Алякса́ндар На́дсан (сапраўднае — Аляксандар Бочка; 8 жніўня 1926, Гарадзея, цяпер Беларусь — 15 красавіка 2015, Лёндан, Вялікабрытанія) — беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, перакладнік літургічных тэкстаў на беларускую мову, навуковец, царкоўны публіцыст і гісторык, выдавец, беларускі грамадзка-культурны дзеяч у Вялікабрытаніі.

Аляксандар Надсан

лац. Alaksandar Nadsan
Набажэнства ў Беларускай каталіцкай місіі (Лёндан, Ангельшчына; 2009 г.)
Імя пры нараджэньні Аляксандар Антонавіч Бочка
Род дзейнасьці Сьвятар БГКЦ, перакладнік, навуковец, публіцыст, выдавец
Дата нараджэньня 8 жніўня 1926
Месца нараджэньня мястэчка Гарадзея, Нясьвіскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польшча
Дата сьмерці 15 красавіка 2015 (88 гадоў)
Месца сьмерці Лёндан, Вялікабрытанія
Месца пахаваньня Лёнданскія могілкі Сьвятога Панкрата
Месца вучобы
Занятак апостальскі візытатар, гісторык
Сябра ў Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі
Бацька Антон Бочка
Сайт www.chasaslovec.info

Біяграфія

рэдагаваць

Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы. Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі ў Альбэртыне, менскую афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. У 1944 годзе пакінуў Беларусь, партызаніў у Францыі, дзе далучыўся да Руху супраціўленьня. Потым уступіў у войска генэрала Андэрса, служыў у 2-м Польскім корпусе, ваяваў у Паўночнай Італіі, дзе быў паранены.

З 1946 жыў у Вялікабрытаніі. У 1953 скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Стаў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі (старшыня ў 1951—1953). Рэдактар часопісаў «Беларус на чужыне» й «На шляху», браў удзел у дзейнасьці беларускага хрысьціянскага акадэмічнага таварыства Рунь і Беларускага народнага незалежнага хрысьціянскага руху. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе — Беларускай каталіцкай місіяй у Вялікай Брытаніі — ад часу яе ўтварэньня ў 1947 годзе.

Ад восені 1953 навучаўся ў папскім Грэцкім калегіюме ў Рыме. Высьвечаны на сьвятара 23 лістапада 1958. У ліпені 1959 вярнуўся ў Лёндан, дзе зноў далучыўся да дзейнасьці сярод беларускае эміграцыі. З 1966 кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі. З 1971 — дырэктар бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Ад 1981 кіраўнік Беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі, ад 1986 Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. Старшыня дабрачыннага Чарнобыльскага фонду[1], аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі.

Ганаровы доктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (Вільня).

З восені 2014 году цяжка хварэў. Памёр у выніку разьвіцьця хваробы нырак 15 красавіка 2015 году ў Лёндане[2]. Пахаваны на Лёнданскіх могілках Сьвятога Панкрата.[3]

Перакладніцкая дзейнасьць, прасоўваньне беларускай мовы

рэдагаваць

Быў шырока вядомы як беларусазнаўца і папулярызатар беларусазнаўства на Захадзе, аўтар 20-ці кнігаў, каля 200 артыкулаў, 37 перакладаў літургічных тэкстаў і шматлікіх прамоваў. Вёў актыўную перапіску з многімі славістамі і беларусістамі свайго часу.[4]

Як мінімум два дзесяцігодзьдзі ён быў адзіным чалавекам, хто штодня літургічна маліўся за Беларусь і па-беларуску.[Крыніца?]

На працягу гадоў айцец Аляксандар Надсан працаваў над перакладамі бізантыйскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову — праца, якая зазвычай робіцца вялікімі аўтарытэтнымі камісіямі і якая ўяўляецца непад’ёмнаю для аднаго чалавека. Айцец Надсан пераклаў частку велізарнага корпусу тэкстаў літургічнае традыцыі Ўсходняга Хрысьціянства, сам склаў службы некаторым беларускім сьвятым і на вялікія беларускія сьвяты ды іншыя нагоды (Служба аб памнажэньні любові, Службы да сьвятых Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага ды іншыя).[Крыніца?]

Малітоўнік «Госпаду памолімся», выдадзены ў Менску ў 2002 годзе, стаўся афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускае грэка-каталіцкае царквы.[Крыніца?]

Творчасьць[5]

рэдагаваць
  • 1968 — Сьвяты Кірыла Тураўскі. — Лёндан: Божым шляхам, — 111 с.
  • 1981 — The Francis Skaryna Byelorussian Library and Museum, 1971—1981. — London, — 24 pages.
  • 1990 — Наша вера: Кароткі катэхізм хрысьціянскай навукі для беларусаў-каталікоў. Estella (Nawarra), Царква ў Патрэбе. — 65 с.
  • 2001 — Магдалена Радзівіл і Грэка-Каталіцкая Царква. Лёндан: Божым шляхам, — 44 с.
  • 2001 — Друя і Грэка-Каталіцкая царква на Беларусі, 1924—1938. — Лёндан: Божым шляхам, — 64 с.

Пераклады

рэдагаваць
  • 1991 — Боская літургія між сьвятымі айца нашага Яна Залатавуснага. Кніга для вернікаў // Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква сьв.апосталаў Пятра і Паўла ў Лёндане: Пераклад на бел. а. Аляксандра Надсана. Лёндан: Божым шляхам, — 44 с.
  • 1992 — Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы. Пераклад на бел. а. Аляксандра Надсана. Лёндан: Божым шляхам, — 15 с.
  • 1994 — Беларускі царкоўны каляндар на 1994 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква сьв.апосталаў Пятра і Паўла ў Лёндане: Уклад. а. Аляксандар Надсан. Лёндан: Божым шляхам, — 31 с.
  • 1995 — Беларускі царкоўны каляндар (Дэканат Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы). Менск: Унія, — Укладальнік а. Аляксандар Надсан. — 31 с.
  1. ^ Марыя Міцкевіч (15-04-2020) Айцец Аляксандр Надсан і дапамога ахвярам Чарнобыля Новы час Архіўная копія
  2. ^ Беларусы згадваюць айца Аляксандра Надсана Падзеі дня. Радыё «Свабода» (16 красавіка 2015). Праверана 16 красавіка 2015 г.
  3. ^ Уладзімер Арлоў. ІМЁНЫ СВАБОДЫ. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — 4-е выд., дап. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020. — 826 с.: іл. – Ст. 671
  4. ^ Уладзіслаў Гарбацкі (15-04-2023) Сэнс выгнання паводле айца Надсана Новы час Архіўная копія
  5. ^ Бібліяграфія працаў айца Аляксандра Надсана (сьпіс ня поўны), Наша Ніва, Алег Гардзіенка

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць