Кілбаса

харчовы прадукт зь мяса ў абалонцы

Кілбаса́, таксама каўбаса́ — прыгатаваны ў даўгаватым выглядзе фарш з апрацаваных мяса, жывёльнага тлушчу і расьліннай сыравіны. У якасьці асноўнай сыравіны служаць бараніна, каніна, мяса птахаў, сьвініна і ялавічына. Таксама выкарыстоўваюцца спадарожныя часткі жывёлаў: мазгі, печань, рубец, сала і сэрца. Апрацоўка падзяляецца на мэханічную (выдаленьне неядомых і малапажыўных частак, здрабненьне) і фізыка-хімічную (абсмажваньне, варка, высьпяваньне, вэнджаньне і саленьне). У фарш дадаюцца абястлушчанае і неразьведзенае малако, крупы, крухмал, малочны бялок, мука, плязма харчовай крыві і яйцы. Таксама ў ход ідуць прыправы, соль і цукар. Абалонка бывае кішачнай і штучнай (бялковая, палімэрная і цэлюлёзная). Без абалонкі мае выгляд кансэрвы. У Старажытнай Грэцыі служыла заедкай у выглядзе напханага сьвінога страўніка. У Старажытным Рыме выраблялася варанай і вэнджанай са сьвініны ў выглядзе колца і ланцуга. Пашыранай стравай сталася ў Сярэднявеччы[1]. У сучаснай вытворчасьці для захаваньня чырвонага колеру дадаецца нітрыт натрыю, што раней выкарыстоўваўся толькі ў складзе выбуховых рэчываў[2].

Сухая вэнджаная кілбаса
Вэнджаная (зьлева) і сыравяленая кішкі ў разрэзе
Выраб вэнджана-варанай кілбасы (Нідэрлянды, 1939 год)
  1. ^ Каўбасныя вырабы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 181. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ 9 фактаў аб каўбасах і сасісках // Зьвязда : газэта. — 14 ліпеня 2011. — № 131 (26995). — С. 8. — ISSN 1990-763x.