увесну і ўлетку 1323 году, літоўскае войска на чале з Гедымінам перайшла Нёман і аблажылі замак Мэмэль і ўзяў яго празь некаторы час, прымусіўшы ордэн запрасіць перамір’е ў кастрычніку. Мельнскі мір ў 1422 годзе зафіксаваў мяжу паміж Тэўтонскім ордэнам і Вялікім княствам Літоўскім на наступныя 501 год. Абноўлены горад атрымаў кульмскае права ў 1475 годзе.
Насуперак волі свайго губэрнатара і камандзіра, Эрыка Браўншвайг-Вольфэнбютэля, Мэмэль прыняў лютэранства пасьля пераўтварэньня дзяржавы ордэну ў Прускае княства ў складзе Каралеўства Польскага, якое зьдзейсьніў Альбэрт Гогэнцолерн у 1525 годзе. Гэта было пачаткам працяглага пэрыяду росквіту гораду і порту. Праз горад на экспарт ішла пшаніца з тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Прускае княства было ўспадкавана Ёганам Жыгімонтам Гогэнцолернам, курфюрстам Брандэнбургу ў 1618 годзе. Такім чынам, Брандэнбург—Прусія павялічыла свой актыўны ўдзел у рэгіянальнай палітыцы, што значна паўплывала на разьвіцьцё гораду. У 1629—1635 гадох горад быў акупаваны Швэцыяй на працягу некалькіх пэрыядаў падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1625—1629 гадох і трыццацігадовай вайны.
Пасьля падпісаньня Кёнігсбэрскай дамовы 1656 году курфюрст Фрыдрых Вільгэльм адкрыў порт Мэмэлю для Швэцыі. У 1660 годзе была пацьверджана пруская незалежнасьць ад Польшчы і Швэцыі паводле Аліўскай дамовы. Пабудова абарончай сыстэмы вакол усяго гораду, ініцыяваная ў 1627 годзе, прыкметна зьмяніла статус і пэрспэктывы гораду. У лістападзе 1678 году невялікае швэдзкае войска ўварвалася на прускую тэрыторыю, але ня здолела захапіць крэпасьць Мэмэлю.
З 1701 году горад у Прускім каралеўстве. З 1757 да 1762 году горад быў захоплены Расейскай імпэрыяй, а з 1871 году трапіў у склад Нямецкай імпэрыі. Пасьля Першай сусьветнай вайны з 1920 году горад быў перададзены пад кіраўніцтва Антанты і тут разьмясьціўся францускі гарнізон.
Урад Летувіскай Рэспублікі жадаў далучыць горад, але не было ні гістарычных, ні этнаграфічных падставаў для абгрунтаваньня такіх дзеяньняў. Каб атрымаць хоць якія падставы для прад’яўленьня правоў на горад, летувісы нанялі францускіх жаўнераў, якія пераапрануўшыся ў цывільнае адзеньне, зь лёзунгамі на летувіскай мове паднялі паўстаньне, якое выглядала як «жаданьне старажытнага летувіскага гораду» далучыцца да Летувы.
У 1924 годзе горад апынуўся ў Летуве, але 22 сакавіка 1939 году Нямеччына прад’явіла ўльтыматум з патрабаваньнем вяртаньня Клайпеды, які Летува прыняла. 28 студзеня 1945 году Клайпеда была акупаваная савецкімі войскамі і далучана да Летувіскай ССР. У горадзе разьмешчаны Клайпедзкі ўнівэрсытэт.
Эканоміка
рэдагавацьКлайпеда зьяўляецца найважнейшым эканамічны цэнтрам заходняй часткі Летувы і найбуйнейшым портам на летувіскім узьбярэжжы Балтыйскага мора. Разьвітыя галіны прамысловасьці — хімічная, харчовая, дрэваапрацоўчая і мэблевая, упаковачная. Шырока разьвітыя суднабудаваньне і суднарамонт. Важнае месца ў эканоміцы гораду займае сфэра паслуг, у якую ўваходзяць партовыя, лягістычныя, турыстычныя і многія іншыя паслугі. У горадзе налічваецца каля 2,5 тысячы прадпрыемстваў.
Асноўныя замежныя інвэстары паходзяць з Даніі, Швайцарыі, Нямеччыны, Нарвэгіі, ЗША, Індыі, Украіны і Канады. У 2002 годзе на ўскраіне гораду, паблізу порта, была арганізавана свабодная эканамічная зона (СЭЗ) плошчай у 412 га. У рамках СЭЗ працавала, на канец 2010 году, 17 прадпрыемстваў, зь іх 40% былі замежнымі, а інвэстыцыі ў СЭЗ перавысілі 400 млн эўра. Наладжана вытворчасьць электронных прыладаў, плястыкавага посуду, архітэктурнага шкла, мэталічных канструкцыяў, харчовай упакоўкі, біядызэльнага паліва. Таксама працуюць рыбаапрацоўчыя і мэталаапрацоўчыя прадпрыемствы[12]. Да буйных прадпрыемствай харчовай прамысловасьці адносіцца броварны завод «Швытурыс», які дзейнічае з 1784 году. У цяперашні час ён належыць канцэрну «Carlsberg».
У Клайпедзе разьмешчаны нафтавы тэрмінал «Klaipedos Nafta». У 2014 годзе быў адкрыты Клайпедзкі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, пабудаваны Летувой самастойна ўсяго за 3 гады. Гэта першы тэрмінал ЗПГ у краінах Балтыі, які забясьпечыць Летуве энэргетычную незалежнасьць[13].
Транспарт
рэдагавацьАўтамагістралі
рэдагавацьКлапеда мае добра разьвітую сетку аўтадарог, якая зьвязвае горад з найбуйнейшымі гарадамі і прыморскімі курортамі Летувы. У Клайпедзе бяруць пачатак эўрапейскія магістралі E85 і E272.
Аўтамагістраль A1, якая праходзіць з паўднёвага ўсходу на паўночны захад Летувы, зьвязвае Клайпеду з найбуйнейшымі гарадамі краіны — Коўна і сталіцай Вільняй. Летувіская магістральная дарога A13 зьвязвае Клайпеду з курортам Палангай, міжнародным аэрапортам ў Паланзе і вядзе ў латвійскі партовы горад Ліепая. Дарога, па якой праходзіць адміністрацыйная мяжа гораду, служыць усходняй аб’язной дарогай Клайпеды, частка яе мае павялічаны хуткасны рэжым.
Аўтобусы
рэдагавацьУ горадзе добра разьвіта аўтобусная сетка. Асноўным каардынатарам аўтобусных маршрутаў зьяўляецца грамадзкая ўстанова «Клайпедзкі пасажырскі транспарт» (лет. Klaipėdos kelevinis transportas). Установа для выкананьня сваіх функцыяў наймае перавозчыкаў, як прадпрыемства самакіраваньня «Клайпедскі аўтобусны парк», гэтак і прыватных перавозчыкаў. У аўтобусах квіткі каштуюць даражэй чым у кіёсках. Большасьць мяшчанаў карыстаюцца электронным білетам. Таксама па горадзе курсіруюць маршрутныя таксі.
Новая аўтобусная станцыя пабудавана па прынцыпе дзяржаўнага-прыватнага партнэрства і належыць прадпрыемству самакіраваньня «Клайпедзкі аўтобусны парк». Ад аўтобуснай станцыі ідуць аўтобусныя маршруты ў многія гарады Летувы, а таксама ў Рыгу і Рыскі аэрапорт. Таксама ад аўтавакзалу курсіруюць маршрутныя таксі да Палангі і Паланскага аэрапорта.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Resident population by city / town at the beginning of the year — State Data Agency of Lithuania, 2023.
- ^ Lites ac res gestae inter Polonos Ordinemque Cruciferorum. T. II. — Posnaniae, 1892. P. 140.
- ^ Современник. Т. 7, 1860. С. 13.
- ^ Материалы для географии и статистики России: Минская губерния. — СПб.: 1864. — С. 112.
- ^ Grewingk C. Ueber heidnische Gräber Russisch Litauens und einiger benachbarter Gegenden: insbesondere Lettlands und Weissrusslands. — Dorpat, 1870. S. 78.
- ^ Gimtasis žodis. Nr. 2, 1993. P. 17.
- ^ Tatoris J. Senoji Klaipėda. Urbanistinė raida ir architektūra iki 1939 metų. — Vilnius, 1994.
- ^ Mažosios Lietuvos enciklopedija. T. 2. — Vilnius, 2003.
- ^ Safronovas V. Klaipėdos miesto istorija. — Klaipėda, 2020.
- ^ Клайпеда. История этимологического генезиса, 1 красавіка 2022 г.
- ^ Magocsi, Paul Robert Historical Atlas of Central Europe. — Seattle: University of Washington Press, 2002. — P. 41. — ISBN 0-295-98146-6.
- ^ «About Us». Klaipeda Free Economic Zone.
- ^ «Литва стала энергетически независимым государством». Настоящее время.