Баварыя
Во́льная дзяржа́ва Бава́рыя (па-нямецку: Der Freistaat Bayern) — адна зь земляў у складзе Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны. Самая вялікая па плошчы (70 551 км²) і другая па насельніцтве пасьля Паўночнага Райну — Вэстфаліі (13 124 737 чал. у 2019 г.). Месьціцца на паўднёвым усходзе Нямеччыны. Мяжуе з наступнымі землямі ФРН: Бадэн-Вюртэмбэрг, Гэсэн, Турынгія, Саксонія. На ўсходзе мяжуе з Чэхіяй, на паўднёвым усходзе мяжуе з Аўстрыяй, праз Бодэнскае возера на поўдні мяжуе з Швайцарыяй. Найбуйнейшыя гарады (у дужках — колькасьць насельніцтва на 31 сьнежня 2022 году): Мюнхэн (1,5 млн.), Нюрнбэрг (523 тыс.), Аўгсбург (301 тыс.), Рэгенсбург (157 тыс.), Інгальштат (141 тыс.), Фюрт (131 тыс.), Вюрцбург (127 тыс.), Эрлянген (117 тыс.).
Вольная дзяржава Баварыя | |
ням. Der Freistaat Bayern | |
Сьцяг | |
Гімн | Гімн Баварыі[d] |
---|---|
Агульныя зьвесткі | |
Краіна | |
Статус | фэдэральная зямля Нямеччыны |
Уваходзіць у | Паўднёвая Нямеччына[d] |
Адміністрацыйны цэнтар | Мюнхэн |
Дата ўтварэньня | 12 студзеня 1919 |
Прэм’ер-міністар | Маркус Зёдэр[d] |
Кіруючыя партыі | ХСС, СДП |
Афіцыйныя мовы | Standard High German[d] і Баварскі дыялект |
Насельніцтва |
|
Шчыльнасьць | 186 чал./км² |
Плошча |
|
Вышыня па-над узр. м. · сярэдняя вышыня | 503 м[2] |
Галасоў у Бундэсраце | 6 (з 69) |
Месцазнаходжаньне Вольнай дзяржавы Баварыі | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | цэнтральнаэўрапейскі час |
Код ISO 3166-2 | DE-BY |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Прырода
рэдагавацьАмаль уся тэрыторыя Баварыі разьмяшчаецца на Баварскім пласкагор’і й Франконскім Альбе. На ўсходзе невысокія горы Чэскага й Баварскага Лесу, Шумавы; на поўдні адгор’і Тырольскіх Альпаў (гара Цугшпіцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на поўдні шмат азёраў. Клімат умераны. Сярэдняя тэмпэратура ліпеня 17 °С, студзеня каля 2 °С, ападкаў 935 мм за год. Невялікія радовішчы жалезнай руды, бурага вугалю, солі, графіту й нафты.
Гісторыя
рэдагавацьБаварскае герцагства з цэнтрам у горадзе Рэгенсбург узьнікла ў VI стагодзьдзі (утворана германскім племем бавараў). Панавала ў ім дынастыя Агілальфінгаў. 3 591 году герцагства, залежнае ад Францкай дзяржавы, з 788 году частка імпэрыі Каралінгаў. У 903—937 гг. яно адноўлена, у 938—947 гг. далучана да Сьвятой Рымскай імпэрыі. У 976 годзе ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 годзе — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. 3 1180 году Баварыя звалася герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 годзе яно падзялілася на Ніжнюю й Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214 годзе) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 году нямецкі кароль Людвіг IV) уладаньнямі Баварыі сталі Брандэнбург, Тыроль, Нідэрлянды. Пасьля пэрыяду раздробленасьці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505 годзе. У XVI стагодзьдзі яно было цэнтрам Контаррэфармацыі ў Нямеччыне. 3 1623 году Баварыя — курфюрства. Ейны першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 годзе да Баварыі Верхні Пфальц. Са сьмерцю Максіміляна II Ёзэфа баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. 3 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы зьвязу з напалеонаўскай Францыяй, тэрыторыя Баварыі значна павялічылася. 3 1815 яна чалец Нямецкага зьвяза, з 1834 году ў нямецкім мытным саюзе. У 1818 годзе Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I культурным і навуковым цэнтрам Баварыі стаў Мюнхэн. Лібэральным і сацыяльным рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II. Падчас аўстра-прускай вайны 1866 году Баварыя ваявала на баку Аўстрыі, з 1871 году ў складзе Нямецкай імпэрыі. У лістападзе 1918 году Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад стальца. 3 1919 году Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Ваймарскай рэспублікі. У красавіку 1919 ў Мюнхэне левыя абвесьцілі Баварскую Савецкую рэспубліку, якая ў траўні была ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я гады Баварыя — цэнтар правай германскай апазыцыі супраць Ваймарскай рэспублікі.
Пры нацыстах імпэрскім намесьнікам Баварыі стаў у 1933 генэрал фон Эп. Пасьля Другой сусьветнай вайны была акупавана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (бяз Пфальца). У 1949 годзе баварскі ляндтаг ухваліў рашэньне аб утварэньні ФРН з Баварыяй у ейным складзе.
Эканоміка
рэдагавацьБаварыя валодае самым буйным эканамічным і навуковым патэнцыялам сярод 16 фэдэральных земляў ФРН і лідыруе па тэмпах эканамічнага росту (за 1985—2005 гады СУП Баварыі павялічыўся на 28,2 %, а ў сярэднім па краіне — на 14,6 %).
У 2005 годзе ВУП Баварыі склаў € 403 млрд (18 % агульнанямецкага), зь іх каля 69 % прыходзіцца на сфэру гандлю й паслуг, 30 % — на прамысловасьць і толькі 1 % — на аграрную галіну. Каля 50% электраэнэргіі даюць ГЭС, ёсьць таксама і атамныя электрастанцыі.
Найболей важную ролю ў эканоміцы Баварыі грае машынабудаваньне, у прыватнасьці, аўтамабілебудаваньне й авіякасьмічная галіна. Разьвітыя таксама электратэхніка, дакладная мэханіка, оптыка, вытворчасьць мэдычнай тэхнікі, хімічная прамысловасьць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукровыя буракі, хмель, агародніну, вінаград. Густая сетка чыгунак (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходзтва па Дунаі й Майне. Курорты. Турызм.
У 2006 годзе Баварыя стала першай за апошнія 30 гадоў фэдэральнай зямлёй Нямеччыны, якая прыняла бездэфіцытны бюджэт.
Акругі
рэдагавацьБаварыя падзяляецца на 7 адміністрацыйных акругаў, якія маюць назву Regierungsbezirke.
- Верхняя Франконія (ням. Oberfranken)
- Сярэдняя Франконія (ням. Mittelfranken)
- Ніжняя Франконія (ням. Unterfranken)
- Швабія (ням. Schwaben)
- Верхні Пфальц (ням. Oberpfalz)
- Верхняя Баварыя (ням. Oberbayern)
- Ніжняя Баварыя (ням. Niederbayern)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ archINFORM (ням.) — 1994.
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.