Казімер Ян Сапега

Казімер Ян Павал Сапега (1637 або 1642 — 13 сакавіка 1720, Горадня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік (1659—1661) і падстолі вялікі літоўскі (1661—1663), падскарбі дворны літоўскі (1663—1670), гетман польны (1681—1683) і вялікі літоўскі (1683—1703, 1705—1708), ваявода полацкі (1670—1681) і віленскі (1682—1703 і з 1705). У 1700 годзе атрымаў ад аўстрыйскага імпэратара Леапольда I княскі тытул[1].

Казімер Ян Павал Сапега
К. Я. Сапега. Невядомы мастак, XVIII ст.
К. Я. Сапега. Невядомы мастак, XVIII ст.
Herb Sapiehów.PNG
Герб «Ліс»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1637 або 1642
Памёр 13 сакавіка 1720
Горадня
Пахаваны
Род Сапегі
Бацькі Павал Ян Сапега
Ганна Барбара з Копацяў
Жонка Крыстына Барбара з Глябовічаў
Тэрэза з Корвін-Гасеўскіх
Антаніна Сыбільля з Вальдштайн-Арнау
Дзеці ад 1-га шлюбу: Юры Станіслаў, Міхал Францішак, Аляксандар Павал, Кацярына Схалястыка
Дзейнасьць дыплямат

Валодаў Друяй, Сапежынам, Іказьню, Асьвеяй, Старым і Новым Быхавам, Лейпунамі, Ільлёй, Заслаўем, Дуброўнам, Іўем, Ружанамі, Воўчынам. Быў старостам берасьцейскім[2] (з 1665) і жамойцкім (1681—1682).

БіяграфіяРэдагаваць

З чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Паўла Яна, гетмана вялікага літоўскага і ваяводы віленскага, і Ганны Барбары з Копацяў. Меў братоў Францішка Стэфана, Бэнэдыкта Паўла і Лявона Базыля.

 
Невядомы мастак, XVII ст.

Навучаўся ўва ўнівэрсытэтах Грацу і Лёвэну. Абіраўся паслом на соймы 1664—1665 гадоў (зь Берасьцейскага павету), 2 соймы 1666 году (зь Берасьцейскага і Ваўкавыскага паветаў), канвакацыйны 1668 году і элекцыйны 1669 году (зь Віленскага павету), каранацыйны 1669 году (з Троцкага павету), 2 соймы 1670 году (з Ваўкавыскага павету). Быў маршалкам Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага ў 1686, 1689 і 1708 гадох.

Падтрымліваў караля і вялікага князя Міхала Вішнявецкага, узначаліў апазыцыю да Пацаў. Удзельнічаў у выправах супраць туркаў 1673 году (камандаваў 3 харугвамі коньніцы і 1 пяхоты, набранымі за кошт Сапегаў), 1674, 1683 (камандаваў 10-тысячным войскам, якое дзейнічала ў Славаччыне), 1689, 1691, 1694 гадоў (нанёс паразу каля Днястра)[3].

З 1684 году быў у апазыцыі да Яна Сабескага. Склікаў на 24 студзеня 1685 году генэральны соймік Вялікага Княства Літоўскага ў Слоніме, які выказаў пратэст супраць адкрыцьця сойму ў Варшаве замест чарговага ў Горадні. На ягоную прапанову паслы Вялікага Княства зьехаліся ў Горадні[1].

У 1693—1696 гадох знаходзіўся ў канфлікце зь біскупам віленскім Канстантынам Казімерам Бжастоўскім датычна пытаньня пастою літоўскага войска ў касьцельных маёнтках, які 18 красавіка 1694 году адлучыў К. Я. Сапегу ад Касьцёла.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) стаў на бок швэдаў. 18 лістапада 1700 году атрымаў паразу ў бітве пад Алькенікамі ад літоўскай шляхты, якой камандаваў Міхал Сэрвацы Вішнявецкі. У 1708 году перадаў камандаваньне свайму брату Яну Сапегу. На пераломе 1709—1710 гадоў перайшоў на бок Аўгуста Моцнага, які пакінуў яго на пасадзе ваяводы віленскага. Браў удзел у Варшаўскай вальнай радзе (1710). Па ўтварэньні 23 сакавіка 1716 году генэральнай канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага у Вільні далучыўся да яе, але не прынёс прысягі.

Тройчы браў шлюб:

  1. Крыстына Барбара з Глябовічаў (1667), зь якой меў дзяцей: Юрыя Станіслава, Міхала Францішка, Аляксандра Паўла, Кацярыну Схалястыку
  2. Тэрэза з Корвін-Гасеўскіх (1702 або 1703)
  3. Антаніна Сыбільля з Вальдштайн-Арнаў (да 1711)

Памёр 13 сакавіка 1720 году ў Горадні. Пахавалі князя ў Бярозе Картускай.

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт Я. К. Сапегі (пачатку XVIII ст.), які знаходзіцца ў Музэі-палацы ў Вілянаве (Польшча). Іншыя партрэты зьмяшчаюцца ў Коданскай галерэі Сапегаў (1709; пазыцыя 70, шэраг IX), Дзяржаўным гістарычным музэі ў Маскве (1-я чвэрць XVIII ст.), Грыпсгольме (Швэцыя) і Цельшах (Летува).

ГалерэяРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б Віцько З. Сапега Казімір Ян Павел // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2010 Т. 3. С. 393.
  2. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 2. С. 548.
  3. ^ Грыцкевіч А. Сапегі [1] // ЭГБ. — Менск: 2001 Т. 6. Кн. 1.

ЛітаратураРэдагаваць