5-я брыгада спэцпрызначэньня
Каардынаты: 53°30′5″ пн. ш. 28°11′1″ у. д. / 53.50139° пн. ш. 28.18361° у. д.
5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня (5 абрспп) — вайсковае злучэньне Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, што месьціцца ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) і са жніўня 2007 году ўваходзіць у склад Сілаў спэцыяльных апэрацыяў[1].
5-я брыгада спэцпрызну | |
Нарукаўны знак (з 2002 г.) | |
Гады існаваньня | з 31 сьнежня 1992 году |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
Уваходзіць у | Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь |
Тып | спэцыяльныя войскі |
Уключае ў сябе | 3 атрады, 2 падразьдзяленьні і 2 роты |
Функцыі | выведка, падрыўная дзейнасьць |
Колькасьць | каля 2000 вайскоўцаў |
Дысьлякацыя | Мар’іна Горка (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) |
Дэвіз | Ва ўсялякім месцы, ва ўсялякі час, усялякія задачы |
Узбраеньне | бронеаўтамабіль, мінамёт, зэнітны ракетны комплекс, аўтамат, кулямёт, пісталет-кулямёт, пісталет, гранатамёт, снайпэрская вінтоўка |
Дзейны камандзір | Зьміцер Кучук (з 2017 году) |
Вядомыя камандзіры | Валер Гайдукевіч (1992—1995) |
Вайсковая частка 89417. На 2018 год 5-я брыгада спэцпрызну зьяўлялася найбольш баяздольным вайсковым фармаваньнем Узброеных сілаў Беларусі[2]. Задачамі брыгады былі выведка і падрыўная дзейнасьць[3]. Афіцэраў для брыгады рыхтаваў факультэт вайсковай выведкі Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Палявыя заняткі са зброяй праводзілі на базе палігону «Белая Лужа» (Барысаўскі раён).
Будова
рэдагавацьНа 2018 год 5-я брыгада спэцпрызначэньня мела ўласны штаб з падначаленымі службамі. Баявыя вайсковыя часткі налічвалі 3 атрады спэцпрызначэньня (АСпП) па 500 чалавек, у тым ліку асаблівы атрад вядомы як «афіцэрская рота», і падразьдзяленьне сувязі. Падразьдзяленьні забесьпячэньня ўлучалі падразьдзяленьне матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, штабную і мэдычную роту.
Узбраеньне
рэдагавацьНа 2018 год на ўзбраеньні 5-й брыгады спэцпрызначэньня стаялі:
- 6 відаў бранятэхнікі — лёгкія бронеаўтамабілі «Волат» (МЗКЦ) і «Тыгр» (Арзамас, Расея), сярэдні бронеаўтамабіль «Кайман» (140-ы рамонтны завод, Барысаў), БТР-80, грузавікі «МАЗ-6317» і «Урал» (Міяс, Расея);
- 6 відаў артылерыі з Расеі — 23-мілімэтровая зэнітная ўстаноўка ЗУ-23-2 (Самара), 82-мілімэтровы мінамёт БМ-37, 122-мілімэтровая гаўбіца Д-30 (Екацярынбург), перанасныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Фагот» і «Мяціс» (Вяцкія Паляны), перанасны зэнітны ракетны комплекс «Ігла» (Каўроў);
- 24 віды стралковай зброі з Расеі — 4 віды аўтамата Калашнікава (складны 1974 году АКС74 і скарочаны АКС74У, мадэрнізаваны АКМ і складны АКМС), малагабарытны аўтамат 9А-91 (Тула), малашумны аўтамат «Вал» (Падольск), складны кулямёт РККС-74 (Вяцкія Паляны), кулямёт Калашнікава, пісталет-кулямёт ПК-93 (Тула), пісталет Макарава (Іжэўск), малашумны пісталет ПСС (Падольск), аўтаматычныя пісталеты Стэчкіна (АПС, Вяцкія Паляны) і бясшумны (АПБ, Тула), бясшумны пісталет ПБ, падрульны гранатамёт ГП-25, ручны супрацьтанкавы гранатамёт РСГ-7, аўтаматычны станкавы гранатамёт АГС-17 (Вяцкія Паляны), падводны аўтамат АПС (Падольск), аднапальны нож НРС-2 і 5 відаў снайпэрскіх вінтовак Драгунова (Іжэўск), ВСК-94 (Тула), «Вінтарэз» (Падольск), буйнакалібровая ОСВ-96 (Тула) і МЦ-116М (Тула).
-
Гаўбіца Д-30 (2012 г.)
-
Падводны аўтамат АПС (2006 г.)
Экіпіяваньне
рэдагавацьНа 2018 год 5-я брыгада спэцпрызначэньня выкарыстоўвала 2 наборы рыштунку жаўнераў адпаведна адмыслоўваньню: выведнік і снайпэр. У 2012 годзе брыгаду аснасьцілі бесьпілётнікамі. У 2015 годзе паступіла перанасная лічбавая радыёстанцыя Р-168-0.1, бронекамізэлька «Крумкач-11», кеўларавы шлем «Скат С1 М1»[4]. Для высадкі выкарыстоўвалі парафойлавыя парашуты «Лясьнік-3» і «Лясьнік-3М». Поліпрапіленавы кілімок дазваляў знаходзіцца ў шматгадзіннай засадзе насуперак непагадзі і мог выкарыстоўвацца ў якасьці насілак. Спэцпрызнаўцаў забясьпечвалі прыборамі начнога бачаньня (ПНБ) беларускай вытворчасьці. Зброя таксама забясьпечвалася беларускімі каліматарнымі і начнымі прыцэламі. Агулам у брыгадзе налічвалася 8 відаў беларускай оптыкі: акуляры начнога бачаньня АНВ-2, 3 каліматарныя прыцэлы ПК-АА, ПК-АВ і начны ПКН-03М, начны прыцэл для стралковай зброі ПНВ-2К, начны бінокль ПНН-03, далямер ДЛ-1 і нашлемная сыстэма індыкацыі НСІ-04.
Набор рыштунку выведніка ўлучаў:
- аўтамат 9А-91, «Вал» (АКС-74), АКС‑74, АКМ або АКМС у залежнасьці ад пасады;
- 9‑мілімэтровы пісталет ПМ, ПБ, АПС або АПБ у залежнасьці ад пасады;
- прыцэл дзённы ПК-АВ або начны ПКН-03М;
- начны бінокль ПНН-03;
- акуляры начнога бачаньня АНВ-2;
- радыёстанцыю Р-168-0,1;
- ахоўныя супрацьаскепкавыя акуляры;
- накаленьнікі і налакотнікі;
- кеўларавы шлем «Скат С1 М1»;
- бронекамізэльку «Крумкач-11»;
- баявую разгрузную сыстэму;
- адмысловы заплечнік;
- спальны мяшок;
- поліпрапіленавы кілімок;
- маскавальны гарнітур (летні «Партызан» або зімовы «Далмацінец»);
- агульнавайсковы ахоўны камплект.
Снайпэраў таксама забясьпечвалі рыштункам з 17 складнікаў, зь якіх 4 адрозьніваліся:
- снайпэрская вінтоўка Драгунова, у тым ліку складная, ОСВ-96, ВСК-94 або МЦ-116М (замест аўтамата);
- толькі начны прыцэл ПКН‑03М;
- кеўларавы шлем «Спартанец»;
- баявая разгрузная сыстэма снайпэра.
Падрыхтоўка
рэдагавацьНа 2018 год навучаньне ў 5-й брыгадзе спэцпрызну ўлучала стральбу, падрыў, ваджэньне, палёт і скокі. Таксама навучалі вадалазнай справе і рукапашнаму бою. Навучаньне доўжылася поўны працоўны дзень з ранку да вечару ў клясе, на палігоне і стрэльбішчы. Скокі з парашутам ажыцьцяўлялі на сушу і вадаём, у яснае надвор’е і непагадзь, удзень і ўначы, зь верталёта і самалёта. Таксама навучалі пераходу вадаёма, у тым ліку балота. Выпрабаваньні ўлучалі палявыя выхады на 10 дзён па перасечанай мясцовасьці на адлегласьць 50—70 км. Працавалі лінгафонныя клясы для вывучэньня замежнай мовы. Брыгада мела ўласны стадыён, клюб і трэнажэрную залю. Надавалася магчымасьць набыцьця цывільнай спэцыяльнасьці і выкарыстаньня кампутараў[5].
Мінуўшчына
рэдагаваць31 сьнежня 1992 году вайскоўцы 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня (5 АБрСпП), якую стварылі ў студзені 1963 году ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць), прысягнулі на вернасьць Рэспубліцы Беларусь. У 1997 годзе пры брыгадзе ўтварылі асяродак выхаваньня моладзі Менскай вобласьці для школьнікаў і навучэнцаў каледжаў[6]. 12 верасьня 2002 году А. Лукашэнка ўручыў камандзіру 5-й брыгады спэцпрызну Аляксандру Чмырову беларускі баявы сьцяг наўзамен савецкага. У 2002 годзе 5-я брыгада ўдзельнічала ў вучэньні «Бярэзіна-2002». У 2003 годзе — у вучэньні «Чыстае неба-2003». У 2004-м — у вучэньні «Шчыт Айчыны-2004». У 2006-м — у вучэньні «Шчыт Саюзу-2006»[5]. 1 жніўня 2007 году 5-ю брыгаду спэцпрызну падпарадкавалі камандаваньню Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Беларусі ў Калодзішчах (Менскі раён) разам з 38-й мабільнай брыгадай у Берасьці і 103-й мабільнай брыгадай у Віцебску[7]. 16-19 лістапада 2010 году 5-я брыгада спэцпрызначэньня правяла вучэньне, на якім упершыню адпрацавала выкарыстаньне дэльталётаў у справе выведкі[8]. У верасьні 2013 году 5-я брыгада спэцпрызну ўдзельнічала ў вучэньні «Захад-2013». На 2013 год 5-я брыгада спэцыяльнага прызначэньня была адзіным з 11 вайсковых фармаваньняў, якое засталося ў Мар’інай Горцы з савецкага часу, калі горад меў найбольшы ў Беларускай ССР вайсковы гарнізон[9]. У верасьні 2017 году брыгада ўдзельнічала ў стратэгічным вучэньні «Захад-2017»[2].
Здушэньне пратэстаў 2020 году й забойства Генадзя Шутава
рэдагавацьУ жніўні й восеньню 2020 году вайскоўцы 5-й брыгады ўдзельнічалі ў сілавых разгонах мірных дэманстрантаў, якія пратэставалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь[10][11][12]. Удзел вайскоўцаў 5-й брыгады быў афіцыйна пацьверджаны ў лютым 2021 году на судзе над двума пратэстуючымі. Капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсень Галіцын разам з прыкладна 20 іншымі вайскоўцамі ССА УС РБ ўдзельнічалі ў здушэньні пратэстаў у Берасьці ў жніўні 2020 году й застрэлілі Генадзя Шутава, прычым на судзе Гаўрылаў сьцьвярджаў, што цэліўся Шутаву ў левае перадплечча[13][14].
Камандзіры
рэдагаваць- Валер Гайдукевіч(be) (30 сьнежня 1992 — 21 лістапада 1994)
- Іван Вільчкоўскі (13 студзеня 1995 — 25 лістапада 1999)
- Аляксандар Чмыроў (25 лістапада 1999 — 27 студзеня 2003)
- Георгі Злацін (27 студзеня 2003 — 27 чэрвеня 2005)
- Павал Ціханаў (27 чэрвеня 2005 — 28 жніўня 2007)[15]
- Уладзімер Карук (28 жніўня 2007—2010)
- Аляксандар Навуменка (2010—2012)
- Сяргей Сімкін (2012—2014)
- Аляксей Папоў (2014—2017)
- Зьміцер Кучук (з 2017 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сілы спэцыяльных апэрацыяў // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
- ^ а б Вераніка Канюта. 5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня сьвяткуе 55-годзьдзе // Газэта «Зьвязда», 1 студзеня 2018 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
- ^ Аляксандар Гелагаеў. Чэрвень 41-га. Гісторыя беларускіх атрадаў спэцпрызначэньня пачынаецца з вайны супраць СССР // Тэлеканал «Белсат», 21 чэрвеня 2017 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
- ^ Кірыл Франскевіч. «Крумкач» супраць 7,62 мм (рас.) = «Ворон» против 7,62 мм // У славу Радзімы : газэта. — 13 траўня 2015. — № 86.
- ^ а б Зь гісторыі 5-й АБрСпП (рас.) // Неафіцыйны сайт «5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня» (Мар’іна Горка), 15 красавіка 2014 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
- ^ Алена Зацірка. Спэцпрызн — надзейны шчыт роднай краіны (рас.) = Спецназ — надёжнай щит родной страны // У славу Радзімы : газэта. — 4 студзеня 2012. — № 1.
- ^ Прэм’ера цыклю дакумэнтальных фільмаў «Мы — спэцпрызн» стартуе на «Беларусь 1» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 студзеня 2013 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. 5-я брыгада спэцпрызну Ўзброеных сіл Беларусі правярае магчымасьці выкарыстаньня мотадэльтапланаў для разьведвальных мэтаў // БелаПАН, 16 лістапада 2010 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
- ^ Вераніка Канюта. Танкавы корпус № 2 // Плацдарм. — 7 верасьня 2013. — № 18 (26). — С. 3.
- ^ Лукашенко заявил об использовании ССО для наведения порядка в стране. Sputnik Беларусь. Праверана 2020-11-10 г.
- ^ Арцём Гарбацэвіч. У разгоне дэманстрацыяў бяруць удзел афіцэры спэцпрызну Мінабароны ў штацкім // Партал «Наша ніва», 28 верасьня 2020 г. Архіўная копія ад 18 траўня 2021 г. Праверана 18 траўня 2021 г.
- ^ На улицах Минска появились внедорожники, которые есть только у Сил спецопераций. Разобрались в вопросе. 21.by. Праверана 2020-11-10 г.
- ^ На судзе ў справе Шутава стала вядома, хто загадаў выкарыстоўваць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў. Свабода (2021-02-17). Праверана 2021-02-18 г. Архіўная копія ад 2021-02-18 г.
- ^ «Хацеў стрэліць у перадплечча». На судзе ў Берасьці стала вядома, хто забіў Генадзя Шутава. Свабода (2021-02-16). Праверана 2021-02-18 г. Архіўная копія ад 2021-02-18 г.
- ^ Нашыя камандзіры (рас.) // Неафіцыйны сайт «5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня» (Мар’іна Горка), 15 красавіка 2014 г. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |