Клімат (па-грэцку: Κλίμα, літаральна «нахіл») — шматгадовы рэжым надвор’я, які вызначаецца геаграфічнымі ўмовамі ў тым ці іншым рэгіёне. Клімат зьяўляецца вынікам фізычных (кліматаўтваральных) працэсаў, якія адбываюцца ў атмасфэры Зямлі і падысподняй паверхні, такіх, як прыток, ператварэньне і аддача і перанос цеплавой, кінэтычнай і іншых формаў энэргіі, выпарэньне, кандэнсацыя і перанос вільгаці і г. д., і якія знаходзяцца пад уплывам геаграфічных фактараў.

Кліматычныя пасы Зямлі

Фармаваньне розных тыпаў клімату адбываецца пад уплывам шматлікіх фактараў. Усю іхную разнастайнасьць можна зьвесьці да трох групаў:

  • колькасьць сонечнай цеплыні, якая паступае на зямную паверхню (у залежнасьці ад геаграфічнай шыраты);
  • цыркуляцыя атмасфэры;
  • характар зямной паверхні (падсьцілаючая паверхня, рэльеф).

У залежнасьці ад тэмпэратурных умоваў, пераважных паветраных масаў і вятроў зямная паверхня падзяляецца на кліматычныя пасы. Кліматы могуць быць клясыфікаваны ў адпаведнасьці зь сярэднім і тыповым дыяпазонам розных зьменных парамэтраў, найбольш часта тэмпэратуры і ападкаў. Найбольш часта выкарыстоўваюцца схемы клясыфікацыі, якая была першапачаткова распрацаваная Ўладзімерам Кёпэнам. Сыстэма Торнтўэйта, якая выкарыстоўваецца з 1948 году, уключае ў сябе сумарная выпарэньне разам з тэмпэратурай, а таксама ўлічвае зьвесткі па ападкам і выкарыстоўваецца пры вывучэньні відавай разнастайнасьці жывёлаў і патэнцыйных наступстваў зьмены клімату[1]. Сыстэмы Бэржэрону і тэрытарыяльная сынаптычная клясыфікацыя засяроджваюцца на паходжаньні паветраных масаў, якія вызначаюць клімат у рэгіёне.

Вучэньне, згодна зь якім клімат разам зь іншымі прыроднымі ўмовамі гуляе вызначальную ролю ў гісторыі народаў, то бок фармуе нацыянальны характар​​, асаблівасьці грамадзкага строю і іншыя характарыстыкі, мае назоў геаграфічны дэтэрмінізм.

  1. ^ C. W. Thornthwaite (1948). An Approach Toward a Rational Classification of Climate. Geographical Review 38 (1): 55-94. doi:10.2307/210739. JSTOR 210739.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Кліматсховішча мультымэдыйных матэрыялаў