Банк

фінансавая ўстанова

Банк (італ. bancoкрама мянялы) — фінансавае прадпрыемства, якое займаецца акумуляцыяй часова свабодных грашовых актываў рынку ў выглядзе ўнёскаў, дае іх у часовае карыстаньне ў выглядзе крэдытаў, а таксама пасярэднічае ва ўзаемаразьліках паміж прадпрыемствамі, установамі і фізычнымі асобамі, удзельнічае ў рэгуляваньні грашовага абарачэньня ў краіне, у тым ліку ў эмісіі грошай.

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (2016 г.)

Мае статутны і рэзэрвовы фонды. Паводле формы ўласнасьці бывае: акцыянэрны, дзяржаўны, замежны, зьмешаны (з удзелам дзяржавы), індывідуальны, камунальны (муніцыпальны), міждзяржаўны, партнэрскі, сумесны (з удзелам замежнага капіталу), узаемны (каапэратыўны). Паводле прызначэньня і кшталту дзейнасьці: ашчадны, зьнешнегандлёвы, інвэстыцыйны, іпатэчны, камэрцыйны, цэнтральны. Банкаўскую сыстэму ачольвае цэнтральны банк, які валодае выключным правам выпуску грошай і часта належыць дзяржаве. Паводле зьнешнеэканамічнай дзейнасьці бывае: рэзыдэнт (мае ўлік у межах дзяржавы), нерэзыдэнт (замежны). Банк-эмітэнт выпускае ўласныя каштоўныя паперы[1].

Клясыфікацыя

рэдагаваць
 
1970

Адрозьніваюць дзьве галоўныя групы банкаў, якія ўтвараюць двухузроўневую нацыянальную банкаўскую сыстэму:

  • Нацыянальныя або Цэнтральныя банкі, якія ў сваіх краінах
    • рэгулююць грашовае абарачэньне
    • ажыцьцяўляюць грашовую эмісію
    • рэгулююць крэдыт і абменны курс
    • кантралююць дзейнасьць камэрцыйных банкаў, служаць «банкам банкаў»
    • захоўваюць нацыянальныя рэзэрвы і запасы грашовых сродкаў і золатам.
  • Камэрцыйныя банкі — часьцей за ўсё недзяржаўныя банкі, якія выконваюць багата апэрацыяў, абслугоўваючыя пераважна прадпрыемствы, фірмы, арганізацыі, а таксама прыватных асобаў. Асноўныя функцыі камэрцыйных банкаў:

Камэрцыйныя банкі могуць быць унівэрсальнымі ці спэцыялізаванымі: ашчаднымі, інвэстыцыйнымі, гіпатэчнымі, клірынґавымі.

Унівэрсальныя камэрцыйныя банкі — крэдытна-фінансавыя ўстановы, што ажыцьцяўляюць поўны комплекс банкаўскай дзейнасьці.

Спэцыялізаваныя камэрцыйныя банкі — крэдытна-фінансавыя ўстановы, што між напрамкаў банкаўскай дзейнасьці вызначаюць прыярытэтныя і спэцыялізуюцца на іх рэалізацыі.

Банкаўскія апэрацыі

рэдагаваць

Паводле 14-га артыкула Банкаўскага кодэксу Рэспублікі Беларусь 2000 году, «Да банкаўскіх апэрацыяў належаць:

  • прыцягненьне грашовых сродкаў фізычных і юрыдычных асобаў на рахункі і ва ўклады»;
  • разьмяшчэньне «прыцягнутых грашовых сродкаў ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасьці, платнасьці і тэрміновасьці;
  • адкрыцьцё і вядзеньне банкаўскіх рахункаў фізычных і юрыдычных асобаў;
  • адкрыцьцё і вядзеньне рахункаў у каштоўных мэталах;
  • ажыцьцяўленьне разьліковага і касавага абслугоўваньня фізычных і юрыдычных асобаў, у тым ліку банкаў-карэспандэнтаў;
  • валютна-абменныя апэрацыі;
  • купля-продаж каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў»;
  • «прыцягненьне і разьмяшчэньне каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў ва ўклады фізічных і юрыдычных асобаў;
  • выдача банкаўскіх гарантыяў (паручальніцтваў);
  • давернае кіраваньне фондам банкаўскага кіраваньня на падставе дамовы давернага кіраваньня фондам банкаўскага кіраваньня;
  • давернае кіраваньне грашовымі сродкамі паводле дамовы давернага кіравання грашовымі сродкамі;
  • інкасацыя наяўных грашовых сродкаў, плацежных інструкцыяў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасьцяў;
  • выпуск у абарачэньне банкаўскіх аплатных картак;
  • выпуск у абарачэньне электронных грошай;
  • выдача каштоўных папераў, якія пацьвярджаюць прыцягненьне грашовых сродкаў ва ўклады і разьмяшчэньне іх на рахункі;
  • фінансаваньне пад саступку грашовага патрабаваньня (факторынг);
  • даваньне фізычным і юрыдычным асобам спэцыяльных памяшканьняў або сэйфаў, якія знаходзяцца ў іх, для банкаўскага захоўваньня дакумэнтаў і каштоўнасьцяў (грашовых сродкаў, каштоўных папераў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў);
  • перавозка наяўных грашовых сродкаў, плацежных інструкцыяў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў і іншых каштоўнасьцяў між банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі, іх адасобленымі і структурнымі падразьдзяленьнямі, а таксама дастаўка такіх каштоўнасьцяў кліентам банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў»[2].

Таксама банкі маюць права ажыцьцяўляць:

  • «паручальніцтва за трэціх асобаў, якое прадугледжвае выкананьне абавязкаў у грашовай форме;
  • давернае кіраваньне каштоўнымі мэталамі і каштоўнымі камянямі;
  • зьдзелкі з каштоўнымі мэталамі і каштоўнымі камянямі;
  • лізінгавую дзейнасьць;
  • кансультацыйныя і інфармацыйныя паслугі;
  • выпуск, продаж, куплю каштоўных папераў і іншыя апэрацыі з каштоўнымі паперамі;
  • залік узаемных грашовых і іншых фінансавых патрабаваньняў і абавязкаў і вызначэньне чыстых пазыцыяў (клірынгавая дзейнасьць)»;
  • апэрацыі «з памятнымі банкнотамі, памятнымі і зьліткавымі манэтамі»[2].

Згодна з 15-м артыкулам Банкаўскага кодэксу Беларусі, банкаўскія апэрацыі падзяляліся на 3 віды:

  • Актыўныя — «даваньне грашовых сродкаў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў» (крэдыт, факторынг, паручальніцтва);
  • Пасіўныя — «прыцягненьне грашовых сродкаў, каштоўных мэталаў і каштоўных камянёў» (уклад, разьліковы рахунак, давернае кіраваньне);
  • Пасярэдніцкія — «садзейнічаньне ажыцьцяўленьню банкаўскай дзейнасьці» (разьлікі — банкаўскі і грашовы перавод, акрэдытыў, інкаса; абмен валюты, банкаўскае захоўваньне, інкасацыя)[2];

Мінуўшчына

рэдагаваць

Вытокі банкаўскай справы адносяцца да практыкі захоўваньня каштоўных мэталаў у супольнасьцях жрацоў і мяняльнай справы ў рабаўладальніцкім грамадзтве. Як самастойныя ўстановы банкі ўзьніклі ў Сярэднявеччы, крэдытавалі пераважна каралёў і князёў. У 16 стагодзьдзі ў буйных местах (Амстэрдам і Гамбург) жырабанкі, якія ажыцьцяўлялі безнаяўныя разьлікі між сваімі кліентамі. Сучасныя правілы банкаўскай справы найперш утварыліся ў Ангельшчыне[1].

На 1996 год дзейнічалі 3 віды банкаўскай сыстэмы: 1) нацыянальная — адной краіны звычайна на чале з цэнтральным банкам і з адной грашовай адзінкай; 2) рэгіянальная — забясьпечвае зацікаўленасьці некалькіх дзяржаваў і ва ўзаемных разьліках зьвязаная асобнымі гаспадарчымі дачыненьнямі); 3) міжнародная — для разьлікаў у міжнародным (сусьветным) маштабе. Сярод нацыянальных банкаўскіх сыстэмаў вылучалася швайцарская, банкі якой дзякуючы працягламу нэўтралітэту гэтай краіны захоўвалі тайну банкаўскіх укладаў, мелі істотныя запасы золата і таму былі прыцягальнымі для замежных укладнікаў. Сярод рэгіянальных банкаўскіх сыстэмаў вылучаліся эўрапейская і ціхаакіянская. Па ўзроўні задзіночанасьці Эўрапейская валютная сыстэма набліжалася да нацыянальнай. Аснову міжнароднай банкаўскай сыстэмы складалі Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця і Банк міжнародных разьлікаў. Найбольшымі замежнымі банкамі сьвету былі: «Сумітома банк» (Осака, Японія), «Фудзі банк» (Токіё, Японія), «Сіці» (Нью-Ёрк, ЗША), «Чэйз-Мангэтан банк» (Нью-Ёрк, ЗША), «Банк "Амэрыка"» (Сан-Францыска, штат Каліфорнія, ЗША), «Баркліз банк» (акруга Таўэр-Гамлетс, графства Вялікі Лёндан, Ангельшчына), «Нацыянальны Ўэстмінстэрскі банк» (горад Лёндан, Ангельшчына), «Мідлэндскі банк» (горад Лёндан, Ангельшчына), «Амстэрдамска-ратэрдамскі банк» (Амстэрдам, Нідэрлянды), «Банк сьвятога Паўла» (Турын, Італія), «Каралеўскі банк Канады» (Атава, Канада), «Земляробчы крэдыт» (Монруж, дэпартамэнт Вярхоўі Сэны, Францыя), «Нацыянальны банк Парыжу» (Францыя), «Агульнае таварыства» (Парыж, Францыя), «Нямецкі банк» (Франкфурт-на-Майне, Нямеччына), «Дрэздэнскі банк» (зямля Саксонія, Нямеччына), «Камэрцбанк» (Францфурт-на-Майне, Нямеччына), «Зьвяз швайцарскіх банкаў» (Цюрых, Швайцарыя), «Швайцарскі банк» (Базэль, Швайцарыя). У дзясятку найбольшых банкаў уваходзіла найбольш японскіх, сярод якіх найбольшы «Сумітома банк». Банкаўская справа ў сусьветным маштабе прадугледжвала выкарыстаньне электронных разьлікаў праз Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі (ТСМФС, анг. SWIFT; Ля-Юльп, правінцыя Валёнскі Брабант, рэгіён Валёнія, Бэльгія), безнаяўных разьлікаў пры дапамозе плястыкавых аплатных картак[1].

Беларусь

рэдагаваць

8 студзеня 1870 г. Сэнат Расейскай імпэрыі зацьвердзіў Указ аб заснаваньні ў Гомелі мескага грамадзкага банка, што было зьвязана з будаўніцтвам чыгункі. 10 верасьня 1873 году буйныя памешчыкі і купцы заснавалі Менскі камэрцыйны банк (асноўны капітал 1,5 млн рас.рублёў), які стаў першым такім банкам у Беларусі. Менскі камэрцыйны банк адчыніў у Беларусі 3 аддзяленьні ў Гомелі (Магілёўская губэрня), Магілёве і Пінску (Менская губэрня), а таксама 9 аддзяленьняў на землях сучаснай Латвіі (Лібава) і Ўкраіны (Белая Царква, Варажба, Жытомір, Канатоп, Ромны, Роўна, Сумы, Чаркасы)[3]. У 1881—1884 гадах Дзяржаўны банк Расейскай імпэрыі адчыніў аддзяленьні ў Менску, Віцебску, Магілёве і Горадні, якія былі цэнтрамі губэрняў. На 1 студзеня 1914 году балянс гэтых 4-х аддзяленьняў склаў 32,5 млн расейскіх рублёў. Пры канцы 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзя расейскія камэрцыйныя банкі адчынілі ўласныя аддзяленьні ў беларускіх губэрнях. На 1 студзеня 1914 году свае аддзяленьні ў Беларусі адчынілі наступныя банкі Расейскай імпэрыі: Злучаны (балянс 5,6 млн рас.рублёў), Расейска-азіяцкі (13,1 млн руб.), Віленскі прыватны (11,5 млн руб.), Азоўска-данскі (7,3 млн руб.), Маскоўскі (1,4 млн руб.), Расейска-францускі (2,8 млн руб.). Праз аддзяленьні гэтых банкаў у Беларусь ішоў паток кароткатэрміновых пазыковых капіталаў зь іншых краёў Расейскай імпэрыі. На 1 студзеня 1914 г. агульны аб’ём крэдытных укладаньняў склаў 38,6 млн рас.рублёў. Дзейнічалі таксама таварыствы ўзаемнага крэдыту, крэдытныя каапэратывы, мескія грамадзкія банкі. Спадарожна ўзьніклі банкірскія дамы і канторы, разьвіўся ліхвярскі крэдыт і пранік замежны капітал, бо існыя ўстановы недастаткова задавальнялі патрэбы гандлю і прамысловасьці ў крэдыце. Свае аддзяленьні адчынілі іпатэчныя банкі: акцыянэрныя зямельныя Віленскі, Маскоўскі, Санкт-Пецярбурска-Тульскі, дзяржаўны Сялянскі пазямельны (дзейнасьць з 1883 году), Дваранскі зямельны (з 1885 г.)[1].

 
Галаўная сядзіба «Беларусбанка» (Менск, 2016 г.)

3 студзеньня 1922 году ў Менску адчынілі Беларускую кантору Дзяржаўнага банка Расейскай СФСР (з 1923 г. СССР), што заклала пачатак савецкай банкаўскай сыстэмы ў Беларускай ССР. У 1923–1925 гг. аддзяленьні адчынілі Прамбанк і Ўсесаюзны каапэратыўны банк. У 1924 г. заснавалі Белсельбанк. У 1925 г. адчынілі Белкамунбанк. На 1940 год у Беларускай ССР працавалі 10 абласных кантораў і 184 аддзяленьні Дзяржаўнага банка СССР, у якіх было 4087 супрацоўнікаў. Пасьля 1959 г. засталіся Беларускія канторы Дзяржаўнага банка СССР і Будбанка СССР. 14 сьнежня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР зацьвердзіў Законы «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасьці ў Беларускай ССР», што заклала пачатак утварэньню нацыянальнай банкаўскай сыстэмы Беларусі на чале з Нацбанкам. 21 сьнежня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР ухваліў Пастанову, паводле якой абвясьціў уласнасьцю Беларускай ССР аддзяленьні банкаў СССР, разьмешчаныя ў межах БССР[3]. На 1 студзеня 1996 году ў Беларусі налічвалася 42 камэрцыйныя банкі, найбольшымі зь якіх паводле статутнага фонду былі: акцыянэрны ашчадны «Беларусьбанк» (184 970,1 млн беларускіх рублёў і 12 555,1 тыс. ЭКЮ), акцыянэрны камэрцыйны «Прыёрбанк» (117 742,9 млн руб. і 7992 тыс. ЭКЮ), акцыянэрны камэрцыйны «Пошук» (69 347,4 млн руб і 4707,1 тыс. ЭКЮ), «Белпрамбудбанк» (49 942,5 млн руб. і 3389,9 тыс. ЭКЮ), «Белзьнешэканомбанк» (47 823,2 млн руб. і 296,7 тыс. ЭКЮ), акцыянэрнае таварыства «Інвэстбанк» (40 776 млн руб. і 2467,7 тыс. ЭКЮ), «Белбізнэсбанк» (40 334,2 млн руб. і 2737,7 тыс. ЭКЮ), «Белаграпрамбанк» (36 млрд руб. і 2443,6 тыс. ЭКЮ), «Садружнасьць» (35 291,3 млн руб. і 2395,4 тыс. ЭКЮ), «Белсувязьбанк» (31 681,6 і 2150,4 тыс. ЭКЮ), «Менскі транзытны банк» (31 483,3 млн руб. і 2137 тыс. ЭКЮ), акцыянэрны рэгіянальны камэрцыйны банк «Комплекс» (31 192 млн руб. і 2117,2 тыс. ЭКЮ), «Масбізнэсбанк» (30 391,7 млн руб. і 2090 тыс. ЭКЮ), «Беларускі біржавы банк» (30 589 млн руб. і 2076,3 тыс. ЭКЮ), спэцялізаваны камэрцыйны «Тэхнабанк» (30 518,2 млн руб. і 2071,5 тыс. ЭКЮ), «Беларускі народны банк» (29 794 млн руб. і 2022,3 тыс. ЭКЮ) і «Берасьцекамбанк» (29 614,8 млн руб. і 2010,1 тыс. ЭКЮ)[1].

25 кастрычніка 2000 г. А.Лукашэнка падпісаў Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь з 6-і разьдзелаў, якія складаліся з 27 главаў і налічвалі 290 артыкулаў. Паводле 8-га артыкула Банкаўскага кодэксу, «Банк – юрыдычная асоба, якая мае выключнае права ажыцьцяўляць у сукупнасьці (3) наступныя банкаўскія аперацыі: 1) прыцягненьне грашовых сродкаў фізычных і юрыдычных асобаў на рахункі і ва ўклады; 2) разьмяшчэньне ... прыцягнутых грашовых сродкаў ад свайго імя і за свой кошт на ўмовах зваротнасьці, платнасьці і тэрміновасьці; 3) адкрыцьцё і вядзеньне банкаўскіх рахункаў фізычных і юрыдычных асобаў». Паводле 10-га артыкула кодэксу, прадметам «банкаўскіх правадачыненьняў ёсьць грошы (валюта), каштоўныя паперы, каштоўныя мэталы і каштоўныя камяні». Згодна са 121-м артыкулам, «Зьвесткі аб рахунках і ўкладах, у тым ліку аб наяўнасьці рахунка ў банку, яго ўладальніку, нумары і іншых рэквізытах рахунка, памеры сродкаў, якія знаходзяцца на рахунках і ва ўкладах, а таксама зьвесткі аб канкрэтных зьдзелках, аб апэрацыях без адкрыцьця рахунка, апэрацыях па рахунках і ўкладах, а таксама аб маёмасьці, якая знаходзіцца на захоўваньні ў банку, ёсьць банкаўскай таямніцай і не падлягаюць выдачы». Паводле 122-га артыкула, «Банкі ня маюць права даваць: крэдыты Ўраду Рэспублікі Беларусь; ільготныя ўмовы інсайдэрам і работнікам банка, Нацыянальнага банка пры ажыцьцяўленьні банкаўскіх апэрацыяў»[2]. На 2012 г. статутны фонд банка ў Беларусі меў складаць прынамсі 5 млн эўра[4]. 23 чэрвеня 2015 г. Кіраўніцтва Нацбанка Беларусі зацьвердзіла Пастанову № 380 «Аб мінімальным памеры статутнага фонду банка», які з 2016 году склаў 45 млн (дэнамінаваных) беларускіх рублёў ($22,5 млн)[5].

На 1 студзеня 2017 году сродкі 25 банкаў Беларусі разам склалі 62,956 млрд рублёў ($32,145 млрд; 66,8 % СУП Беларусі), зь іх: крэдыты кліентам — 35,022 млрд руб. ($17,882 млрд; 55,6 % сродкаў), каштоўныя паперы — 15,959 млрд руб. ($8,149 млрд; 25,3 % сродкаў), сродкі ў банках — 4,989 млрд руб. ($2,547 млрд; 7,9 % сродкаў). Абавязкі банкаў склалі 54,532 млрд рублёў (86,6 % сродкаў): сродкі кліентаў — 37,737 млрд руб. ($19,268 млрд; 69,2 % абавязкаў), сродкі банкаў — 12,591 млрд руб. ($6,429 млрд; 23,1 % абавязкаў), выпушчаныя банкам каштоўныя паперы — 3,246 млрд руб. ($1,657 млрд; 6 % абавязкаў). Пагатоў за 2016 год прыбытак банкаў Беларусі разам склаў 883,905 млн рублёў ($451,317 млн). Найбольшы даход банкам прынесьлі: адсоткі за пазыкі — 6,93 млрд рублёў ($3,538 млрд), камісійныя зборы — 1,236 млрд руб. ($631,3 млн), валютныя апэрацыі — 452,6 млн руб.[6] ($231,1 млн)[7]. За 2016 год банкі Беларусі ажыцьцявілі 6869 дакумэнтарных апэрацыяў, зь іх: 3665 гарантыяў (паручальніцтваў), 3095 акрэдытываў і 109 інкаса. Агульны аб’ём дакумэнтарных апэрацыяў склаў $4539,6 млн, зь іх: паручальніцтвы — $2311,8 млн (50,9 %), акрэдытывы — $2219,4 млн (48,9 %), інкаса — $8,4 млн (0,2 %)[8].

Камэрцыйныя банкі Беларусі паводле статутнага капіталу[9]
Віды Дзяржаўны Замежны Прыватны Разам
Буйны* 3 3 0 6
Сярэдні** 1 3 1 5
Малы 1 8 4 13
Разам 5 14 5 24
*Мае звыш 5 % сродкаў банкаўскай галіны


**Мае звыш 5 % сродкаў небуйных банкаў

На 1 студзеня 2017 году статутны фонд 24 камэрцыйных банкаў Беларусі разам складаў 4719,7 млн рублёў ($2409,9 млн), уласьнікамі якога былі: дзяржава — 80,28 %, нерэзыдэнты (замежнікі) — 16,69 %, іншыя (прыватнікі) — 3,03 %. Пагатоў сродкі банкаў паводле ўласьніка прыпадалі на: дзяржаўныя — 66,65 %, замежныя — 30,78 %, прыватныя — 2,57 %. Паводле велічыні банкаў сродкі разьмяркоўваліся наступным чынам: буйныя — 84,11 %, сярэднія — 10,91 %, малыя — 4,98 %[9]. На 1 верасьня 2017 г. сукупны памер нарматыўнага капіталу банкаў Беларусі склаў 9,572 млрд рублёў[10] ($4,946 млрд). З 1 кастрычніка 2017 г. найменшы памер нарматыўнага капіталу банка склаў 51,71 млн рублёў[11] ($26,352 млн).

  1. ^ а б в г д В.Ф. Дашкевіч. Банк // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 280=281. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  2. ^ а б в г А.Лукашэнка. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2000 г. № 441-З // Прававы партал Рэспублікі Беларусь «Эталон-Анлайн», 16 ліпеня 2016 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  3. ^ а б Банкі на тэрыторыі Беларусі (Гісторыя банкаўскай сыстэмы) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  4. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Крэдыт — толькі дапамога прадпрыемству // Зьвязда : газэта. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Павал Калавур. Пастанова Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 23 чэрвеня 2015 г. № 380 «Аб мінімальным памеры статутнага фонду банка» (рас.) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 22 сакавіка 2016 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  6. ^ Банкі – разам: бухгальтарскі балянс і справаздача аб прыбытках і стратах на 1 студзеня 2017 г. // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  7. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 01.01.2017 (1,9585 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  8. ^ Зьвесткі пра рынак дакумэнтарных апэрацыяў у 2016 годзе (рас.) // Нацыянальны банк Беларусі, 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  9. ^ а б Банкаўскі сэктар Рэспублікі Беларусь: кароткая характарыстыка ўстойлівасьці функцыянаваньня (на 1 студзеня 2017 г.) (рас.) // Нацыянальны банк Беларусі, 1 студзеня 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  10. ^ Сукупны памер нарматыўнага капіталу банкаў Рэспублікі Беларусь // Нацыянальны банк Беларусі, 27 верасьня 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.
  11. ^ Мінімальны памер нарматыўнага капіталу банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі на I – IV кварталы 2017 г. // Нацыянальны банк Беларусі, 1 кастрычніка 2017 г. Праверана 19 кастрычніка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць