Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў

Каардынаты: 38°53′48″ пн. ш. 77°02′33″ з. д. / 38.89667° пн. ш. 77.0425° з. д. / 38.89667; -77.0425

Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў — міжнародная арганізацыя, заснаваная ў красавіку 1988 году ў Вашынгтоне (ЗША) у складзе Групы Сусьветнага банку ў якасьці адмысловай установы ААН. Асноўныя задачы: доўгатэрміновае страхаваньне прыватных укладаньняў у разьвіцьцё дзяржаваў-удзельніцаў на выпадак адбору маёмасьці, вайны і незаконнага пераводу плацяжоў; адкрыцьцё дарадчых службаў[3]. Галаўная сядзіба месьціцца ў Вашынгтоне (ЗША). Службовай мовай зьяўляецца ангельская.

Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў
анг. Multilateral Investment Guarantee Agency
Удзельнікі
Дзяржавы-ўдзельніцы (2015 год)
Абрэвіятура АШАІ
Дэвіз Страхуем укладаньні, страхуем магчымасьці
Дата ўтварэньня 12 красавіка 1988 (29 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта Заахвочваньне прытоку ўкладаньняў на вытворчыя задачы ў разьвіцьцёвыя краіны-ўдзельніцы
Штаб-кватэра ЗША, г. Вашынгтон, Паўночна-Заходняя чвэрць, вул. Джы (анг. G), д. 1800
Месцазнаходжаньне Францыя, Парыж, Енскі праспэкт, д. 66
Дзейнічае ў рэгіёнах Сынгапур, Сэнэгал, Францыя
Сяброўства 180 дзяржаваў (2017 г.)
Афіцыйныя мовы ангельская
Кіраўніца Кейка Хонда[1]
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў
Матчына кампанія Група Сусьветнага банку
Бюджэт $48,1 млн (2016 г.)[2]
Сайт miga.org
Заўвагі Часам памылкова называецца: (Шматбаковае або) Міжнароднае агенцтва гарантыі інвэстыцыяў [МАГІ]

Зьмест

КіраваньнеРэдагаваць

  • Рада кіраўнікоў. Складаецца з кіраўнікоў і іх намесьнікаў ад кожнага ўраду-ўдзельніка. Намесьнік галасуе пры адсутнасьці кіраўніка ад свайго ўраду. Агульны лік галасоў кожнага кіраўніка складаецца са 177 галасоў і ліку галасоў, якія адпавядаюць ліку паёў Агенцтва, на якія падпісаўся ягоны ўрад-удзельнік (177 + лік паёў паводле падпіскі). Склікаецца штогод. Паўнамоцная пры ўдзеле большасьці кіраўнікоў з прынамсі 2/3 агульнага ліку галасоў. Абірае ўласнага старшыню зь ліку кіраўнікоў. Вызначае склад і тэрмін паўнамоцтваў Рады дырэктароў, як і заробкі дырэктароў і іх намесьнікаў. Прымае і выключае ўдзельнікаў. Вызначае памер капіталу і мяжу накапленьня абавязкаў Агенцтвам. Можа вызначыць дзяржаву-ўдзельніцу ў якасьці разьвіцьцёвай краіны-ўдзельніцы, што надае права на страхаваньне ўкладаньняў у ёй.
  • Рада дырэктароў. Складаецца прынамсі з 12 дырэктароў. Ад 1 лістапада 2010 г., паводле пастановы Рады кіраўнікоў, налічвалася 25 выканаўчых дырэктароў. Чвэрць (6) дырэктароў абіраецца кожным кіраўніком па адным ад ураду-ўдзельніка з найбольшым лікам паёў. Іншыя выканаўчыя дырэктары абіраюцца галасамі астатніх кіраўнікоў. Кожны дырэктар можа прызначыць па намесьніку для галасаваньня пры яго адсутнасьці. Таксама кожны выканаўчы дырэктар валодае тым лікам галасоў, якім яго абралі. Паўнамоцная пры ўдзеле большасьці кіраўнікоў з прынамсі паловай агульнага ліку галасоў. Вызначае дадатковыя свабодна канвэрсуемыя валюты, віды і ўмовы для ўкладаньняў, падлеглых страхаваньню. Прызначае старшыню Агенцтва і зацьвярджае пададзены ім штогадовы каштарыс даходаў і выдаткаў Агенцтва.
  • Старшыня. Прызначае і звальняе супрацоўнікаў. Зацьвярджае дамовы парукі пад кіраўніцтвам Рады дырэктароў[4].

На 2017 г. Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў (АШАІ) мела 3 замежныя прадстаўніцтвы:

Паводле 35-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў», «Агенцтва мае ў адпаведнасьці з умовамі дадзенага Пагадненьня супрацоўнічаць з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў і зь іншымі міжурадавымі арганізацыямі, якія маюць адмысловыя абавязкі ў сумежных галінах, у тым ліку ў прыватнасьці з Банкам (Міжнародным банкам рэканструкцыі і разьвіцьця) і Міжнароднай фінансавай карпарацыяй»[4].

ГаласаваньнеРэдагаваць

Паводле 39-га артыкулу Пагадненьня «Аб заснаваньні Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў», «кожны ўдзельнік мусіць мець 177 сяброўскіх галасоў з даданьнем 1 падпіснога голасу за кожны пай акцыяў, які належыць гэтаму ўдзельніку»[4]. На 30 верасьня 2016 г. шасьцю дзяржавамі-ўдзельніцамі з найбольшым лікам галасоў, кожная зь якіх прызначала ўласнага прадстаўніка ў Раду дырэктароў, былі: 1) ЗША — 32 790 галасоў (15,02%); 2) Японія — 9205 (4,22%); 3) Нямеччына — 9162 (4,2%); 4) Францыя — 8791 (4,03%); 5) Вялікабрытанія — 8791 (4,03%); 6) Кітай — 5762 (2,64%). У выніку разам гэтыя 6 дзяржаваў мелі 34,14% галасоў. Таксама налічвалася 12 іншых урадаў-удзельнікаў, якія мелі звыш 1% галасоў: Расея (2,64%; 5754), Саудаўская Арабія (2,64%; 5754), Індыя (2,56%), Канада (2,5%), Італія (2,38%), Нідэрлянды (1,85%), Бэльгія (1,74%), Аўстралія (1,49%), Швайцарыя (1,31%), Бразылія (1,3%), Гішпанія (1,14%) і Аргентына (1,12%). Урад Беларусі валодаў 0,21% (459) галасоў. Урады 4 іншых сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама мелі менш за 1% галасоў: Украіна — 0,72%, Польшча — 0,45%, Летува — 0,19% і Латвія — 0,18%. Агулам у 180 урадаў-удзельнікаў налічвалася 218 237 галасоў. Звыш за палову галасоў (109 136; 50,01%) было ў 25 урадаў-удзельнікаў з 1-й катэгорыі (разьвітыя краіны), якія выдаткоўвалі на страхаваньне ўкладаньняў у 155 дзяржавах-удзельніцах 2-й катэгорыі (разьвіцьцёвыя краіны). Беларусь і ўсе 5 сумежных зь ёй краінаў былі ў ліку 155 дзяржаваў-удзельніцаў 2-й катэгорыі (разьвіцьцёвыя краіны), што давала права на атрыманьне страхаваньня ўкладаньняў у іх з боку АШАІ. Да ліку 25 урадаў-удзельнікаў 1-й катэгорыі (разьвітых краінаў) належалі: ЗША, Японія, Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія, Канада, Італія, Нідэрлянды, Бэльгія, Аўстралія, Швайцарыя, Гішпанія, Швэцыя (0,95% галасоў), Аўстрыя (0,73%), Данія (0,68%), Нарвэгія (0,67%), Фінляндыя (0,59%), Чэхія (0,46%), Партугалія (0,41%), Ірляндыя (0,4%), Новая Зэляндыя (0,34%), Грэцыя (0,33%), Люксэмбург (0,2%), Славенія (0,19%) і Ісьляндыя (0,14%)[6].

На 2 лютага 2017 г. Рада дырэктароў АШАІ ўлучала 6 прызначэнцаў з адпаведным адсоткам галасоў (разам 34,14%): ад ЗША з 15,02%, ад Японіі з 4,22%, ад Нямеччыны з 4,2%, ад Францыі і Вялікабрытаніі з 4,17% кожны і ад Кітаю з 2,64% (5756). Урад Саудаўскай Арабіі таксама абіраў дырэктара выключна за кошт уласных 2,64% галасоў (5754). Астатнія 18 дырэктароў, якія разам атрымлівалі 63,22% галасоў, выбіраліся больш як ад аднаго ўраду (ад 173). Урад Беларусі падтрымліваў дырэктара ад Бэльгіі, які меў 2-і найбольшы адсотак галасоў (4,99%) сярод выбраных. Украіна падтрымлівала прадстаўніка Нідэрляндаў з найбольшым адсоткам галасоў (5,31%) сярод выбраных. Латвія і Летува — дырэктара ад Даніі (3,56%). Урад Польшчы — прадстаўніка Швайцарыі (3,11%). Урад Расеі меў уласнага выканаўчага дырэктара (2,88%), якога падтрымліваў урад Сырыі[7].

СродкіРэдагаваць

Паводле 5-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў», першапачаткова «Статутны капітал Агенцтва мае складаць 1 млрд спэцыяльных правоў запазычваньня (СПЗ). Акцыянэрны капітал мае падзяляцца на 100 000 паёў, кожны зь якіх мае намінальную вартасьць у 10 000 СПЗ і якія маюць быць даступнымі для падпіскі ўдзельнікам. Усе плацежныя абавязкі ўдзельнікаў датычна акцыянэрнага капіталу маюць уладжвацца на аснове сярэдняй вартасьці СПЗ у далярах ЗША за час ад 1 студзеня 1981 году да 30 чэрвеня 1985 году, калі такая вартасьць складала 1,082 даляра ЗША за СПЗ». Паводле 6-га артыкула Пагадненьня, «Ніводны ўдзельнік ня мае падпісвацца менш як на 50 паёў». Паводле 7-га артыкула, «Цягам 90 дзён з даты набыцьця моцы дадзеным Пагадненьнем у дачыненьні ўдзельніка, 10% цаны кожнага пая маюць аплочвацца грашыма». «Рэшта падлягае запатрабаваньню Агенцтвам, калі патрабуецца выканаць яго абавязкі». Паводле 8-га артыкула, «Аплата падпісак мае ажыцьцяўляцца ў свабодна канвэрсуемых валютах (вызначаных МВФ або Радай дырэктароў) за выключэньнем аплаты разьвіцьцёвымі краінамі-ўдзельніцамі, якія могуць яе ажыцьцяўляць ва ўласных валютах у памеры да 25% грашовай часткі падпіскі» на паі (акцыі)[4].

Паводле 18-га артыкула Пагадненьня, «Пасьля аплаты або згоды заплаціць пакрыцьцё парукатрымальніку Агенцтва мае атрымаць такія правы або дамаганьні, звязаныя з гарантаваным укладаньнем, якія парукатрымальнік мог мець у дачыненьні краіны-гаспадыні і іншых даўжнікоў. Дамова парукі мае зьмяшчаць тэрміны і ўмовы такой субрагацыі». Згодна з 26-м артыкулам, «Агенцтва мае ўстанаўліваць і пэрыядычна пераглядаць стаўкі страхавых узносаў, плацяжоў і іншых выдаткаў, калі тыя датычаць кожнага віду пагрозы». Паводле 27-га арт., «Агенцтва мае разьмяркоўваць чысты прыбытак у запасы да дасягненьня імі 5-кратнага памеру падпіснога капіталу Агенцтва». Паводле 37-га арт., «Кожны ўдзельнік мае вызначыць свой галоўны банк у якасьці скарбніцы, у якой Агенцтва можа захоўваць уклады валюты такога ўдзельніка або іншую маёмасьць Агенцтва»[4].

За 2016 г. выручка ад страхавых узносаў склала $139,8 млн, ад укладаньняў — $22,9 млн. У выніку, пасьля выліку камісійных збораў для перастрахоўнікаў і бракёраў ды $48,1 млн на кіраўніцтва, апэрацыйны прыбытак АШАІ склаў $38,3 млн. Суадносіны выдаткаў на кіраўніцтва ($48,1 млн) да выручкі пасьля камісійных збораў ($86,4 млн) склалі 56%. На канец 2016 г. АШАІ мела $1,329 млрд абаротнага капіталу. Суадносіны абаротнага капіталу да $14,187 млрд выдадзеных парукаў складалі 1:10,7[2].

ПаслугіРэдагаваць

Паводле 11-га артыкула Пагадненьня «Аб заснаваньні АШАІ», «Агенцтва можа ручацца за прыдатныя ўкладаньні пры стратах у выніку адной або большага ліку наступных відаў пагрозы:

  • 1) валютны перавод — усялякае ўвядзеньне ўрадам-гаспадаром абмежаваньняў на перавод за межы краіны яе валюты ў свабодна канвэрсуемую валюту або іншую валюту, прымальную для парукатрымальніка, улучна з няздольнасьцю ўрада-гаспадара адказаць цягам прымальнага адрэзку часу на зварот такога трымальніка па такі перавод;
  • 2) экспрапрыяцыя і падобныя захады — усялякі заканадаўчы захад або адміністратыўны захад або недагляд урада-гаспадара, які выклікае пазбаўленьне парукатрымальніка яго ўласнасьці або кіраваньня ці істотнай выгады ад яго ўкладаньня, за выключэньнем нявыбарачных захадаў агульнага прымяненьня, якія ўрады звыйчайна прадпрымаюць дзеля ўпарадкаваньня гаспадарчай дзейнасьці ў сваіх землях;
  • 3) парушэньне дамовы — усялякае вырачэньне або парушэньне ўрадам-гаспадаром дамовы з парукатрымальнікам, калі (а) парукатрымальнік ня мае магчымасьці судовага або трацейскага разгляду для вызначэньня дамаганьня на вырачэньне або парушэньне, або (б) рашэньне такім разглядам не выносіцца цягам прымальнага адрэзку часу, які мае прадугледжвацца ў дамовах парукі паводле правілаў Агенцтва, або (в) такое рашэньне ня можа ажыцьцявіцца.
  • 4) вайна і грамадзянскія хваляваньні — усялякае ваеннае дзеяньне або грамадзянскі беспарадак ва ўсялякай зямлі краіны-гаспадыні»[4].

АШАІ страхуе замежныя ўкладаньні ад пералічаных некамэрцыйных пагрозаў на тэрмін ад 3 да 20 гадоў[8]. Паводле 12-га артыкула Пагадненьня, згаданыя «Прыдатныя ўкладаньні маюць улучаць часткі капіталу, у тым ліку сярэдне- і доўгатэрміновых пазыкаў, зробленых або гарантаваных уласьнікамі капіталу ў зьвязаным прадпрыемстве, і такія віды прамых ўкладаньняў, якія маюць вызначацца Радай»[4] дырэктароў АШАІ. Паводле 13-га артыкула, «Усялякая фізычная асоба і ўсялякая юрыдычная асоба могуць мець права на атрыманьне парукі Агенцтва пры ўмове, што: 1) такая фізычная асоба ёсьць грамадзянінам краіны-ўдзельніцы, адрознай ад краіны-гаспадыні», для якой прызначаюцца ўкладаньні; 2) «такая юрыдычная асоба ўтварылася і вядзе сваю асноўную дзейнасьць у дзяржаве-ўдзельніцы або большасьцю свайго капітала належыць дзяржаве-ўдзельніцы або дзяржавам-удзельніцам, або іх грамадзянам, пры ўмове, што такая дзяржава-ўдзельніца не зьяўляецца краінай-гаспадыняй», для якой прызначаюцца ўкладаньні; 3) «такая юрыдычная асоба дзейнічае на камэрцыйнай аснове незалежна ад таго, ці знаходзіцца яна ў прыватнай уласнасьці». Паводле 14-га арт., «Укладаньні маюць гарантавацца…, толькі калі яны маюць ажыцьцяўляцца ў зямлі разьвіцьцёвай краіны-ўдзельніцы». Паводле 15-га арт., Агенцтва можа заключыць дамову парукі толькі пасьля таго, як «урад-гаспадар зацьвердзіў выдачу парукі Агенцтвам для пакрыцьця вызначаных пагрозаў»[4].

Паводле 20-га артыкула Пагадненьня, «Агенцтва можа ажыцьцяўляць перастрахаваньне дакладнага ўкладаньня ад стратаў у выніку адной або некалькіх некамэрцыйных пагрозаў, застрахаванага удзельнікам або яго агенцтвам ці краёвым агенцтвам аховы ўкладаньняў, большасьць капіталу якога належыць удзельнікам». Паводле 22-га артыкула, «Калі інакш ня вызначыла Рада (кіраўнікоў) адмысловай большасьцю, агульная сума непрадбачаных даўгоў, якую Агенцтва можа ўзяць…, ня мае перавышаць 150% сумы непаслабленага падпіснога капіталу Агенцтва і яго запасаў з даданьнем такой часткі яго перастраховачнага пакрыцьця, якую можа вызначыць Рада» дырэктароў АШАІ. «Найбольшая сума (даўгоў), вызначаная Радай (кіраўнікоў), ня мае ні пры якіх абставінах перавышаць 5-кратную суму непаслабленага падпіснога капіталу Агенцтва і яго запасаў з даданьнем такой часткі яго перастраховачнага пакрыцьця, якую могуць палічыць належнай» у Радзе дырэктароў[4].

АШАІ прадае страхавыя парукі за ўкладаньні на выпадак палітычных пагрозаў праз бракёраў. На пачатку кожнага году парукатрымальнік выплочвае Агенцтву страхавы ўзнос, зь якога цягам наступных 30 дзён бракёр атрымлівае камісійны збор. З 1 сакавіка 2008 году АШАІ ўстанавіла камісійны збор бракёрам у памеры: 20% страхавога ўзносу за продаж парукі на 1-3 гады, 15% — на 4-7 гадоў і 10% — на 8-10 гадоў. Пагатоў штогадовы камісійны збор са страхаваньня аднаго ўкладаньня абмяжоўваўся $250 000. Найбольшы пэрыяд аплаты камісійнага збору складаў тэрмін дамовы парукі і 10 гадоў. Цягам 2014—2016 гадоў Агенцтва карысталася паслугамі 6 бракёрскіх прадпрыемстваў: ТАА «Кульмінацыйныя страхавыя бракёры» (Аўстралія, штат Кўінзлэнд, Талі; анг. Acme Insurance Brokers), ААТ «Страхавыя паслугі „Алаент“» (ЗША, штат Каліфорнія, акруга Орандж, Ньюпарт-Біч; анг. Alliant Insurance Services), ААТ «Пагрозавыя паслугі "Аон"» (Ангельшчына, горад Лёндан, раён Олдгейт, вул. Ледэнгольская, д. 122; анг. Aon Risk Services), ААТ «Артур Дж. Галагер і Ка» (ЗША, штат Іліной, Айтэска; анг. Arthur J. Gallagher & Co), «Марш» (ЗША, Нью-Ёрк, раён Мангэтан, прасп. Амэрыкі, д. 1166; анг. Marsh) і ТАА «Кіраваньне палітычнай рызыкай» (Гішпанія, Мадрыд, раён Саляманка, вул. Вэляскеса, д. 86Б; анг. Political Risk Management)[9].

На 2015 г. АШАІ магло выдаць да $250 млн пакрыцьця для аднаго ўкладаньня. Пагатоў парука магла пакрыць да 90% укладаньня ў капітал і да 95% асноўнай сумы пазыкі[10]. За 2016 г. АШАІ выдала парукаў на рэкордныя $4,258 млрд, што склала 6,6% з $64,185 млрд узятых за год абавязкаў у рамках усіх 5 установаў Групы Сусьветнага банку. Парукі Агенцтва накіравалі на падтрыманьне 27,3 млрд укладаньняў. 59% выдадзеных Агенцтвам за год парукаў тычыліся 4 пералічаных у Пагадненьні пагрозаў, у тым ліку 6% прыпадала на закранутыя вайной і грамадзянскімі хваляваньнямі краіны. З агульнага абсягу парукаў: $1,758 млрд (41,3%) накіравалі ў краіны Афрыкі на поўдзень ад Сахары, $1,25 млрд (29,4%) — у краіны Ўсходняй Азіі і Акіяніі, $727 млн (17%) — у краіны Эўропы і Сярэдняй Азіі, $439 млн (10,3%) — у краіны Лацінскай Амэрыкі і Карыбаў, $69 млн — у краіны Паўднёвай Азіі, $15 млн — у краіны Сярэдняга Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. На канец 2016 г. налічвалася $14,187 млрд бягучых выдадзеных парукаў, зь іх 10% у закранутых вайной і грамадзянскімі хваляваньнямі краінах і $7,5 млрд (52,8%) перадалі супольнікам у перастрахаваньні[2].

УдзельнікіРэдагаваць

Паводле 61-га артыкулу Сэульскага Пагадненьня «Аб заснаваньні Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў» ад 11 кастрычніка 1985 году, «Дадзенае Пагадненьне мае набыць моц у дзень, калі прынамсі 5 дакумэнтаў ратыфікацыі, прыманьня або ўхваленьня пададуць ад імя падпісаўшых дзяржаваў з 1-й катэгорыі (разьвітыя краіны) і прынамсі 15 такіх дакумэнтаў пададуць ад імя падпісаўшых дзяржаваў з 2-й катэгорыі (разьвіцьцёвыя краіны); пры ўмове, што агульная падпіска гэтых дзяржаваў складае прынамсі 1/3 статутнага капіталу Агенцтва»[4]. У выніку 12 красавіка 1988 г. заснавальнікамі АШАІ сталі 29 урадаў:

Лік дзяржаваў-удзельніцаў устойліва павялічваўся і ад 21 кастрычніка 2014 году ўдзельнікамі АШАІ былі ўрады 180 краінаў. Таксама свайго прадстаўніка меў аўтаномны край СэрбііКосава і Мятохія, які знаходзіўся пад пратэктаратам ААН. 25 урадаў-удзельнікаў належалі да 1-й катэгорыі (разьвітыя краіны), якія выключна выдаткоўвалі на страхаваньне ўкладаньняў у іншых 155 дзяржавах-удзельніцах і разам мелі звыш паловы (50,01%) галасоў у Агенцтве:

Урад Беларусі стаў удзельнікам АШАІ 3 сьнежня 1992 году. Урады ўсіх сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама зьяўляюцца яго ўдзельнікамі. Урад Польшчы — з 29 чэрвеня 1990 г., Расеі — з 29 сьнежня 1992 г., Летувы — з 8 чэрвеня 1993 г., Украіны — з 19 ліпеня 1994 г., Латвіі — з 21 жніўня 1998 году[13]. Беларусь і ўсе 5 сумежных зь ёй краінаў былі ў ліку 155 дзяржаваў-удзельніцаў 2-й катэгорыі (разьвіцьцёвыя краіны), што давала права на атрыманьне страхаваньня ўкладаньняў у іх з боку АШАІ.

БеларусьРэдагаваць

У 2005 г. АШАІ ўпершыню выступіла страхаўніком дамовы ў Беларусі[14]. У красавіку 2012 г. урад Беларусі ратыфікаваў з АШАІ Пагадненьні «Аб прававой ахове гарантаваных замежных інвэстыцыяў» і «Аб выкарыстаньні мясцовай валюты»[8]. 27 лютага 2015 г. паводле Ўказу прэзыдэнта № 105 прызначэньне ў Раду кіраўнікоў АШАІ атрымалі 1-ы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі на пасаду кіраўніка і міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі на пасаду замяшчальніка[15]. 31 сакавіка 2015 г. Агенцтва выдала паруку за 52,3 млн эўра ўкладаньняў Галоўнага банку «Райфайзэн» (Аўстрыя, Вена, Гарадзкі парк, д. 9) у даччыны «Прыёрбанк»[16].

МінуўшчынаРэдагаваць

11 кастрычніка 1985 г. у Сэуле (Паўднёвая Карэя) Рада кіраўнікоў Міжнароднага банка рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР), пасяджэньне якой пачалося 8 кастрычніка, атрымала на разгляд Пагадненьне «Аб заснаваньні Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў»[17]. 19 верасьня 1986 г. у г. Вашынгтон (ЗША) Падрыхтоўчы камітэт па заснаваньні Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, пасяджэньне якога пачалося 15 верасьня, зацьвердзіў парадак дзейнасьці будучага АШАІ пасьля паправак у накід Сусьветнага банку. 9 кастрычніка 1987 г. Нямеччына і Нідэрлянды ўхвалілі Пагадненьне «Аб заснаваньні АШАІ», што павялічыла лік яго ўдзельнікаў да 19[18]. 12 красавіка 1988 году Пагадненьне «Аб заснаваньні АШАІ» набыло моц паводле 61-га артыкула. Заснавальнікамі АШАІ сталі 29 урадаў: Бахрэйн, Банглядэш, Барбадас, Брытанія, Грэнада, Данія, Заходняе Самоа, ЗША, Інданэзія, Канада, Кіпр, Кувэйт, Лесота, Малаві, Нідэрлянды, Нігерыя, Нямеччына, Пакістан, Паўднёвая Карэя, Саудаўская Арабія, Сэнэгал, Чылі, Швайцарыя, Швэцыя, Эгіпет, Эквадор, Ямайка, Японія і Ярданія[11].

У 1990 г. АШАІ выдала 4 парукі за частку прамых укладаньняў у праектах на $1,04 млрд. У 1991 г. лік удзельнікаў дасягнуў 100 урадаў. У 1994 г. АШАІ ўступіла ў Міжнародны зьвяз страхаўнікоў крэдытаў і інвэстыцыяў (МЗСКІ, Бэрнскі зьвяз; Ангельшчына, горад Лёндан, раён Вонкавы Фарынгтан, вул. Курсіторская, д. 27). У 1998 г. капітал Агенцтва падвоілі да $2 млрд пры дапамозе набыцьця падпісных паёў на $850 млн паводле закліку Рады кіраўнікоў да ўрадаў-удзельнікаў і $150 млн падарунка ад МБРР. У 1999 г. упершыню выдалі парукаў на звыш $1 млрд ($1,3 млрд). У 2000 г. лік урадаў-удзельнікаў дасягае 150; АШАІ выплаціла першае страхавое пакрыцьцё паводле парукі за ўкладаньні[11]. 14 лістапада 2010 г. набыла моц папраўка Пагадненьня паводле пастановы Рады кіраўнікоў АШАІ.

КіраўнікіРэдагаваць

Ад часу заснаваньня ў 1988 г. усе кіраўнікі АШАІ паходзілі зь Японіі:

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Старэйшае кіраўніцтва(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 2015 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  2. ^ а б в Гадавая справаздача АШАІ за 2016 год(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 2017 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  3. ^ Агенцтва па шматбаковай ахове інвэстыцый // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1. — С. 74. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  4. ^ а б в г д е ё ж з і Пагадненьне «Аб заснаваньні Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў»(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 1 лютага 2016 г. Праверана 8 лютага 2017 г.
  5. ^ Агульныя кантактныя зьвесткі(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 2015 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  6. ^ Падпіскі і лік галасоў краінаў-удзельніцаў Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў(анг.) // Група Сусьветнага банку, 5 кастрычніка 2016 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  7. ^ Лік галасоў выканаўчых дырэктароў Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў(анг.) // Група Сусьветнага банку, 2 лютага 2017 г. Праверана 6 лютага 2017 г.
  8. ^ а б Уладзіслаў Кулецкі. Цана на газ для Беларусі можа зменшыцца прыкладна на 37% // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2012. — № 76-77 (27191-27192). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Бракёрскія зьвесткі(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 2017 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  10. ^ Даведнік аховы ўкладаньняў // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 1 ліпеня 2015 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  11. ^ а б в Гісторыя(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 2015 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  12. ^ Краіны-ўдзельніцы АШАІ(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 23 жніўня 2016 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  13. ^ Краіны-ўдзельніцы Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў (АШАІ)(анг.) // Група Сусьветнага банку, 3 сьнежня 2014 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  14. ^ Марына Носава. Беларусь аднаўляе супрацоўніцтва са Шматбаковым агенцтвам па гарантыях інвэстыцый // БелаПАН, 21 ліпеня 2011 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  15. ^ Калавур прызначаны кіраўніком МВФ ад Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 3 сакавіка 2015 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  16. ^ Пакрыцьцё абавязковых запасаў Галоўнага банка «Райфайзэн»(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 31 сакавіка 2015 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  17. ^ Пагадненьне аб АШАІ(анг.) // Агенцтва шматбаковай аховы інвэстыцыяў, 2017 г. Праверана 14 лютага 2017 г.
  18. ^ Разьдзел 5: 1980-1989 // Летапіс архівістаў Групы Сусьветнага банку: 1944-2013 = World Bank Group Archivists’ Chronology: 1944-2013. — Вашынгтон: Група Сусьветнага банку, 2014. — С. 228, 238. — IV  835 с.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць