Страсбург
Стра́сбург, таксама Страсбу́р (па-француску: Strasbourg, па-нямецку: Straßburg, па-эльзаску: Strossburi) — горад у Францыі, гістарычная сталіца Эльзасу, адміністрацыйны цэнтар рэгіёну Гранд-Эст (да 1 студзеня 2016 — рэгіёну Эльзас) і дэпартамэнту Ніжні Райн. Разьмешчаны на рацэ Іль, за 3 км на захад ад Райну на мяжы зь Нямеччынай, насупраць нямецкага гораду Кель. На 2021 год насельніцтва Страсбургу складала 291 313 чалавек — восьмы паводле колькасьці насельніцтва горад Францыі. Горад мае статус эўрапейскай сталіцы з 1992 году, бо зьяўляецца месцам пасяджэньня Рады Эўропы з 1949 году і Эўрапейскага Парлямэнту з 1992 году Страсбург зьяўляецца адным з ключавых цэнтраў эканомікі паўночнага ўсходу Францыі, дзе разьвіваецца фінансавая і банкаўская дзейнасьць, зьяўляюцца інавацыі ў галіне мэдыцыны і інжынэрыі (у прыватнасьці стварэньне аўтамабіля будучых пакаленьняў).
Страсбург | |||||
франц. Strasbourg | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 12 да н. э. | ||||
Краіна: | Францыя | ||||
Рэгіён: | Гранд-Эст | ||||
Дэпартамэнт: | Ніжні Райн | ||||
Кіраўнік: | Жанна Барсэгян[d][1] | ||||
Плошча: | 78,26 км² | ||||
Вышыня: | 143 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2021) | |||||
колькасьць: | 291 313 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 3722,37 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | 388, 390, 368 | ||||
Паштовы індэкс: | 67000, 67100, 67200 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 48°34′24″ пн. ш. 7°45′8″ у. д. / 48.57333° пн. ш. 7.75222° у. д.Каардынаты: 48°34′24″ пн. ш. 7°45′8″ у. д. / 48.57333° пн. ш. 7.75222° у. д. | ||||
Страсбург | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://www.strasbourg.eu/ |
Гісторыя
рэдагавацьПершыя людзі на тэрыторыі Страсбургу зьявіліся яшчэ ў эпоху нэаліту. У 1300 годзе да нараджэньня Хрыстова ў гэтых мясьцінах селяцца пратакельты. У ІІІ стагодзьдзі да н. э. тут зьяўляецца кельцкае мястэчка Аргэнтаратэ, з паганскім капішчам і рынкам. У 58 годзе да н. э. у Эльзас прыходзяць рымляне і ў 12 годзе да н. э. ўтвараюць з былога кельцкага паселішча ўмацаваны лягер Аргэнтаратум, які ў 20 годзе н. э. ужо налічваў 10 000 жыхароў. У 355 г. яго абрабавалі аляманы, аднак ужо ў 357 г. яго зноў узялі рымляне. У 406 г. германцы зноў захапілі Аргэнтаратум, а ў 451 годзе яго цалкам зьнішчылі войскі Атылы.
Аднак ужо ў 496 г. франкі аднавілі горад, надаўшы яму новую назву Стратэбургум. Апасьля хрышчэньня Хлёдвіга горад становіцца цэнтрам біскупства й хутка разьвіваецца. У 842 г. у горадзе адбылася важная гістарычная падзея: сыны Карла Вялікага Карл Лысы і Людвіг Германскі, якія аб’ядналіся супраць іхняга брата Лётара, даюць прысягу падзяліць Франскую імпэрыю. У 843 г. калі гэты падзел ажыцьцявіўся, Страсбург апынуўся ў валоданьнях Лётара. У 962 г. Страсбург уваходзіць у склад толькі што ўтворанай Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі, а ў 1201 г. — вольным горадам. У сярэдзіне XIV стагодзьдзя, Страсбург, як і іншыя гарады Эўропы закранула эпыдэмія чумы. У XV стагодзьдзі горад становіцца важным цэнтрам Адраджэньня: у прыватнасьці, менавіта ў ім Ёганэс Гутэнбэрг выношвае ідэю стварэньня друкарскага станку (ён гэта зрабіў у яго родным Майнцы; неўзабаве кнігадрукарні зьявіліся й у Страсбургу).
У XIV стагодзьдзі Страсбург становіцца адным зь першых цэнтраў пратэстантызму. Тут у пратэстанства пераходзіць вядомы швайцарскі гісторык Ёган Штумф. У 1621 г. на аснове пратэстанцкай гімназіі паўстаў Страсбурскі ўнівэрсытэт[2]. У XVII стагодзьдзі канфлікт паміж каталікамі й пратэстантамі выліўся ў Трыццацігадовую вайну. Яны скончылася ў 1648 г., і згодна Вэстфальскаму міру, значная частка Эльзасу перайшла Францыі. Што датычна Страсбургу, ён заставаўся Вольным імпэрскім горадам да 1681, пакуль яго не ўзяў францускі кароль Людовік XIV. У XVIII стагодзьдзі горадам кіруюць біскупы -прадстаўнікі роду Раганаў. У гэты час, у прыватнасьці, павышаецца прэстыж мясцовага ўнівэрсытэту: ў ім навучаюцца прадстаўнікі розных краінаў, ад Вялікабрытаніі да Расеі, найбольш знакамітым зь якіх быў, бадай што, Гётэ.
У час Францускай рэвалюцыі 1789 году, малады францускі паэт Ружэ дэ л'Іль стварыў у Страсбурзе «Песьню Райнскае арміі», якая стала сымбалем гэтай рэвалюцыі і пазьней набыла вядомасьць як Марсэльеза. У XIX стагодзьзді горад наведвае Напалеон: ён начуе ў Палацы Раганаў, а ў мясцовай аранжэрэі загадвае пабудаваць павільён у гонар яго каханцы Жазэфіны. У 1847 г. са Страсбургу да Парыжу праходзіць чыгунка. У 1871 г., у выніку франка-прускай вайны, ён зноў становіцца нямецкім, аднак апасьля Першай Сусьветнай вайны зноў пераходзіць да Францыі. У 1940 Эльзас быў акупаваны гітлераўскай Нямеччынай, а ў 1945 г. канчаткова становіцца францускім. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, з 1949 г. Страсбург становіцца месцам знаходжаньнья розных эўрапейскіх установаў: Эўрапейскай Рады, Эўрапейскага парлямэнту, Суду па правах чалавека.
Славутасьці
рэдагавацьСымбалем Страсбургу безумоўна зьяўляецца Катэдра, пабудаваная з 1277 па 1439 гады (на месцы, дзе раней ужо неаднаразова існавалі рэлігійныя пабудовы), вышыня яе шпілю — 142 м, такім чынам, яна доўгі час (да сярэдзіны XIX ст.) заставалася найвышэйшай царквой у Сьвеце, пакуль яе не абыйшлі спачатку Кёльнская, а потым Ульмская катэдра. У Страсбурскай катэдры бачны ўплыў як райнска-нямецкіх, так і традыцыяў францускага Іль-дэ-Франс. Акрамя сярэдневечных парталаў, Катэдры й вітражоў, аргану XVIII стагодзьдзя, ён вядомы яшчэ й Астранамічным гадзіньнікам XVI ст.- шэдэўру стылю Рэнэсанс.
На Катэдрадьным пляцы знаходзіцца так званы Дом Камэрцэля — багата дэкараваны будынак XVI ст, а непасрэдна за Саборам — Палац Раганаў — біскупаў, якія кіравалі горадам у XVIII ст. Горад налічвае яшчэ шмат касьцёлаў і кірхаў, сярод якіх Сьвятога Хамы (па-француску: Saint-Thomas — галоўная пратэстанцкая кірха гораду, пабудаваная ў XII—XV стагодзьдзях, у якой пахаваны Морыц Саксонскі, кірха Сьв. Вільгельма (па-француску: Saint-Guillaume) пачатку XIV ст., касьцёл Сьв. Магдалены, неагатычная кірха Сьв. Паўла (XIX ст.) і інш.
Іншай выдатнай мясьцінай Страсбургу зьяўляецца былы квартал гарбароў Маленькая Францыя (гэта рамантычная назва мае нераматычнае паходжаньне: у часы калі горад яшчэ ня быў францускім, тут быў разьмешчаны шпіталь для хворых «францускай хваробаю» — пранцамі. У квартале захавалася шмат сярэдневечных фахвэркавых дамоў, а некалькі каналаў робяць яго падобным да Вэнэцыі. Мяжою кварталу зьяўляюцца Крытыя масты (XIII ст.). Увесь гістарычны цэнтар Страсбургу ў 1988 г. быў уключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Непасрэдна на паўночны ўсход ад гістарычнага цэнтру знаходзіцца так званы Нямецкі горад, пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў калі Страсбург належыў кайзэраўскай Нямеччыне: з пляцу Рэспублікі (былога Імпэрскага), дзе паміж іншым, знаходзяцца Райнскі палац і будынак Нацыянальнай унівэрсытэцкай бібліятэкі (другой па-велічыні ў Францыі) прамая шырокая вуліца ідзе да Ўнівэрсытэцкага палацу — галоўнага будынку Страсбурскага ўнівэрсытэту.
Вартым ўвагі зьяўляецца таксама Эўрапейскі квартал з будынкамі Эўрапарлямэнту, Палаца Эўропы, ў якім адбываюцца пасяджэньні Рады Эўропы, і Палаца Суду па Правах чалавека.
Культура
рэдагавацьТэатры, музыка
рэдагавацьСтрасбург мае некалькі тэатраў: Нацыянальны тэатар (адзіны ў Францыі тэатар са статусам Нацыянальнага акрамя Парыскага), Тэатар Юнага Гледача, тэатар-кабарэ рэгіянальнага (эльзаскага) кірунку. Акрамя таго, горад вядомы сваёй Райнскаю Опэрай і г. зв. Горадам (палацам) Музыкі й Танцу.
Музэі
рэдагавацьСтрасбург таксама багаты музэямі. Гэта Музэй Прыгожых Мастацтваў, дзе прадстаўлены шэдэўры італійскіх, флямандзкіх, гішпанскіх, францускіх і іншых мастакоў, Музэй Дэкаратыўных Мастацтваў, Археалягічны (ўсе тры разьмешчаны ў Палацы Раганаў), Музэй Страсбурскага сабору, Музэй Эльзасу, Гістарычны, Сучаснага Мастацтва, Заалягічны, Плянэтарыюм, Шакаляду (у прадмесьці) і інш.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы
рэдагавацьСтрасбурскі ўнівэрсытэт быў заснаваны ў 1538 годзе як пратэстанцкая гімназія, якая ў 1566 годзе была пераўтворана ў Акадэмію, а ў 1621 — у Лютэранскі ўнівэрсытэт. У 1970 годзе ён быў падзелены на 3 ўнівэрсытэты: імя Люі Пастора (з ухілам на дакладныя навукі), імя Марка Блёка (гуманітарныя навукі) і імя Робэрта Шумана (юрыдычна-паліталягічны ўхіл). Аднак з 1 студзеня 2009 яны зноў былі аб’яднаны ў адзіны ўнівэрсытэт, дзе навучаецца каля 40 000 чалавек, 21,9% зь якіх — замежнікі. Яшчэ каля 12 000 чалавек навучаюцца ў іншых ВНУ гораду (Нацыянальная школа Адміністрацыі, Эўрапейская школа хіміі, Вышэйшая школа дэкаратыўных мастацтваў і інш.)
Транспарт
рэдагавацьУ гарадзкім транспарце гораду дамінуе сучасны трамвай — у канцы XX стагодзьдзя Страсбург стаў адным зь першых гарадоў Францыі, які ўвёў у эксплюатацыю такі тып трамваю. Паводле стану на 1 студзеня 2016 у горадзе меліся 6 яго маршрутаў: A, B, C, D, E i F (без уліку лініі G, якая па сутнасьці, зьяўляецца хуткасным аўтобусам). Акрамя таго, гараджан абслугоўваюць аўтобусы: 30 маршрутаў у межах гораду і яшчэ 11 — у межах аглямэрацыі.
Страсбург мае шырокае сеціва роваравых сьцежак: толькі па стане на 2006 год іх было 474 км — першае месца ў Францыі. Гэтым сецівам ён зьвязаны й зь іншымі эўрапейскімі гарадамі.
Страсбург зьяўляецца таксама важным вузлом аўта- і чыгуначных дарогаў. З 10 чэрвеня 2007 ён зьвязаны з Парыжам хуткасным цягніком ТЖВ, што амаль у два разы (з 4 гадзінаў да 2 г 20 хв.) скараціла час падарожжа ад яго да францускае сталіцы.
Горад мае і аэрапорт, аднак з-за адноснай блізкасьці іншых аэрапортаў (Франкфурт, Карльсруэ-Бадэн, Базэль) ягонае значэньне абмежавана.
Асобы
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б https://www.strasbourg.eu/presentation-fonctionnement-ville-strasbourg
- ^ Ірына Хадарэнка. Непаўторны Эльзас // Tut.by, 27 жніўня 2010 г. Праверана 16 красавіка 2014 г.