Павал Паўлавіч Казлоўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Казлоўскі.
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Павал Казлоўскі.
Па́вал Па́ўлавіч Казло́ўскі (нарадзіўся 9 сакавіка 1942, Нямеччына) — беларускі вайсковы дзяяч, другі міністар абароны Рэспублікі Беларусь.
Павал Казлоўскі | |
па-беларуску: Павел Паўлавіч Казлоўскі | |
Міністар абароны Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
22 красавіка 1992 — ліпень 1994 | |
Прэм’ер-міністар: | Вячаслаў Кебіч |
Папярэднік: | Пётар Чавус |
Наступнік: | Анатоль Кастэнка |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
9 сакавіка 1942 (82 гады) Нямеччына |
Партыя: | Аб’яднаная грамадзянская партыя |
Сужэнец: | Натальля Рыгораўна |
Дзеці: | Алена, Андрэй, Павал |
Адукацыя: |
Ташкенцкая агульнавайсковая камандная вучэльня (1962—1965) Вайсковая акадэмія імя Фрунзэ (1971—1974) Вайсковая акадэмія Генэральнага штабу (1985—1987) |
Узнагароды: |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў Нямеччыне, куды сям’я была вывезеная на прымусовыя працы[1] з роднай вёскі Ваўкаўня (або Ваўкоўня) Пружанскага раёну, у сям’і селяніна. Беларус.
Па сканчэньні школы (1961) вучыўся ў Ташкенцкай агульнавайсковай каманднай вучэльні (скончыў у 1965). Служыў у Сярэднеазіяцкай, Маскоўскай, Закаўкаскай, Паўночна-Каўкаскай ваеннай акругах на пасадах камандзіра роты, начальніка штабу палку, камандзіра палку, начальніка штабу дывізіі, камандзіра дывізіі.
Скончыў ваенныя акадэміі імя Фрунзэ (1971—1974) і Генштабу (1985—1987). З 1978 дараднік камандзіра брыгады ў Анголе. У 1987 накіраваны ў Беларускую вайсковую акругу на пасаду першага намесьніка камандуючага арміяй. З 1989 камандуючы 28-й агульнавайсковай арміяй у Гародні. 3 1991 начальнік штабу — 1-ы намесьнік камандуючага войскамі БВА.
З 22 красавіка 1992 — міністар абароны Рэспублікі Беларусь. Адзначыўся звальненьнямі з войска беларускіх афіцэраў, сябраў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў[2].
Сышоў у адстаўку разам з урадам пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. 5 верасьня 1994 загадам Аляксандра Лукашэнкі паніжаны ў званьні да генэрал-лейтэнанта за карыстаньне службовым становішчам у асабістых мэтах (пры сьвяткаваньні вясельля ўласнага сына і дачкі Мечыслава Грыба). Тым ня меней, праведзенае пасьля сьледзтва не ўстанавіла фактаў нанесенага ўрону і злоўжываньня паўнамоцтвамі[3].
Да 2001 року зьяўляўся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
У 2001 вылучаўся ў кандыдаты ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь[4], аднак не сабраў неабходнай колькасьці подпісаў. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 року зьяўляўся даверанай асобай Андрэя Саньнікава[5].
Цяпер узначальвае грамадзкую арганізацыю «Міжнародная фундацыя рэабілітацыі здароўя былых вайсковых службоўцаў».
Сям’я
рэдагавацьБацька адразу па вызваленьні ў 1945 пайшоў на фронт і загінуў пад Кёнігзбэргам, і маці адна гадавала пяцёх дзяцей (памерла ў 1977). Браты і сёстры жывуць і працуюць у Беларусі.
Жонка Натальля Рыгораўна па спэцыяльнасьці эканаміст. Маюць трох дзяцей. Старэйшая дачка Алена нарадзілася ў Грозным. Цяпер жыве ў Маскве, з мужам гадуюць сыноў Андрэя і Станіслава. Сын Андрэй нарадзіўся ў Маскве, жыве і працуе ў Беларусі, жанаты з дачкой Мечыслава Грыба, мае сыноў Міхаіла і Аляксея. Малодшы сын Павал нарадзіўся ў Ерэване, у 2008 ажаніўся[6].
Кар’ера
рэдагавацьДва званьні — маёра і падпалкоўніка (1975) — атрымаў датэрмінова. Палкоўнік (1981), генэрал-лейтэнант (1989), генэрал-палкоўнік (1993), генэрал-лейтэнант (1994).
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Ольг Прудникова (23 лютага 2011) Павел Козловский: я отстоял праздник 23 февраля (рас.) Общество. Naviny.by. Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
- ^ Зянон Пазьняк. Дэпутаты незалежнасьці. 2. Змаганьне за беларускае войска. Naviny.by (24 жніўня 2010). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
- ^ Генерал Козловский властью не злоупотреблял // Коммерсантъ. — 27 студзеня 1995. — № 14 (732).
- ^ Генадзь Кесьнер (23 лютага 2001) 23 лютага колішні міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі заявіў, што ўрэшце наважыўся ўзяць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі Грамадства. Радыё «Рацыя». Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
- ^ Павал Казлоўскі: Гэтая ўлада па-сапраўднаму дастала людзей Палітыка. «Хартыя-97» (17 сьнежня 2010). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
- ^ Павал Казлоўскі: «Масква нешта рыхтуе Беларусі». Аб’яднаная грамадзянская партыя (2 студзеня 2008). Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Профіль на праекце «Хто ёсьць хто ў Рэспубліцы Беларусь»(недаступная спасылка) (рас.)
- Опальный генерал(недаступная спасылка) (рас.)
- Павел Козловский: я отстоял праздник 23 февраля (рас.)