Сібір

геаграфічная вобласьць у Расеі

Сібі́р[1][2][3], Сыбі́р[4][3] (рас. Сибирь) — тэрыторыя ў Паўночнай Азіі, большая частка якой належыць Расеі. У найшырэйшым сэнсе — уся азіяцкая (усходняя) частка Расеі) — рэгіён у паўночнай частцы Азіі, абмежаваны на захадзе Ўральскімі горамі, на ўсходзе — Ціхім акіянам, на поўначы — Паўночным Ледавітым акіянам і на поўдні — Казахстанам, Манголіяй і Кітаем. Падзяляецца на Заходнюю Сібір, Усходнюю Сібір і Далёкі Ўсход Расеі. У вузкім сэнсе ўлучае ў сябе Заходне-Сібірскую раўніну і Ўсходне-Сібірскае плято.

Геаграфічная Сібір азначаецца сьветла-чырвоным, Фэдэральная акруга Сібір — цёмна-чырвоным колерам

Тэрыторыя

рэдагаваць

Дакладнае вызначэньне межаў Сібіры з гістарычных, геаграфічных і палітычных прычынаў, а таксама праз брак недвухсэнсоўных стандартаў эканамічна-геаграфічнага падзелу Расеі, ёсьць спрэчным пытаньнем.

У геаграфічным пляне Сібір часта разглядаецца без Далёкага Ўсходу, г. зн. толькі Заходняя і Ўсходняя Сібір, зь межамі ад Уральскіх гораў да водападзелу рэк, што плывуць у Паўночны Ледавіты і Ціхі акіяны. З гістарычнага пункту гледжаньня Далёкі Ўсход разглядаецца як складовая частка Сібіры; такі ж пункт гледжаньня ў геаграфічным пляне часта падзяляюць заходнія і шэраг расейскіх і савецкіх рэфэрэнтных выданьняў.

Згодна з рознымі мэтодыкамі геаграфічнага падзелу, Уральскія горы, якія прызнаныя ўсімі дасьледнікамі як адна зь межаў Сібіры, могуць ці ўваходзіць у склад Сібіры, ці не; мяжа Сібіры можа таксама праводзіцца дакладна празь вяршыні Ўральскага хрыбта. Калі-некалі з тэрыторыі Сібіры выключаюць Запаляр’е ці наогул усю зону тундры. Таксама даволі часта з тэрыторыі Сібіры выключаюць Алтай як асобны геаграфічны рэгіён з адрозным ляндшафтам. Самі жыхары Алтая калі-некалі схільныя разглядаць свой рэгіён як адасоблены ад Сібіры. Такі ж пункт гледжаньня — што да свайго рэгіёну — характэрны і для жыхароў Забайкальля і Далёкага Ўсходу.

Адміністратыўны падзел Сібіры, з прычыны вельмі нізкай шчыльнасьці насельніцтва і нізкай палітычнай актыўнасьці карэннага насельніцтва Сібіры, таксама ня мае дакладна вызначаных герархічных стандартаў. Згодна з рознымі клясыфікацыямі, тэрыторыя Сібіры падзяляецца на асобныя суб’екты Расейскай Фэдэрацыі, фэдэральныя акругі (Уральская, Сібірская і Далёкаўсходняя), эканамічныя рэгіёны, вайсковыя акругі (Прыволска-Ўральская, Сібірская і Далёкаўсходняя), царкоўныя эпархіі і г. д.; якія часта ўключаюць у свой склад часткі тэрыторыяў іншых рэгіёнаў.

Можна таксама дадаць, што з-за частых зьменаў гэтых падзелаў і ў часы Расейскай імпэрыі, і пазьней падчас Грамадзянскай вайны, і ў часы СССР, і ў наш час, межы, падзел і нават сам панятак «Сібір» гублялі сваю акрэсьленасьць. Азначэньне такой велізарнай тэрыторыі адным найменьнем зьвязанае зь першапачатковай малой засвоенасьцю гэтай тэрыторыі расейскімі дасьледнікамі — гэта была адна велізарная неасвоеная тэрыторыя, у якой вылучаць асобныя рэгіёны не было акрэсьленай неабходнасьці, бо ў іх амаль ніхто з «заваёўнікаў» ня жыў.

Паходжаньне назвы

рэдагаваць

Этымалёгія слова «Сібір» канчаткова не вызначаная. Паводле вэрсіі расейскай прафэсаркі З. Я. Баяршынавай, гэтае найменьне паходзіць з этнічнай групы «сыпыр» — продкаў старажытных вуграў. Існуе таксама шмат гіпотэзаў мангольскага паходжаньня гэтага слова. Пазьней яно пачало адносіцца да цюркамоўнай групы, якая жыла ля ракі Іртыш у раёне сучаснага Табольску. Пачынаючы з XIII стагодзьдзя Сібір’ю пачынаюць называць ня толькі народнасьць, але і мясцовасьць, дзе жылі яе прадстаўнікі. Назва ўпершыню зьяўляецца ў іранскіх аўтараў XIII стагодзьдзя, на мапе ўпершыню пазаначаная як «Sebur» у Каталёнскім атлясе ў 1375 годзе. У рускіх летапісах XV стагодзьдзя Сібірскай зямлёю называўся раён нізінаў ракі Табол і сярэдняга Іртышу.

  1. ^ Пашкевіч В. Ангельска-беларускі слоўнік = English-Belarusian Dictionary. — Менск, 2006. С. 789.
  2. ^ Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. — Нью-Ёрк, 1989. С. 1032.
  3. ^ а б ЭСБМ. Т. 12. — Менск: Беларуская навука, 2008. С. 74.
  4. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць