Часлаў Сіповіч
Часла́ў Сіпо́віч (8 сьнежня 1914, в. Дзедзінцы, Браслаўскі павет — 4 кастрычніка 1981, Лёндан) — беларускі каталіцкі сьвятар бізантыйскага абраду, першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у XX стагозьдзі, тытулярны біскуп Марыямэтанскі, генэрал Кангрэгацыі Марыянаў, Апостальскі візытатар беларусаў-католікаў у замежжы, доктар багаслоўскіх навук (1946), адзін зь беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экумэнізму; гісторык, культуроляг, пісьменьнік, публіцыст і перакладчык. У пэрыядычным друку выступаў пад псэўданімамі Васіль Друя (В.Д-я), А. Дзедзінка (А. Дз-ка), Крывічанін і інш.
Паходжаньне і адукацыяРэдагаваць
Паходзіў з шматдзетнае сялянскае сям’і беларусаў-католікаў Вінцэнта Сіповіча й Ядзьвігі Тычкі. Пачатковую адукацыю атрымаў у пачатковай школе ў роднай Дзедзінцы (ад 1921 г.), а пасьля ў Друі. Ад 1928 году вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў-марыянаў. Пасьля яе заканчэньня ў 1935 г. вывучаў філязофію й тэалёгію ў Віленскім унівэрсытэце імя Стафана Баторыя.
Рэлігійная фармацыя і дзейнасьцьРэдагаваць
З 14 гадоў праходзіў фармацыю ў кляштары беларускіх айцоў-марыянаў у Друі. Яго духоўным настаўнікам быў а. Язэп Германовіч. 1 жніўня 1933 году ўступіў у навіцыят марыянаў; першыя манаскія зарокі склаў 15 жніўня 1934 году. 9 ліпеня 1938 году паводле загаду польскіх уладаў быў, разам зь іншымі марыянскімі студэнтамі, выселены з Друйскага кляштару, і ня змог працягваць навучаньня ўва ўнівэрсытэце, бо вяртацца ў Вільню яму не дазволілі польскія ўлады.
Духоўнымі ўладамі быў накіраваны ў Рым, і з 1938 жыў у Русікуме. Працягваў навучаньне на прапанову вышэйшых духоўных уладаў ордэну марыянаў на тэалягічным факультэце Папскага Грыгарыянскага ўнівэрсытэту ў Рыме. Сан сьвятара прыняў у Рыме 16 чэрвеня 1940 г. ад расейскага каталіцкага біскупа Аляксандра Яўрэінава. У 1942 годзе атрымаў ступень ліцэнцыята, затым вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную ўніяцкаму мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму, якую абараніў 19 сьнежня 1946 г.
Рэктар Беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі (1947). Быў беларускім прадстаўніком у Цэнтральным каардынацыйным камітэце дабрачынных арганізацыяў уцекачоў (1949—1960).
2 ліпеня 1960 г. быў намінаваны тытулярным біскупам Марыямэтанскім. 4 жніўня 1960 г. на Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе ў Мюнхэне ўкраінскі грэка-каталіцкі біскуп Іван Бучко ў саслужэньні з украінскім біскупам Платонам Карніляком і расейскім біскупам Андрэем Катковым хіратанізавалі Часлава Сіповіча на біскупа.
Удзельнік 2-га Ватыканскага сабору (1962—1965), быў там абраны ў камісію па справах Усходніх цэркваў. Генэрал Ордэну айцоў марыянаў у Рыме (1963—1969).
Ад 1959 г. віцэ-старшыня, а ад 1965 г. ганаровы віцэ-прэзыдэнт Таварыства Яна Залатавуснага ў Лёндане — брытанскае арганізацыі, створанай у 1926 г. з мэтай пашырэньня ў ангельскамоўным сьвеце ведаў пра ўсходняе хрысьціянства.
Дзейнасьць сярод беларускае эміграцыіРэдагаваць
Сябра Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі й дзейнасьці Ангельска-беларускага таварыства. Выступаў з рэфэратамі гісторыка-культуралягічнага характару на курсах беларусазнаўства. Сябра рэдкалегіі навуковага часопісу «The Journal of Byelorussian Studies».
У складзе ініцыятыўнае групы беларускіх духоўных і сьвецкіх дзеячаў (Пётра Татарыновіч, Леў Гарошка, Лявон Рыдлеўскі) 8 лістапада 1946 г. хадайнічаў перад папам Піем ХІІ аб назначэньні беларускага біскупа. Адзін з арганізатараў Беларускай школы сьв. Кірылы Тураўскага і інтэрнату пры Лёнданскім доме марыянаў (1961). Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лёндане. У жніўні 1965 абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапамогавага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцьця й заснавальнік Беларускае бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музэю пры ёй (травень 1971). Удзельнічаў у зьездах беларускіх каталіцкіх сьвятароў у эміграцыі (1960, 1961, 1962, 1972, 1977, 1979).
Актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі эмігранцкімі пэрыядычнымі выданьнямі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам(be)»). Публікаваў артыкулы рэлігійнае й культурна-грамадзкае праблематыкі ў ангельскамоўных выданьнях.
Папярэднік Джордж Рэймэйкерз |
Тытулярны біскуп Марыямэ 1960—1981 |
Наступнік Уладзімер Тарасевіч |
Папярэднік Станіслаўс Шкутанс |
Генэрал марыянаў 1963—1969 |
Наступнік Джозэф Сельскі |
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Часлаў Сіповіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Інфармацыя на сайце «Catholic Hierarchy»
- Часлаў Сіповіч (пол.)
- Надсан Аляксандар. — Біскуп Чэслаў Сіповіч, сьвятар і беларус. Менск, Выд. «Белфранс», 2004. 300 с.