Жамойцкае біскупства

Жамойцкае біскупства, Жамойцкая дыяцэзія (у XV—XVI стагодзьдзях таксама Медніцкае біскупства) — царкоўна-адміністрацыйная адзінка Рымска-Каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім з цэнтрам у Медніках (Ворнях).

Прызначалася для жамойтаў (тым часам для ліцьвінаў у ВКЛ існавала Віленскае біскупства) і ахопліва парафіі літоўскай ЖамойціЖамойцкага староства і Ўпіцкага павету Троцкага ваяводзтва[1], прэтэндавала на частку Ковенскага павету (Ваўкавішкі, зарэчная ковенская частка Кейданаў[2] ды іншыя)[3]. Населеныя жамойтамі землі таксама ўваходзілі ў склад Самбійскага біскупства Прусіі (ужо у 1435 годзе Базэльскі царкоўны сабор задаволіў просьбу біскупа самбійскага Міхала Юнге дазволіць карыстацца ў царкоўным жыцьці мовамі мясцовых насельнікаў Самбіі, у тым ліку «мовай жамойтаў»[a])[5].

Гісторыя

рэдагаваць

Утварылася 24 кастрычніка 1417 году паводле пастановы Канстанцкага сабору з ініцыятывы вялікага князя Вітаўта. Аднак стварэньне каталіцкага біскупства (разам з заснаваньнем Ягайлам і Вітаўтам шэрагу касьцёлаў у Жамойці) выклікала жорсткі супраціў жамойцкага жыхарства: у 1418 годзе жамойты ўзбунтаваліся, выгналі біскупа і ксяндзоў, разбурылі касьцёлы і дамы баяраў-каталікоў, дзеля чаго вялікі князь Вітаўт мусіў выправіць у Жамойць літоўскае войска, каб здушыць гэтае паўстаньне[6]

Ад пачатку, з усяго відаць, падпарадкоўвалася Папе Рымскаму, з 1427 году — Гнезьненскай мітраполіі. На чале стаяў біскуп жамойцкі, першы біскуп — Мацей зь Вільні.

У XV ст. налічвала 19 касьцёлаў, у пачатку XVII ст. — каля 50 касьцёлаў, у XVIII ст. — каля 200 касьцёлаў (разам зь філіяльнымі). З 1587 году існавалі тры дэканаты, з 1636 году — 6 дэканатаў[7].

 
Надрукаваны ў Вільні ў 1690 годзе пераклад булы Папы на летувіскую мову, якая ў дакумэнце называецца «жамойцкай мовай» (лац. Lingua Samogitica). Прызначаўся да чытаньня ў парафіях Жамойцкага біскупства, якое ахоплівала ня толькі Жамойцкае староства, але і Ўпіцкі павет, жыхароў якога за Расейскай імпэрыяй назвалі «аўкштайтамі» — «уласнымі літоўцамі»

У пасланьні да кардыналаў Рымскай курыі з нагоды прызначэньня ў 1417 годзе першага каталіцкага біскупа для Жамойці Мацея львоўскі арцыбіскуп Ян і віленскі біскуп Пётар пісалі: «Дастойнага пана Мацея, магістра вольных навук, пробашча Віленскага, Ліцьвіна, які поўнасьцю валодае жамойцкай гаворкай <…> мы высьвяцілі на катэдру»[b]. Тое, што першы жамойцкі біскуп досыць добра ведаў «жамойцкую гаворку»[c], паўтаралася яшчэ ў адным пасланьні гэтых жа герархаў[10]. Само ж новае біскупства стваралася для «народу Жамойтаў», што неаднаразова падкрэсьлівалася ў афіцыйных дакумэнтах (лац. gens Samagitarum у 1409 годзе[11], лац. gens Samaytarum у 1416 годзе[12]). У просьбе вялікага князя Вітаўта да папы Марціна V аб прызначэньні новага біскупа для «жамойцкага народу» Мікалая (1423 год) зноў зазначалася, што гэтым разам ужо другі жамойцкі біскуп ведае «гаворку жамойцкага народу» (sciensque gentis Samaitice ydioma[13])[14]. Такім парадкам, жамойцкія біскупы мусілі вольна валодаць жамойцкай мовай[15]. У 11-й кнізе сваіх хронікаў Ян Длугаш зазначыў пра першага жамойцкага біскупа Мацея, што той «добра ведаў мовы літоўскую і жамойцкую»[d], чым засьведчыў існаваньне дзьвюх асобных моваў — літоўскай і жамойцкай. Апроч таго, апісваючы эпізоды хрышчэньня ліцьвінаў і жамойтаў храніст адзначыў: пры хрышчэньні ліцьвінаў польскія сьвятары ня мелі патрэбы ў перакладніках, якія спатрэбіліся ім пры хрышчэньні жамойтаў[e][18]. Яшчэ адным сьведчаньнем адрозьненьня лічыцца грамата вялікага князя Аляксандра да біскупа жамойцкага Марціна ад 1503 году, дзе зазначалася нізкая адукацыя парафіяльных ксяндзоў у Жамойці і тое, што яны былі няздольныя карыстацца ў набажэнствах «гаворкай літоўскай або гэтай жамойцкай»[f][5]. У 1507 годзе Барташ Табаравіч, брат якога біскуп віленскі Войцех Табар атрымаў аналягічную паводле зьместу грамату, аформіў фундацыю на касьцёл у Таўрогах з прызначэньнем туды сьвятароў, якія б ведалі «гутарковую жамойцкую мову» (лац. «presbyterum vernaculae samogitarum linguae»[19]) і маглі б навучаць парафіянаў слову Божаму ў «мове жамойтаў» (лац. «samogitarum lingua docere»[20])[21].

28 лютага 1506 году кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандар накіраваў у Ватыкан дакумэнт, у якім прасіў заснаваць асобную Прускую каталіцкую мітраполію, якая мелася стаць асобным царкоўным княствам на чале з арцыбіскупам. Да гэтага княства-мітраполіі прапанавалася далучыць Жамойцкае біскупства, што фактычна значыла вылучэньне тэрыторыі Жамойці з складу Вялікага Княства Літоўскага. Апроч таго, у самім дакумэнце Жамойць мела непрывабную характарыстыку: адзначалася, што празь яе тэрыторыю было небясьпечна падарожнічаць з Прусіі ў Рыгу. Як зазначае Павал Урбан, гэты праект сьведчыў пра іншароднасьць Жамойці ў складзе ВКЛ і большую этнічную блізкасьць жамойтаў з карэнным насельніцтвам Прусіі[22][23].

Пры прызначэньні ў 1575 годзе Мэльхіёра Гедройца на Медніцкую катэдру неаднаразова падкрэсьлівалася, што ён «валодае жамойцкай мовай»[g]. Пры візытацыі Жамойцкага біскуства ў 1579 годзе абмяркоўвалася выняткова жамойцкая мова (лац. lingua Samogitica) — як вусная мова мясцовага насельніцтва[h]. Складзеныя ў 1620—1752 гадох сьпісы навучэнцаў Папскай сэмінарыі ў Вільні разьмяжоўваюць літоўскую (lingua lituanica) і жамойцкую (lingua samogitica) мовы[28] — як і ліцьвінаў з жамойтамі[29]. У 1631 годзе пры прызначэньні на Медніцкую катэдру Мэльхіёра Гейша, народжанага на Жамойці, староства генэральны жамойцкі Геранім Валовіч зазначаў, што той «вольна валодае жамойцкай мовай…, якой амаль не валодаў ніводны біскуп да цяперашняга часу» (лац. «Et ita existimo, quia ipse callet linguam Samogiticam…, quam fere nullus Episcopus, praeter modernum, possedit»)[30]. У 1647 годзе чацьверты сынод Жамойцкага біскупства пастанавіў перакласьці булу папы рымскага Урбана VIII менавіта на «жамойцкую мову» (лац. «lingua Samogitica translaram»), таго ж году адпаведны тэкст зьмясьцілі ў кнізе «Synodus quarta dioecesis Samogitiae», надрукаванай у Вільні. Публікацыя жамойцкага перакладу тлумачылася ў пастанове сыноду тым, што некаторыя сьвятары і прапаведнікі перакручвалі зьмест булы «ў мясцовай мове»[31]. У 1690 годзе адпаведны тэкст папскай булы «жамойцкай мовай» зь невялікімі зьменамі зьмясьцілі ў надрукаваным у Вільні зборніку дакумэнтаў Жамойцкага біскупства[32].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Польскі гісторык Уладзіслаў Абрагам(be) нават адмыслова ўдакладняў у 1914 годзе, што «гэтая була датычылася прускай Жамойці, а не літоўскай, Самбійскага біскупства Каталіцкага касьцёла ў Прусіі, а не ў ВКЛ» (польск. «bulla ta dotyczy przecież Żmudzi pruskiej, a nie litewskiej, kościoła w Prusiech zakonnych dyecezyi sambijskiej a nie w W. X. Lit.»)[4]
  2. ^ лац. ...venerabilem dominum Mathiam Magistrum arcium prepositum wilnensem Lythwanum necnon ydiomate Samagitico plenissime eruditum...[8]
  3. ^ лац. «wenerabilem virum magistrum Mathiam prepositum Wilnensem, de vite puritate morum venustate et sciencia ceterisque virtutibus commendatum ac de ydiomate Samagitico sufficientissime institutum, ex assumptum et pro hominibus in pontificem constitutum Medinicensem ad instanciam prefatorum clarissimorum principum in virtute trinitatis vivifice»[9]
  4. ^ лац. «Miednicensis autem ecclesiae cathedralis primus Mathias nomine, Almanus, in Vilna tamen natus, qui linguam lituanicam et samogiticam norat, praefectus est et consecratus»[16]
  5. ^ Вялікі князь Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі, датаваным 26 траўнем 1323 году, запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую (у 1289—1290 гадох па паразе паўстаньня супраць Лівонскага ордэну у ВКЛ перасялілася каля 100 тысячаў зэмгалаў) і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[17]
  6. ^ Паводле Паўла Урбана, няведаньне ксяндзамі «літоўскай гаворкі» можа тлумачыцца тым фактам, што біскупства стваралася ў межах Жамойці, якія паводле мірнага пагадненьня 1398 году трапілі пад уладу Тэўтонскага ордэну. Тым часам у межах біскупства таксама маглі жыць ліцьвіны, асабліва на захад ад утокі Нявежы ўздоўж Нёману[5]
  7. ^ лац. «...linguae Samogiticae, cum qua inter indigenas majore cum commmendatione atque fractu versari possit, peritum...»[24]; лац. «...praeterea indigena huius patriae et linguam norit Samogiticam, qua tanto maiorem fructum in illa dioecesi facere possit»[25]; лац. «Accedit quod linguam illam Samogiticam bene novit»[26]
  8. ^ лац. «Interrog., an calleat linguam Samogiticam? — R.: Partim scio, quia fui in ista regione 18 annos...; Interrog., an isti parochiani soleant confiteri et communicare? — R.: Raro confitentur et non sunt in hac civitate quatuor vel quinque, qui istud faciant, — et facta replicatione dixit: Isti confitentur lingua Samogitica, — et iterum interogatus dixit: Parum servant festa et multi etiam comedant carnes tempore prohibito praesertim extra civitatem <...> Et iterum facta replicatione dixit: Ego intelligo confitentes Samogitice et etiam aliquantulum loquor, quia fui in istis regionibus 18 annos, — sed facta experientia ostendit se parum scire loqui Samogitice»[27]
  1. ^ Дзярновіч А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі // Палітычная сфера. № 18—19 (1—2), 2012. С. 30—53.
  2. ^ Касьцян К., Васілевіч Г. Спадчына ВКЛ вачыма беларускіх і летувіскіх гісторыкаў: поле для роўных магчымасьцяў? // ARCHE Пачатак. № 11—12 (86—87), 2009. С. 292—303.
  3. ^ Krahel T. Spory graniczne między diecezją żmudzką i wileńską w XVII—XVIII wieku // SOTER Journal of Religious Science (SOTER — Religijos mokslo žurnalas). Nr. 31, 2009. S. 128—130.
  4. ^ Abraham W. Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Warszawa, 1914. S. 205.
  5. ^ а б в Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 110.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 180.
  7. ^ Пазднякоў В. Жамойцкая рымска-каталіцкая епархія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 623.
  8. ^ Lites ac res gestae inter Polonos Ordinemque Cruciferorum. T. 3. — Posnaniae, 1856. P. 191.
  9. ^ Monumenta Medii Aevi Historica Res Gestas Poloniae Illustrantia. T. XII. — Cracoviae, 1891. P. 94.
  10. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 109.
  11. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 25.
  12. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 26.
  13. ^ Liber Cancellariae Stanislai Ciolek: ein Formelbuch der polnischen Königskanzlei aus der Zeit der husitischen Bewegung. — Wien, 1871. S. 106.
  14. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 26, 109.
  15. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 59.
  16. ^ Gołębiowski Ł. Dzieje Polski za Władysława Jagiełły i Władysława III-go. T. 1. — Warszawa, 1846. S. 426.
  17. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 102.
  18. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 22, 103.
  19. ^ Codex Mednicensis seu Samogitiae Dioecesis P. 1. — Roma, 1984. P. 165.
  20. ^ Codex Mednicensis seu Samogitiae Dioecesis P. 1. — Roma, 1984. P. 166.
  21. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 111.
  22. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 90—91.
  23. ^ Остапенко А. В. Етнічні фактори у процесах формування білоруського народу та нації : автореф. дис. … д-ра іст. наук : [спец.] 07.00.05 «Етнологія» / Остапенко Анатолій Володимирович ; Київський нац. ун-т ім. Тараса Шевченка. — Захищена 26.04.2021. — Київ, 2021. С. 212.
  24. ^ Ivinskis Z. Merkelis Giedraitis arba Lietuva dviejų amžių sąvartoje // Aidai. Nr. 5 (40), 1951.
  25. ^ Elementa ad Fontium Editiones. T. XXII. — Romae, 1970. P. 132.
  26. ^ Annales ecclesiastici. T. 2. — Romae, 1856. P. 105.
  27. ^ Jablonskis K. Lietuvių kultūra ir jos veikėjai. — Vilnius, 1973. P. 189.
  28. ^ Grickevičius A. Popiežiškosios seminarijos Vilniuje studentų lietuvių ir žemaičių kalbų mokėjimas 1626−1651 m. // Lituanistica. Nr. 1, 1993. P. 61.
  29. ^ Litwin H. Przynależność narodowa alumnów Seminarium Papieskiego w Wilnie 1582—1798. Przyczynek do badań nad świadomością narodową w Rzeczypospolitej w czasach nowożytnych // Między Wschodem i Zachodem. Rzeczpospolita XVI—XVIII w. Studia ofiarowane Zbigniewowi Wójcickiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. — Warszawa, 1993. S. 64.
  30. ^ Acta Nuntiaturae Polonae. T. XXIV, Vol 1. — Romae, 1992. P. 391.
  31. ^ Zinkevičius. Reikšmingas žemaitiškas rankraštinis tekstas // Žodžių formos ir jų vartosena. — Vilnius, 1974, P. 172.
  32. ^ Collectanea: Constitutionum Synodalium Dioecesis Samogitiensis. — Vilnius, 1690. P. 146.

Літаратура

рэдагаваць