Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь

Узбро́еныя сі́лы Рэспу́блікі Белару́сь — дзяржаўная вайсковая арганізацыя Рэспублікі Беларусь, што ўлучае сукупнасьць відаў узброеных сілаў і мэтай якой зьяўляецца адбіцьцё агрэсіі, накіраванай супраць Рэспублікі Беларусь, узброеная ахова цэласнасьці ейнай тэрыторыі.

Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь

Эмблема Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь (1991-1995)
Дата заснаваньня 20 сакавіка 1992 (32 гады таму)
Падразьдзяленьні сухапутныя войскі
Вайскова-паветраныя сілы й войскі супрацьпаветранае абароны
Штаб-кватэра Адміністрацыйны будынак № 1 Міністэрства абароны (Менск, вул. Камуністычная, 1)
Камандаваньне
Прэзыдэнт Беларусі
Галоўнакамандуючы
Прэзыдэнт Беларусі
Міністар абароны Віктар Хрэнін
Начальнік Генэральнага штаба Ўзброеных Сілаў Віктар Гулевіч
Вайсковыя сілы
Прызыўны ўзрост з 18 да 27 гадоў
Прызыў на
вайсковую службу
на 18 месяцаў (без вышэйшай адукацыі)
на 12 месяцаў (з вышэйшай адукацыяй)[1]
Занятыя ў войску 62 000
Запас 450 000
Фінансавыя зьвесткі
Бюджэт 4 605 813 648 рублёў (2012 год)[2]
Адсоткі СНП 6,9%
Прамысловасьць
Унутраныя пастаўшчыкі Мінатор-Сэрвіс
Дататковыя зьвесткі
Званьні Радавы
Яфрэйтар
Малодшы сяржант
Сяржант
Старэйшы сяржант
Старшына
Прапаршчык
Старэйшы прапаршчык
Малодшы лейтэнант
Лейтэнант
Старэйшы лейтэнант
Капітан
Маёр
Падпалкоўнік
Палкоўнік
Генэрал-маёр
Генэрал-лейтэнант
Генэрал-палкоўнік[3]
Гісторыя беларускай арміі
Войска Полацкага княства

Войска Вялікага Княства Літоўскага

Войска Рэчы Паспалітай
(Войска Вялікага Княства Літоўскага)
Войскі паўстанцаў 1794 году

Расейская імпэратарская армія
Беларускі 7-ы гусарскі полк
Віленская ваенная акруга
Беларускі армейскі корпус

Літоўскае войска

Войскі паўстанцаў 1830 году

Войскі паўстанцаў 1863 году

Узброеныя сілы БНР

Летувіскае войска
Першы беларускі полк
Беларускі асобны батальён

Рабоча-Сялянская Чырвоная Армія
Беларуска-летувіская армія
Беларуская ваенная акруга

Польскае войска
Самаабарона Літвы і Беларусі
Беларуская Вайсковая Камісія

Войска Сярэдняй Літвы

Узброеныя сілы СССР
Савецкі партызанскі рух у Беларусі

Беларуская самаабарона
Беларуская Народная Партызанка

Беларускі Копрус Самааховы
Беларуская Краёвая Абарона
Беларускі легіён
30-я дывізія (2-я расейская)
30-я дывізія (1-я беларуская)

Беларускі пасьляваенны антысавецкі супраціў

Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь

Складаюцца з сухапутных войскаў ды вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны. Былі створаны пасьля абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці ў 1991 годзе. 20 сакавіка 1992 году была прынята пастанова ўраду «Пра стварэньне Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь». У гэты ж дзень Вярхоўны Савет прыняў Закон «Пра Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь», на падставе якога й пачалося іх фармаваньне.

Колькасьць Узброеных сілаў складае 62 тыс., зь іх 14 тыс. — грамадзянскі пэрсанал[4]. Станам на канец 2006 году на кантрактнай аснове службу праходзіла 23,1 % вайскоўцаў.

Узброеныя сілы актыўна ўдзельнічаюць ў розных вучэньнях, як унутры краіны («Нёман-2001», «Бярэзіна-2002», «Чыстае неба — 2003», «Шчыт Айчыны-2004», «Шчыт Саюзу»[5][6][7], «Восень-2008»[8], «Захад-2009»), так і за яе межамі (Баявая садружнасьць)[9].

Гісторыя

рэдагаваць

Узброеныя сілы незалежнай Беларусі былі заснаваныя на аснове Чырвонасьцяжнай Беларускай вайсковай акругі (ЧБВА) — самай магутнай у Савецкім Саюзе[10]. Яна «падпірала» Групу савецкіх войскаў у Нямеччыне, якая дысьлякавалася на тэрыторыі тагачаснае НДР, гэта значыць, знаходзілася на найважнейшым у той час стратэгічным кірунку.

Акрамя велізарнай узброенай групоўкі, на тэрыторыі БССР знаходзілася інфраструктура, якая забясьпечвала жыцьцядзейнасьць і баявое ўжываньне гэтых войскаў у выпадку патрэбы. А менавіта: склады, самая густая ў СССР сетка пад’язных пуцей, запасы вайсковай маёмасьці, прызначаныя для разгортваньня на тэрыторыі Беларусі войскаў, агульнай колькасьцю ў 500 тысячаў, а паводле некаторых зьвестак — і ў мільён чалавек.

 
Першая ўрачыстая прысяга беларускай арміі, 1992 год
 
Нарукаўная эмблема Ўзброеных сілаў РБ з 1992 па 1996 год

Пастановай ад 20 верасьня 1991 г. № 1099 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь загадаў ураду падаць прапановы аб стварэньні беларускага войска[11]. Пастановай ад 11 студзеня 1992 г. № 1403 Вярхоўны Савет падначаліў ураду Беларусі разьмешчаныя ў краіне войскі[12]. Пастановай ад 18 сакавіка 1992 г. № 530 Вярхоўны Савет даручыў ураду стварыць Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь 20 сакавіка[13]. Пастановай ад 6 траўня 1992 г. № 262 Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь падпарадкаваў войскі Міністэрству абароны на чале зь міністрам Паўлам Паўлавічам Казлоўскім[14]. Былыя войскі ЧБВА пачалі ператварацца ў войска незалежнае краіны. У 1992 годзе заснавалі аддзел гандлю Мінабароны Беларусі, які ў 1997 годзе пераўтварылі ў Гандлёва-вытворчую ўправу пры Міністэрстве абароны.

На 17 ліпеня 1992 году Ўзброеныя сілы налічвалі 3 457 танкаў, 3 824 баявыя браняваныя машыны, 1 562 артылерыйскія сыстэмы, 390 баявых самалётаў, 79 ударных шрубалётаў.

Рэфармаваньне ішло ў два этапы. На першым (1992 год) войскі былі скарочаны амаль на 30 тысячаў чалавек, было вызначана іх апэратыўнае прызначэньне, распрацаваныя асноўныя кіраўнічыя дакумэнты. На другім этапе (1993—1994 гады) скарачэньне войска галоўным чынам завяршылі, ажыцьцявілі яго структурныя пераўтварэньні, рэфармавалі сыстэму кіраваньня.

У савецкі час агульная колькасьць групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі складала больш за 280 тысячаў вайскоўцаў, працоўных і службоўцаў. Канцэнтрацыя вайсковых часткаў і злучэньняў тут была самай высокай на эўрапейскім кантынэнце. Адзін вайсковец прыходзіўся на 43 чалавекі грамадзянскага насельніцтва (для параўнаньня: ва Ўкраіне — на 98, у Казахстане — на 118, у Расеі — на 634 чалавекі).

Адносна невялікай эўрапейскай краіне зь дзесяцімільённым насельніцтвам такія надмерна вялікія Ўзброеныя сілы былі не патрэбныя: іх было занадта дорага ўтрымоўваць і абсталёўваць. Да таго ж іх агульная колькасьць у адпаведнасьці з выніковым актам Хэльсынскай дамовы ад 10 ліпеня 1992 году не павінна была перавышаць 100 тысячаў вайскоўцаў.

У зьвязку з гэтым у 1992—1996 гадах спынілі сваё існаваньне ці былі ператвораны звыш 250 вайсковых фармаваньняў, якія адыйшлі пад юрысдыкцыю Беларусі.

Адначасна сур’ёзна скарацілі колькасьць вайсковае тэхнікі і ўзбраеньняў. У адпаведнасьці з Дамоваю пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Эўропе й прынятымі ў ейнага разьвіцьця дакумэнтамі, Беларусь пагадзілася абмежаваць свае ўзбраеньні 1800 танкамі, 2600 баявымі браняванымі машынамі, 1615 артылерыйскімі сыстэмамі, 260 баявымі самалётамі, 80 ударнымі шрубалётамі.

Гэта скарачэньне было ажыцьцёўлена да пачатку 1996 году. У гэтым жа годзе паводле дамовы з ЗША з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь былі выведзены міжкантынэнтальныя ракеты РС-12М зь ядравымі боегалоўкамі. Паводле дамовы, ЗША й РФ гарантавалі Рэспубліцы Беларусь бясьпеку й нескарыстаньне санкцыяў.

Тады ж галоўным чынам завяршылася і структурнае рэфармаваньне войска. Так, агульнавайсковыя й танкавыя войскі былі ператвораны ў армейскія карпусы (затым на іх аснове стварылі апэратыўна-тактычныя камандаваньні); мотастралковыя й танкавыя дывізіі — у асобныя мэханізаваныя брыгады (ці ж у базы захоўваньня ўзбраеньня й тэхнікі); паветрана-дэсантная дывізія, асобная паветрана-дэсантная брыгада, а таксама 5-я брыгада спэцпрызначэньня ДРУ — у Мабільныя сілы (пазьней — Сілы спэцыяльных апэрацыяў) у складзе трох мабільных брыгадаў; авіяцыйныя дывізіі і палкі — у авіяцыйныя базы. На заключным этапе рэфармаваньня адбылося разьмежаваньне паўнамоцтваў Міністэрства абароны й Генэральнага штабу, як гэта прынята ў большасьці краінаў сьвету.

ХХІ стагодзьдзе

рэдагаваць
 
Міжкантынэнтальныя ракеты Typ RS-12M Topol (Кадыроўка НАТА: SS-25 Sickle) былі вывезены зь Беларусі ў 1996 годзе
 
Галоўнакамандуючы УС РБ Аляксандар Лукашэнка

Са сьнежня 2001 году быў ажыцьцёўлены пераход Узброеных сілаў на трохвідавую, а затым і на двухвідавую структуру — Сухапутныя войскі ды Вайскова-паветраныя сілы й войскі супрацьпаветранае абароны.

Зыходзячы з досьведу першае й другое войнаў у Пэрсыдзкім заліве й балканскае вайны, у Беларусі была разгорнутая вельмі магутная сыстэма СПА. Створана й досыць стройная адзіная сыстэма вайсковай адукацыі, падрыхтоўкі й перападрыхтоўкі армейскіх кадраў.

Што да камплектаваньня Ўзброеных сілаў, то спыніліся на зьмяшаным прынцыпе — як за кошт жаўнераў тэрміновае службы, так і за кошт кантрактнікаў. Гэта дазваляе Беларусі ў выпадку неабходнасьці мабілізаваць велізарны кантынгент — у раёне паўмільёна чалавек. У 2004 г. увялі і службу ў рэзэрве[15]. 13 верасьня 2004 г. міністар абароны Леанід Мальцаў падпісаў Пастанову Міністэрства абароны Беларусі № 47 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб парадку харчовага забесьпячэньня Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь у мірны час». На красавік 2012 г. паводле Інструкцыі, норма агульнавайсковага пайка ў дзень на чалавека складала 3412 кілякалёрыяў і ўлучала: 450 грамаў бульбы, 250 г. жытняга хлеба, 150 г. пшанічнага хлеба, 130 г. капусты, па 100 г. малака, мяса, рыбы і сока, 95 г крупы, 80 г булкі, 60 г цукру, 50 г цыбулі, па 40 г алею, буракоў, морквы, мяса птушкі і варанай кілбасы, 35 г макаронаў, па 30 г масла і канцэнтрату кісяля, 20 г сьмятаны, 15 г сыру і 1 яйка. Таксама ў паёк уваходзілі агуркі, таматы, караняплоды і зеляніна (агулам 40 г.), соль (20 г.), мука (10 г.), таматная паста (6 г.), воцат (2 г.), гарбата (1,2 г.), гарчыца і перац (па 0,3 г.), лаўровы ліст (0,2 г.)[16].

Да 2005 году агульная колькасьць Узброеных сілаў склала 62 тысячы чалавек: 48 тысячаў вайскоўцаў і 13 тысячаў асобаў грамадзянскага пэрсаналу. У гэтых межах колькасьць беларускага войска знаходзіцца й дагэтуль.

31 ліпеня 2008 году ва Ўзброеных сілах Беларусі стварылі ўправу прымяненьня і разьвіцьця бесьпілётных авіяцыйных комплексаў[17].

У 2010 годзе на замову Міністэрства абароны адбылося выданьне пераклада Інстытутам мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі агульнавайсковых статутаў на беларускую[18]. Сярод іх былі Статут унутранай службы (с. 5-173; дадаткі на с. 174—218), Статут гарнізоннай і каравульнай службаў (с. 221—342; дадаткі на с. 343—382) і Дысцыплінарны статут (с. 385—414; дадаткі на с. 415—422), ухваленыя Ўказам прэзыдэнта ад 26 чэрвеня 2001 г. № 355. Таксама ў выданьні зьмяшчаўся Шыхтавы статут (с. 425—522; дадаткі на с. 523—561), ухвалены Загадам Міністэрства абароны ад 22 чэрвеня 2001 г. № 6[19].

Пасьля ўсіх скарачэньняў па колькасьці танкаў, бронемашынаў і гарматаў на тысячу вайскоўцаў Беларусь займала першае месца ў Эўропе. А сваіх найбліжэйшых буйных суседзяў — Польшчу й Украіну — Беларусь пераўзыходзіла і па абсалютнай колькасьці цяжкага ўзбраеньня наземных войскаў: па танках — у 1,8 і ў 2,1 разоў адпаведна; па бронемашынах — у 1,6 і ў 1,2 разоў; па цяжкіх артылерыйскіх сыстэмах — у 2 і 1,3 разоў. Аднак амаль ўся вайсковая тэхніка ва Ўзброеных сілах РБ савецкай вытворчасьці, і яна патрабавала мадэрнізацыі ды замены. Усё гэта вымагала велізарных грашовых рэсурсаў, якіх у беларускага ўраду амаль увесь час бракавала[20].

На лістапад 2013 году ў Беларусі налічвалася каля 250 вайсковых мястэчак[21].

На сакавік 2015 году працавала звыш 100 радыёлякацыйных станцыяў «Раса» і «Ўсход» ды перасоўных радыёвышынямераў, якімі кіравалі праз 20 камандных пунктаў сіламі каля 300 вайскоўцаў радыётэхнічных войскаў[22]. На люты 2018 году Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь налічвалі 312 установаў, падразьдзяленьняў, вайсковых частак, злучэньняў і аб’яднаньняў[23]. 19 сьнежня 2022 году А. Лукашэнка паведаміў: «Мы сёньня паставілі на баявое дзяжурства комплекс С-400... І, самае галоўнае, комплекс "Іскандэр[24].

Паводле Закону задачамі Ўзброеных сілаў Беларусі ёсьць:

  1. падтрыманьне баяздольнасьці й боегатоўнасьці войскаў да адбіцьця мясцовага нападу;
  2. утойваньне зьвестак аб сваёй дзейнасьці;
  3. апераджальнае выяўленьне падрыхтоўкі нападу на краіну;
  4. абарона і ахова дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы;
  5. стварэньне прыладаў узброенай абароны дзяржавы;
  6. усебаковая падрыхтоўка да правядзеньня вайсковай мабілізацыі;
  7. гатоўнасьць да разгортваньня войска ў рамках пераводу краіны на ўмовы ваеннага часу;
  8. выкананьне апэратыўнай, баявой і мабілізацыйнай падрыхтоўкі, укараненьне ў дзейнасьць войскаў новых відаў і спосабаў вядзеньня боя;
  9. утрыманьне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі ў стане пастаяннай гатоўнасьці да баявога прымяненьня;
  10. удасканаленьне супрацьпаветранай абароны як адзінай з саюзнымі дзяржавамі;
  11. падтрыманьне маральна-псыхалягічнага стану асабовага складу[25].

Тыпы войскаў

рэдагаваць
 
Злучэньні Ўзброеных сіл

У наш час ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь існуюць два тыпы войскаў — Сухапутныя войскі, Вайскова-паветраныя сілы й войскі супрацьпаветранае абароны. Таксама непасрэдна Генэральнаму штабу падпарадкоўваецца род войскаў — Сілы спэцыяльных апэрацыяў (ССА). Існуюць таксама спэцыяльныя войскі (службы), органы тылу.

Сухапутныя войскі

рэдагаваць
 
Эмблема сухапутных войскаў УС РБ

Сухапутныя войскі непасрэдна кіруюцца Міністэрствам абароны й арганізацыйна падпадзяляюцца на два апэратыўныя (апэрацыйныя) камандаваньні: Заходняе й Паўночна-заходняе.

Зь 1 чэрвеня 1993 году правапераемнікам 28-й арміі стаў 28-й армейскі корпус (28 АК), з 17 сьнежня 2002 году — Заходняе апэратыўнае камандаваньне. На 2011 год у яго склад уваходзілі.

  • 2 мэханізаваныя брыгады (6-я і 11-я),
  • 111-я гвардзейская артылерыйская брыгада
  • іншыя часткі й падразьдзяленьні.

Склад Паўночна-заходняга камандаваньня ў цэлым падобны з вышэйпаказаным, з тою толькі асноўнаю розьніцаю, што ў яго ўваходзіць толькі адна мэханізаваная брыгада (120-я гвардзейская).

Сухапутныя войскі маюць у сваім складзе мэханізаваныя злучэньні, ракетныя войскі й артылерыю, войскі ППА сухапутных войскаў, падразьдзяленьні сувязі, часткі й установы тылавога й тэхнічнага забесьпячэньня. Кожны род войскаў у сваім складзе мае часткі й падразьдзяленьні скарочанага складу, кадры, базы захоўваньня ўзбраеньня ды тэхнікі.

Задачы Сухапутных войскаў

рэдагаваць

Задачы Сухапутных войскаў у мірны час:

  • падтрыманьне баявога патэнцыялу, баявое й мабілізацыйнае гатовасьці органаў кіраваньня, злучэньняў, вайсковых часткаў і ўстановаў Сухапутных войскаў, якія забясьпечваюць адбіцьцё нападу лякальнага маштабу,
  • забесьпячэньне гарантаванага пераробу войскаў зь мірнага на ваенны час ва ўсталяваныя тэрміны ў мэтах выкананьня задачаў адбіцьця агрэсіі суперніка,
  • нясеньне баявога дзяжурства вылучанымі сіламі й сродкамі органаў кіраваньня й войскаў да вядзеньня баявых дзеяньняў і выкананьню іншых задачаў у адпаведнасьці зь іх прызначэньнем,
  • стварэньне й утрыманьне запасаў узбраеньня, вайсковае тэхнікі й матэрыяльных сродкаў у аб’ёмах, што забясьпечваюць гарантаванае рашэньне задачаў, якія стаяць перад Сухапутнымі войскамі,
  • удзел у ліквідацыі наступстваў аварыяў, катастрофаў і стыхійных бедзтваў,
  • падтрыманьне на высокім узроўні маральна-псыхалягічнага стану асабовага складу.

Задачы Сухапутных войскаў у ваенны час:

  • выкананьне задачаў згодна з плянам стратэгічнага разгортваньня Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь,
  • лякалізацыя (спыненьне) магчымых ваенных канфліктаў, адбіцьцё агрэсіі суперніка баепадрыхтаванымі ў мірны час часткамі Сухапутных войскаў, а пры неабходнасьці — з мабілізацыяй злучэньняў і часткаў,
  • адбіцьцё нападу ў любых умовах становішча як самастойна, так і сумесна з узброенымі сіламі саюзьнікаў,
  • правядзеньне сумесна з ВПС і войскамі ППА Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь (пры ўдзеле ўзброеных сілаў краінаў СНД, якія падпісалі Дамову пра калектыўную бясьпеку) абарончых і контарнаступальных апэрацыяў па разгроме агрэсара,
  • нанясеньне паразы суперніку й стварэньне перадумоваў да спыненьня ваенных дзеяньняў,
  • фармаваньне й падрыхтоўка рэзэрваў, папаўненьне стратаў войскаў у асабовым складзе, узбраеньні й вайсковай тэхніцы паводле спэцыяльнасьцяў і намэнклятуры Сухапутных войскаў.
 
Танк Т-72Б транспартуецца

Тэхніка й узбраеньне

рэдагаваць

Сухапутныя войскі маюць на ўзбраеньні танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспартэры, артылерыю рознае магутнасьці й прызначэньня, процітанкавыя ракетныя комплексы, зенітныя ракетныя комплексы, сродкі кіраваньня, аўтаматычную стралковую зброю.

Тып Выява Вытворчасьць Прызначэньне Колькасьць Нататкі
Танкі
Т-80Б     СССР Асноўны баявы танк 92[26]
Т-72Б     СССР Асноўны баявы танк 1465[26]
Т-55     СССР Сярэдні танк 29[26]
Баявыя машыны пяхоты
БМП-1     СССР Баявая машына пяхоты 109[26]
БМП-2     СССР Баявая машына пяхоты 1164[26]
БРМ-1К     СССР Баявая выведвальная машына 161[26]
БМД-1     СССР Баявая машына дэсанту 154[26]
Бронетранспартэры
Дунфэн Мэншы   Кітай Бронеаўтамабіль 22[27]
БТР-Д     СССР Бронетранспартэр 22[26]
МТ-ЛБ     СССР Бронетранспартэр 66[26]
БТР-60     СССР Бронетранспартэр 188[26]
БТР-70     СССР Бронетранспартэр 446[26]
БТР-80     СССР Бронетранспартэр 194[26]
Артылерыйскія сыстэмы
2С9 «Нона-З»     СССР 120 мм САУ 54[26] Самаходная
2С1 «Гвазьдзік»     СССР 122 мм САУ 246[26] Самаходная
2С3 «Акацыя»     СССР 152 мм САУ 163[26] Самаходная
2С5 «Гіяцынт-З»     СССР 152 мм САУ 120[26] Самаходная
2С19 «Мста-З»     СССР 152 мм САУ 13[26] Самаходная
2С7 «Півоня»     СССР 203 мм САУ 36[26] Самаходная
Д-30     СССР 122 мм гармата-гаўбіца 202[26] мае патрэбу ў буксыры
2А36 «Гіяцынт-Б»     СССР 152 мм гармата-гаўбіца 50[26] мае патрэбу ў буксіры
2А65 «Мста-Б»     СССР 152 мм гармата-гаўбіца 136[26] мае патрэбу ў буксіры
Д-20     СССР 152 мм гармата-гаўбіца 58[26] мае патрэбу ў буксіры
2С12 «Сані»     СССР Мінамёт 77[26] Транспартуемы
Рэактыўныя сыстэмы залпавага агню
БМ-13 Кацюша     СССР РСЗО(132мм) 1[26]
БМ-21 Град     СССР РСЗО 213[26]
БМ-27 Ураган     СССР РСЗО 84[26]
БМ-30 Віхраслуп     СССР РСЗО 40[26]
Супрацьтанкавае ўзбраеньне
Фагот (ПТРК), Конкурс (ПТРК), Штурм (ПТРК), Мэтыс (ПТРК)        СССР ПТРК каля 480[26]
Тактычныя ракетныя комплексы
Кропка (тактычны ракетны комплекс)     СССР Тактычная ракета 26[26]
Р-11     СССР Тактычная ракета 60[26]
Сыстэмы ППА
С-300В,ЗРК Бук,ЗРК Аса,Страла-10,ЗРК Тор      СССР, Расея ЗРК каля 350[26]

ВПС і войскі СПА

рэдагаваць
 
Эмблема Вайскова-паветраных сілаў і войскаў Супрацьпаветранае абароны Рэспублікі Беларусь

Вайскова-паветраныя сілы й войскі супрацьпаветранае абароны (ВПС і ВСПА) прызначаны для прыкрыцьця адміністрацыйных, вайсковых, эканамічных цэнтраў Рэспублікі Беларусь, групоўкаў яе войскаў ад удараў суперніка з паветра, а таксама для паразы аб’ектаў і войскаў суперніка й забесьпячэньня баявых дзеяньняў Сухапутных войскаў.

Былі створаны ў 2001 годзе ў выніку аб’яднаньня Вайскова-паветраных сілаў Рэспублікі Беларусь з Войскамі супрацьпаветранае абароны.

Парк баявых шрубалётаў (Мі-8, Мі-26) складае 93 машыны.

У сьнежні 2005 году Беларусь закупіла ва Ўкраіны 10 навучальна-трэніравальных самалётаў Л-39. 21 сьнежня 2005 яны зьдзейсьнілі пералёт з тэрыторыі Ўкраіны. Самалёты Л-39 паступілі на ўзбраеньне навучальна-трэніравальнае эскадрыльлі, сфармаванае ў 206-й штурмавой авіяцыйнай базе ВПС і войскаў ППА Ўзброеных сілаў Беларусі. Асабовы склад эскадрыльлі раней прайшоў перападрыхтоўку для палётаў на дадзеным тыпе самалётаў у Вяземскім навучальным цэнтры Расейскае Фэдэрацыі. Паступленьне навучальна-трэніравальных самалётаў Л-39, дазволіла значна пашырыць магчымасьці па падрыхтоўцы лётнага складу ВПС і войскаў ППА і курсантаў беларускага авіяцыйнага факультэту Вайсковае акадэміі.

У лютым 2006 году было абвешчана пра намер Беларусі закупіць у Індыі 18 зьнішчальнікаў Су-30 да пастаўленых туды ў 1997—1998 гг. Па адзнаках экспэртаў кошт угоды можа скласьці парадку $300 млн. Пасьля куплі, самалёты будуць дапрацаваны да ўзроўню Су-30 КН, што дазволіць ужываць высокадакладныя боепрыпасы па наземных і марскіх цэлях. ВПС Беларусі разьмяшчаюць двухмясцовымі самалётамі Су-27 УБ, якія ўжо дапрацоўваюцца да гэтага стандарту на авіярамонтным заводзе ў горадзе Баранавічы.

У красавіку 2006 году пачалася пастаўка ў Беларусь чатырох дывізіёнаў зенітна-ракетных комплексаў З-300ПС, дамоўленасьць пра што была дасягнута ўвесну 2005. Яны былі бязвыплатна перададзены з запасаў МА РФ, дзе яны знаходзіліся на працяглым захоўваньні. Пасьля чаго, пры ўдзеле расейскіх і беларускіх адмыслоўцаў былі праведзены прафіляктычныя працы й падоўжаны тэрміны эксплюатацыі. Усе працы праводзіліся за кошт сродкаў МА РБ. Разгортваньне комплексаў якія налічваюць у агульнай складанасьці 24 пускавыя ўсталёўкі завершылася да 1 сьнежня 2006. Два дывізіёну разьмесьцяціліся ў раёне Берасьце, яшчэ два — у раёне Гародні. Пасьля пастаноўкі комплексаў на баявое дзяжурства зона паразы аб’яднанае сыстэмы СПА краінаў СНД адсунулася на 150 кілямэтраў у заходнім кірунку, а зона выяўленьня — на 400 кілямэтраў.[28]

Адзіная сыстэма СПА паміж Беларусьсю й Расеяй

рэдагаваць
 
Зенітна-ракетны комплекс С-400, якія павінны паступіць на ўзбраеньне адзінай сыстэмы СПА

3ь лютага 2009 году паміж Беларусьсю й Расеяй была падпісана дамова пра сумесную ахову вонкавых межаў Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы й пра стварэньне адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны[29]. 13 лютага 2012 году Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў гэтую дамову[30]. Асноўнымі задачамі Адзінае рэгіянальнае сыстэмы супрацьпаветранае абароны зьяўляюцца выведка, ахова й абарона вонкавае мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы, кантроль за выкананьнем правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы ў рэгіёне.

Кіраваньне адзінаю сыстэмаю супрацьпаветранае абароны Расеі і Беларусі будзе ажыцьцяўляцца адзіным кіраўніцтвам у аўтаматызаваным рэжыме. Сыстэма пачне працаваць з канца 2012 году, доступ да яе атрымаюць як беларускія, так і расейскія вайскоўцы. Рашэньне пра ўжываньне зенітных ракетных комплексаў будзе прымацца тым камандным пунктам, які першым выявіць пагрозу, у першую чаргу — ракету. Такая сыстэма ўведзена для таго, каб не марнаваць часу на ўзгадненьне дзеяньняў у выпадку выяўленьня сродкаў паразы суперніка. Два камандных пункта адзінае сыстэмы СПА будуць зьмесцаваны ў Беларусі і яшчэ некалькі — у Расеі.

Пад кантролем камандных пунктаў будуць знаходзіцца ўсе сілы і сродкі СПА Беларусі, а таксама такія ж сыстэмы, разьмешчаныя на тэрыторыі Заходняй вайсковай акругі Расеі. Архітэктура сыстэмы кіраваньня СПА, якая базуецца на апэрацыйнай сыстэме МСВС, распрацавана цьвярскім навукова-дасьледчым інстытутам.

Як чакаецца, на ўзбраеньне адзінае сыстэмы СПА ўстануць зенітныя ракетныя комплексы С-400, а таксама новыя «Тор-М2». Для Беларусі яны будуць пастаўляцца на льготных умовах. Па адзнацы Генштабу УС Расеі, для прыкрыцьця Расеі ад крылатых ракетаў з захаду неабходна паставіць на баявое дзяжурства ня менш як 16 дывізіёнаў С-400. Не выключана таксама, што на ўзбраеньне адзінае сыстэмы СПА ўстане й радар «Варонеж-ДМ».

Стварэньне адзінай сыстэмы СПА Расеі й Беларусі вядзецца ў рамках больш маштабнае праграмы фармаваньня рэгіянальных зонаў СПА СНД, рэалізацыя якой пачалася ў 2007 годзе. Дамовы Расеі пра адзіную СПА, апроч Беларусі, таксама падпісаны з Армэніяю. Аналягічных дамоўленасьцяў у пэрспэктыве плянуецца дасягнуць з усімі дзяржавамі СНД.

Адзіная сыстэма СПА Расеі й Беларусі будзе затуляць усходнеэўрапейскую зону калектыўнае бясьпекі. Акрамя таго, у рамках СПА СНД будуць створаны каўкаская й цэнтральнаазіяцкая зоны СПА. Пасьля завяршэньня фармаваньня ўсіх зонаў СПА СНД будзе наладжана іх узаемная каардынацыя, а таксама выпрацаваны правілы нясеньня баявога дзяжурства й абмену інфармацыяй[31].

Тэхніка й узбраеньне

рэдагаваць

Вайскова-паветраныя сілы й войскі супрацьпаветранае абароны Беларусі маюць наступнае ўзбраеньне[32][33][34]:

Тып Вытворчасьць Выява Колькасьць Нататкі
Самалёты
Баявыя самалёты
Су-27

Су-27УБ

СССР/Беларусь   20

3

Беларуская мадэрнізацыя й рамонт
МІГ-29 / МІГ-29БМ

МІГ-29УБ

  СССР/   Беларусь   40

1

Беларуская мадэрнізацыя й рамонт з 2002 году
Су-25

Су-25УБ

  СССР    70

6

Транспартныя самалёты
Іл-76М   СССР   4
Ан-26   СССР   6
Навучальныя самалёты
L-39   ЧССР   10
Шрубалёты
Транспартныя шрубалёты
Мі-8   СССР   125
Мі-6   СССР   29
Мі-26   СССР   14
Ударныя шрубалёты
Мі-24В   СССР   50
Выведвальныя шрубалёты
Мі-24К   СССР   8
Мі-24Р   СССР   8
СПА
С-300ПС   СССР   2 дывізіёна Пастаўлены ў 2005—2006 гадах са складу УС РФ, аплата па бартары васьміосьнымі шасі МЗКТ-79221 для ракетных комплексаў РС-12М1 «Таполя-М»
С-125   СССР/   Беларусь   Пячора-2Т/2ТМ, беларуская мадэрнізацыя
Бук   СССР   12 батарэяў
С-200   СССР   4 дывізіёны

Узброеныя сілы Эўропы

1 000 000+

  Расея (1 037 000)

200 000+

  Турэччына (514 850)
  Францыя (259 050)
  Італія (230 350)
  Нямеччына (200 773)

150 000+

  Вялікабрытанія (187 970)
  Украіна (192 000)
  Гішпанія (177 950)
  Грэцыя (177 600)

100 000+

  Польшча (105 000)

50 000+

  Румынія (93 619)
  Баўгарыя (68 000)
  Азэрбайджан (66 000)
  Беларусь (65 000)
  Казахстан (65 000)

25 000+

  Чэхія (57 050)
  Нідэрлянды (53 130)
  Харватыя (51 000)

Армэнія (46 000)

  Партугалія (44 900)
  Фінляндыя (36 700)
  Аўстрыя (34 600)
  Бэльгія (34 000)
  Швэцыя (33 900)
  Вугоршчына (33 400)
  Нарвэгія (27 600)
  Славаччына (26 200)

10 000+

  Данія (22 880)
  Альбанія (20 000)
  Грузія (17 500)
  Летува (13 510)
  Паўночная Македонія (12 850)
  Ірляндыя (10 500)
Кіпр (10 000)

5000+

  Босьнія і Герцагавіна (9200)
  Славенія (9000)
  Малдова (7200)
  Чарнагорыя (6500)
  Эстонія (5510)
  Латвія (5500)

1000+

  Швайцарыя (3600)
  Мальта (2140)

500+

  Люксэмбург (900)

Здарэньні

рэдагаваць
 
Су-27УБМ за пятнаццаць хвілінаў да катастрофы на авіяшоў ў Польшчы

Паводле афіцыйных дадзеных, апублікаваным у сьнежні 2007 году, з траўня 1997 году ў ВПС і ВСПА Беларусі не было ніводнага авіяцыйнага здарэньня[35]. Катастрофа зьнішчальніка Су-27 у 2009 годзе стала, верагодна, першаю стратаю за дванаццаць гадоў. Інфармацыя пра колькасьць лётных здарэньняў у 1990-я гады адсутнічае, вядомыя толькі некаторыя выпадкі.

  • 12 верасьня 1995 году, тры паветраныя шары, якія змагаліся за кубак Гордана Бэнэта, заляцелі ў беларускую паветраную прастору. Нягледзячы на той факт, што арганізатары паведамілі беларускаму ўраду пра гонку яшчэ ў траўні й што пляны палётаў былі таксама прадстаўлены, беларускія вайскова-паветраныя сілы й войскі супрацьпаветранае абароны зьбілі адзін паветраны шар. Загінулі двое амэрыканскіх грамадзянаў. З двух астатніх паветраных шароў, адзін быў змушаны адразу экстрана прызямліцца, а іншы прызямліўся празь дзьве гадзіны пасьля здарэньня з прычыны пагаршэньня надвор’я. Экіпажы двух паветраных шароў былі аштрафаваны за ўезд у Беларусь бязь візы, а затым вызвалены.[36][37].
  • 23 траўня 1996 году падчас трэніравальнага палёту разьбіўся Су-27. Пілёт Уладзімер Карват адвёў падаючую машыну ад населенага пункту й быў пасьмяротна ганараваны званьнем Героя Беларусі.
  • 24 траўня 1997 году падчас трэніравальнага палёту разьбіўся Су-17, пілёт Сяргей Пагрэбан загінуў[38].
  • 30 жніўня 2009 году падчас выступу на авіяцыйным шоў у Польшчы разьбіўся Су-27УБМ. Загінулі абодва чальцы экіпажу — палкоўнікі Аляксандар Марфіцкі й Аляксандар Жураўлевіч[39].
  • 21 красавіка 2010 году падчас трэніравальнага палёту ва ўмовах абмежаванае бачнасьці адбылося сутыкненьне ў паветры двух самалётаў МІГ-29. Пілот аднаго з самалётаў катапультаваўся. Іншы самалёт пасьпяхова прызямліўся на базавым аэрадроме.[40]
  • 29 лістапада 2011 году каля Пружанаў разьбіўся шрубалёт Мі-24, загінулі тры чалавекі[41].
  • 12 чэрвеня 2012 году пры выкананьні плянавых палётаў разьбіўся зьнішчальнік Су-25 116-й штурмавой авіяцыйнай базы. Пасьля выкананьня заданьня каля 15.35 на вышыні 200 м самалёт пачаў губляць кіраваньне. Кіраўніцтва палётамі дало каманду пілёту катапультавацца, аднак Мікалай Грыднеў здолеў адвесьці самалёт ад вёскі Навіны Наваградзкага раёну і разьбіўся за два кілямэтры ад яе[42].
  • 4 ліпеня 2012 году швэдзкі самалёт выляцеў з аэрадрому ў Пацюнах (Летува, Ковенскі раён), перасёк мяжу беларускае паветранае прасторы ў раёне Дзевянішак (побач з Салечнікамі ды Іўем), праляцеў на Івянцом[43] і, па некаторых меркаваньнях, лятаў нават над Менскам[44]. Паводле сьцьверджаньняў імаверных удзельнікаў інцыдэнту, лётчыкі скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзьведзяў з улёткамі, што заклікалі да выкананьня свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь. Пілёты заўляюць, што ў выпадку затрыманьня беларускімі ўладамі яны плянавалі знайсьці прытулак у амбасадзе Швэцыі і што акцыя плянавалася цэлы год, таксама ў раёне Менску іх выклікалі дыспэтчары менскага аэрапорту. У мэтах пілётаў спачатку быў намер скінуць цацкі на рэзыдэнцыю прэзыдэнта Беларусі, але потым пілёты пабаяліся гэта рабіць[45].

Спачатку кіраўніцтва Беларусі адмаўляла факт парушэньня мяжы, але потым прызнала яго[46]. Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню беларускага памежнага камітэту ґенэрал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага войскамі СПА Беларусі ґенэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна[47]. Да таго ж, прэзыдэнт пазбавіў пасады й віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса[48]

Сілы спэцыяльных апэрацыяў

рэдагаваць
 
Эмблема ССА УС РБ

Сілы спэцыяльных апэрацыяў (ССА) Рэспублікі Беларусь — высокамабільны род войскаў Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Зьяўляюцца пераемнікам ПДВ СССР у Беларусі. Асноўныя задачы: контра-дывэрсійная дзейнасьць, выведка, выкананьне розных задачаў адмысловымі мэтадамі ў мэтах спыненьня ўзброенага канфлікту ў стаўленьні да Рэспублікі Беларусь. Выступаюць адным з асноўных элемэнтаў стратэгічнага стрымліваньня[49].

Брыгады ССА падпарадкоўваюцца камандаваньню ССА, якое ў сваю чаргу падпарадкоўваецца непасрэдна Генэральнаму штабу, абыходзячы апэратыўныя камандаваньні й камандаваньне сухапутных войскаў УС РБ у адрозьненьне ад пяхотных часткаў.

Транспартныя войскі

рэдагаваць

11 траўня 2006 году Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка падпісаў Загад № 312[50] «Пра некаторыя мэры па ўдасканаленьні транспартнага забесьпячэньня Ўзброеных Сілаў, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў Рэспублікі Беларусь». Дакумэнт прыняты ў мэтах стварэньня адзінае сыстэмы транспартнага забесьпячэньня Ўзброеных Сілаў, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў Беларусі, што прадугледжана Плянам будаўніцтва й разьвіцьця Ўзброеных Сілаў на 2006—2010 гады. Паводле Ўказу на базе існых чыгуначных, аўтамабільных і дарожных войскаў ствараюцца транспартныя войскі Беларусі, якія зьяўляюцца спэцыяльнымі войскамі й прызначаныя для транспартнага забесьпячэньня вайсковых фармаваньняў Беларусі. Адпаведна на базе Дэпартамэнта чыгуначных войскаў і структурнага падразьдзяленьня Міністэрства абароны, кіравальнага пытаньнямі ваенных паведамленьняў, аўтамабільных і дарожных войскаў, ствараецца орган вайсковага кіраваньня транспартных войскаў — Дэпартамэнт транспартнага забесьпячэньня Міністэрства абароны. У становішчах, зацьверджаных Указам, вызначаны задачы і арганізацыйныя асновы дзейнасьці транспартных войскаў, задачы й функцыі Дэпартамэнту транспартнага забесьпячэньня Міністэрства абароны. У прыватнасьці, на транспартныя войскі ўскладаюцца такія асноўныя задачы, як тэхнічнае прычыненьне, аднаўленьне, падвышэньне жывучасьці й прапускное здольнасьці жалезных і аўтамабільных дарогаў у раёнах вядзеньня баявых дзеяньняў, забесьпячэньне вайсковых перавозкаў чыгуначным, аўтамабільным, паветраным транспартам. Асноўнымі задачамі Дэпартамэнту транспартнага забесьпячэньня зьяўляюцца кіраваньне транспартнымі войскамі, падтрыманьне іх у сталай баявой і мабілізацыйнай гатовасьці, арганізацыя транспартнага забесьпячэньня Ўзброеных Сілаў, іншых вайсковых фармаваньняў. Прадугледжана, што па пытаньнях тэхнічнага прычыненьня жалезных і аўтамабільных дарогаў дадзены Дэпартамэнт ажыцьцяўляе каардынацыю дзейнасьці арганізацыяў чыгуначнага й аўтамабільнага транспарту (Беларускае чыгункі й інш.). Агульнае кіраўніцтва транспартнымі войскамі будзе ажыцьцяўляць Міністар абароны, а непасрэднае — начальнік Дэпартамэнту транспартнага забесьпячэньня, прызначаны на пасаду Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.

Войскі тэрытараяльнай абароны

рэдагаваць

У лістападзе 2011 году Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка загадаў заснаваць войскі тэрытарыяльнай абароны[51], якія павінны налічваць 120 000 чалавек. Падпарадкоўвацца гэтыя войскі павінны непасрэдна кіраўнікам Абласных выканаўчых камітэтаў, якія з часу стварэньня гэтых войскаў адначасова атрымалі званьні генэрал-маёра. Асноўнаю задачаю вайскаў тэрытарыяльнай абароны зьяўляецца хуткае рэагаваньне на магчымае ўварваньне суперніка й разам зь сіламі рэгулярнай арміі правесьці абарончыя й контрнаступальныя апэрацыі з мэтаю разгрому сілаў суперніка й нанясеньня ім паразы.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і вайсковай службе». Бачына «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове» (29 сакавіка 2005). Праверана 1 траўня 2012 г.
  2. ^ ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 30 сьнежня 2011 г. № 331-З Пра рэспубліканскі бюджэт на 2012 год // «Міністэрства фінансаў РБ». — 2012. — № [1].
  3. ^ Пералік воінскіх званьняў ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь // Агульнавоінскія статуты Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь / Сяргей Пешын. — Менск: Беларусь, 2010. — С. 185-186. — 573 с. — 350 ас.
  4. ^ Штатная колькасьць Узброеных сіл — 62 тысячы чалавек БелаПАН. Наша Ніва (23 лютага 2012). Праверана 1 траўня 2012 г.
  5. ^ Алег Ліцкевіч (20 чэрвеня 2006) «Шчыт Саюза-2006» БелТА. Зьвязда, № 137 (25726). Праверана 27 красавіка 2012 г.
  6. ^ Зьміцер Лукша (20 верасьня 2011) Стартаваў другі этап сумесных вучэньняў «Шчыт Саюза» Грамадзтва. БелтэлерадыёкампаніяПраверана 27 красавіка 2012 г.
  7. ^ Аляксандар Сьмірноў (23 верасьня 2011) Сумесныя беларуска-расейскія вучэньні «Шчыт Саюза» вытрымалі праверку Грамадзтва. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 27 красавіка 2012 г.
  8. ^ На варце бясьпекі дзяржавы ў ваеннай сфэры. Газэта «Дзяньніца» (19 сьнежня 2008). Праверана 27 красавіка 2012 г.
  9. ^ Вадзім Шчаглоў (18 верасьня 2011) На тыдні Ўзброеныя Сілы Беларусі высадзілі свой дэсант на палігон Ашулук у Астраханскай вобласьці Грамадзтва. Белтэлерадыёкампанія. Праверана 27 красавіка 2012 г.
  10. ^ Віталь Пташнік На варце сувэрэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь // «Homo Liber». — 2011. — № [2].
  11. ^ Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 20 верасьня 1991 г. № 1099 (рас.). Бачына «Беларускае заканадаўства» (16 студзеня 2007). Праверана 19 красавіка 2012 г.
  12. ^ Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 1992 г. № 1403 (рас.). Бачына «Бусел». Праверана 19 красавіка 2012 г.
  13. ^ Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 1992 г. № 1530 (рас.). Бачына «Беларускае заканадаўства» (28 лютага 2010). Праверана 19 красавіка 2012 г.
  14. ^ Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 траўня 1992 г. № 262 (рас.). Бачына «Беларускае заканадаўства» (16 студзеня 2007). Праверана 19 красавіка 2012 г.
  15. ^ Тацяна Падаляк. Народнай арміі салдаты // Зьвязда : газэта. — 12 лютага 2011. — № 28 (26892). — С. 1-3. — ISSN 1990-763x.
  16. ^ Вераніка Канюта. Сыты салдат — добрая і служба // Плацдарм. — 3 красавіка 2012. — № 2 (10). — С. 3-4.
  17. ^ Хрэнін: БПЛА прыняты на ўзбраеньне ва ўсіх родах войскаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 31 ліпеня 2023 г. Праверана 31 ліпеня 2023 г.
  18. ^ Выдадзеныя агульнавайсковыя статуты Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь на беларускай мове // Наша слова : газэта. — 2010. — № 22 (965). — ISSN 2073-7033.
  19. ^ Агульнавоінскія статуты Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь / Сяргей Пешын. — Менск: Беларусь, 2010. — 573 с. — 350 ас.
  20. ^ Валер Бовал (28 лютага 2012) Беларускае войска:праблемы мадэрнізацыі (рас.) Дзёньнік зброі Праверана 27 красавіка 2012 г.
  21. ^ Праверка на боегатоўнасьць // Зьвязда. — 19 лістапада 2013. — № 217 (27582). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  22. ^ Вераніка Канюта. Паветраная варта // Плацдарм. — 25 сакавіка 2015. — № 3 (43). — С. 3, 4.
  23. ^ Вераніка Канюта. Андрэй Раўкоў: Я ня марыў быць генэралам // Газэта «Зьвязда», 23 лютага 2018 г. Праверана 24 сьнежня 2018 г.
  24. ^ Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб падрыхтоўцы экіпажаў самалётаў арміі Беларусі са спэцыфічнымі боепрыпасамі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 сьнежня 2022 г. Праверана 20 сьнежня 2022 г.
  25. ^ Закон аб Узброных Сілах Рэспублікі Беларусь. Бачына «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове» (25 сакавіка 2005). Праверана 20 красавіка 2012 г.
  26. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав The Military Balance 2010. — P. 178. (анг.)
  27. ^ Белорусская армия получила китайские вездеходы
  28. ^ Беларускія навіны — Разгортваньне С-300 у Беларусі завершаць да сьнежня
  29. ^ Зьміцер Уласаў (3 лютага 2009) Паводле вынікаў пасяджэньня ВДС у Маскве падпісана 11 дакумэнтаў. БелаПАН. Праверана 1 траўня 2012 г.
  30. ^ Вячаслаў Будкевіч (13 лютага 2012) Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў падпісанае тры гады таму з Расеяй Пагадненьне аб стварэньні Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Грамадзтва. БелаПАН. Праверана 1 траўня 2012 г.
  31. ^ Беларусь-Расея: адзіная сыстэма СПА на старце // «Беларуская дзелавая газэта» : Інтэрнэт-газэта. — 2012. — № [3].
  32. ^ Military Balance 2010
  33. ^ Міністэрства абароны РБ — Фотаальбом(недаступная спасылка)
  34. ^ TUT.BY | НАВІНЫ — Бамбавікі «Су-24» выведзены са складу ВС Беларусі — Грамадзтва — 21.02.2012, 13:51
  35. ^ У ВПС Беларусі ўжо 10 гадоў адсутнічаюць авіяцыйныя здарэньні (рас.)
  36. ^ state.gov
  37. ^ balloonlife.com
  38. ^ Войска, № 3, 1997
  39. ^ Вячаслаў Будкевіч (30 жніўня 2009) Папярэдняя вэрсія катастрофы беларускага Су-27 — пападаньне птушкі ў паветразаборнік рухавіка зьнішчальніка Грамадзтва. БелаПАНПраверана 25 красавіка 2012 г.
  40. ^ У Беларусі разьбіўся МІГ-29, лётчык катапультаваўся
  41. ^ У Пружанскім раёне разьбіўся вайсковы шрубалёт(недаступная спасылка), Камсамольская праўда (29 лістапада 2011) (рас.)
  42. ^ Пад Навагрудкам разьбіўся вайсковы самалёт. Пілот загінуў // Наша Ніва : Газэта. — Менск: 2012.
  43. ^ Жыхары Івянца: Мы бачылі і самалёт, і мядзьведзяў // Радыё Свабода
  44. ^ Новае відэа дэсанту мядзьведзікаў: самалёт над Менскам // Наша Ніва (рас.)
  45. ^ Швэд-«медзьведзіроўшчык»: Перасяклі мяжу ў раёне выступу, у Менску аэрапорт нас выклікаў // Наша Ніва
  46. ^ Лукашэнка прызнаў факт палёту шведаў. «Вінаватыя панясуць адказнасьць»
  47. ^ Рачкоўскі і Пахмелкін у адстаўцы за плюшавы дэсант
  48. ^ Сяргей Румас больш не віцэ-прэм’ер
  49. ^ Силы сьпециальных операций. Інфармацыйны партал Міністэрства абароны РБ
  50. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 10 мая 2006 г. №312 «О некоторых мерах по совершенствованию транспортного обесьпечения Вооруженных Сил, других войск и воинских формирований Республики Беларусь»
  51. ^ Лукашэнка: У Беларусі ствараецца новая армія колькасьцю 120 тыс. чалавек. Наша Ніва (4 лістапада 2011). Праверана 1 траўня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць