Бітва пад Венай 1683 году
Бі́тва пад Ве́най — бітва, што адбылася 12 верасьня 1683 каля Вены паміж польска-аўстрыйска-нямецкім войскам (Сьвятая Ліга) пад камандаваньнем Яна Сабескага, і войскам Асманскай імпэрыі пад камандаваньнем візыра Кары Мустафы. Першая вялікая бітва вайны «Сьвятой лігі». Скончылася паразаю Турэччыны, якая не аправілася пасьля ўдару і болей ужо не ўяўляла пагрозы хрысьціянскай Эўропе.
Бітва пад Венай | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
«Бітва пад Венай». Юзэф Брант, 1863, музэй Войска польскага ў Варшаве | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Асманская імпэрыя Крымскае ханства Трансыльванія Валахія Малдова | Рэч Паспалітая Сьвятая Рымская імпэрыя Саксонія Франконія Баварыя Швабія | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Кара Мустафа | Ян Сабескі Карл Лятарынскі | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
138 000 чалавек | 70 000 чалавек | ||||||||
Страты | |||||||||
10 000 забітыя 5000 параненыя | 1500 забітыя 2500 параненыя | ||||||||
Перадгісторыя
рэдагавацьАсманская імпэрыя заўсёды была моцнай ваеннай дзяржавай, якая бачыла сэнс існаваньня ў заваёвах іншых тэрыторыяў. На працягу стагодзьдзяў розныя краі сьвету былі заваяваныя і падпарадкаваныя турэцкім султанатам. Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя туркі заваявалі паўднёва-ўсходнюю Эўропу, балканскія, вугорскія, румынскія княствы. У доўгай вайне 1645—1669 зламалі супраціў Вэнэцыі і захапілі Крыт. У той самы час заваявалі частку Вугоршчыны, перамогшы Аўстрыю ў 1662—1664. У 1658—1666 пала Трансыльванія. У 1672 напалі на Рэч Паспалітую, захапіўшы Камянец-Падольскі і Падольле (гл. вайна Рэчы Паспалітай з Асманскай імпэрыяй (1672—1677)), якая скончылася стратай больш за паловы ўкраінскіх зямель Кароны. У той жа час Турэччына прызнала сувэрэнітэт гетманскай Украіны, зрабіўшы яе сваім васалам. За ўкраінскія землі пачалася маскоўска-турэцкая вайна, якая працягвалася ў пэрыяд 1677—1681. У 1678 туркі захапілі Чыгірын, а ў 1681 падпісалі пагадненьне аб міры.
Перад бітвай
рэдагавацьУ 1682 у прыналежнай да Аўстрыі частцы Вугоршчыны (сучаснай Славаччыне) выбухнула антыгабсбурскае паўстаньне. Туркі, якія ўжо захапілі частку Вугоршчыны, спрабавалі выкарыстаць паўстаньне ў далейшай заваёве Аўстрыі. Яны падтрымалі кіраўніка паўстаньня і такім чынам 6 жніўня 1682 абвясьцілі вайну Аўстрыі. Аўстрыйцы пачалі інтэнсіўна рыхтавацца да вайны, складалі хаўрусы зь іншымі дзяржавамі Эўропы, што і адыграла вырашальную ролю ў ходзе вайны. 1 красавіка 1683 року імпэратар Леапольд I склаў хаўрус з каралём Рэчы Паспалітай Янам Сабескім.
У пачатку 1683 турэцкія войскі прыбылі ў Бялград, а затым пайшлі на Вену. 7 ліпеня 40 000 татараў сталі лягерам у 40 км да ўсходу ад аўстрыйскай сталіцы. Пасьля першых сутычак Леапольд I адступіў у Лінц з 80 000 уцекачоў. На знак падтрымкі кароль Рэчы Паспалітай улетку 1683 прыбыў у Вену, паказваючы тым самым гатоўнасьць выканаць свае абавязкі.
Асноўная ўдарная моц турак (паводле розных ацэнак, ад 90 да 140 тысячаў) прыбыла пад Вену 14 ліпеня. У той час у горадзе знаходзілася 11 000 жаўнераў і 5 000 апалчэнцаў. На баку абаронцаў былі вельмі моцныя гарадзкія ўмацаваньні, таму туркі не адважыліся штурмаваць горад, каб не панесьці велізарных чалавечых стратаў. Горад быў абложаны з усіх бакоў, абаронцы апынуліся ў цяжкім становішчы.
29 ліпеня Сабескі з 27-тысячным войскам рушыў з Кракава на дапамогу хаўрусьнікам. У пачатку верасьня польскае войска (літоўскае войска не брало ўдзел у гэтых падзеях і злучылася з польскімі сіламі значна пазней) перайшло Дунай і злучылася з астатнімі сіламі Сьвятой Лігі, дзеяньні якой добраславіў Папа Інакенцыюс XI. У той час 5000 турэцкіх сапэраў падарвалі значныя ўчасткі гарадзкіх сьценаў, у выніку ўтварыліся праломы шырынёю ў некалькі мэтраў. Аўстрыйцы ж спрабавалі рыць свае тунэлі, каб завадзіць турэцкім сапэрам. Але 8 верасьня туркі занялі Бурскі равэлін й Нізавую сьцяну. Хаўруснае войска дзякуючы хуткай мабілізацыі ўжо праз 3 дні здолела падысьці да Вены. Раніцаю 12 верасьня хаўрусьнікі былі гатовыя да бітвы.
Бітва
рэдагавацьБітва пачалася а 4 гадзіны раніцы атакаю туркаў на хаўрусьнікаў, каб перашкодзіць ім як сьлед разьмеркаваць свае сілы. Аўстрыйцы контратакавалі зь левага флянгу, у той час як немцы атакавалі цэнтар турак.
Тады Кара Мустафа ў сваю чаргу контратакаваў, а частка элітных янычарскіх падразьдзяленьняў пакінуў для штурму гораду. Турэцкія сапэры пракапалі тунэль для поўнамаштабнага падрыву сьценаў, а пакуль яны ліхаманкава засыпалі яго для ўзмацненьня выбуху, аўстрыйцы пасьпелі пракапаць сустрэчны тунэль і своечасова нэўтралізаваць міну.
Польская кавалерыя зрабіла магутны ўдар на правым флянгу турак. Апошнія ж зрабілі асноўную стаўку не на разгром войскаў хаўрусьнікаў, а на тэрміновы захоп места.
Пасьля 12 гадзін бітвы польскае войска працягвала трывала трымацца на правым флянгу турак. Прыкладна а 17-й гадзіне вечару падзеленая на чатыры часткі кавалерыя, якая да гэтага не брала ўдзелу ў бітве, пайшла ў напад. 20 000 кавалерыстаў пад асабістым камандаваньнем Яна Сабескага спусьціліся з пагоркаў і прарвалі шэрагі турак, і без таго моцна стомленых пасьля цэлага дня бітвы на два франты. Хрысьціянскія вершнікі ўдарылі па турэцкім лягеры, у той самы час да бітвы далучыўся гарнізон Вены.
Асманскія войскі былі ня толькі фізычна выматаныя, але і псыхалягічна прыгнечаныя. Атака кавалерыі прымусіла іх адступіць на поўдзень і на ўсход. Менш чым праз тры гадзіны пасьля нападу сваёй кавалерыі хрысьціяне здабылі поўную перамогу.
Ян Сабескі адаслаў у падарунак Папу Рымскаму Інакенцыюсу XI зялены сьцяг прарока, захоплены ў асманскім лягеры, а ў Кракаў адаслаў 400 вазоў з трафэямі, частка якіх да гэтага часу захавалася ў каралеўскім замку Вавэль.
Пасьля бітвы
рэдагавацьПасьля перамогі эўрапейскія войскі распачалі рух на ўсход — у Вугоршчыну. Габсбургі выкарысталі шанец адняць Вугоршчыну і Трансыльванію ў Асманскай імпэрыі, што было рэалізавана за наступныя 16 рокаў.
Вайна была скончана Карлявіцкім мірам у 1699 року. Паводле яго турэцкі султан аддаваў аўстрыйскім Габсбургам Вугоршчыну і Трансыльванію, Вэнэцыя замацавала за сабой Морыю і Далмацыю, Рэч Паспалітая вярнула сабе страчаныя раней землі на Падольлі і правабярэжнай Украіне (тры ўкраінскія ваяводзтвы — Кіеўскае, Брацлаўскае, Падольскае).
Такім чынам, галоўную ролю ў Цэнтральнай Эўропе на больш чым 200 рокаў занялі Габсбургі.
Зь Венскай бітвы распачаўся павольны заняпад турэцкай магутнасьці ў Эўропе. Нягледзячы на гэта, буйныя страты Турэччыны ў Эўропе (незалежнасьць Сэрбіі, Баўгарыі, Альбаніі, Турэччыны, перадача Босьніі Аўстра-Вугоршчыне) адбыліся значна пазьней, у XIX—XX стагодзьдзях.
Літаратура
рэдагаваць- Jan Wimmer. Wiedeń 1683. Dzieje kampanii i bitwy. — Warszawa: Wojskowy Instytut Historyczny, 1983.
- Zbigniew Wójcik. Historia Powszechna XVI-XVII wieku. — Warszawa: PWN, 1991. — ISBN 83-01-08912-1