Сок

напой з садавіны і гародніны

Сок — вадкасьць, якая ўтрымліваецца ў садавіне, ягадах і гародніне. Звычайна, пасьля выцісканьня, ужываецца ў якасьці напою. Аскарбінавая кісьля (вітамін C) зьмяшчаецца толькі ў сьвежавыціснутым соку. У ходзе кансэрваваньня яна разбураецца[1].

Апэльсінавы сок

Прыгатаваньне

рэдагаваць

Перад выцісканьнем, сыравіну для вырабу напою адбіраюць, выдаляючы хворыя, гнілыя і г. д. плады, потым, у залежнасьці ад гатунку расьлінаў, пазбаўляюць ад костачак і шкуркі, потым мыюць. Часта, перад выцісканьнем, плады рэжуць на больш дробныя кавалкі і потым выціскаюць сок. Цьвёрдую сыравіну, якая застаецца пасьля выцісканьня соку (жмых), ужываюць у якасьці ўгнаеньняў, ці дадаткаў у корм жывёлам.

У сувязі з тым, што канцэнтраваны сок не захоўваецца доўга, да яго дадаюць ваду, кансэрванты, фарбавальнікі. У прамысловасьці, у залежнасьці ад канцэнтрацыі натуральнага соку, напоі падзяляюць на «нэктар» (меней 50% натуральнага соку) і «сок» (болей 50% натуральнага соку). Узноўлены з канцэнтрату сок называецца асьветленым[2].

Сок можна прыгатаваць і ў хатніх умовах.

Узьдзеяньне на здароўе

рэдагаваць

Сокі часта ўжываюць, бо яны маюць карысьць для здароўя. Напрыклад, памяранцавы сок багаты на вітамін С, фолевую кісьлю, кальц ды ёсьць крыніцай біялягічных антыаксыдантаў[3], а таксама паляпшае ліпідны абмен у людзей з гіпэрхалестэралеміяй[4]. Сьлівавы сок асацыюецца з паляпшэньнем страваваньня. Журавінавы сок дапамагае ў лячэньні і прафіляктыцы інфэкцыяў мачаплоцьцевых шляхоў, блякуючы прымацаваньне бактэрыяў да сьценак мачавіка. Сокі з садавіны, ягадаў і гародніны лёгка засвойваюцца самі па сабе і спрыяюць засваеньню неабходных пажыўных рэчываў, якія зьмяшчаюцца ў іншых прадуктах[5].

 
Часта рэклямадаўцы заклікаюць бацькоў купляць дзецям сок.

Многія фруктовыя сокі ўтрымліваюць больш высокі ўзровень цукру, то бок фруктозы, чым большасьць салодкіх напояў. Напрыклад, тыповы вінаградны сок зьмяшчае на 50% больш цукру, чым кока-кола. Звычайныя безалькагольныя напоі, як то кока-кола, пры ўжываньні выклікаюць акісьляльны стрэс і нават могуць прывесьці да нячуласьці да інсуліну, у той час як сокі такіх эфэктаў не выклікаюць. Наадварот, фруктовыя сокі могуць павялічыць антыаксыдантную здольнасьць сыроваткі крыві і нават спыніць акісьляльны стрэс і запаленьне, выкліканае дыетамі з высокім утрыманьнем тлушчу і цукру[6].

У якасьці харчовага і лекавага сродкаў сокі карысныя ўсім, а асабліва людзям, чый арганізм дрэнна пераносіць сьвежыя садавіну і гародніну праз утрыманьня ў іх абалоніны, маленькім дзецям, людзям сталага веку з слабай жавальнай здольнасьцю, хворым з высокай тэмпэратурай, хранічнымі захворваньнямі стрававальнага тракту ды іншым[7]. Сокі рэкамэндуюць піць дзеля паляпшэньня апэтыту і сагнаньня смагі пры выкананьні цяжкай працы[5]. Сокі можна падаваць да ўсіх страваў, запіваць мінэральнай або газаванай вадою, а таксама выкарыстоўваць дзеля падрыхтоўкі сокавых сумесяў і зьмяшаных напояў рознага густу[5]. Сокі зь мякішам найбольш карысныя, бо ўтрымліваюць комплекс пэктынавых рэчываў з абалонінай[5]. Сокі лекавых расьлінаў асабліва багатыя на фруктовыя цукры, вітаміны, кісьлі і фэрмэнты і зусім не ўтрымліваюць соляў натру, бялкоў і тлушчаў[7]. Яны маюць найбольшае ўтрыманьне соляў жалеза, кальцу, а таксама лекава актыўных рэчываў, як то гліказідаў, танінаў, этарных алеяў[7]. Калі ёсць магчымасьць прыгатаваць травяныя сокі, то ім варта аддаваць перавагу іншым формам фітатэрапіі[7].

Нізкакалярыйныя сокі з таматаў, агуркоў, капусты, салаты, радыскі, апэльсінаў, сялеры, яблыкаў, грэйпфрутаў, гарбуза, кавуноў, пэрсікаў можна з посьпехам ужываць дзеля лячэньня атлусьценьня[7]. Спажываньне фруктовых сокаў у Эўропе, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і ЗША павялічылася ў пачатку XXI стагодзьдзя[8], верагодна, праз успрыняцьцё грамадзтвам сокаў як натуральнай крыніцы пажыўных рэчываў, вітамінаў, мінэралаў і іншых карысных рэчываў, а таксама як павышэньне грамадзкай цікавасьці да здаровага ладу жыцьця. Спажываньне фруктовага соку павязанае з зьніжэньнем рызыкі многіх відаў раку[9][10][11][12][13], а таксама яно можа зьнізіць рызыку інсульту[14] і затрымаць разьвіцьцё хваробы Альцгаймэра[15].

 
Фрэш-машына, якая выціскае апэльсінавы сок.

Тым ня менш, карысьць для здароўя ад спажываньня соку таксама выклікае сумневы, галоўным чынам таму, што сок не ўтрымлівае дастатковай колькасьці абалоніны, а таксама таму, што вытворчасьць соку ўлучае глыбокі этап апрацоўкі. Сыроп глюкозы і фруктозы, які ўваходзіць у склад многіх сокаў, можа прывесьці да дыябэту другога тыпу. Некаторыя дасьледаваньні выявілі, што празьмернае ўжываньне соку можа прывесьці да павелічэньня вагі[16], але іншыя дасьледаваньні абвяргаюць гэта[17]. У кантраляванай сэрыі клінічных выпрабаваньняў стала вядома, што рэгулярнае ўжываньне вінаграднага соку ня ёсьць чыньнікам павелічэньня вагі, у той час як ужываньне безалькагольных напояў прыводзіць да гэтага[18]. Фруктовы сок у мерных колькасьцях дапамагае дзецям і дарослым задаволіць штодзённае спажываньне садавіны, пажыўных рэчываў і вітамінаў[19][20].

Амэрыканская акадэмія пэдыятараў сьцьвярджае, што дзецям ў веку да 6 месяцаў моцна шкодзіць фруктовы сок. Для дзяцей у веку ад 1 да 6 гадоў штодзённае спажываньне соку мусіць быць абмежаванае 4—6 унцыямі, то бок 1/2—3/4 шкляначкі. Празьмернае спажываньне соку можа прывесьці да недастатковага спажываньня пажыўных рэчываў, дыярэі, мэтэарызму і болю нутра і карыесу[21]. У соках пры награваньні ўтвараецца таксычнае рэчыва гідроксімэтылфурфуроль, наяўнасьць і колькасьць якога ёсьць паказьнікам бясьпекі прадукту[22].

Беларусь

рэдагаваць

Самымі распаўсюджанымі сокамі на Беларусі зьяўляюцца: яблычны, вінаградны, памяранцавы, таматны сокі. Да 2006 году 60% сокаў прыпадала на падробкі[23].

  1. ^ Сьвятлана Барысенка. Сок у пакетах можа быць небясьпечным // Зьвязда : газэта. — 12 сакавіка 2010. — № 45 (26653). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Сьвятлана Яскевіч. Сок асьветлены і неасьветлены, яблычны і апельсінавы // Зьвязда : газэта. — 20 красавіка 2011. — № 73 (26937). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Franke, AA; Cooney, RV; Henning, SM; Custer, LJ (2005). «Bioavailability and antioxidant effects of orange juice components in humans». J Agric Food Chem. 53 (13): 5170—5178. — doi:10.1021/jf050054y. PMC 2533031. PMID 15969493.
  4. ^ Kurowska EM, Spence JD, Jordan J, Wetmore S, Freeman DJ, Piché LA, Serratore P (2000). «HDL-cholesterol-raising effect of orange juice in subjects with hypercholesterolemia». Am J Clin Nutr. 72 (5): 1095—1100.
  5. ^ а б в г Циганенко В. О., Солових З. Х. (1990). «Страви із фруктів та овочів». — К.: Техніка. — 224 с. — ISBN 5-335-00561-0
  6. ^ Ghanim H, Sia CL, Upadhyay M, Korzeniewski K, Viswanathan P, Abuaysheh S, Mohanty P, Dandona P. (2010). «Orange juice neutralizes the proinflammatory effect of a high-fat, high-carbohydrate meal and prevents endotoxin increase and Toll-like receptor expression». Am J Clin Nutr. 91 (4): 940—949.
  7. ^ а б в г д «Соколікування» / Н. Вокер, В. Шоненбергер, О. Хойн, Б. В. Болотов та ін.; Уклад.: А. О. Кузьменко, О. Т. Кузьменко. К.: РИФ «Дзвін», МП «Колаж», 1993. — 256 с. Бібліогр.: с 253. — ISBN 5-311-00729-X.
  8. ^ «Report. West Europe Fruit Juice Market Research, Trends, Analysis TOC». InfoShop.
  9. ^ Brock KE, Berry G, Mock PA, MacLennan R, Truswell AS, Brinton LA (1988). «Nutrients in diet and plasma and risk of in situ cervical cancer». J Natl Cancer Inst. 80 (8): 580-585.
  10. ^ Uzcudun AE, Retolaza IR, Fernández PB, Sánchez Hernández JJ, Grande AG, García AG, Olivar LM, De Diego Sastre I, Barón MG, Bouzas JG (2002). «Nutrition and pharyngeal cancer: results from a case-control study in Spain». Head Neck. 24 (9): 830—840.
  11. ^ Radosavljević V, Janković S, Marinković J, Dokić M (2004). «Non-occupational risk factors for bladder cancer: a case-control study». Tumori. 90 (2): 175—180.
  12. ^ Kwan ML, Block G, Selvin S, Month S, Buffler PA (2004). «Food consumption by children and the risk of childhood acute leukemia». Am J Epidemiol. 160 (11): 1098—1107.
  13. ^ Lewis JE, Soler-Vilá H, Clark PE, Kresty LA, Allen GO, Hu JJ (2009). «Intake of plant foods and associated nutrients in prostate cancer risk». Nutr Cancer. 61 (2): 216—224.
  14. ^ Feldman EB (2001). «Fruits and vegetables and the risk of stroke». Nutr Rev. 59:24—27.
  15. ^ Dai Q, Borenstein AR, Wu Y, Jackson JC, Larson EB (2006). «Fruit and vegetable juices and Alzheimer’s disease: the Kame Project». Am J Med. 119 (9): 751—759.
  16. ^ «Juice alert». The Sydney Morning Herald.
  17. ^ O'Neil CE, Nicklas TA, Kleinman R (2010). «Relationship between 100 % juice consumption and nutrient intake and weight of adolescents». Am J Health Promot. 24 (4): 231—237.
  18. ^ Hollis JH, Houchins JA, Blumberg JB, Mattes RD (2009). «Effects of concord grape juice on appetite, diet, body weight, lipid profile, and antioxidant status of adults». J Am Coll Nutr. 28 (5): 574—582.
  19. ^ «A Scientific Literature Review:Fruit juice consumption not related to overweight in children». Fruit Juice Facts.
  20. ^ «Inside the Pyramide». USDA.
  21. ^ American Academy of Pediatrics Committee on Nutrition (2001). «The use and misuse of fruit juice in pediatrics». Pediatrics. 107 (5): 1210—1213.
  22. ^ «Апельсинові соки — справжні?!». УНІАН.
  23. ^ Вольга Мядзьведзева. Беларускія стандарты якасьці харчаваньня арыентаваныя на заходні рынак // Зьвязда : газэта. — 12 сакавіка 2011. — № 46 (26910). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць