Уладзімер Салдатаў
Уладзі́мер Сярге́евіч Салда́таў (нар. 1937, Смаленск, цяпер Расея) — беларускі хімік-вынаходнік.
Уладзімер Салдатаў | |
Дата нараджэньня | 19 траўня 1937 (87 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | Смаленск, Заходняя вобласьць, Расейская СФСР, Савецкі Саюз |
Месца вучобы | Хімічны факультэт БДУ (1959) |
Занятак | фізыкахімік |
Навуковая сфэра | фізычная хімія |
Месца працы | Інстытут фізыка-арганічнай хіміі НАНБ |
Вядомы як | распрацоўнік спосабу атрыманьня іянітнай глебы для карнявога жыўленьня расьлінаў |
Навуковая ступень | доктар навук (1970) |
Узнагароды |
прэміі Ленінскага камсамолу (1971) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993)
|
Распрацаваў спосаб атрыманьня штучнай іянітнай глебы для карнявога жыўленьня расьлінаў. Стварыў мікрафільтры ачысткі асяродзьдзя для вытворчасьці інтэгральных мікрасхемаў. Доктар хімічных навук (1970) і прафэсар (1972). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984) і заслужаны дзяяч навукі Беларусі (2002). Ляўрэат ордэна «Знак Пашаны» (1979), прэміяў Ленінскага камсамолу (1971) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ, 1993). 5-ы кіраўнік Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі НАНБ (1981—2004)[1].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1959 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ і працаўладкаваўся лябарантам у Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі (ІАНХ) Акадэміі навук Беларускай ССР[2]. У 1959—1962 гадох навучаўся ў асьпірантуры БДУ. У 1962-м заняў пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка ІАНХ[1]. У 1966-м заняў пасаду загадніка лябараторыі ІАНХ[2]. У 1969 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Дасьледаваньне ў галіне тэорыі іёнаабменных раўнавагаў»[1]. У 1971 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамолу[2] за цыкль працаў па тэрмадынаміцы іённага абмену[3]. У 1972-м выдаў манаграфію «Простыя іёнаабменныя раўнавагі» ў менскім выдавецтве «Навука і тэхніка». У 1977 годзе быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. У 1978 годзе выпусьціў разам з Натальляй Пёрышкінай і Рэгінай Харошкай манаграфію «Іянітныя глебы»[2]. У 1979-м быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». У 1980 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за распрацоўку спосабу атрыманьня штучнай іянітнай глебы для карнявога жыўленьня расьлінаў[3]. У 1981 годзе стаў кіраўніком Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі (ІФАХ) Акадэміі навук БССР, дзе адначасна ўзначаліў лябараторыю. У 1988-м выдаў разам з Валянцінай Аляксееўнай Бычковай манаграфію «Іёнаабменныя раўнавагі ў шматкампанэнтных сыстэмах». У 1988—1992 гадох спадарожна быў намесьнікам старшыні Акадэміі навук Беларусі. Распрацаваў тэорыю атрыманьня палімэрнай мэмбраны для ачысткі газу і вадкасьці ад бактэрыяў. Стварыў мікрафільтры тонкай ачысткі тэхнічнага асяродзьдзя для вытворчасьці інтэгральных мікрасхемаў[2].
У 1993 годзе быў узнагароджаны прэміяй Акадэміі навук Беларусі за цыкль працаў «Матэматычнае мадэляваньне іёнаабменных раўнавагаў». У 2002 годзе атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У 2004-м заняў пасаду загадніка аддзелу ІФАХ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і стаў суаўтарам кнігі «Новыя матэрыялы і тэхналёгіі ў інжынэрыі навакольля», выдадзеную па-ангельску ў Лодзі (Польшча)[3]. На 2012 год быў сябрам Эўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў (Аўстрыя) і ганаровым акадэмікам Хэнаньскай акадэміі навук (Кітай). Падрыхтаваў 2 дактароў і 32 кандыдаты хімічных навук. Быў сябрам рэдакцыйных калегіяў замежных часопісаў «Рэактыўныя і функцыянальныя палімэры», «Хімічная тэхналёгія» і «Хімія і тэхналёгія вады», а таксама часопіса «Весьці НАН Беларусі. Сэрыя хімічных навук»[1].
Навуковая дзейнасьць
рэдагавацьНапісаў звыш 630 навуковых працаў, у тым ліку 4 манаграфіі. Атрымаў 56 патэнтаў і аўтарскіх пасьведчаньняў на вынаходзтвы. Стварыў навуковыя працы ў галіне сынтэзу палімэрных сарбэнтаў і іёнаабменных экстрагентаў, а таксама пра ўзаемадзеяньне поліэлектралітаў са складанымі арганічнымі рэчывамі. Дасьледаваў іённы абмен ў шматіённай сыстэме, на аснове якога распрацаваў спосаб атрыманьня і ўзнаўленьня іянітнай глебы. Распрацаваў тэорыю раўнавагаў, якія наступаюць пры кантакце слабых сетчатых электралітаў, а таксама тэорыю атрыманьня і выкарыстаньня палімэрнай мэмбраны для ачысткі газу і вадкасьці ад бактэрыяў. Стварыў мікрафільтры для ачысткі вытворчага памяшканьня, што дазволіла атрымаць высокадакладныя мікрасхемы. Распрацаваў спосаб атрыманьня хімічна актыўных тэкстыльных матэрыялаў (іянітаў, камплексонаў і каталізатараў) для ачысткі вады і паветра ад атруты ў індывідуальных сродках аховы чалавека. Дасьледаваў узаеміны іянізаваных арганічных і неарганічных рэчываў зь іёнаабменнымі экстрагентамі, на аснове якіх на Гарадзенскім заводзе мэдычных прэпаратаў распрацавалі спосаб атрыманьня высокаачышчаных амінакісьляў[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Салдатаў Уладзімер Сяргеевіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 10 лютага 2022 г.
- ^ а б в г д Салдатаў Уладзімер Сяргеевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 106. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
- ^ а б в г Салдатаў Уладзімер Сяргеевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 10 лютага 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Салдатаў Уладзімер Сяргеевіч (рас.) // Партал «База патэнтаў Беларусі», 2022 г. Праверана 10 лютага 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра біяграфію асобы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |