Варэнікі
Варэнікі — мучная страва. У замешанае на вадзе ці малацэ крутое цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі загортваюць тварог, ягады, садавіну, мак або канаплянае семя. Вараць у падсоленым кіпені. Падаюць са сьмятанай або маслам. На сьвяты Варвары, Міколы варылі варэнікі зь семем і макам. Былі распаўсюджаны на поўдні Беларусі і ва Ўкраіне. У наш час гатуюцца паўсюль.