Ґуды (лет. gudai, gudas, гудай, гудасы) — адна зь летувіскіх назваў беларусаў. Раней існавалі таксама іншыя значэньні гэтага тэрміну: прускія жамойты (летувінінкі) называлі так літоўскіх жамойтаў (у тым ліку «аўкштайтаў») ды іншых сваіх паўднёвых суседзяў — ліцьвінаў і палякаў (мазураў), тым часам літоўскія жамойты называлі так ліцьвінаў і русінаў, а пазьней — «аўкштайтаў» і агулам усходніх славянаў. Гэтая ж назва ўжывалася да беларусаў часткай латышоў[1][2].

Вокладка летувіскага выданьня 1904 году: «Пачытай, летувіс, якога крыўдзяць! Пяруне, божа, ня бі жамойта, а бі гуда, як сабаку рудога! (старажытная летувіская малітва)»

Непрыхільнае стаўленьне жамойтаў да ліцьвінаў і русінаў адлюстравалася ў старадаўнім заклёне: «Пяруне, божа, ня бі жамойта, а бі гуда, як сабаку рудога» (лет. «Perkūne dievaiti, nemušk žemaičio, bet mušk gudą kaip šunį rudą»)[3][4][5][6][7][8]. Апроч таго, адзначалася даўняя летувіская прымаўка: «калі прус гаворыць, гуд мусіць маўчаць» (лет. «kai prūsas kalba, gudas turi tylėti»)[9].

Паходжаньне рэдагаваць

Большасьць дасьледнікаў зьвязваюць летувіскае найменьне «гуды» з готамі[1][a]. Апроч таго, гэтую назву спрабуюць выводзіць ад яцьвягаў[13].

На тэрыторыі Летувы фіксуюцца 115 назваў, зьвязаных з формай Gudeliai. Прытым польскі гісторык Ежы Ахманскі адзначаў, што іх цяжка прылічыць да экстэрытарыяльных назваў — гэта значыць такіх, якія ўзьнікаюць на адлегласьці ад уласнай этнічнай тэрыторыі ў цалкам чужым атачэньні[14].

Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зьвяртае ўвагу на тое, што назва гуды сьведчыць пра расьсяленьне ўздоўж усяго Нёману ўсходнегерманскага народу. У Жамойці і на Ковеншчыне паселішчы з назвамі, вытворныі ад кораню -гуд-, пазначалі месцы пранікненьня германскага элемэнту на балтыйскія землі. Калі гэты германскі элемэнт славянізаваўся, жамойты перанесьлі яго назву на новую супольнасьць — народ ліцьвінаў (беларусаў)[15].

Гісторыя рэдагаваць

 
Прапаганда з боку расейска-летувіскіх і пруска-нямецкіх аўтараў гіпотэзы пра «перакручваньне старажытных летувіскіх імёнаў» (імёнаў ліцьвінаў) з боку славянскіх, лацінскіх і нямецкіх пісараў разам з адвольнымі тлумачэньнямі гоцкіх імёнаў і фармантаў зь летувіскай мовы прычынілася да выданьня ў 1929 годзе кнігі на ангельскай і летувіскай мовах з псэўданавукова «адноўленымі» арыгінальнымі («летувіскімі») формамі імёнаў готаў з дынастыі Балтаў (т.б. «не перакручанымі» лацінскімі, грэцкімі і нямецкімі аўтарамі[16])

У гістарычных крыніцах назва «гуды» і вытворныя тапанімічныя формы вядомыя з XV стагодзьдзя[17]. Паводле апісаньня легендарнай бітвы з Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі Мацея Стрыйкоўскага, «„Mus, azumusz thos Gudos“ — з жамойцю крычала літва»[18][19].

У XVII ст. польска-прускі гісторык і этнограф Мацей Прэторыюс(pl) зазначаў, што «…цяперашнюю надроўскую і склавонскую мовы прусы, якія жывуць у Судавіі, Галіндыі, Натангіі, Памязаніі, і просты народ, усё яшчэ называюць гудзкай мовай; як і надроўцаў, склавонаў называюць гудамі тыя, хто жыве ў Натангіі, Самляндыі і каля Кёнігзбэргу; гэтак жа ліцьвіны і русіны да сёння завуцца гудамі, таму іх мова дагэтуль завецца гудзкай, гэта значыць гоцкай мовай»[b][20].

У 1793 годзе нямецкі філёзаф Ёган Эрых Бістэр(en) надрукаваў у часопісе Berlinische Monatsschrift(en) артыкул «Пра цыганоў; асабліва ў Каралеўстве Прусіі» (ням. «Über die Zigeuner; besonders im Königreich Preußen»), дзе засьведчыў, што прускі летувіс выкарыстоўвае саманазву jmonus — каб адрозьніць сябе ад немца, якога называе Wokjetis. Але разам з тым, заявіў, што прускі летувіс выкарыстоўвае і іншую саманазву — Letuwninkis або Letuwninkas — ад назвы краіны, дзе ён жыве (Letuwa — ад г. зв. «Малой Летувы», ранейшай Самляндыі), дадаўшы, што хоць «жыхары польскага Вялікага Княства Літоўскага напраўду называюцца жамойтамі, нізоўцамі, але прусы звычайна і амаль пагардліва называюць іх гудамі»[c][21]. А ў 1859 годзе брытанскі навукоўца Джон Вільям Дональдсан(en) зьвяртаў увагу на тое, што «іх [летувісаў] сапраўднае імя — самагіты; і пруская галіна гэтага народу называе гудамі сваіх суседзяў, польскіх летувісаў»[22]. Тым часам у 1879 годзе расейскі навукоўца Філіп Брун(ru) зазначаў, што «у прускіх латышоў польскія, г.зн. самагіты, або жамойць, называюцца Gudas або Guddas»[23].

Адзін зь першых ідэолягаў летувіскага нацыянальнага руху Сыманас Даўкантас у сваёй працы «Звычаі старадаўніх летувісаў — горнікаў і жамойтаў» (1845 год) называў беларусаў «белымі гудамі»[24] і спрабаваў сьцьвярджаць іх «славянізаванымі летувісамі»[25].

У 1869 годзе Ігнат Казлоўскі сьведчыў, што за яго часам жыхароў гістарычных Ковеншчыны і Вількаміршчыны, якія ўжывалі ў гутарцы дзьве мовы — беларускую і летувіскую, альбо іх сумесь, у якой дамінавала беларуская мова — палякі называлі «новымі літоўцамі», тым часам уласна жамойты называлі гэтых летувісаў гудамі і не лічылі іх часткай летувіскага народу[d]. Сваім парадкам, беларусы і каталіцкія сьвятары гэтых «новых літоўцаў» называлі «ліцьвякамі»[e]. Сярод іншага, Ігнат Казлоўскі зьвяртае ўвагу на выснову гісторыка Іяхіма Лялевеля, што жамойцкія назвы вёсак Гуды, Гудышкі, Гудырві, Гудыўны, Гудлоўскія, Гідзелі, Гудсоды, Гудкальні, Гудвіцы, Гудакі, Гуткаў і да т. п. азначаюць тое ж самае, што словы «русін», «славянін»[27]. На думку Ігната Казлоўскага, гэтыя вёскі атрымалі такія назвы, бо іх жыхары пакінулі ўжываць беларускую мову пазьней за жыхароў іншых вёсак у Ковенскай губэрні[26].

У 1893 годзе летувіскі мовазнаўца Ёнас Яблонскіс(be) засьведчыў, што жамойты называлі гудамі «аўкштайтаў» (г. зв. «верхніх літоўцаў»)[28], тое ж сьцьвярджаў летувіскі мовазнаўца Казімерас Буга[29].

Назва Gudija пачала шырока ўжывацца датычна Беларусі ў міжваеннай (у тым ліку савецкай) Летуве. Таксама дзеля пазначэньня беларусаў выкарыстоўваўся тэрмін «белыя гуды» — Baltġudžiai[30].

Па Другой сусьветнай вайне дзеля пазначэньня беларусаў пачала ўжывацца назва Baltarusai. У канцы 1980-х — 1990-я гады адбылося частковае вяртаньне тэрміну «гуды», а 22 кастрычніка 1991 году ў сваёй прамове перад парлямэнтам Беларусі ўжываньне гэтай назвы на дзяржаўным узроўні анансаваў старшыня парлямэнту Летувы Вітаўтас Ландсбергіс. Аднак супраць называньня ў летувіскай мове беларусаў гудамі выказаўся Зянон Пазьняк (бо да гэтага тэрміну можна падабраць у якасьці сыноніму слова «адсталы»)[31].

Тым часам адзначаецца паступовая папулярызацыя назвы «гуды» сярод летувісаў: у 2008 годзе выйшла «Энцыкляпэдыя летувіскай мовы», дзе беларуская мова апісваецца пад назвай «гудзкай» як мова, што ўжываецца ў «Гудзіі»[1], а ў 2021 годзе летувіскі гісторык Русціс Камунтавічус выдаў па-летувіску кнігу з гісторыі Беларусі, дзе аддае перавагу форме Gudija (у тым ліку на вокладцы)[32].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Сярод іншага, кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза тытуляваўся ў лістох на беларускай мове як «Жыкгимонтъ третий Божью милостью король Польский, великий князь Литовъский, Руский, Пруский, Жомоитский, Мазовецкий, Инфлянтский, а Шведский, Кгодский, Вандальский дедичъный король»[10][11] (аналягічны тытул ужывалі каралі і вялікія князі Ўладзіслаў Ваза і Ян Казімер[12])
  2. ^ ням. «So ist dieses aud zu bedencken, daß noch zur Zeit die jetzige Nadravische und Zalavonische Sprache, von den Preussen, die in Sudauen, Galinden, Natangen, Pomesan wohnen, zumahlen von dem gemeinen Volk, noch die Guddische Sprache genannt wird; wie denn noch die Nadrawer, Zalavonier, von den in Natangen, Samland und bei Königsberg, Gudden; desgleichen auch die Litthauer und Reussen noch jetzo Gudden heissen, daß also ihre Sprache noch die Guddische, daß ist Gothische Sprache heist»
  3. ^ ням. «Will der Littauer sich nehmlich von einem Deutschen unterscheiden, so nennt er sich jmonus, einen Mienschen, und jenen Wokjetis, einen Auslander, Barbaren. Sonst aber heißt der Preussische Littauer, und nennt sich selbst, Letuwninkis oder Letuwninkas: von dem Lande welches er bewohnt, Letuwa Littauern. Die Einwohner im Polnischen Großherzogthum Littauen heißen eigentlich Jemaitschei, Niedrunger; ​allein die Preussischen nennen sie, gewöhnlich und fast verächtlich, Guddai: welches Wort, Ostermeiern zufolge, höchstwahrs scheinlich durch Gothen übersetzt werden muß»
  4. ^ рас. «Все эти новые литовцы, как их поляки называют, говорят двумя языками: русским и литовским, в коем несравненно больше русских слов, чем литовских. Замечательно, что жители собственно Жмуди… называют этих новых литовцев гудами, т.е. русскими, и не считают их принадлежащими к литовскому племени»
  5. ^ рас. «Белорусы и ксендзы этих литовцев, т. е. гудов, называют литвяками»[26]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Літвіновіч А. Беларуская мова на старонках «Энцыклапедыі літоўскай мовы» // Наша слова. № 32 (975), 2010 г.
  2. ^ Zeitschrift für vergleichende Sprachforschung auf dem Gebiete des Deutschen, Griechischen und Lateinischen. 4. Band. — Berlin, 1855. S. 382.
  3. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 158.
  4. ^ Szafarzyk P. J. Sławiańskie starożytności. T. 1. — Poznań, 1842. S. 42.
  5. ^ Lelewel J. Narody na ziemiach słowiańskich przed powstaniem Polski. — Poznań, 1853. S. 286.
  6. ^ Daukantas S. Budas senoves lietuviu kalnenu ir zemaicziu. — Plymouth, 1892. P. 69.
  7. ^ Miežinis M. Lietuviszkai-Latviszkai-Lenkiszkai-Rusiszkas žodynas. — Tilžēje, 1894. S. 181.
  8. ^ Bezzenberger A. Sitzungsberichte der Altertumsgesellschaft Prussia. — Königsberg, 1896. S. 224.
  9. ^ Bezzenberger A. Sitzungsberichte der Altertumsgesellschaft Prussia. — Königsberg, 1896. S. 218.
  10. ^ Акты, издаваемые Виленской Комиссией для разбора древних актов. Т. 24. — Вильна, 1897. С. 377, 466.
  11. ^ Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам: Ч. 1. — Вильно, 1843. С. 57.
  12. ^ Акты, издаваемые Виленской Комиссией для разбора древних актов. Т. 24. — Вильна, 1897. С. 479, 481.
  13. ^ Дзярновіч А. «Гуды» як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: «готы» ці «варвары»? // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. — Варшава, 2013. С. 56—57.
  14. ^ Дзярновіч А. «Гуды» як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: «готы» ці «варвары»? // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. — Варшава, 2013. С. 54.
  15. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 32—33.
  16. ^ Rackus A. Guthones (the Goths). — Chicago, 1929. P. 36, 38, 42—215.
  17. ^ Чаквін І. Гуды // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 521.
  18. ^ Герасімчык В. Першая пісьмовая згадка пра Слонім // Газэта Слоніская. № 9, 23 лютага 2011. С. 7.
  19. ^ Kronika, polska, litewska, żmódzka i wszystkiéj Rusi. T. 1. — Warszawa, 1846. S. 215.
  20. ^ Acta Borussica. 2. Band. — Königsberg; Leipzig, 1731. S. 900.
  21. ^ Berlinische Monatsschrift. Band 21, 1793. S. 368.
  22. ^ Donaldson J. W. The New Cratylus. — London, 1859. P. 129.
  23. ^ Брун Ф. Черноморье: сборник исследований по исторической географии Южной России. Ч. 1. — Одесса, 1879. С. 264.
  24. ^ Bezzenberger A. Sitzungsberichte der Altertumsgesellschaft Prussia. — Königsberg, 1896. S. 230.
  25. ^ Bezzenberger A. Sitzungsberichte der Altertumsgesellschaft Prussia. — Königsberg, 1896. S. 231.
  26. ^ а б Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 105.
  27. ^ Lelewel J. Polska: Narody na ziemiach slawianskich przed powstaniem polski. T. 5. — Poznań, 1853. S. 289—290.
  28. ^ Bezzenberger A. Sitzungsberichte der Altertumsgesellschaft Prussia. — Königsberg, 1896. S. 227.
  29. ^ Вінцук Вячорка, Ці абароніць Belarus Сьвятлана Алексіевіч?, Радыё Свабода, 19 кастрычніка 2015 г.
  30. ^ Дзярновіч А. «Гуды» як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: «готы» ці «варвары»? // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. — Варшава, 2013. С. 60—61.
  31. ^ Дзярновіч А. «Гуды» як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: «готы» ці «варвары»? // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. — Варшава, 2013. С. 61—62.
  32. ^ Внуковіч Ю. Першая гісторыя Беларусі па-літоўску як крок да суладдзя нацыянальных наратываў // Беларускі гістарычны агляд. Т. 28, сш. 1—2, 2021.

Літаратура рэдагаваць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
  • Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
  • Дзярновіч А. «Гуды» як гістарычны назоў беларусаў па-літоўску: «готы» ці «варвары»? // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты. Матэрыялы міжнароднай канферэнцыі. — Варшава, 2013. С. 53—65.
  • Літвіновіч А. Гуды і немцы ў народнай свядомасці і фальклоры беларусаў (на матэрыялах ХІХ — пач. ХХ ст.) // Вестник Брестского государственного технического университета. Серия: Гуманитарные науки. № 6, 2004. С. 181—183.
  • Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве в ХІІІ-ХІV вв. в свете этнонимических местных названий: Пер. с пол. // Балто-славянские исследования, 1980. М., 1981
  • Рогалев А. Ф. Этноним гуды на географической карте: поиски ист. мотивации // Сов. этнография. 1989. № 6.