30-я грэнадэрская дывізія СС (2-я расейская)

30-я грэнадэ́рская дыві́зія Ва́фэн-СС (2-я расе́йская) (па-нямецку: 30.Waffen-Grenadier-Division der SS (russische Nr. 2)) — дывізія нацысцкай Нямеччыны, створаная напрыканцы вайны з паліцыянтаў з акупаваных тэрыторыяў, пераважна зь беларусаў.

30-я грэнадэрская дывізія СС (2-я расейская)
30.Waffen-Grenadier-Division der SS (russische Nr. 2)
Гады існаваньня 18 жніўня 1944 — 11 студзеня 1945
Краіна Сьцяг Трэцяга райху Нямеччына
Уваходзіць у Войскі СС
Функцыя змаганьне з партызанамі
абарона на Райне
Колькасьць 11600 (жнівень 1944)
6200 (верасень 1944)
6500 (кастрычнік 1944)
4000/4400 (снежань 1944)
Войны Другая сусьветная вайна
Удзел у Абарона лініі Зыгфрыда
Вядомыя камандзіры Ганс Зыглінг

Стварэньне

рэдагаваць

20 ліпеня 1944 году Гайнрых Гімлер стаў камандоўцам арміі рэзэрву.

24 ліпеня 1944 году ўвесь камандны склад брыгады Зыглінга быў скліканы на канфэрэнцыю ва ўсходнепрускім мястэчку Эльбінгу. Тамака ахвіцэрам паведамілі, што брыгада рэарганізуецца ў 30-ю грэнадэрскую дывізію СС (2-ю расейскую) і што яны стануць ахвіцэрамі войскаў СС.

Супраць назвы «2-я расейская» зь беларускіх ахвіцэраў выступіў толькі маёр[1] Віталь Мікула[2], бо ў дывізіі большасьць жаўнераў была беларусамі[3]. За свой пратэст Мікула быў паніжаны ў годнасьці й камандаваў толькі зьвязам. Увосень 1944 году немцы скарысталіся ўцёкам некалькіх жаўнераў з батальёну Мікулы, і ён быў спалены ў крэматоры ў Дахаў[4].

Таксама многія вайскоўцы ўкраінскіх батальёнаў успрынялі гэтую назву як прыкмету таго, што дывізія ўвойдзе ў склад Расейскай вызваленчай арміі. Гэта моцна ўдарыла па іх баявым духу, бо яны не жадалі служыць у расейскім войску.

Адначасова Гімлер зьвярнуўся да Гітлера па санкцыю на стварэньне дывізіі. Гітлер згадзіўся, і 31 ліпеня 1944 году райхсфюрэр СС аддаў загад перавесьці брыгаду з паліцыі ў войскі СС і рэарганізаваць яе ў 30-ю грэнадэрскую дывізію СС (2-ю расейскую).

Гэтая назва сустракаецца ў дакумэнтах ужо з пачатку жніўня 1944 году. Толькі 18 жніўня Галоўная апэрацыйная ўправа СС аддала загад аб перафармаваньні брыгады ў дывізію з эфэктам загаду ад 1 жніўня[2].

Шлях дывізіі

рэдагаваць

Дывізію не паслалі на задушэньне Варшаўскага паўстаньня, якое выбухнула 1 жніўня. 6 жніўня быў аддадзены загад на гэта, але ад яго адмовіліся, бо ў дывізіі былі палякі і беларусы-каталікі, якія ім сымпатызавалі[2]. У гэты момант апошнія сталі дэзэртаваць, пераходзячы на бок Арміі Краёвай. Напрыклад, 4 жніўня з 12-й роты 4-га палку дэзэртавала 5 чалавек, 11 жніўня — яшчэ 4[2], а 20 жніўня ў роце ўжо было толькі 50 чалавек[5]. Гэта так злавала Зыглінга, што ён жадаў цалкам расфармаваць 4-ы полк[5].

У дывізіі не хапала зброі і транспарту. Аснову агнявой моцы дывізіі складала стралковая зброя, а самым распаўсюджаным траснпартам сталі калёсы з коньмі.

4 жніўня быў выдадзены загад перакінуць дывізію на захад, дзе дывізія павінная была змагацца з францускімі партызанамі[6].

12 жніўня дывізію перакінулі ў ваколіцы Розэнбэргу (Усходняя Прусія), дзе жаўнеры прыбіралі ўраджай[2].

Перакід на Заходні фронт пачаўся толькі ў 10-х днях жніўня. Ён вёўся часткамі чыгункай, для чаго агулам спатрэбіўся 31 чыгуначны склад. Маршрут руху праходзіў праз наступныя пункты: Ілава (месца пагрузкі) — ТоруньІнаўроцлаўГалеВормсГанаўФранкфуртСтрасбург. Далей батальёны сьледавалі ў раён БэльфорБэзансон — Доле — Вальдаон — Дыжон (Бургундыя)[6].

Перакід у Францыю

рэдагаваць

Перакід цягнуўся 2 з паловай тыдні. Першыя часткі прыбылі ў Страсбург 18 жніўня, а 19 жніўня ў Бэзансон прыехаў 2-і батальён 2-га палку й вечарам таго ж дня маршам уступіў у мястэчка, стаўшы ягоным гарнізонам[6]. Такім чынам, першымі прыбылі 2-ія батальёны 1-га і 2-га палку, якія складаліся пераважна з украінцаў[6]. Першы пад камандаваньнем штурмбанфюрэра СС Ханэнштайна быў разгорнуты ў Вэзулі, а другі пад камандаваньнем гаўптштурмфюрэра СС Лібэ — у Вальдаоне.

Падчас перакіду 2-га батальёну 1-га палку цягнік быў спынены, з-за дывэрсіі. Ханэнштайн загадаў жаўнерам прыняць удзел ва ўкладаньні рэек, што іх абурыла, бо яны падумалі, што іх прывезьлі для цяжкай працы. Потым немцы да месца працы прывялі 5 закладнікаў, якіх плчнавалі расстраляць за акт сабатажу, аднак за іх уступіўся ўкраінскі ахвіцэр вафэн-гаўптштурмфюрэр Глоба, дзякуючы якому іх вызвалілі[6].

2-гі батальён 2-га палку па ўваходзе ў Вальдаон у бой адразу ня кідаўся. Замест гэтага пачалася інтэнсіўная ваенная падрыхтоўка: 6 гадзінаў з раніцы да абеду, потым перапынак на абед, затым зноў навучаньне да 18:00, пасьля якога была вячэра. Па вячэры да 20:00 праходзілі заняткі з ваеннае тэорыі. Большасьць жаўнераў пазытыўна гэта не ўспрыняла[6].

Таксама немцы меркавалі даслаць украінскіх унтэр-ахвіцэраў на адмысловыя курсы, аднак украінцы гэта не ўспрынялі станоўча, бо большасьць зь іх ня мроіла пра вайсковую кар’еру.

У Францыі дывізія ўвайшла ў наўпроставае падпарадкаваньне штаба групы арміяў «G», якой камандаваў генэрал-обэрст Ёханес Бласковіц. У гатоўнасьць дывізіі змагацца з рэгулярнымі часткамі Саюзьнікаў нямецкім камандаваньнем ставілася пад сумненьне[6]. Такім чынам, дывізія была разьмешчаная ў мястэчках Францыі, каб несьці гарнізонную службу ды змагацца з партызанамі.

23 жніўня пачаліся першыя сутычкі з партызанамі.

2-і батальён 2-га палка

рэдагаваць

23 жніўня батальён з Вальдаону прыняў удзел у сваім першым баявым патруляваньні на Заходнім фронце. Падчас гэтага выхаду на мясцовасьць украінскі салдат Насьценка ўцёк у лес, фактычна стаўшы першым дэзэртырам з дывізіі ў Францыі. Тады ж з адным украінскам ахвіцэрам дывізіі зьвязаўся белаэмігрант, які стаў агентам Францускіх унутраных сілаў. На наступны дзень, 24 жніўня, украінскія афіцэры 2-га батальёну 2-га палку прынялі рашэньне арганізавана перайсьці на бок францускіх партызанаў.

25 жніўня адзін з украінскіх ахвіцэраў вафэн-унтэрштурмфюрэр Фёдараў быў выкліканы да ахвіцэра СД палку, які пытаўся яго пра настроі і паводізны салдатаў-украінцаў. Фёдараў распавёў ахвіцэру тое, што той жадаў пачуць.

На вечар 26 жніўня плянавалася антыпартызанская акцыя, падчас якой украінцы меркавалі раззброіць немцаў і ўцекчы на бок французаў. Увесь дзень ішло рыхтаваньне, аднак а 7-й гадзіне вечару акцыю скасавалі. 27 жніўня а 2-й гадзіне ночы Фёдараў употайкі абудзіў сваю 2-ю роту. Мяцежнікі забілі 11 немцаў, а таксама некалькіх ранілі. Большая частка нямецкага пэрсаналу не пацярпела. Каля паловы трэцяй гадзіны ночы батальён (10 афіцэраў, 454 унтэр-афіцэраў і радавых) уцёк з Вальдаону ў лес. Аднак украінцы дрэнна ведалі мясцовасьць і не змаглі знайсьці агентаў ФУС. Яны блукалі некалькі гадзінаў, пакуль не знайшлі вёску, жыхар якой, зьвязаны з падпольлем, адвёў украінцаў да партызанаў[6].

У Вальдаоне з ацалелага нямецкага пэрсаналу й тутэйшых нямецкіх адзінак была складзеная баявая група на чале з гаўптштурмфюрэрам СС Лібэ. Раніцай 27 жніўня група знайшла ўкраінцаў. Лібэ вырашыў уступіць у перамовы, аднак украінцы схапілі яго ў палон ды абяззброілі. З украінскага боку яго суправаджаў вафэн-унтэрштурмфюрэр Уладзімер Гаўрылішын разам з двума унтэр-ахвіцэрамі. Лібэ спрабаваў пераканаць яго, што трэба вярнуцца ў дывізію, аднак бяз посьпеху. На просьбу Лібэ яго адпусьцілі, вярнуўшы каня й ягоны ППШ. Пазьней Лібэ служыў у дывізійным штабе.

З украінскіх дэзэртыраў вярнуўся толькі вафэн-унтэрштурмфюрэр Мікалай Сандула, які адстаў ад мяцежнікаў і вярнуўся ў Вальдаон, дзе даў паказаньні датычна бунту. У лістападзе 1944 году Сандула ўжо камандаваў зьвязам. Астатнія ўдзельнікі паўстаньня далучыліся да Францускіх унутраных сілаў, сфармаваўшы зь сябе 2-гі батальён імя Тараса Шаўчэнкі са статусам замежнага вайсковага фармаваньня. Камандаваньне ў батальёне было парнае: украінскі і францускі камандовец[6].

31 жніўня падчас выведкі супраць Вальдаону з мэтай пакараць «здрадніка Сандулу» да немцаў перайшоў вафэн-унтэрштурмфюрэр Гаўрылішын . Ён стаў другім ахвіцэрам батальёну, які вярнуўся, аднак пра ягоны далейшы лёс нічога невядома[6].

2-і батальён 1-га палка

рэдагаваць

27 жніўня паўстаў 2-гі батальён 1-га палку (былы 61-ы ўкраінскі батальён). Камандовец батальёна вафэн-гаўптштурмфюрэр Глоба, дзякуючы аднаму са сваіх ахвіцэраў, які ведаў францускую мову, змог устанавіць кантакт з Францускімі ўнутранымі сіламі й дасягнуў дамоўленасьці зь імі аб пераходзе на іх бок.

25-27 жніўня батальён пастаянна перамяшчаўся зь месца на месца. Удзень 27 жніўня, па атрыманьні загаду вярнуцца ў Вэзуль, украінцы перабілі ўвесь нямецкі пэрсанал (былі забітыя мінімум 94 немцы)[6] і сыйшлі да ФУС. Батальён з сабою забраў і ўсю сваю зброю (чатыры 45-мм супрацьтанкавыя гарматы і 500 снарадаў да іх, чатыры 82-мм мінамёты, трыццаць сем 52-мм міномётаў, 21 станкавы кулямёт, 120 ручных кулямётаў, 130 пісталетаў-кулямётаў, 700 вінтовак, 1000 мінамётных мінаў, 6000 гранатаў і вялікая колькасьць патронаў да стралковай зброі)[6].

2-і батальён 1-га палку ў складзе ФУС сфармаваў зь сябе 1-шы батальён імя Івана Богдуна са статусам замежнага вайсковага фармаваньня. Батальёнам камандавалі Віктар Пэці (з францускага боку) і Аляксандар Неграбецкі (з украінскага). 31 жніўня Неграбецкі плянаваў атакаваць Вальдаон з-за пераходу Гаўрылішына на бок немцаў, аднак вечарам таго ж дня немцы пакінулі мястэчка.

Беларусы

рэдагаваць

28 жніўня паўсталі беларусы: 1-ы і 3-і батальёны 4-га палку 30-й дывізіі (былыя 23-і і 34-ы батальоны БКА), якія знаходзіліся ў ваколіцах Понт-дэ-РоідСэн-ІполітМайчэ, дэзэртавалі ў суседнюю Швайцарыю. Пасьля перасячэньня мяжы дэзэртыры былі інтэрнаваныя.

Рэарганізацыя

рэдагаваць

28 жніўня 1944 году камандовец Вэрмахту на Захадзе Вальтэр Модэль загадаў раззброіць дывізію і адправіць на працу ў Нямеччыну, аднак загад выкананы ня быў. Перакід дывізіі на Захад завяршыўся толькі 30 жніўня[7].

Камандаваньне СС вырашыла пазбавіцца ад ненадзейнага і неляяльнага элемэнту ў дывізіі. Немцы раззброілі ўкраінскія падразьдзяленьні, якія засталіся ў дывізіі, а потым арыштавалі некалькі дзясяткаў украінцаў і беларусаў як мяцежнікаў[7]. Канкрэтная колькасьць рэпрэсаваных невядомая, бо дакумэнты пра гэта не захаваліся[7].

Обэрштурмбанфюрэр Зыглінг атрымаў загад вывесьці са складу дывізіі ўвесь ненадзейны элемэнт і сфармаваць зь іх два «траншэйныя палкі» (па-нямецку: Schanz Regiment). Такім чынам, у першай палове верасьня з дывізіі вывелі 37 афіцэраў і 2117 іншых вайскоўцаў, з каторых да 18 верасьня стварылі тыя «траншэйныя палкі» (па два батальёны з трох ротаў у кожным). 1-м палком камандаваў гаўптштурмфюрэр СС Тутас, а 2-м маёр шуцпаліцыі Вільгэльм Моха. Асабовы склад гэтых батальёнаў на 70% складаўся зь беларусаў[7]. У 2-м палку апынулася група былых кадэтаў менскай афіцэрскай школы БКА, якая 27 кастрычніка 1944 году зьвярнулася да БЦР у Бэрліне з просьбай дапамагчы ім пакінуць гэты полк[7]. Беларусы займалі пасады камандоўцаў зьвязаў, адзін зь іх быў намесьнікам камандоўца роты. Усе вышэйшыя пасады займалі немцы. Вайскоўцы былі бяз зброі і былі пазбаўленыя годнасьцяў войскаў СС — у палках выкарыстоўваліся папярэднія годнасьці з дапаможнай паліцыі. Абодва палкі перадалі ў падпарадкаваньне транспартнай камандатуры ў Карльсруэ й адправілі на будаўнічыя работы на «Заходнім вале». Салдатам прыходзілася жыць у цяжкіх побытавых умовах, адзначалася й дрэннае абыходжаньне немцаў да падначаленых замежнікаў[7].

Замест выключаных частак у дывізію ўлілі некалькі ўсходніх добраахвотніцкіх, напрыклад, былы 654-ы ўсходні батальён (у красавіку 1944 году быў 3-м батальёнам 895-га грэнадэрскага палку 265-й пяхотнай дывізіі). У першай палове верасьня 1944 году ў дывізіі ўжо налічвалася 6200 чалавек, зь якіх Зыглінг пачаў ствараць новую дывізію. Структура дывізіі зьмянілася цалкам: два з чатырох ейных грэнадэрскіх палкоў былі расфармаваныя[7].

Была адноўленая інтэнсіўная падрыхтоўка асабовага складу. Зыглінг арганізаваў у дывізіі школу падрыхтоўкі унтэр-афіцэраў. Заняткі праводзіліся ў кожным падразьдзяленьні. Аднак паўнавартаснаму навучаньню перашкаджалі францускія партызаны, якія штодзень прымушалі жаўнераў нэрвавацца[7].

У канцы жніўня 1944 году Францішак Кушаль паслаў у штаб Зыглінга 16 беларускіх ахвіцэраў, каб тыя занялі камандныя пасады ў падразьдзяленьнях, дзе большасьць беларусаў. Аднак Звглінг беларускіх ахвіцэраў не прыняў, бо адмаўляў нацыянальны падзел у дывізіі[8].

Адступленьне

рэдагаваць

У сярэдзіне верасьня 1-я француская армія набліжалася да Дыжону, крайняга паўднёвага пункту дысьлякацыі дывізіі. Зыглінг атрымаў загад адвесьці дывізію на паўночны ўсход. Падчас адступленьня дывізія цярпела ад францускіх партызанаў, найбольш нападаў было ў ваколіцах Бэльфор Мюлуз.

Адступленьне выклікала новую хвалю дэзэртырства: уцякла большасьць колішніх кадэтаў афіцэрскай школы БКА і палякаў. Сярод дызэртыраў быў Рыгор Зыбайла разам са сваім зьвязам, а таксама рота беларусаў, былых шуцманаў, якія служылі ў Міры. Большасьць зь іх пазьбегла рэпрэсіяў і была накіраваная ў 2-гі польскі корпус у Італіі.

Падчас адступленьня былі й бунты. Напрыклад, жаўнеры 1-й роты школы малодшых камандоўцаў забілі ўсіх ахвіцэраў і сяржантаў і ўцяклі да францускіх партызанаў. Паводле ўспамінаў аднаго нямецкага афіцэра, у нейкай 10-й роце былі забітыя 2 немцы, а жаўнеры разьбегліся, акрамя максімум 10 чалавек[7].

Аднак 6 верасьня 1944 году афіцэр дывізіі обэрштурмфюрэр СС Хансэн адзначаў у сваім дзёньніку:[7]

У складзе 30-й дывізі знаходзіцца фармаваньне, якое складаецца з ахвіцэраў Саюзу беларускае моладзі. Дарма што настроі сярод салдатаў дывізіі ўпалі, не хапае ўзбраеньня й харчу, гэтае беларускае падразьдзяленьне захоўвае становішча высокай баявой гатоўнасьці.

27 верасьня ў мястэчку Этабоне жаўнеры дывізіі расстралялі 39 цывільных французаў за падтрымку партызанаў. Яшчэ 27 былі дэпартаваныя ў Нямеччыну, семярых зь іх праз 10 дзён расстралялі як памагатых партызанаў[7].

Дывізія адступіла ў ваколіцы Кальмару, увайшоўшы ў падпарадкаваньне 5-й ваеннай акругі генэрала артылерыі Максыміліяна Фэльцмана. Было загадана працягнуць рэарганізацыю дывізіі і падрыхтаваць яе да баявых дзеяньняў на фронце.

Працяг рэарганізацыі

рэдагаваць

Цяпер дывізія складалася з двух грэнадэрскіх палкоў і частак узмацненьня. Кожны полк складаўся з трох батальёнаў, пры гэтым 3-ія батальёны абодвух палкоў фармаваліся з нуля. Так 12 верасьня быў утвораны батальён Мураўёва, максымальная колькасьць жаўнераў якога складала 890 чалавек у кастрычніку. Пазьней частку жаўнерааў батальёну разьмеркавалі па іншых падразьдзяленьнях, такім чынам, на 16 кастрычніка ў ім былі 422 чалавекі. Мураўёў меў добрыя дачыненьні з Зыглінгам, таму мог дазволіць сабе некаторыя адвольнасьці кшталту вядзеньня ўнутранай дакумэнтацыі па-расейску[7].

Быў сфармаваны 30-ы панцэргрэнадэрскі батальён СС, які стаў ударным рэзэрвам дывізіі і быў укамплектаваны збольшага нямецкімі, а таксама найбольш падрыхтаванымі ўсходнімі добраахвотнікамі. 2 кастрычніка быў адноўлены навучальна-палявы батальён для забесьпячэньня баявое падрыхтоўкі новых добраахвотнікаў.

Рэарганізацыя праходзіла на хаду пад ударамі супраціўнікаў. Падрыхтоўка жаўнераў была слабая, а баявы дух нізкі[7]. Нягледзячы на рэарганізацыю, дывізія ўсё адно заставалася вельмі слабой. Яе ўзбраеньне заставалася збольшага стралковым узораў розных краінаў. Таксама не хапала цяжкае зброі.

Па адступленьні пагроза партызанаў зьнікла і дэзэртырства зьменшылася, бо бегчы ўжо не было куды: дывізія ўжо была ў Нямеччыне[7].

12 кастрычніка кватэрмістар дывізіі Хэнінгфэльд падпісаў распараджэньне аб арганізацыі адмысловых курсаў кіроўцаў для пэрсаналу выведнае роты.

Жаўнеры мелі адзін цалкам вольны дзень — нядзелю. Для жаўнераў былі арганізаваныя аркестар і палкавыя хоры, паказвалі кінафільмы. Дывізійны аркестар разам з палкавымі хорамі правёў некалькі выступаў для жаўнераў і тамтэйшага грамадзянскага насельніцтва[7]. Аднак дысцыпліна ўсё адна была нізкая, жаўнеры шмат пілі. З-за гэтага 24 кастрыніка Мураўёў выдаў загад аб забароне жаўнерам кватараваць за межамі казармаў і злоўжываць алькаголь[7].

18 кастрычніка[9] было загадана стварыць у палках 3-ія батальёны, аднак гэта атрымалася толькі ў 76-м палку[7], якім камандаваў гаўптштурмфюрэр СС Эрнст Ніпель, былы супрацоўнік паліцыйнай камандатуры ў Слуцку. 19 кастрычніка загадам Галоўнай апэрацыйнай управы СС дывізія была зноў рэарганізаваныя шляхам прывядзеньня яе да штату пяхотнае дывізіі ўзору 1944 году[7].

24 кастрычніка адбылася рэарганізацыя дывізіі[9]. Два наяўныя грэнадэрскія палкі скарачаліся да двух батальёнаў, а з вылучаных зь іх двух батальёнаў сфармавалі трэці полк дывізіі, каторы цяпер складаўся з батальёну Мураўёва і былога 654-га ўсходняга батальёну. Пры гэтым палкі атрымалі парадкавыя нумары ў адпаведнасьці са скразной нумарацыяй палкоў войскаў СС. Так, папярэдні 1-ы полк стаў 75-м палком, 2-і 76-м, а 3-і 77-м грэнадэрскімі палкамі войскаў СС[7].

У канцы кастрычніка 1944 году ў дывізіі налічвалася каля 6500 человек, збольшага беларусаў, расейцаў, украінцаў і палякаў. Апошнія прызнаваліся за ненадзейных, таму 17 лістапада Зыглінг загадаў стварыць пайменны сьпіс польскіх ахвіцэраў і жаўнераў[7].

Цягам кастрычніка штаб Зыглінга атрымліваў некалькі прадпісаньняў падрыхтаваць баявыя групы для блякаваньня магчымых прарываў супраціўніка.

8 кастрычніка 9-я і 12-я рота 76-га палку былі выкарыстаныя ў пошуку пілёта са зьбітага амэрыканскага самалёта ў ваколіцах Ільсэнайму. Ранены лётнік быў спайманы пехацінцамі-беларусамі і перададезны нямецкай ваеннай жандармэрыі. Салдаты дывізіі таксама ўдзельнічалі ў зборы прапагандысцкіх улётак , якія раскідваліся над мясцовасьцю з союзных самалётаў.

Баі з дэсантам

рэдагаваць

25 кастрычніка перад дывізіяй была пастаўленая новая задача[10], для якой 27 кастрычніка армейскае камандаваньне высунала 30-ю дывізію СС да пераправаў праз Рэйн. Зыглінг павінны быў забясьпечыць пераправу абкружаных нямецкіх войскаў на бясьпечны бераг Райну й зрабіць так, каб ніводзін з мастоў ня трапіў у рукі супраціўніка[7].

75-ы полк рушыў у Грусэнайм праз Хайдэльсхайм Эльзэнайм. Першым на месца прыбыў 2-і батальён палку, які адразу прыступіў да абсталяваньня пазыцыяў прыкрыцьця маста ў раёне мястэчка. У гэты час 1-ы батальён атрымаў загад прыкрыць абаронны раён Кюнайм Маркольсайм. Сюды ж рушыў 30-ы выведны батальён СС, які зладзіў вылазку на захад ад абодвух гэтых местаў у накірунку пазыцыяў супраціўніка. Было ўстаноўлена, што там дзейнічае 1-я француская армія.

76-ы полк меў асаблівае заданьне, для чаго рушыў у раён Артальсайм Бутцайм Маркольсайм Артэнайм, дзе рыхтаваўся да атакі. За дзень да гэтага, 26 кастрычніка, Саюзьнікі правялі апэрацыю ў раёне Грусэнайм Жэбсайм Мюнцэнайм, высадзіўшы на плянэрах дэсантнікаў з мэтай захопу чатырох мастоў цераз Райнскі канал паміж Маркальсайму і Кюнайму. Зьнішчыць гэтую пагрозу даручылі 30-й дывізіі СС. Так байцы 75-га й 76-га палку дывізіі, узброеныя збольшага вінтоўкамі, змагаліся з добра навучанымі дэсантнікамі. У сэрыі сутычак дывізія змагла ачысьціць мясцовасьць ад супраціўніка і ўтрымаць масты. Аднак страты палкоў былі вялікія, з-за гэтага 2 лістапада[11] быў расфармаваны 77-ы полк, а ягоны склад разьмеркавалі па іншых палках дывізіі. Такім чынам, полк праіснаваў меней за два тыдні, не зрабіўшы ніводнага стрэлу[7]. Батальён Мураўёва ж захаваў сваю самастойнасьць.

Баі зь 1-й францускай бронетанкай дывізіяй

рэдагаваць

17 лістапада войскі Саюзьнікаў дасягнулі ваколіцаў Бэльфору, і Зыглінг прапанаваў штабу групы арміяў «G» скарыстацца ягонай дывізіяй у баі. Пасьля кансультацыі з камандоўцам 19-й арміі, 30-ю дывізію СС разьмясьцілі на другой лініі абароны.

20 лістапада Саюзьнікі прарваліся праз Мюлюз і ўсталявалі пляцдармы цераз канал Рона-Райн у раёне Брытані і Шато-Мантэрэй. 30-ю дывізію СС падпарадкавалі штабу 63-га армейскага корпусу генэрала пяхоты Густава Хёнэ і адправілі ў раён Лярга, дзе яна павінная была зьмяніць на пазыцыях 198-ю пяхотную дывізію, якая зьбіралася контратакаваць. 75-ы полк дывізіі заняў рубеж уздоўж каналу Рона-Райну паміж Шато-Мантэрэй і Вольфэрсдорфам. 76-ы полк направіўся на лінію Дамеркірх Альткірх Хіртцбах.

30-я дывізія СС павінная была падтрымаць наступленьне 198-й пяхотнай дывізіі. Удар заплянавалі на 21 лістапада, 198-я пехотная дывізія павінная была атакаваць праз Шаванці, каб дасягнуць лесу паўднёвей дарогі Гроснэ Суарсэ. 76-ы полк атрымаў загад правесьці абмежаваную атаку ў раёне Хірсінгэну і Ляргатцэну, а 30-ы выведвальны батальён СС быў кінуты ўперад уздоўж ракі Ілі ў накірунку Вальдыгхофэну.

Баі пачаліся супраць 1-й францускай бронетанкай дывізіі з часткамі ўзмацненьня. Спробы атакі 30-й дывізіі СС хутка спыніліся, і яна перайшла да абароны. 76-ы полк уцягнуўся ў цяжкія абаронныя баі з францускімі войскамі, стрымаць якія ня змог. 21 лістапада 30-я дывізія СС была адкінутая францускімі танкавымі контратакамі на рубеж Хіндлінген Хіртцбах. На гэтай лініі адбыліся жорсткія баі, у ходзе каторых 30-я дывізія СС змагла спыніць францускае наступленьне[7].

У баях 21-22 лістапада войскі 63-га армейскага корпусу зьнішчылі 41 танк 1-й францускай бронетанкавай дывізіі, зь іх 6 было зьнішчана 30-й дывізіяй СС. Пры гэтым дывізія ня мела сур’ёзнай супрацьтанкай зброі і змагался панцэрфаўстамі.

Развал дывізіі

рэдагаваць

23 лістапада Саюзьнікі перагрупаваліся і нанесьлі па нямецкіх рубяжох сэрыю моцных контрудараў танкамі і пяхотай пры падтрымцы артылерыі. Абарона 198-й дывізіі была прорваная, Саюзьнікі выйшлі да мяжы Швайцарыі. Затым францускія танкі й артылерыя пачалі граміць ушчэнт 30-ю дывізію СС[12]. Супрацьтанкавых гарматаў у дывізіі не было, яна аказалася ў безнадзейнай сытуацыі. 24 лістапада, як толькі зьявіліся варожыя танкі, жаўнеры адразу кінуліся на ўцёкі. Калі б ня стойкасьць суседніх нямецкіх дывізіяў, 30-я дывізія СС была б зьнішчаная[12]. За два дні яна адступіла на поўнач да лініі Шпэхбах — Бэрнвайлер і практычна згубіла баяздольнасьць. Зноў пачалі адбывацца выпадкі бунтаў і дэзэртырства[12].

26 лістапада нямецкі фронт на лініі Бэльфор — Эпіналь — Альткірхен быў прорваны. 30-я дывізія СС апынулася ў раёне вёсак Бютвайлеру, Бальшвайлеру й Бэрнвайлеру. Дывізія пачала развальвацца, а жаўнеры пачалі масава здавацца ў палон[12]. Страты дывізіі за некалькі дзён лічыліся сотнямі, збольшага зьніклымі бязь вестак. Падчас лістападаўскіх баёў пад Мюльхаўзэнам[13] дэзэртаваў, забіўшы перад тым нямецкі пэрсанал, сваім амаль поўным складам нават батальён Мураўёва, які ўважаўся немцамі за адну з найнадзейнейшых частак[12].

28 лістапада 30-я дывізія СС была падпарадкаваная 90-му армейскаму корпусу генэрала авыяцыі Эрыха Пэтэрсэна. У дывізіі заставаліся толькі дывізійны штаб, выведвальны батальён, некоторыя тылавыя подразьдзяленьні і службы, а таксама некалькі сотняў салдатаў з разрозьненых баявых подразьдзяленьняў. Зыглінг адразу паведаміў штабу Пэтэрсэна, што дывізія больш не гатовая да баёў, а ейнае выкарыстаньне можа быць небясьпечным[12].

Фактычна дывізія спыніла сваё існаваньне[12]. Зь нямецкага кадравага пэрсаналу, які застаўся, і ўсходніх добраахвотнікаў Ганс Зыглінг стварыў баявую групу, на чале каторай і прыбыў у падпарадкаваньне 90-га корпусу.

Францішак Кушаль бачыў прычыну развалу дывізіі ў ігнараваньні Зыглінгам нацыянальнага пытаньня[8].

Расфармаваньне

рэдагаваць

Рэшткам дывізіі (каля 4000[12] або 4400[13] чалавек) загадалі здаць зброю й рыштунак і пешым маршам рушыць у напрамку Нюрнбэргу. 2 сьнежня падразьдзяленьні дывізіі сабраліся на армейскім ваенным палігоне ў Мюнзінгэне (паўднёвей Нюрнбэргу). 7 сьнежня расейскія добраахвотнікі, якія яшчэ засталіся на службе, агульнай колькасьцю каля 1000 чалавек былі афіцыйна перададзеныя ў склад 600-й (расейскай) пяхотнай дывізіі вэрмахту (будучая 1-я дывізія РВА), якая тады фармавалася. Астатнія байцы 30-й дывізіі СС (немцаў і беларусаў) адправілі на палігон Графэнвэр у Баварыі.

1 студзеня 1945 году 30-ю грэнадэрскую дывізію войскаў СС (2-ю расейскую) афіцыйна расфармавалі (загад аддалі 11 студзеня са старшынством ад 1 студзеня). Яе рэшткі разьмеркавалі па іншых частках СС. Так, 30-ы гаспадарчы полк СС, які быў у адносна нядрэнным стане і меў каля сотні калёсаў, быў уключаны ў 25-ю грэнадэрскую дывізію войскаў СС «Хуньядзі» (1-ю вугорскую), каторая тады фармавалася на палігоне ў Нойгамэры. 30-ы выведны батальён СС увайшоў у склад 26-й грэнадэрскай дывізіі войскаў СС (2-й вугорскай), якая фармавалася на палігоне ў Шыратцы, куды батальён прыбыў 7 студзеня.

Частка ахвіцэраў дывізіі была накіарваная на службу ў 31-ю грэнадэрскую дывізію войскаў СС. Так, гаўптштурмфюрэр СС Вэрнэр Цымэрман стаў камандоўцам 3-га батальёну 79-га грэнадэрскага палку СС, а штурмбанфюрэр СС Гэльмут Гантц — камандоўцам 1-го батальёну 80-га грэнадэрскага палку СС.

У пачатку студзеня 1945 году асабовы склад, які застаўся ад 30-й дывізіі СС, быў засяроджаны на палігоне Графэнвэры, дзе чакаў вызначэньня свайго лёсу. 15 студзеня 1945 году райхсфюрар СС Гайнрых Гімлер падпісаў загад аб стварэньні грэнадэрскай брыгады войскаў СС (1-й беларускай)[12].

На сярэдзіну жніўня 1944 году ў дывізіі налічвалася 11600 вайскоўцаў, зь якіх каля 7000 чалавек былі беларусамі (60-65%). У дывізіі таксама служылі ўкраінцы, расейцы, палякі, немцы, а таксама нязначная колькасьць татараў, чэхаў і армянаў. Напрыклад, на 4 жніўня ў 3-м батальёне 4-га палку з 695 чалавек было 447 беларусаў (64%), 114 немцаў (16%), 63 полякі (9%), 53 расейцы (7,6%), 15 украінцаў (2,1%) і 3 татары. У 1-м і 2-м палкох значную колькасьць складалі ўкраінцы, бо гэтыя палкі складаліся з украінскіх батальёнаў шуцманшафту[2].

У ахвіцэрскім складзе пераважалі немцы, а за імі расейцы і ўкраінцы. Украінцы ж былі збольшага зрусіфікаваныя[4]. Беларускіх ахвіцэраў было мала. Напрыклад, у 3-м батальёне 4-га палку з 22 афіцэраў толькі 5 былі беларусамі[2]. Зь пераводам у ᛋᛋ у фармаваньні пачалі ўжывацца годнасьці ᛋᛋ, але ў замежных добраахвотнікаў дадаваўся толькі прэфікс «вафэн» без абрэвіятуры ᛋᛋ[2].

Нямецкія ахвіцэры дывізіі збольшага былі ахвіцэрамі паліцыі ў Беларусі, пераведзеныя ў ᛋᛋ. Напрыклад начальным апэрацыйнага адзьдзелу быў колішні камандовец батальёну дапаможнай паліцыі. Да таго ж бальшыні нямецкіх ахвіцэраў было за 40 гадоў. Нямецкія ахвіцэры дывізіі былі слабейшыя супраць ахвіцэраў іншых дывізіяў ᛋᛋ[7].

Меркавалася, што ў дывізіі будзе ад 6 да 10 чалавек зь веданьнем некалькіх моваў, але на практыцы такіх было ад 2 да 5, што ўскладняла зносіны немцаў з жаўнерамі дывізіі[2].

У першай палове верасьня ў дывізіі налічвалася каля 6200 чалавек, а ў канцы кастрычніка 1944 году ў дывізіі было каля 6500 вайскоўцаў[7]. Да сьнежня ў дывізіі засталося каля 4000[12] або 4400[13] жаўнераў.

Арганізацыя

рэдагаваць

Спачатку арганізацыя дывізіі паўтарала арганізацыю брыгады. У дывізіі засталіся 4 палкі, нумарацыя якіх не была скразная зь іншымі часткамі СС, а была звычайнай. Кожны полк складаўся з двух батальёнаў, акрамя 4-га, у якім былі тры батальёны. Парадкавы нумар 30 атрымаў толькі артылерыйскі дывізіён.

Арганізацыя дывізіі да адпраўкі на Заходні фронт (пачатак жніўня 1944 году):[6][14]

Кастрычнік 1944 году

рэдагаваць

У першай палове кастрычніка 1944 году дывізія складалася з двух грэнадэрскіх палкоў і частак узмацненьня. Арганізацыя выглядала наступным чынам:[7]

  • Штаб дывізіі (месца дысьлякацыі Маркальсайм).
  • 1-ы грэнадэрскі полк войскаў СС (Мюсіг):
    • 1-ы батальён (рэшткі папярэдняга 1-га палка);
    • 2-і батальён (рэшткі папярэдняга 2-га палка);
    • 3-і батальён («батальён Мураўёва»; сапэрны палігон у Нойбрайзаху).
  • 2-і грэнадэрскі полк войскаў СС (Сазэнхайм):
    • 1-ы батальён (рэшткі папярэдняга 3-га палку);
    • 2-і батальён (рэшткі папярэдняга 4-га палку);
    • 3-і батальён (былы 654-ы ўсходні батальён).
  • 30-ы артылерыйскі дывізіён войскаў СС (Эсэнайм):
    • дзьве батарэі трафейныя савецкія 122-мм гаўбіцы М-30.
  • 30-ы выведвальны батальён СС (папярэдні 68-ы казачы конны дывізіён; Макэнайм):
    • тры кавалерыйскія роты і штабная рота на роварах.
  • 30-ы панцэргрэнадэрскі батальён СС (Эльзэнайм):
    • панцэргрэнадэрская рота;
    • выведвальная рота на бронеаўтамабілях.
  • 30-я сапэрная рота СС (Эдальсайм).
  • 30-я рота сувязі СС (Маркальсайм).
  • 30-ы навучальна-палявы батальён СС (сапёрны палігон у Нойбрайзаху):
    • штабная і чатыры пяхотныя роты.
  • 30-ы гаспадарчы полк СС (Маркальсайм):
    • аўтакалёна 6-тонных грузавікоў;
    • адміністрацыйная матарызаваная рота СС;
    • матарызаваная рамонтная рота.

На паперы дывізія мела 2 батарэі савецкіх 122-мм гаўбіцаў, аднак насамрэч гэтых гаўбіцаў у дывізіі ўсяго было толькі 5[7]. Таксама камандаваньне плянавала перадаць дывізіі батарэю шасьціствольных мінамётаў «Нэбэльвэрфэр», але няма пацьверджаньняў, што гэта адбылося[7].

Аўтапарк дывізіі быў зь нямецкіх, савецкіх і францускіх самаходаў, да якіх не было дэталяў, а паліва было ў дэфіцыце. Таксама няма пацьверджаньняў, што ў дывізіі сапраўды былі бронемашыны[7].

Пасьля рэарганізацыі

рэдагаваць

Пасьля рэарганізацыі 24 кастрычніка склад дывізіі быў наступны:[15]

  • Штаб дывізіі (Stab der Division);
  • 75-ы грэнадэрскі полк войскаў СС (4-ы расейскі) (па-нямецку: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 75 (russische Nr. 4));
  • 76-ы грэнадэрскі полк войскаў СС (5-ы расейскі) (па-нямецку: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 76 (russische Nr. 5));
  • 77-ы грэнадэрскі полк войскаў СС (6-ы расейскі) (па-нямецку: Waffen-Grenadier-Regiment der SS Nr. 77 (russische Nr. 6));
  • 30-ы артылерыйскі полк войскаў СС (2-і расейскі) (па-нямецку: Waffen-Artillerie-Regiment der SS Nr. 30 (russische Nr. 2)):
    • Штаб артылерыйскага палка;
    • штабная батарэя;
    • дзьве батарэі 12,2 см трафэйныя савецкія гарматы;
    • батарэя рэактыўных установак (па-нямецку: Nebelwerfer).
  • 30-ы выведвальны батальён СС (па-нямецку: SS-Aujkllirung-Abteilung Nr. 30):
  • штаб батальёну;
    • штабны кавалерыйскі эскадрон;
    • тры кавалерыйскія эскадроны;
  • 30-я сапэрная рота СС (па-нямецку: SS-Pionier-Kompanie Nr.30);
  • 30-я рота сувязі СС (па-нямецку: SS-Nachrichten-Kompanie Nr.30);
  • З0-ы запасны батальён СС (па-нямецку: SS-feldersatz-Bataillon Nr.30):
    • штаб батальёна;
    • тры пяхотныя роты;
    • рота цяжкай пяхотнай зброі;
    • сапёрная рота;
  • З0-ы гаспадарчы полк СС (па-нямецку: SS-Nachschub-Regiment Nr.30);
  • вялікая аўтакалёна 60-тонных грузавікоў (па-нямецку: Große Kraftwagenkolonne (mot.) 60 t);
  • адміністрацыйная матарызаваная рота (па-нямецку: Verwaltungs-Kompanie (mot.));
  • матарызаваная рамонтная рота (па-нямецку: Werbtatt-Kompanie (mot));
  • санітарная рота (па-нямецку: Sanitiits-Kompanie).

Падпарадкаваньне

рэдагаваць

У ніжэй пададзенай табліце паказана, каму падпарадкавалася дывізія, будучы на Заходнім фронце[3].

Час Корпус Армія Арм. група
IX.1944 64АК G
X.1944 63АК G
XI.1944-XII.1944 53АК, 63АК 19А G

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Пастанова БЦР ад 28 чэрвеня 1944 г. // Зборнік дакументаў БЦР. Ч. 1. С. 79.
  2. ^ а б в г д е ё ж з Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле  (рас.) // warspot.ru. — 21 марта 2019.
  3. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 272.
  4. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 266.
  5. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 273.
  6. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Роман Понамаренко. Украинский мятеж: 30-я дивизия СС во Франции  (рас.) // warspot.ru. — 13 апреля 2019.
  7. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: в боях против западных союзников  (рас.) // warspot.ru. — 13 июня 2019.
  8. ^ а б Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі  (бел.) // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998.
  9. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 268.
  10. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 271.
  11. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 269.
  12. ^ а б в г д е ё ж з і Роман Понамаренко. Эсэсовцы поневоле: создание новой «белорусской» дивизии  (рас.) // warspot.ru. — 14 июня 2019.
  13. ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 274.
  14. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 267.
  15. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — 2008. — С. 268-269.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць