Герцагавіна
Герцаґаві́на (па-басьнійску; па-харвацку:Hercegovina; па-сэрбску: Херцеговина) — гістарычная вобласьць на Балканах, частка сучаснае дзяржавы Босьнія і Герцагавіна. Плошча Герцаґавіны складае каля 11,4 тысячаў км², што каля 20 % тэрыторыі Босьніі й Герцаґавіны. Астатнія 80 % займае Босьнія на поўначы. Мяжа паміж Босьніяй й Герцаґавінаю афіцыйна не ўсталяваная, але звычайна праводзіцца па Іван Планіне. Галоўным местам Герцаґавіны лічыцца Мостар.
Абедзьве вобласьці былі цесна зьвязаныя зь Сярэднявечча, і часта назва Босьнія ўжываецца для пазначэньня Босьніі й Герцагавіны разам. Назва Босьнія й Герцагавіна зьявілася толькі ў канцы асманскага кіраваньня
Назва «Герцаґавіна» значыць «Зямля герцаґа» і названая так у гонар Стэфана Вукшыча, які насіў тытул герцаґа (1448) і аб’яднаў землі сучаснае Герцаґавіны пад сваім кіраваньнем. Герцаґавіна мяжуе з Босьніяй на поўначы, Чарнагорыяю на ўсходзе, Харватыяю на захадзе, паўэксклавам Харватыі (Дуброўнік) на поўдні, а таксама мае выхад да Адрыятычнага мора працягласьцю 8 км у раёне мястэчка Неўм.
Гісторыя
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Гісторыя Босьніі і Герцагавіны
У раньнім Сярэднявеччы Герцаґавіна была падзеленая на мноства незалежных княстваў. Паўночная Герцаґавіна (гістарычныя вобласьці Захум'е й Травунія) наляжала кіраўнікам Сэрбіі з дынастыі Неманічаў. Паўднёвая Герцаґавіна ўваходзіла ў Каралеўства Харватыя аж да яго зьвяўу з Вугоршчынаю у 1102 годзе. Пазьней гэтыя тэрыторыі ўвайшлі ў Басьнійскую дзяржаву, якая дасягнула свайго росквіту пры бане Твртку I у другой палове XIV стагодзьдзя. Да 1370 року ён пашырыў тэрыторыю Босьніі да сучасных Босьніі й Герцагавіны, заключыў зьвяз з Дуброўніцкаю рэспублікаю й Вугоршчынаю, якая была ў той момант галоўнаю пагрозаю незалежнасьці Босьніі. З 1377 року ён быў таксама каралём Сэрбіі, а з 1390 году, пасьля таго, як ён захапіў Ілірыю і астравы Адрыятычнага мора — каралём Харватыі і Далмацыі. Тым часам Босьнія адыгрывала ролю рэгіянальнай звышдзяржавы на Балканах, саступаючы па ўплыве толькі Вугоршчыне й Асманскай імпэрыі.
Пасьля сьмерці Тврткі і паслабленьня Босьніі, Захум'ем кіравалі фактычна незалежныя князі з дынастыі Косачаў, Сандаль Храніч і яго пляменьнік Стэфан Вукшыч. 20 студзеня 1448 року Стэфан паслаў ліст імпэратару Сьвятое Рымскае імпэрыі Фрыдрыху III, у якім назваў сябе «герцаґам», з-за чаго пазьней і ўзьнікла назва «Герцаґавіна».
У 1482 годзе землі спадчыньнікаў герцаґа Стэфана былі акупаваныя Асманскаю імпэрыяю. Герцаґавіна атрымала статус акругі (санджак) у складзе асманскай правінцыі (вілает) Босьнія.
З 1833 па 1851 рок Герцаґавіна была асобным вілаетам, затым вілаеты Босьнія й Герцаґавіна былі аб’яднаныя, і пасьля 1853 року назва «Босьнія й Герцаґавіна» стала агульнаўжывальнаю. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя Герцаґавіна была аб’ектам тэрытарыяльных прэтэнзіяў незалежнае Чарнагорыі. Само славянскае насельніцтва Босьніі й Герцаґавіны пэрыядычна падымала антытурэцкія паўстаньні, найбуйнейшым зь якіх было паўстаньне 1875—1876 рокаў. Да 1878 року Чарнагорыя здолела анэксаваць частку тэрыторыі Герцаґавіны, уключаючы Нікшыч.
У 1878 годзе Босьнію й Герцагавіну акупавала Аўстрыя. У 1908 годзе вобласьць была фармальна анэксаваная. Нагодаю да Першай сусьветнай вайны стала забойства эрцгерцаґа Франца-Фэрдынанда ў сталіцы Босьніі Сараева; прычынаю забойства была незадаволенасюць сэрбаў аўстрыйскаю палітыкаю перасяленбня сэрбаў у Босьніі й Герцаґавіне. Пасьля Першае сусьветнае вайны і распаду Аўстра-Вугорскае імпэрыі Босьнія й Герцаґавіна ўвайшлі ў склад Каралеўства Югаславія.
Падчас Другое сусветнае вайны, з 1941 па 1945 рок, Герцаґавіна ўваходзіла ў склад Незалежнай дзяржавы Харватыя, пры гэтым істотная частка яе тэрыторыяў кантралявалася падрозьдзеламі партызанаў і чэтнікаў. Пасьля вайны Босьнія й Герцагавіна сталі адзінаю рэспублікаю ў складзе сацыялістычнае Югаславіі.
У 1992 годзе, падчас распаду Югаславіі, была абвешчаная незалежнасьць Рэспублікі Босьнія й Герцагавіна. Шматлікія сэрбы і харваты, якія пражывалі ў рэспубліцы, не падтрымалі гэтае рашэньне, і на кантралюемых імі тэрыторыях былі абвешчаныя Рэспубліка Сэрбская і Харвацкая рэспубліка Герцэг-Босна. Грамадзянская вайна, што рушыла ўсьлед і ўключала этнічныя чысткі ўсімі бакамі канфлікту, скончылася ў 1995 годзе Дэйтанскім пагадненьнем, па якім Босьнія й Герцагавіна стала складацца зь дзьвюх раўнапраўных дзяржаўных утварэньняў: Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны і Рэспублікі Сэрбскае.
Насельніцтва
рэдагавацьСтатыстыка насельніцтва, як відаць, істотна зьмянілася за час грамадзянскае вайны ў Босьніі й Герцаґавіне. Апошні перапіс насельніцтва праводзіўся яшчэ да вайны, у 1991 годзе, і паводле яе вынікаў насельніцтва Герцаґавіны склала 437 095 чалавек. Харваты Герцаґавіны насяляюць вобласьці ля мяжы з Харватыяю, уключаючы Мостар і Таміслаўград. Мусульманскае насельніцтва традыцыйна пражывае ў даліне Нератва. Усходняя частка Герцаґавіны, з цэнтрам у Трэбінэ, неселеная сэрбамі й уваходзіць у Рэспубліку Сэрбскую.