Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця

міжурадавы банк Ангельшчыны

Каардынаты: 51°30′13″ пн. ш. 0°1′25″ з. д. / 51.50361° пн. ш. 0.02361° з. д. / 51.50361; -0.02361

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — міжурадавы банк, заснаваны ў красавіку 1991 году ў Лёндане (Ангельшчына).

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця
анг. European Bank for Reconstruction and Development
Выява лягатыпу
Тып акцыйнае таварыства
Дэвіз Мы ўкладаем у зьмяненьне жыцьцяў
Заснаваная 15 красавіка 1991 (33 гады таму)
Заснавальнікі 40 урадаў
Уласьнікі 71 урад (2023 год)
Краіна Ангельшчына
Разьмяшчэньне графства Вялікі Лёндан
Адрас акруга Цьвярдыневыя Вёскі, квартал Канарскі Прычал, Банкаўская вул., д. 5[1]
Ключавыя фігуры Одыль Рэно-Басо (старшыня), Сігрыд Кааг (старшыня Рады кіраўнікоў)[2]
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі пазыка, парука, укладаньне
Абарачэньне 2,27 млрд эўра (2022 год)
Чысты прыбытак -1,117 млрд эўра (2022 год)[3]
Лік супрацоўнікаў 3000 (2016 год)
Аўдытар «Прайсўотэрхаўс-Купэрс»

Паводле 1-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР», мэтай банку было спрыяньне пераходу да адчыненай рынкавай гаспадаркі і прасоўваньне прыватнага і прадпрымальніцкага пачынаньня ў краінах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, прыхільных шматпартыйнаму народаўладзьдзю і плюралізму. Дадзеная мэта магла таксама ажыцьцяўляцца ў Манголіі і краінах на поўдні і ўсходзе Міжземнага мора. Згодна з 2-м артыкулам банк меў дапамагаць краінам-пазычальніцам у ажыцьцяўленьні структурных і галіновых гаспадарчых пераўтварэньнях, улучна з дэманапалізаваньнем, дэцэнтралізаваньнем і прыватызаваньнем, каб дапамагчы іх гаспадаркам у поўным залучэньні ў міжнародную гаспадарку шляхам:

  1. прасоўваньня праз прыватных і іншых зацікаўленых укладальнікаў распачынаньня, паляпшэньня і пашырэньня выніковай, спаборнай і прыватнай дзейнасьці, у прыватнасьці малых і сярэдніх прадпрыемстваў;
  2. задзейнічаньня ўнутранага і замежнага капіталу, а таксама дасьведчанага кіраўніцтва;
  3. спрыяньня выніковым укладаньня, у тым ліку ў галіне паслугаў і фінансавай галіне, а таксама ў інфраструктуру, патрэбную для падтрымкі прыватнага і прадпрымальніцкага пачынаньняў, каб дапамагчы ў стварэньні спаборнага асяродзьдзя і паляпшэньні прадукцыйнасьці, узроўню жыцьця і ўмоваў працы;
  4. аказаньня тэхнічнай дапамогі для падрыхтоўкі, фінансаваньня і ўвасабленьня асобнай і праграмнай задумы ўкладаньняў;
  5. заахвочаньня разьвіцьця рынку капіталу;
  6. падтрымкі грунтоўных і гаспадарча жыцьцяздольных задумаў з прыцягненьнем больш як адной краіны-пазычальніцы;
  7. прасоўваньня ва ўсёй сваёй дзейнасьці навакольна абгрунтаванага і ўстойлівага разьвіцьця[4].

Банк меў супрацоўнічаць зь Міжнародным валютным фондам, Міжнароднай фінансавай карпарацыяй, Агенцтвам шматбаковай аховы інвэстыцыяў, Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (Францыя) і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў у справе гаспадарчага разьвіцьця і ўкладаньняў у краіны Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Паводле 3-га артыкула Пагадненьня, сяброўства ў ЭБРР было адчынена для эўрапейскіх краінаў і іншых краінаў, што былі сябрамі МВФ, а таксама Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці і Эўрапейскага банку ўкладаньняў. Новых сябраў прымалі пры падтрымцы 2/3 кіраўнікоў, якія мелі 3/4 галасоў. Згодна з 6-м артыкулам 50 % падпіскі на капітал мела ажыцьцяўляцца за кошт безадсоткавых аблігацыяў у эўра, далярах ЗША і японскіх енах. У 34-м артыкуле згадвалася, што кожная дзяржава-ўдзельніца прызначала свой галоўны банк у якасьці дэпазытарыя сваёй валюты для ЭБРР[4].

Спосабы дзейнасьці

рэдагаваць

Паводле 11-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР», банк меў ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць шляхам:

  1. наданьня або суфінансаваньня са шматбаковымі ўстановамі і камэрцыйнымі банкамі пазыкаў прыватным прадпрыемствам, спаборным дзяржаўным прадпрыемствам, што пераходзяць да ўдзелу ў рынкавай гаспадарцы, і дзяржаўным прадпрыемствам, што пераходзяць у прыватную ўласнасьць, а таксама шляхам спрыяньня ўдзелу прыватнага і замежнага капіталу ў такіх прапрыемствах;
  2. укладаньня ў акцыйны капітал прыватных прадпрыемстваў, спаборных дзяржаўных прадпрыемстваў і дзяржаўных прадпрыемстваў пры пераходзе ў прыватную ўласнасьць, а таксама шляхам парукі за долевы выпуск каштоўных папераў такімі прадпрыемствамі;
  3. спрыяньня доступу да ўнутранага і замежнага рынкаў капіталу прыватным і вышэйзгаданым дзяржаўным прадпрыемствам праз наданьне парукаў і фінансавых парадаў;
  4. наданьня пазыкаў і тэхнічнай дапамогі для адбудовы і разьвіцьця інфраструктуры, у тым ліку дзеля навакольнага асяродзьдзя, разьвіцьця прыватнай галіны і пераходу да рынкавай гаспадаркі[4].

Рада дырэктароў ЭБРР мела штогод пераглядаць сваю дзейнасьць у кожнай краіне-пазычальніцы з ухваленьнем рашэньня 2/3 дырэктароў, якія маюць 3/4 галасоў. Банк мог накіроўваць у дзяржаўную галіну да 40 % пазыкаў, парукаў і капіталаўкладаньняў цягам кожнага фінансавага году. У кожнай краіне банк мог накіроўваць да 40 % сродкаў дзяржаўным установам цягам 5 гадоў. Такія ўстановы ўлучалі ўрад, мясцовае самакіраваньне і іх прадпрыемствы. Згодна з 12-м артыкулам Пагадненьня банк меў абмяжоўваць пазыкі, парукі і ўкладаньні памерам сваіх падпіснога і звычайнага дададзенага капіталу, а таксама запасаў. Таксама ЭБРР мог набыць кантрольны пакет паёў прадпрыемства ў выпадку пагрозы яго неплатаздольнасьці, якая вяла да страты ўкладзенага раней капіталу. У 53-м артыкуле згадвалася, што сродкі, маёмасьць і даход банку вызваляліся наўпроставых падаткаў. Таксама пакупкі банка вызваляліся ад гандлёвых падаткаў і мытаў. Заробкі супрацоўнікаў вызвалялі ад падаходнага падатку. Таксама ад падаткаў вызвалялі каштоўныя паперы, якія банк выпусьціў і за якія паручыўся, як дывідэнды па іх[4].

Паўнамоцтвы

рэдагаваць

Паводле 20-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР», банк меў паўнамоцтвы:

  • пазычаць у краіне-ўдзельніцы пры згодзе яе ўраду;
  • укладаць незадзейнічаныя сродкі;
  • набываць і прадаваць на другасным рынку каштоўныя паперы, якія банк выпусьціў або за якія паручыўся ці ў якія ўклаў;
  • паручацца за каштоўныя паперы, у якія ўклаў, каб паспрыяць іх продажу;
  • браць удзел у паруках за каштоўныя паперы прадпрыемства дзеля выкананьня мэты банку;
  • даваць тэхнічную параду і дапамогу, якая служыць мэце банку;
  • заключаць дамовы аб супрацы з установамі[4].

Кіраваньне

рэдагаваць
 
Одыль Рэно-Басо — 7-я старшыня ЭБРР зь 2020 году
  • Рада кіраўнікоў. Улучала па кіраўніку і яго намесьніку ад кожнага сябра ЭБРР. Склікалася штогод. Паўнамоцная пры ўдзеле 2/3 кіраўнікоў, якія мелі 2/3 галасоў. Лік галасоў кожнай краіны вызначаўся лікам паёў у падпісным капітале банку. На кожнай штогадовай сустрэчы абірала ўласнага старшыню Рады зь ліку кіраўнікоў. Прымала новых сябраў і зьмяняла памер статутнага капіталу банка. Упаўнаважвала на заключэньне дамовы аб супрацы зь міжнародным арганізацыямі. Абірала дырэктароў на 3 гады і старшыню ЭБРР на 4 гады. Вызначала заробкі дырэктароў, іх намесьнікаў і старшыні банку. Ухваляла справаздачу аб прыбытку пасьля разгляду высноваў аўдытараў. Вызначала памер запасу і разьмеркаваньне чыстага прыбытку.
  • Рада дырэктароў. Правамоцная пры ўдзеле большасьці сябраў, якія мелі 2/3 галасоў. Кожны дырэктар меў тую колькасьць галасоў, якую за яго падалі пры абраньні. Складалася з 23 сябраў: 1) 11 абіралі кіраўнікі, якія прадстаўлялі Бэльгію, Вялікабрытанію, Гішпанію, Грэцыю, Данію, Ірляндыю, Люксэмбург, Нідэрлянды, Нямеччыну, Партугалію і Францыю, а таксама Эўрапейскую эканамічную камісію і Эўрапейскі банк укладаньняў; 2) 12 абіралі іншыя кіраўнікі, зь іх па 4 ад краінаў-пазычальніцаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, ад іншых краінаў Эўропы і ад неэўрапейскіх краінаў. Кожны дырэктар прызначаў сабе па намесьніку і займаў пасаду па 3 гады з правам пераабраньня. Ухваляла бюджэт банку і падавала справаздачу аб яго штогадовым выкананьні. Зацьвярджала пазыкі і парукі, укладаньні ў акцыйны капітал і пазычаньне, а таксама тэхнічную дапамогу. Прызначала намесьніка старшыні ЭБРР на прапанову старшыні[4].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Галаўная сядзіба ЭБРР у 1992—2022 гадох

25 кастрычніка 1989 году ў звароце да Эўрапейскім парлямэнтам францускі прэзыдэнт Франсуа Мітэран прапанаваў заснаваць эўрапейскі банк разьвіцьця[5]. 9 сьнежня 1990 году Эўрапейская рада на паседжаньні ў Страсбуры з удзелам 12 дзяржаваў-удзельніцаў Эўрапейскай супольнасьці зацьвердзіла камюніке аб ухваленьні заснаваньня Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, каб укладаць у дзяржавы Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы дзеля іх пераходу да рынкавай гаспадаркі[6]. 29 траўня 1990 году ў Парыжы (Францыя) міністры скарбу і замежных справаў 40 дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб заснаваньні Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця» па-ангельску, па-француску, па-нямецку і па-расейску. Пагадненьне набыло моц 28 сакавіка 1991 году, калі яго ўхвалілі парлямэнты 2/3 з 40-х дзяржаваў. 15—17 красавіка 1991 году ў Лёндане адбыўся ўстаноўчы сход ЭБРР, на якім Рада кіраўнікоў абрала старшыню і дырэктароў, а таксама ўхваліла Статут і Правілы распарадку. Таксама 15 красавіка 1991 году з брытанскім урадам падпісалі Пагадненьне аб галаўной сядзібе ЭБРР[7]. На пачатку банк налічваў 55 супрацоўнікаў, зь іх 20 фінансістаў[8].

Падпіска на капітал ЭБРР складала 10 млрд эўрапейскіх грашовых адзінак (ЭГА). Сярод 40-х дзяржаваў-падпісчыцаў пры заключэньні Пагадненьня было:

 
Жак дэ Лярозьер — 2-і старшыня ЭБРР

За 1992 год дзейнасьць банку пашырылі зь 7 да 22 краінаў у сувязі з распадам Савецкага Саюзу. Пры гэтым вылучылі 36 краёвых пазыкаў на 1 млрд ЭГА, зь якіх пералічылі 100 млн ЭГА. Да канца 1993 году ахоп ЭБРР вырас да 25 краінаў праз распад Югаславіі і Чэхаславаччыны. На той час дзейнічала 12 краёвых прадстаўніцтваў ЭБРР, першы зь якіх адчынілі ў студзені 1992 году ў Варшаве (Польшча), а да канца году яшчэ 6 у Будапэшце (Вугоршчына), Сафіі (Баўгарыя), Празе, Маскве (Расея), Тыране (Альбанія) і Кіеве (Украіна). Лік супрацоўнікаў вырас да 700. Лік сябраў банку пры гэтым вырас да 59[8]. У 1990-я гады ЭБРР пазычаў прыватным прадпрыемствам Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы для пераходу іх краінаў да адчыненага рынку. Банк меў дачыненьне да стварэньня заканадаўства аб маёмасных правах, прыватызаваньні і ўвядзеньні вольнага цэнаўтварэньня. Сярод іншага, ЭБРР фінансаваў будоўлю засьцерагальнага саркафага на месцы Чарнобыльскай катастрофы[5]. У красавіку 1996 году на штогадовым сходзе кіраўнікі ЭБРР пагадзіліся падвоіць капітал банку да 20 млрд ЭГА. Пры гэтым 3 неўрапейскія сябры Марока, Мэксыка і Новая Зэляндыя не падпісаліся на дадатковы капітал[9].

 
Горст Кёлер — 3-і старшыня банку

У 1997 годзе ЭБРР пазычыў 116 млн даляраў на распрацоўку нафтагазавага радовішча на Сахаліне (Расея) сумесным амэрыканска-брытанска-японскім прадпрыемствам[10]. У 1998 годзе сярод 10 млрд эўра укладаньняў звыш 1/4 прыпадала на Расею. У выніку расейскі фінансавы крызіс 1998 году прывёў да стратнасьці на 261 млн эўра[11]. На 1998 год ЭБРР у якасьці галоўных органаў меў Раду кіраўнікоў і Раду дырэктароў, а таксама Кансультатыўную раду ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя[12]. У 2001 годзе праз банк пачалі фінансаваць вывад з эксплюатацыі атамных электрастанцыяў у Баўгарыі, Летуве (Ігналінская АЭС) і Славаччыне ў рамках іх уступленьня ў Эўразьвяз. За 1999—2004 гады вылучылі 350 пазыкаў на 4 млрд эўра на ачыстку водаў у Дунайска-Чарнаморскім рэгіёне[10].

У кастрычніку 2006 году ўнесьлі папраўку ў 1-ы артыкул Пагадненьня «Аб заснаваньні ЭБРР»[7]. У 2006 годзе банк пашырыў сваю дзейнасьць за межы Эўропы на Манголію ў Азіі, а ў 2009-м — на Турэччыну. У 2007 годзе Чэхія перайшла зь ліку пазычальнікаў у пазыкадаўцы ў ЭБРР[5]. У верасьні 2012 году ўнесьлі папраўку ў 18-ы артыкул Статуту ЭБРР[7]. У 2012 годзе дзейнасьць банку пашырылі на Ярданію ў Азіі і 3 краіны Паўночнай Афрыкі — Эгіпет, Марока і Туніс, а таксама на сэрбскі край Косава[5]. У верасьні 2013 году ўхвалілі паўторную папраўку ў 1-ы артыкул Статуту[7]. У 2014 годзе дзейнасьць пашырылі на Кіпр, а ў 2015-м — на Грэцыю[5]. За 2006—2015 гады банк уклаў звыш 16 млрд эўра ў больш як 1000 прадпрыемстваў у галіне аднаўляльнай энэргетыкі[13]. 14 сьнежня 2015 году ЭБРР ухваліў сяброўства Кітаю ў банку. На той час банк налічваў 66 пайшчыкаў[14]. За 1994—2017 гады выдалі 874 000 пазыкаў на 17 млрд даляраў для малых прадпрыемстваў Расеі праз 40 банкаў. Пры гэтым пераважна пазыкі ішлі празь мясцовыя банкі на Ўрале і ў Сібіры ды звыш 90 % па-за сталіцай і Санкт-Пецярбургам[15].

 
Сума Чакрабарці — 6-ы старшыня банку

У 2017 годзе пазыкі пачалі накіроўваць у Лібан[5]. На канец 2018 году ўкладалі ў 38 краінаў сьвету пры капітале каля 30 млрд эўра[16]. На канец 2019 году пайшчыкамі банка былі ўрады 69 краінаў[17]. За 2019 год 46 % укладаньняў накіравалі ў зялёную гаспадарку[18]. Агулам за год упершыню вылучылі звыш 10 млрд эўра[19]. За 1999—2020 гады ў рамках Праграмы спрыяньня гандлю выдалі 25 350 пазыкаў на 20,5 млрд эўра праз 218 мясцовых банкаў у 31 краіне[15].

У 2021 годзе аднавілі пазыкі ў Чэхію дзеля дапамогі ў аднаўленьні пасьля пандэміі ўханьскага каронавірусу. У 2021 годзе 51 % пазыкаў выдалі ў галіне зялёнай гаспадаркі. У 2022 годзе прыпыніў доступ прадпрыемстваў Беларусі і Расеі да пазыкаў ЭБРР у сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну[5]. Па выніках 2022 год ЭБРР меў сродкі на 71,6 млрд эўра, зь іх 42 % (29,9 млрд эўра) складалі пазыкі, а 30 % (21,4 млрд эўра) — уклады ў банках. Абавязкі складалі 52,3 млрд эўра (73 % ад сродкаў), зь іх 81 % (43,4 млрд эўра) прыпадала на засьведчаныя даўгі, а 13 % (7 млрд эўра) — на вытворнікі. Сярод 19,3 млрд эўра акцыйнага капіталу 68 % складалі запасы і неразьмеркаваны прыбытак, а рэшту (6,2 млрд эўра) —аплачаны капітал[3]. У 2022 годзе выдалі пазыкі на 13,1 млрд эўра. У сакавіку 2023 году адчынілі новую галаўную сядзібу ЭБРР у лёнданскім квартале Канарскі Прычал. Пайшчыкамі банку былі ўрады 71 краіны на ўсіх 5 мацерыках. Сярод іх найноўшымі пайшчыкамі сталі Індыя, Сан-Марына, Лібія, ААЭ і Альжыр. Пазыкі выдавалі ў 35 краінах Эўропы, Сярэдняй Азіі, Паўночнай Афрыкі і Паўднёва-Заходняй Азіі. Ад заснаваньня выдалі 6400 краёвых пазыкаў на 170 млрд эўра[5].

Старшыні

рэдагаваць
 
Жак Аталі — 1-ы старшыня ЭБРР

Беларусь

рэдагаваць

10 чэрвеня 1992 году ўрад Беларусі стаў пайшчыкам ЭБРР[2]. На 1998 год Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця меў прадстаўніцтва ў Беларусі[12]. Да верасьня 2014 году ЭБРР зрабіў у Беларусі 66 укладаньняў на 1,5 млрд эўра. Зь іх 883 млн эўра (59%) уклалі за 2010—2014 гады[20]. Укладзеныя сродкі накіравалі ў галіну дарожнага будаўніцтва, сувязі і энэргетыкі[21].

На люты 2015 году ЭБРР фінансаваў беларуска-швайцарскі завод электратранспарту «Штадлер Менск» у Фаніпалі (Койданаўскі раён). За папярэдні 3 гады ўкладаньні ў Беларусі павялічылі амаль у 4-кратна[22]. 18 лютага 2015 году старшыня банку Сума Чакрабарці ўпершыню наведаў Беларусь і адзначыў наконт «Штадлера»: «Я вельмі ганаруся тым, што мы змаглі прыцягнуць у Беларусь добрых замежных інвэстараў». Пры гэтым грошы ад ЭБРР паступалі праз расейскія даччыныя банкі: «Белзьнешэканомбанк», «БПБ-Ашчадбанк» і «Белгазпрамбанк». Таму на сустрэчы зь ім А. Лукашэнка заўважыў: «Сёньня Расея знаходзіцца пад санкцыямі, і калі вы іх распаўсюдзіце на гэтыя банкі, мы можам страціць фінансаваньне вашага банка на Беларусь. Гэтага дапусьціць нельга. Трэба знайсьці выйсьце з гэтай сытуацыі»[23]. На той час урад Беларусі меў 6002 паі ЭБРР на больш як 60 млн эўра, што складала 0,2% статутнага капіталу банка. Сумесна з ЭБРР у Беларусі ўкладалі ў дрэваапрацоўчы завод «Кронаспан» ў Вейна (Магілёўскі раён) і бабруйскі завод «Сябар» нідэрляндзкага бровара «Гэйнэкэн». Таксама зь 2012 году банк фінансаваў разьвіцьцё сетак водазабесьпячэньня і водаачысткі ў Баранавічах, Віцебску і Слоніме[24]. Зь 2012 году па чэрвень 2015 году вылучылі 47 пазыкаў на 17,2 млн даляраў для ўсталяваньня абсталяваньня для вытворчасьці энэргіі з адкідаў дрэваапрацоўкі і будаўніцтва сонечных электрастанцыяў. Сродкі пералічвалі праз 4 банкі Беларусі. Пры гэтым на аднаўляльную энэргетыку прадугледзелі 50 млн даляраў[13].

На сакавік 2016 году наяўныя ўкладаньні ЭБРР у Беларусі складалі 600 млн эўра. У асноўным іх накіравалі ў банкі і перабудову аўтадарогі М10 Гомель — Кобрын. 4 сакавіка абвясьцілі пра вылучэньне 10 млн эўра на жаночае прадпрымальніцтва[25]. 14 ліпеня ЭБРР і «Беларускі народны банк» заключылі адпаведнае крэдытнае пагадненьне на 3 млн даляраў[26]. За 2012—2016 гады вытворца бялізны і трыкатажу «Марк Фармэль» пашырыў сваю дзейнасьць на 6 фабрык з 2000 супрацоўнікаў праз пазыку ЭБРР і распрацоўку ім маркетынгавай стратэгіі. Пры гэтым адчынілі 100 уласных крамаў у Беларусі, Летуве, Расеі, Украіне і Казахстане[27]. 5 верасьня 2016 году кіраўнік прадпрыемства «Зубр Капітал» Алег Хусаенаў абвясьціў пра стварэньне фонду наўпроставых укладаньняў на 50 млн даляраў, зь якіх 12,5 млн $ вылучыў ЭБРР. Сродкі для 6—8 прадпрыемстваў мелі накіраваць у інфармацыйныя тэхналёгіі, вытворчасьць спажывецкіх тавараў і раздробны гандаль[28].

27 верасьня 2016 году «Белінвэстбанку» пазычылі 8 млн эўра на фінансаваньне аднаўляльнай энэргетыкі[29]. У кастрычніку 2016 году пазычылі 21 млн эўра на адбудову інфраструктуры водазабесьпячэньня і водаадвядзеньня ў Воршы, Лідзе і Полацку[30]. Адпаведныя праектныя і грантавыя пагадненьні падпісалі 19 сьнежня на суму 30 млн эўра, зь іх 10 млн эўра склала тэхнічная дапамога. Зь беларускага боку іх падпісалі прадстаўнікі Віцебскага і Гарадзенскага аблвыканкамаў, Аршанскага, Лідзкага і Полацкага райвыканкамаў. З боку ЭБРР падпісантамі былі кіраўнік прадстаўніцтва банку ў Беларусі Аляксандар Піваварскі і кіраўніца фонду Экапартнэрства Паўночнага вымярэньня Ева Маньнік[31].

У чэрвені 2017 году «Менскі транзытны банк» атрымаў крэдытную лінію для малых прадпрыемстваў на 9 млн эўра ад ЭБРР. Таксама яму павялічылі крэдытную лінію ў рамках Праграмы спрыяньня гандлю да 10 млн даляраў[32]. 6 ліпеня 2017 году паведамілі пра 7-гадовую пазыку на 15 млн эўра для дрэваапрацоўчага прадпрыемства «Свудс» у Барысаўскім раёне, якое належала «Заходняй драўнянай групе» зь Летувы. Пазыка мела зрабіць прадпрыемства найбольшай лесапільняй у Беларусі з гадавой вытворчасьцю ў 250 000 кубамэтраў драўніны. Адначасна мелі падвоіць выпуск драўняных пелетаў да 72 000 тонаў за год і асучасьніць вытворчасьць мэблі[33]. 13 верасьня 2017 году міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі і старшыня ЭБРР Сума Чакрабарці падпісалі пагадненьне аб вылучэньні 6 млн эўра для малых прадпрыемстваў Беларусі[34]. 15 верасьня 2017 году зь «Белінвэстбанкам» заключалі пагадненьне аб 6-гадовай пазыцы на 50 млн эўра для малых прадпрыемстваў[35].

24 студзеня 2018 году кіраўнік прадстаўніцтва ЭБРР Піваварскі заявіў: «Наш крэдытны партфэль у Беларусі цяпер складае каля 500 млн эўра… У 2017 годзе аб’ём апэрацыяў у Беларусі склаў 163 млн эўра (на 40 млн эўра больш, чым у 2016-м). Але наша мэта — прадаўжаць расьці і наблізіцца да таго ўзроўню, які быў да крызісу 2014 году, гэта 250 млн эўра»[36]. 25 студзеня абвясьцілі пра мэзанінную пазыку на 5 млн эўра для адкрыцьця прадпрыемствам «Аптэка груп» да 160 аптэк «Добрыя лекі» і «Адэль» да канца 2021 году, каб падвоіць іх лік. Такая пазыка была прамежкавай між долевым удзелам і доўгам. Старшыня «Аптэкі груп» Леанід Томчын падкрэсьліў, што гэта была першая мэзанінная валютная пазыка ў Беларусі[37]. 20 сакавіка 2018 году заключылі 3-е пагадненьне аб сынтэтычным крэдыце ў беларускіх рублях на 10 млн даляраў для малых прадпрыемстваў з «МТБанкам», які быў найбольшым у Беларусі банкам з прыватным беларускім капіталам. Папярэднія пагадненьні з гэтым банкам заключалі ў 2006 і 2014 гадох[38]. 27 сакавіка 2018 году ў Лёндане Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі заключыла з ЭБРР крэдытнае пагадненьне аб адбудове аўтадарогі Р-80 Слабада—Паперня даўжынёй 14,77 км у Менскім раёне[39].

30 жніўня 2018 году ў беларускім прадстаўніцтве ЭБРР падпісалі пагадненьні з «МТБанкам» і «Беларускім народным банкам» на 20 млн рублёў кожнае для пазыкаў малым прадпрыемствам. На той час 95 укладаньняў ЭБРР у Беларусі перавысілі 2 млрд эўра[40]. 1 кастрычніка на 3 гады вылучылі пазыковую лінію для «Прыёрбанка» ў беларускіх рублях на 15 млн даляраў, каб пазычаць малым прадпрыемствам, што наймалі 1,5 млн чалавек і стваралі 1/4 сукупнага ўнутранага прадукту Беларусі[41]. Агульны абсяг укладаньняў дасягнуў 2,3 млрд эўра[16]. 10 сьнежня 2018 году падпісалі пагадненьне аб вылучэньні «Белінвэстбанку» 50 млн эўра для пазычаньня малым прадпрыемствам[42]. 4 сакавіка 2019 году ў Менску старшыня ЭБРР Сума Чакрабарці з нагоды падваеньня фінансаваньня ў Беларусі да 360 млн эўра за 2018 год у рамках 21 укладаньня заявіў: «У мінулым годзе інвэстыцыі ўзьняліся і дасягнулі амаль 400 млн $. Гэта вельмі добры паказчык. Беларусь на сёньняшні дзень знаходзіцца ў дзясятцы лідэраў, зь якімі мы працуем». На прыватныя прадпрыемствы прыпала 2/3 укладаньняў, а рэшта — на дзяржаўную галіну. У прыватнасьці, «Менскводаканалу» пазычылі 84 млн эўра, на завяршэньне перабудовы 2-й Менскай кальцавой аўтадарогі — 42 млн эўра, а прадпрыемству кіраваньня цьвёрдымі адкідамі ў Ігуменскім і Пухавіцкім раёнах — 5 млн эўра. Сярод прыватных прадпрыемстваў вытворца мэблі і ДСП «ВМГ» атрымаў пазыку на 50 млн эўра, «Мэбелайн» і «Эўрагандаль» — па 20 млн эўра. У 2018 годзе ЭБРР стаў пайшчыкам сельгасхолдынга «Сэрвалюкс» (Магілёў). Сярод іншага, банк прафінансаваў будаўніцтва 4-х біягазавых цеплаэлектрацэнтраляў у Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях. У выніку агульны абсяг фінансаваньня 115 укладаньняў перавысіў 2,4 млрд эўра[43].

11 чэрвеня 2019 году ў Лёндане старшыня ўраду Беларусі Сяргей Румас і 1-ы намесьнік старшыні ЭБРР Юрген Рыгтэрынк падпісалі пагадненьне аб вылучэньні «Віцебскаблводаканалу» пазыкі ў 15,5 млн эўра на ўстаноўку станцыяў ачысткі пітной вады ад дамешкаў жалеза ў 80 паселішчах Віцебскай вобласьці[44]. 3 сьнежня ў Менску Румас і Рыгтэрынк падпісалі пагадненьне аб вылучэньні 259 млн эўра на адбудову аўтадарогі М3 і 12 мастоў у Беларусі. Зь іх 133 млн эўра прызначалася для адбудовы 47 км аўтадарогі МЗ, што злучала Менск зь Віцебскам[45]. Па выніках 2019 году ўкладаньні ў Беларусі вырасьлі да 433 млн $ (390 млн эўра) у рамках 24-х пазычаньняў і прыцягнулі сындыкаваныя пазыкі на 40 млн эўра. Пры гэтым 26,8 млн эўра ўклалі на адбудову каналізацыі ў такіх гарадах, як Клецак, Любань, Фаніпаль, Баранавічы, Бяроза, Жлобін і Шклоў[46]. У 2019 годзе Беларусь узьнялася на 9-е месца сярод 38 краінаў, у якія ўкладаў ЭБРР[18]. Да 2021 году банк уклаў у Беларусі 2,802 млрд эўра. Дзейныя 142 пазыкі складалі 302 млн эўра, зь якіх 61% прыпадаў на прыватныя прадпрыемствы[47].

  1. ^ Галаўная сядзіба ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  2. ^ а б Пайшчыкі і Рада кіраўнікоў ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  3. ^ а б Фінансавая справаздача за 2022 год (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 18 траўня 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  4. ^ а б в г д е Пагадненьне «Аб заснаваньні Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця» (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж з Гісторыя ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  6. ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 1. Новая міжнародная ўстанова разьвіцьця // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 5—41. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
  7. ^ а б в г Асноўныя дакумэнты ЭБРР (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  8. ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 3. Складаныя раньнія гады // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 73—107. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
  9. ^ Эндру Кілпатрык. Глава 4. Аднаўленьне даверу // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 109—129. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
  10. ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 8. Справы навакольнага асяродзьдзя // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 221—247. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
  11. ^ Эндру Кілпатрык. Глава 12. Аднаўленьне, рост і выпуск // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 311—351. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
  12. ^ а б Сьвятлана Сьвілас. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 399. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  13. ^ а б ЭБРР прафінансаваў у Беларусі 47 праектаў па энэргаэфэктыўнасьці на суму $17,2 млн // БелТА, 23 чэрвеня 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  14. ^ БелТА. Кітай стаў акцыянэрам ЭБРР // Белтэлерадыёкампанія, 15 сьнежня 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  15. ^ а б Эндру Кілпатрык. Глава 5. Маштабаваньне празь фінансавыя ўстановы // Гісторыя ЭБРР = A History of the EBRD. — Будапэшт: Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт, 2020. — Т. 1. Пасьля Бэрлінскага муру. — С. 133—149. — 394 с. — ISBN 978-963-386-394-7
  16. ^ а б Вольга Мядзьведзева. Роўныя ўмовы і пачуцьцё абароненасьці // Мясцовае самакіраваньне. — 23 лістапада 2018. — № 47 (480). — С. 13.
  17. ^ ЭБРР у 2019 годзе перасягне мінулагодні рэкорд па інвэставаньні ў эканоміку Беларусі - Рыгтэрынк // БелТА, 4 сьнежня 2019 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
  18. ^ а б Варвара Марозава. ЭБРР разьлічвае, што Беларусь увойдзе ў пяцёрку краін, зь якімі банк супрацоўнічае // Газэта «Зьвязда», 6 лютага 2020 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
  19. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Прэзыдэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2020 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
  20. ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця актыўна супрацоўнічае зь Беларусьсю // Белтэлерадыёкампанія, 22 верасьня 2014 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  21. ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця бачыць магчымасьці для пашырэньня дзейнасьці ў Беларусі // Белтэлерадыёкампанія, 26 верасьня 2014 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  22. ^ Прэзыдэнт ЭБРР упершыню наведае Беларусь // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лютага 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  23. ^ Беларусь зацікаўлена ў разьвіцьці супрацоўніцтва з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця // БелТА, 18 лютага 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  24. ^ ЭБРР гатовы прыняць удзел у рэканструкцыі дарогі М10 на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнэрства // БелТА, 19 лютага 2015 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  25. ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця інвэстуе ў беларусак // БелТА, 4 сакавіка 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  26. ^ Сьвятлана Міховіч. ЭБРР і БНБ-Банк падпісалі крэдытнае пагадненьне на $3 млн па праграме «Жанчыны ў бізнэсе» // БелТА, 14 ліпеня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  27. ^ Ілона Красуцкая. Вынікі сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы і віцэ-прэзыдэнта Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця // Белтэларадыёкампанія, 17 сакавіка 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  28. ^ «Зубр Капітал» запускае ў Беларусі фонд прамых інвэстыцый аб’ёмам $50 млн // БелТА, 5 верасьня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  29. ^ Юлія Вогнева. ЭБРР выдзеліў «Белінвэстбанку» крэдыт на 8 млн эўра на фінансаваньне ўстойлівай энэргетыкі // БелТА, 27 верасьня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  30. ^ Сьвятлана Міховіч. ЭБРР плянуе пашырыць дыяпазон работы ў Беларусі за кошт праектаў у сфэры ЖКГ і ІТ // БелТА, 22 лістапада 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  31. ^ На рэканструкцыю ачышчальных збудаваньняў у Лідзе, Оршы і Полацку будзе прыцягнута 30 млн эўра інвэстыцый // БелТА, 20 сьнежня 2016 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  32. ^ ЭБРР адкрые «МТБанку» крэдытную лінію на 9 млн эўра на разьвіцьцё МСП // БелТА, 20 чэрвеня 2017 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  33. ^ ЭБРР прадаставіць сямігадовы крэдыт у памеры 15 млн эўра беларускай дрэваапрацоўчай кампаніі // БелТА, 6 ліпеня 2017 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  34. ^ Юлія Дылянок. ЕС выдзеліць 6 млн еўра на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі // БелТА, 13 верасьня 2017 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  35. ^ Сяргей Куркач. Фінансаваньне малога бізнэсу // Зьвязда : газэта. — 16 верасьня 2017. — № 179 (28543). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  36. ^ ЭБРР плянуе ў 2018 годзе павялічыць аб’ём фінансаваньня праектаў у Беларусі // БелТА, 24 студзеня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  37. ^ ЭБРР інвэстуе ў фармацэўтычную галіну Беларусі да 5 млн эўра // БелТА, 25 студзеня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  38. ^ «МТБанк» і ЭБРР заключылі пагадненьне аб прадастаўленьні сынтэтычнага крэдыту ў беларускіх рублях для фінансаваньня малога і сярэдняга бізнэсу // БелТА, 20 сакавіка 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  39. ^ Беларусь і ЭБРР падпісалі крэдытнае пагадненьне па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі Р-80 // БелТА, 27 сакавіка 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  40. ^ ЭБРР прадаставіў «МТБанку» і «БНБ-Банку» крэдыты па Br20 млн на фінансаваньне МСП // БелТА, 30 жніўня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  41. ^ ЭБРР пашырае праграму крэдытаваньня ў беларускіх рублях // БелТА, 1 кастрычніка 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  42. ^ Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця падтрымае беларускі бізнэс // Белтэлерадыёкампанія, 10 сьнежня 2018 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  43. ^ Беларусь заўсёды будзе надзейным партнэрам для Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця - Лукашэнка // БелТА, 4 сакавіка 2019 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.
  44. ^ Беларусь і ЭБРР падпісалі тры дакумэнты па пашырэньні супрацоўніцтва // БелТА, 11 чэрвеня 2019 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
  45. ^ ЭБРР выдзяляе 259 млн эўра на рэканструкцыю ў Беларусі 12 мастоў і трасы М3 // БелТА, 3 сьнежня 2019 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
  46. ^ ЭБРР устанавіў новы рэкорд па інвэстыцыях у эканоміку Беларусі // БелТА, 13 студзеня 2020 г. Праверана 18 верасьня 2023 г.
  47. ^ Беларусь (анг.) // Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, 2023 г. Праверана 12 верасьня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць