Беларуская самаабарона

Белару́ская самаабаро́на (БСА) — беларуская ўзброеная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя, якая дзейнічала на Палесьсі напярэдадні і напачатку нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў. З часам перафармавалася ў Беларускую народную партызанку.

Беларуская Самаабарона
Абрэвіятура БСА
Наступнік Беларуская народная партызанка
Дата ўтварэньня 1940
Дата спыненьня існаваньня 1941
Тып нацыянальна-вызваленчая
Юрыдычны статус падпольная
Мэта Абарона правоў насельніцтва і нацыянальнае адраджэньне Беларусі
Месцазнаходжаньне Палесьсе
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
атаманы Якуб Харэўскі
Язэп Таўпека
Васль Вір
капітан Міхал Вітушка
Усевалад Родзька
Колькасьць супрацоўнікаў да 5000 (1941)

Перадумовы стварэньня БСА

рэдагаваць

Пасьля пачатку Другое Ўсясьветнае вайны на тэрыторыі БССР, а менавіта на тэрыторыі Палесься, зноў актывізавалася антысавецкая дзейнасьць, якая была таксама дадаткова прастымуляваная нямецкім камандаваньнем. Перад наступам на Палесьсе нямецкае кіраўніцтва прыйшло да высновы, што ў гэтай мясцовасьці немагчыма выкарыстаньне танкаў і цяжкае тэхнікі, таму было вырашана выкарыстаць патэнцыял беларускіх і ўкраінскіх антысавецкіх дзеячаў і арганізацыяў, якія існавалі на ўжо захопленай Нямеччынай былой тэрыторыі Польшчы: сярод іх былі «Беларускі Народны Фронт» Шчорса-Гадлеўскага, і «Ўкраінскае Нацыянальнае Вызваленьне» Тараса Бульбы-Бараўца. «Беларускі Народны Фронт» быў вядомы тым, што прыкрываючыся нацыяналістычнай арганізацыяй, разбудоўваў падпольныя структуры беларускага супраціву і арганізоўваў беларускія дыверсійныя суполкі, якія перакідваліся ў БССР, у складзе якіх былі вядомыя беларускія нацыяналісты: Міхал Вітушка, Усевалад Родзька, Сьцяпан Гугель, Мечыслаў Контаўт, Рыгор Зыбайла, Юрка Вежан і іншыя. «Украінскае Нацыянальнае Вызваленьне» (пазьней стала звацца «Палеская Сеч Украінскае Паўстанчае Арміі» або проста УПА) у той час займалася вызваленьнем вязьняў з савецкіх астрогаў, захопам зброі і амуніцыі з мэтай схову ў хованках, а таксама вызваленьнем мабілізаваных у савецкае войска. Паводле плянаў немцаў, гэтыя й іншыя шматлікія дробныя арганізацыі мусілі на першых кроках нямецка-савецкае вайны вызваляць тэрыторыю (якая пазьней акупавалася Вермахтам), выконваць абарончыя функцыі й змагацца супраць савецкіх жаўнераў, якія патрапяць у будучы «Палескі кацёл». Пра кіраўніцтва Беларускае Самаабароны няма дакладных зьвестак: Тарас Бульба-Баравец называе камандзерамі аддзелаў БСА «капітана Ўсевалада Родзьку ды ягонага заступніка паручніка Міхала Вітушку», але таксама вядома, што да кіраўніцтва належалі сябры Беларускае Народнае Грамады Якуб Харэўскі й Васіль Вір.

Стварэньне й дзейнасьць БСА

рэдагаваць

Шматлікія апэрацыі беларускіх антысавецкіх арганізацыяў ад самага пачатку праводзіліся разам з украінцамі, вынікам чаго стала беларуска-ўкраінская канфэрэнцыя БСА й «Палескае Сечы» Тараса Бульбы-Бараўца ў Пінску. Ад беларускага боку выступалі Міхал Вітушка, Усевалад Родзька, атаман Якуб Харэўскі (Новік) і Васіль Вір, а ад украінскага боку галавой дэлегацыі быў атаман П. Даўмацюк-Налівайка. Вынікі канфэрэнцыі былі настолькі пасьпяховымі, што Тарас Бульба-Баравец пазьней напісаў:

«…беларусы віталі нашу дэлегацыю з асаблівай гасьціннасьцю, уласьціваю хіба толькі гэтаму рыцарскаму народу. Яны цалкам ухвалілі супольны плян як найхутчэйшага ачышчэньня ўсіх нашых палескіх земляў ад расейска-бальшавіцкага тэрору. Дэлегацыі дамовіліся, што штаб беларусаў падрыхтуе таксама свой плян, а тады абодва планы будуць узгодненыя й па аднаму сыгналу распачнецца ґенэральны наступ. Адносіны беларусаў да немцаў былі гэткімі самымі, як і ў нас. Беларусы таксама змагаліся за сваю сувэрэнную дзяржаву супраць СССР і былі гатовыя на чынную барацьбу супраць Нямеччыны, у выпадку, калі нямецкая палітыка ня будзе шанаваць дзяржаўных цікавасьцяў беларускага народу.»[1] (укр.)

З украінскага боку плян быў створаны асабіста атаманам Бульбай-Бараўцом, паручнікам Дарашэнкам, сотнікам Васілём Раеўскім і іншымі, ад беларусаў плян верагодна гатавалі Міхал Вітушка й Усевалад Родзька, таму што менавіта яны былі выкліканыя ў кастрычніку 1941 року нямецкім кіраўніцтвам у Менск з мэтаю падрабязнага апісаньня Палескай апэрацыі.

Паводле пляну, распрацаванга сумесна штабамі БСА й Палескае Сечы УПА, 5 тысячаў жаўнераў БСА й 10 тысячаў украінцаў пачыналі апэрацыю 20 жніўня 1941 году. Немцы толькі назіралі за хадой апэрацыі й ня ўдзельнічалі непасрэдна, украінцы мусілі вызваляць раёны Столін-Сарны-Алеўск-Наваград-Валынскі-Оўруч, беларусы бралі сабе ўсе раёны на ўсход ад лініі Слуцак-Лунінец у напрамку Мазыра, а ў канцы апэрацыі хаўрусныя беларуска-ўкраінскія войскі аб’ядноўваліся ў раёне Мазыра. Тутэйшае насельніцтва Палесься было расчараванае савецкаю ўладаю, а менавіта еййнымі рэпрэсіямі й эканамічнымі захадамі, таму беларускія войскі мелі дапамогу тутэйшых жыхароў і ўжо ў першыя дні вайны пасьпяхова вызвалялі адну вёску за іншай ад савецкіх войскаў. Сумесныя войскі хутка ішлі наперад, а ў кожным вызваленым ад Чырвонай Арміі, НКУС і савецкіх партызанаў населеным пункце ўкраінцы й беларусы ўсталёўвалі сваю ўладу, выдавалі газэты ды дзялілі зямлю. У гэты час Вэрмахт абыходзіў Палесьсе з поўдня й поўначы на ўсход да Кіева й Смаленску. Сур’ёзнага супраціву беларускім вайскоўцам Чырвоная Армія не аказвала й хутка адступала ўглыб СССР, таму беларусы хутка атрымалі кантроль над цэлымі раёнамі. У выніку цэлыя савецкія злучэньні Чырвонай Арміі й НКУС апынуліся разьбітымі ў так званым «Палескім катле» — трыкутніку Пінск-Мазыр-Корасьцень.

У кастрычніку 1941 году ў вызваленае Палесьсе прыбыла нямецкая адміністрацыя з мэтаю ўсталяваньня новай улады й кантролю, а першым крокам было падначальваньне тутэйшае міліцыі. Палеская Сеч УПА Тараса Бульбы-Бараўца ў адказ на гэтыя захады прыхавала зброю й афіцыйна абвесьціла пра самароспуск 15 лістапада 1941 року, а Беларуская Самаабарона падзялілася. Некаторыя аддзелы БСА адышлі ў лясы, а большая частка функцыянавала далей як афіцыйная паліцыя. Міхал Вітушка і Ўсевалад Родзька таксама перайшлі на легальнае становішча. Як узгадваў Васіль Вір, нават вясковая дапаможная паліцыя не хавала антынямецкіх настрояў і беларускія аддзелы выкурвалі прысланыя нямецкія атрады. Фармальна Беларуская Самаабарона ўжо ня дзейнічала й яе сябры былі падпарадкаваныя немцам, але фактычна падтрымлівалася сувязь зь менскімі актывістамі, менская паліцыя крыху дапамагала зброяй, а частка самаабароны дзеяла самастойна. Пазьней раздробленая Беларуская Самаабарона перафармавалася ў Беларускую Народную Партызанку, якая таксама дзейнічала разам з украінцамі і, паводле ўспамінаў атамана Язэпа Таўпекі, запанавала ў беларускіх лясох і вёсках зімой 1941 году.

Форма БСА

рэдагаваць

Беларуская Самаабарона таксама мела ўласную вайсковую форму:

  • Ушытыя з савецкіх, пясковага колеру шынэляў, фрэнчы і шапкі-кэпі (на ўзор аўстрыйскіх), на якіх была выява Ярылавага крыжа
  • Шлемы савецкага вырабу з выявай Ярылавага крыжа, намаляванага белым ці жоўтым колерам

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік. — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць