Смаленская шляхта

найвышэйшы стан Смаленскай зямлі

Смале́нская шля́хта — найвышэйшы стан Смаленскае зямлі ў XVII—XVIII стагодзьдзях, пераважна беларускага паходжаньня.

Смаленская шляхта
 
Лягер смаленскай шляхты

Зьберагаючы традыцыі Смаленскага княства й правы й прывілеі, нададзеныя вялікімі князямі літоўскімі, смаленская шляхта пасьлядоўна бараніла іх ад Масквы пасьля канчатковага далучэньня Смаленшчыны да Расеі ў 1667. Цар урачыста абавязваўся «ўва ўсім ахоўваць і правоў і вольнасьцяў іх ані ў чым ня рушыць». Гэтым былі забясьпечаныя маёмасныя правы Смаленскае шляхты, яе станавы лад, апроч шляхецкага самакіраваньня, тэрытарыяльная вайсковая арганізацыя, свабода веравызнаньня (сярод пераважна праваслаўнае шляхты было шмат каталікоў і ўніятаў), моўныя правы й побытавыя асаблівасьці.

Смаленская шляхта мусіла несьці вайсковую службу ў конным «палку Смаленскае шляхты» (складаўся выключна з прадстаўнікоў смаленскае шляхты — ад камандзіра да шарагоўца), на чале якога стаяў палкоўнік (пасьля генэрал-маёр), якога на рэкамэндацыю шляхты зацьвярджаў цар; ён быў і афіцыйным лідэрам шляхты. Гэта вайсковая арганізацыя існавала да 1764, калі ўрад яе скасаваў і пашырыў на Смаленшчыну звычайную імпэрскую вайскова-адміністратыўную сыстэму. У XVII ст. Смаленскай шляхтай (і ўсёй Смаленшчынай) кіраваў маскоўскі «Прыказ княства Смаленскага» (падначалены Пасольскаму прыказу), а ў XVIII ст. расейскі Сэнат пры дапамозе мясцовае расейскае губэрнскае адміністрацыі (ад 1740-х). Частка Смаленскае шляхты, што яшчэ ў XVII ст. была выселеная на Ўфімшчыну, захоўвала шляхецкія правы й нават афіцыйна звалася «Смаленскім шляхецтвам Уфімскага павету». Яна мела сваіх прадстаўнікоў і ў Заканадаўчай камісіі 1767 году.

Смаленска-ўкраінскія дачыненьні

рэдагаваць
 
Бой смаленскай шляхты

Геаграфічнае суседзтва, гістарычныя стасункі й традыцыі, абмежаваны праўны статус Смаленскае шляхты, а таксама супольныя эканамічныя й часткова культурныя й палітычныя інтарэсы, з аднаго боку, і каляніяльны наступ Масквы — зь іншага, стваралі й умацовалі зносіны смаленскае шляхты з украінскай шляхтай і казацкай старшыной Гетманшчыны. Гетманы Іван Самайловіч і Даніла Апостал ды вышэйшая старшына (Міклашэўскія, Лізагубы, Гамаліі, Дунін-Баркоўскія, інш.) радніліся з найвыбітнейшымі родамі смаленскае шляхты (Корсакі, Павала-Швайкоўскія, Храпавіцкія, Энґельгарты, Рачынскія, князі Друцкія-Саколінскія, Ваяводзкія, Красна-Мілашэвічы, Пацёмкіны, Пасекі, Лыкошыны, Рыдванскія, Савіцкія). Сямейныя, эканамічныя й культурныя стасункі смаленскае шляхты й Гетманшчыны спрыялі двухбаковаму перасяленьню, продажу й абмену маёнткамі. Полк смаленскае шляхты браў удзел у Чыгірынскіх, Крымскіх і Азоўскіх паходах ды іншых падзеях і акцыях ва Ўкраіне. Гэтыя стасункі дасягнулі такіх памераў, што расейскі ўрад палічыў патрэбным «адвадзіць маларасейцаў ад сваяцтва з смаленцамі» (загад імпратрыцы Ганны Іванаўны князю А. Шахоўскаму ад 31 студзеня 1734). Асабліва расейскі ўрад непакоілі палітычныя стасункі шляхты й Гетманшчыны. Аўтанамістычны рух на Смаленшчыне, што меў падтрымку ў Рэчы Паспалітай, меў пэўны водгук і ўплыў ва Ўкраіне (справа Ф. Красна-Мілашэвіча й князя А. Чаркаскага). Нядзіва, што скасаваньне аўтаноміі смаленскае шляхты супала зь ліквідацыяй Гетманшчыны, а на чале расейскае ўрадавае камісіі быў пастаўлены колішні гетман Кірыла Разумоўскі.

Ліквідацыя аўтаноміі

рэдагаваць

Расейскі ўрад, пачынаючы ад Пятра I, паступова абмяжоўваў правы Смаленскае шляхты (што выклікала зь яе боку пэтыцыі й пратэсты), а ў 1764—1765 скасаваў вайсковую арганізацыю шляхты й ператварыў Смаленшчыну ў звычайную расейскую губэрню, а смаленскую шляхту — у расейскае дваранства. Але яшчэ ў XVIII ст. расейскі ўрад быў занепакоены «Смаленскай змовай» 1798. У змове бралі ўдзел, апроч прадстаўнікоў Смаленскае шляхты, і ўкраінскія старшыны расейскае арміі (генэрал Паўла Білуха-Каханоўскі, капітан Фёдар Лукашэвіч, брат В. Лукашэвіча, інш.).

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Енциклопедія українознавства (у 10 томах) / Головний редактор Володимир Кубійович. — Париж, Нью-Йорк: «Молоде Життя», 1954—1989.
  • История 3-го Уланского Смоленского Императора Александра III полка 1708—1908. Сост. Подполковником В. Годуновым и 3-го Уланского Смоленского Императора Александра III полка Поручиком А. Королевым. — Либава, 1908 г. Ч. 1, Ч. 2.