Пшанічнае піва (Вайцэн, Вайсбір, па-нямецку: Weizen, Weissbier, па-нідэрляндзку: witbier) — фэрмэнтаванае пшанічнае піва веpховога закісаньня з утрыманьнем алькаголю ад 5 да 5,4 %. Таксама часта завецца белым. Назва паходзіць ад белаватай смугі ад дражджэй — пераважная большасьць гатункаў пшанічнага піва спажываецца ў нефільтраваным выглядзе, а таксама ад сугучнасьці слоў «белы» і «пшаніца» ў германскіх мовах.

Weissbier у тыповай шклянцы для белага піва

Мае фруктовы рэзкі смак і распаўсюджаны асабліва ў Баварыі і Паўднёвай Нямеччыне. Гэта, як правіла, каламутнае (нефільтраванае) і сьветлае піва. Але бывае і фільтраванае пшанічнае піва (Крыштальвайцэн, ням. Kristallweizen) і цёмнае пшанічнае піва (Дункельвайцэн, ням. Dunkelweizen).

Гісторыя

рэдагаваць

Пасьля Другой сусьветнай вайны пшанічнае піва амаль зьнікла з ужытку па ўсім сьвеце. Вяртаньне папулярнасьці «белага» піва, якое стала відавочнай у канцы XX стагодзьдзя, зьвязваюць з высілкамі баварца Вэрнэра Бромбаха і фламандца П’ера Сэліса. У Сярэднявеччы піва з пшаніцы не было рэдкасьцю і ў Беларусі. Кісла-салодкае, яно найлепш адпавядала ўлюбёнай тагачаснай смакавай гаме. Як правіла, яго называлі проста «пшанічным», але сустракалася і эўрапейскае азначэньне «белага» піва: «Устава нового и старого мыта, з скарбу выданая месту Могилеву» (1629) усталёўвала мытны збор за «белае» піва ў памеры 1 грош за бочку віленскую. Пшанічнае піва, агульнаэўрапейскі сымбаль багацьця і дабрабыту, часта згадваецца ў беларускіх народных песьнях, асабліва вясельных і жніўных:

А дзіва ж нам, дзіва,
Што пшоннае піва.
Чаго таму дзівіціся,
Што можна напіціся?

Адрозьніваюць у асноўным наступныя гатункі:

  • Крыштальвайцэн (па-нямецку: Kristallweizen) шляхам фільтраваньня пасьля закісаньня вызваляецца ад рэшткаў дрожджаў.
  • Хефевайцэн (па-нямецку: Hefeweizen) не фільтруецца і таму застаецца каламутным. Па смаку яно «паўней». Існуюць розныя спосабы вырабу:
    • Традыцыйнае закісаньне наўпрост ў бутэльцы. Піва да поўнага сканчэньня працэсу закісаньня ўліваюць у бутэлькі. Тамака яно дабраджвае. Адмова ад пастэрызацыі вядзе за сабой памяншэньне тэрміна прыдатнасьці але падвышае смакавыя якасьці такога піва.
    • Шматлікія (асабліва прамысловыя) вытворцы пасьля галоўнага закісаньня адфільтроўваюць дрожджы веpховога закісаньня і дадаюць дрожджы нізавога закісаньня для дабраджваньня ў бутэльцы. Гэтым паскараюць вытворчы працэс.
    • Вытворцы, якія з-за эканоміі вытворчасьці адмовіліся ад дабраджваньня ў бутэльцы, выкарыстоўваюць для яго вялікія сталёвыя ёмістасьці. Потым піва стэрылізуюць і фільтруюць і дадаюць стэрылізаваныя каламутныя рэчывы ад закісаньня зноў у піва, каб надаць яму выгляд «традыцыйнага» гатунку.
  • Berliner Weisse - даўкае, падсалоджанае піва, асабліва папулярнае ў ваколіцах нямецкай сталіцы, жаўнеры Напалеона калісьці ахрысьцілі «шампанскім поўначы».
  • Witbier (белае піва) — бэльгійскае пшанічнае піва з Фляндрыі

Колер пшанічнага піва шмат у чым залежыць ад соладу. Крыштальвайцэн звычайна вельмі сьветлы й ясны. У Хефевайцэна сьпектр ідзе ад сьветлых, залацістых гатункаў да гатункаў арэхавага колеру і цёмнакарычневых (чорных) з дымавым водарам і вялікім утрыманьнем алькаголю.

Акрамя таго вырабляюць і безалькагольные і «лёгкія» (з паменшаным утрыманьнем алькаголя) гатункі.

Культура ўжываньня

рэдагаваць

Пшанічнае піва традыцыйна п’юць з адмысловых, высокіх, стройных куфляў. Форма так абраная, каб бурбалкі вуглякіслага газу павольна ўзьнімаліся па напоі. Тым самым піва даўжэй застанецца «сьвежым». Шклянкі маюць масіўнае цяжкае дно, вузкую сярэднюю частку і шырокую сфэрычную верхнюю частку. Чокаюцца традыцыйна дном шклянак, не ў апошнюю чаргу таму яны зробленыя масіўнымі. Непасрэдна перад наліваньнем куфлі мыюць у халоднай вадзе, каб трымаць пад кантролем моцнае разьвіцьцё пены, якое характэрнае для пшанічнага піва. Здаўна (асабліва ў Баварыі), вядуцца спрэчкі аб тым, як правільна наліваць піва ў куфаль. Адны аддаюць перавагу нахіляць стакан і асьцярожна ў яго наліваць піва. Іншыя апранаюць куфаль на бутэльку і хутка перакульваюць яе.

Тэмпэратура

рэдагаваць

Пшанічнае піва лічыцца тыповым летнім півам. Яго абавязкова трэба захоўваць у халодным месцы. Яго пьюць астуджаным, але не вельмі ледзяным, каб маглі разьвіцца комплексныя смакавыя якасьці такога піва. Для Крыштальвайцэна рэкамэндуюць 7—8 °C, для сьветлага Хэфэвайцэна — 8—10 °C. Мацнейшыя цёмныя гатункі могуць быць пададзеныя на стол у больш «цёплым» выглядзе.

Літаратура

рэдагаваць

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Пшанічнае півасховішча мультымэдыйных матэрыялаў