Міхась Чарот
Міха́сь Чаро́т (сапр. — Міхаі́л Сымонавіч Кудзе́лька; 7 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] 1896; Рудзенск, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 29 кастрычніка 1937[4]; Менск, НКВД). Псэўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; Крыптонімы[a]: М. К.; М.К-ка; Ч. М.; М. Ч.; М.Ч-т; Ч-т.) — беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадзкі дзяяч.
Міхась Чарот лац. Michaś Čarot | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Міхась Чарот, Максім Бяднейшы, Юрка Куртаты, В. Чарот |
Нарадзіўся | 7 лістапада 1896[1] |
Памёр | 29 кастрычніка 1937[2] (40 гадоў) |
Жонка | Ганна Савіч |
Дзеці | Вячаслаў, Сьвятлана, Зінаіда, Алена і Маргарыта (пам. 1924) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, празаік, рэдактар |
Мова | беларуская мова[3] |
Дэбют | зборнік «Завіруха» (1922) |
Творы на сайце Knihi.com | |
Міхась Чарот у Facebook |
У гады Першай сусьветнай вайны служыў афіцэрам запаснога палку. У часе Грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў[5][6]. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі.
Супрацоўнік газэты «Савецкая Беларусь», у 1925—1929 ейны рэдактар. Сябра Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Полымя», у 1924—1931 сябра ЦВК БССР. Сумесна з Ю. Тарычам паводле аповесьці «Сьвінапас» стварыў сцэнар першага беларускага мастацкага фільму «Лясная быль» (1926)[7].
Прысьвяціў арышатаваным па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…» (1930), у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну[8]. У студзені 1937 г. быў арыштаваны сам. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937[4][9]. Рэабілітаваны калегіяй Вярхоўнага суду СССР 8 сьнежня 1956 году.
Біяграфія
рэдагавацьСям’я
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Дзед Міхася Чарота быў майстрам па ткацтве, адкуль прозьвішча ад пана, адпаведнае яго заняткам, бабуля паэта працавала карміцелькаю ў панскім палацы.
Меў двух братоў і сясьцёр: Паўла (інжынэр і хатні пэдагог), Аляксандра (аграном), Марыю (кухарка) і Насту (акторка)[10].
Стрыечны брат Міхася Чарота, Ёсіф Кудзелька, быў начальнікам упраўленьня па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР, іншы, Іван Кудзелька, займаў пасаду народнага камісара фінансаў БССР[9].
Адукацыя і прафэсійная дзейнасьць
рэдагавацьПершую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскай двухгадовай вучэльні. У 1913—1917 навучаўся ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі. У гады Першай сусьветнай вайны сэмінарыя эвакуявалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучаньня М. Чарота. Па сканчэньні вучобы быў мабілізаваны ў армію.
Служыў афіцэрам запаснога палку ў Кузьнецку, там разам зь іншымі афіцэрамі-беларусамі намагаўся стварыць беларускі гурток[11]. У часе Грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі, працаваў у паўстанчым камітэце і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў[5][12].
Вясной 1918 вярнуўся ў Менск і пачаў настаўнічаць у беларускай школе. Паступіў у Менскі вышэйшы пэдагагічны інстытут. Сьпяваў у хоры Тэраўскага пры «Беларускай хатцы» (меў прыгожы барытон), быў старшынём тэатральнай суполкі «Маладзік», выконваў ролі ў трупе Ўладзіслава Галубка[9].
У 1919 сябра Беларускага нацыянальнага камісарыяту і створанай пры ім Вайсковай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі.
У 1920 уступіў у Камуністычную партыю і неўзабаве стаў супрацоўнікам газэты «Савецкая Беларусь», а ў 1925—1929 ейным рэдактарам.
У 1923 удзельнічаў у стварэньні літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк» (уладальнік ягонага пасьведчаньня № 1[7]), зь якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў чальцом аб’яднаньня «Полымя», затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменьнікаў.
У 1922—1924 кандыдат у чальцы, у 1924—1931 сябра ЦВК БССР. У 1924 навучаўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.
У 1927 па камандзіроўцы Наркамасьветы разам з Ц. Гартным і М. Зарэцкім пабываў у Латвіі, Нямеччыне, Францыі і Чэхаславаччыне[13]. У 1927 быў у праўленьні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам.
У 1930-я працаваў загадчыкам літаратурнага сэктару Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінэце маладога аўтара Саюзу пісьменьнікаў БССР[14].
Арышт
рэдагаваць
Чаго хацелі вы? Якое мелі права |
«Суровы прыгавор падпісваю першым»[15]. |
У 1930-ым годзе М. Чарот прысьвяціў арыштаваным па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» В. Ластоўскаму, М. Гарэцкаму, А.Дудару, У. Дубоўку, Я. Пушчы і іншым апублікаваны ў часопісе «Полымя» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…», у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну[16][8]. Чарот ня ведаў, што празь сем год ён сам трапіць пад сьледзтва.
Міхась Чарот быў арыштаваны 24 студзеня 1937 году ў Менску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з УКП(б). 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, які «не падлягае абвяшчэньню», «усе кнігі» Міхася Чарота прадугледжвалася «спальваць»[17].
Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 году як удзельнік «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі»[18]. Сядзеў у адной камэры з паэтам Юркам Лявонным. Прыгавораны да расстрэлу 28 кастрычніка 1937. Апошні верш «Прысяга» (пра асабістую невінаватасьць) запісаў на сьцяне менскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч: «у 1939 годзе я быў пераведзены ў адзіночную камэру. Уважліва аглядзеў сьцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст вершу, выкалупаны нечым вострым на сьцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы»[4]. Празаік і паэт Масей Сяднёў у сваім рамане «Раман Корзюк» згадаў, як спакутванага М. Чарота сьвядома спойвалі, каб у непрытомнасьці выпытваць новыя імёны «здраднікаў»[19]. Пасьля допытаў і катаваньняў прызнаў сябе вінаватым[20]. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937[4][9]. Савецкія крыніцы пазначаюць дату сьмерці 14 сьнежня 1938, ня згадваючы факт расстрэлу[21][22].
Рэабілітаваны вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 8 сьнежня 1956 году. Асабовая справа М. Чарота № 8153-с з фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Асабістае жыццё
рэдагавацьБыў двойчы жанаты[b], выхоўваў чатырох дзяцей: Вячаслава, Сьвятлану, Зінаіду, Алену. Другую жонку, братоў і іх сем’і таксама засудзілі[9].
Творчасьць
рэдагавацьПісаць пачаў у трынаццацігадовым узросьце[24]. Першыя паэтычныя спробы М. Чарота належалі да часоў вучобы ў сэмінарыі і не захаваліся[25]. Друкаваўся з 1918[4][5] (паводле іншых зьвестак — з 1919[26]). Аўтар кніжак паэзіі «Завіруха» (1922, першы зборнік М. Чарота[5]), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, усе ў 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы, 1986), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), Збору твораў у 3 тамах (1933—1936), у 2 тамах (1958), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982).
Выдаў зборнік апавяданьняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданьні» (1926).
Апублікаваў п’есы «Мікітаў лапаць» (апублікаваная і пастаўленая ў 1923), «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924), дзіцячыя п’есы «Пастушкі. Данілка і Алеська» (Клімавічы, 1925). Напісаў музычную драму «На Купальле[5]» (кампазытар У. Тэраўскі), пастаўленая ў 1921, кампазытар А. Туранкоў стварыў на тэкст п’есы опэру «Кветка шчасьця»), адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982[27].
Па аповесьці «Сьвінапас» стварыў з Ю. Тарычам сцэнар першага беларускага мастацкага фільму «Лясная быль» (пастаўлены ў 1926)[7].
Творы
рэдагавацьПаэзія
рэдагаваць- 1922 — «Завіруха» зборнік
- 1922 — «Босыя на вогнішчы» паэма
- 1925 — «Выбраныя вершы»
- 1926 — «Карчма», «Ленін», «Марына» паэмы
- 1927 — «Беларусь лапцюжная» паэма
- 1927 — «Чырванакрылы вяшчун» паэма-фантазія
- 1928 — «Паэмы»
- 1929 — «Сонечны паход»
- 1935 — «Выбраныя вершы і паэмы»
- 1933—1936 — Збор твораў у 3-х тамах
- Збор твораў: у 2 ч. / Уклад. т., падрыхт. тэксту і заўв. Н. С. Перкіна. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. — Т. 1: Вершы. Паэмы. — 300 с. — 8000 ас.
- Збор твораў: у 2 ч. / Уклад., падрыхт. і заўв. А. М. Адамовіча. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. — Т. 2: Апавяданні. П'есы: Пастушкі; Мікітаў лапаць. — 204 с. — 8000 ас.
- Вершы; Босыя на вогнішчы: паэма / укладальнік Міхась Ярош; рэдкалегія: Пімен Панчанка (галоўны рэдактар) і інш.. — Менск: Беларусь, 1967. — 146 с. — (Бібліятэчка беларускай паэзіі). — 6300 ас.
- Выбраннае: вершы; паэмы: Босыя на вогнішчы; Ленін; апавяданні: Дзіўная заява; На Пасеках; Самалёт; Свінапас; Пасля буры (Сказ старога дзядулі); Мікітаў лапаць: п'еса; 1200 верст па Беларусі: нарыс / Аўт. прадм. і ўклад. Уладзімер Гніламёдаў. — Менск: Юнацтва, 1982. — 221 с. — (Школьная бібліятэка). — 3600 ас.
- У сонечным паходзе: вершы; паэмы: Паэма пра Міколу Сініцына; Босыя на вогнішчы / укладальнік І. І. Рубін; прадмова У. В. Гніламёдава; мастак В. Ф. Александровіч. — Менск: Юнацтва, 1986. — 94 с. — (Паэтычная бібліятэка). — 8000 ас.
- На Купалле: п'есы (Мікітаў лапаць; На Купалле / М. Чарот. Залёты / В. Дунін-Марцінкевіч. Модны шляхцюк / К. Каганец. Паўлінка; Прымакі / Я. Купала.) / укладальнік Н. М. Тарасевіч; мастак Г. А. Шышкін. — Менск: Беларуская навука, 1997. — С. 985-08-0047-X. — 189 с. — (Школьная бібліятэка). — 33 200 ас. — ISBN 985-08-0047-X
- Выбранае: Вершы; Босыя на вогнішчы: Паэма; Дзіўная заява; Самалёт; Чалавек, які не радзіўся; 1200 вёрст па Беларусі: Нарыс; Апавяданні; На Купалле: П'еса / Уклад. Л. І. Каўрус. — Менск: Мастацкая літаратура, 2001. — 147,3 с. — 2000 ас. — ISBN 985-02-0527-X
Проза
рэдагаваць- 1924 — «Веснаход» зборнік апавяданьняў
- 1926 — «Выбраныя апавяданьні»
- 1926 — М. Чарот. Піліпава града. Апавяданьне. // Паляўнічы Беларусі : часопіс. — 1928. — № 1. — С. 17—21.
П’есы
рэдагаваць- «Мікітаў лапаць» — пастаўленая ў «Беларускай хатцы» у сакавіку 1920 году[28]
- «Дажынкі» — у 1924
- аднаактоўка «Сон на балоце» — у 1924
- дзіцячая п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» — у 1925
- музычная драма «На Купальле» (пастаўлена ў 1921, кампазытар А. Туранкоў стварыў на тэкст п’есы опэру «Кветка шчасьця»)
- Міхась Чарот. На Купалле. Музычная драма ў трох актах. Адноўленьне і сцэнічная рэдакцыя К. Пуроўскага і К. Кулакова. // Полымя : часопіс. — 1982. — № 2 (634). — С. 117—143.
Аналіз творчасьці
рэдагавацьДасьледнікі называюць Міхася Чарота адным зь лідэраў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Ягоная творчасьць адбіла ў сабе рамантычныя парываньні, супярэчнасьці і вялікія ілюзіі свайго часу[25]. Зрэшты, ацэнка творчасьці Міхася Чарота сярод сучасьнікаў ніколі не была адназначнаю[29]. Язэп Пушча, рэцэнзуючы выданьне паэмы «Ленін» (1926), крытыкаваў твор за «валавяна-лёгкія і гранітна-васковыя» стылістычныя прыёмы, якія «мядзьведжым спрытам варочаюцца ў гушчэчы шматкроп’яў, засланяючы сабою сэнс тых зьяваў, якія яны падручыліся перадаць». Таксама паэт ушчуваў М. Чарота за адсутнасьць зьместу[30].
Іншую пазыцыю датычна паэтычнай чыннасьці Міхася Чарота заняў Максім Гарэцкі, для якога творчасьць паэта была канглямэратам дасягненьняў і недахопаў пасьлякастрычнікай літаратуры ў цэлым, а сам Чарот быў для яго паэтам таленавітым, аднак супярэчлівым[29]. М. Гарэцкі адзначаў, што Міхась Чарот мае моцны прыродны талент і пры ўсіх недахопах зьяўляецца «найлепшым у беларускай літаратуры песьняром Кастрычнікавай рэвалюцыі». Згадваючы «шэсьць паэм» Міхася Чарота, М. Гарэцкі канстатуе, што гэта «найлепшае ў беларускай пралетарскай паэзіі»[31].
Адам Бабарэка ў артыкуле «Лірыка Міхася Чарота» (Маладняк, 1925, № 9) адзначыў гіпэрбалічнасьць як адзін з улюбёных прыёмаў паэта. Галоўнай высновай артыкулу было тое, што «Чарот першы на беларускіх загонах ажыцьцёвіў на практыцы марксісцкі погляд на літаратуру, як на зброю клясавага змаганьня»[32]. Крытык з ковенскага часопісу «Крывіч» (1923) прызнаючы за Чаротам вялікі талент, рабіў сур’ёзныя закіды паэту адносна мовы яго твораў, засьмечанай русізмамі і «барбарызмамі»; выказваў меркаваньне, што ў творах паэта «больш пераважае мляўкая перафразоўка камуністычных лістовак»[33], чым глыбіннае пранікненьне ў сутнасьць глябальных гістарычных падзеяў.
Паводле М. Мішчанчука, усё напісанае пра Міхася Чарота пасьля 1928 зьяўляецца аднабаковаю, ідэалягізаванаю ацэнкаю, дадзенай прыхільнікамі сацыялістычнага рэалізму ў яго сталінскай трактоўцы, паводле якой Чарот — «грамадзянскі паэт ярка выражанай адычнай арыентацыі»[34]. Яскарвым чынам гэта выявілася ў неўключэньні твораў «Карчма», «На шляху адраджэньня», «Буралом», «Пад крыжам», «З сучасных настрояў», «Вечная бура» ў выданьні 1930—1980 гг. празь несупадзеньне трагедыйных, філязофска-мэдытацыйных і роздумна-элегічных вершаў з разрэклямаванаю крытыкаю паэтавым аптымізмам[34].
У чэрвені 1924 вядомы маскоўскі паэт, празаік і кінасцэнарыст Мацьвей Ройзман (1896—1973) у артыкуле «Белорусский имажинизм» (часопіс «Гостиница для путешествующих в прекрасном», № 4) аднёс М. Чарота да пачынальнікаў беларускага імажынізму: «М. Чарот (может быть бессознательно) положил начало белорусскому имажинизму». Паводле В. Жыбуля, рысы паэтыкі імажынізму, спалучаныя з традыцыямі беларускай народнай творчасьці, прысутнічаюць у шэрагу вершаў М. Чарота 1922—1924 гг. («Вясну пяю», «Я зноў — дзе поле каласамі…», «Чырвоныя вясьнянкі», «Вясеньні балаган», «Зарунела, зарунела…», «Камсамолія», «Ленінамайскае»)[35][36] .
Вядомыя літаратуразнаўцы Міхась Ярош, Ніл Гілевіч, Іван Чыгрын адзначалі самабытнасьць і арыгінальнасьць літаратурна-мастацкай дзейнасьці Міхася Чарота. Яго лепшыя творы — гімны рэвалюцыі, будаваньню сьветлага жыцьця, і таму ў гісторыі айчыннай літаратуры Міхась Чарот назаўсёды застанецца палкім рамантыкам.
Літаратурная крытыка, рэцэнзіі
рэдагаваць
|
|
Дадатковыя зьвесткі
рэдагавацьМастак Тодар Пархоменка намаляваў пяром партрэт пісьменьніка Міхася Чарота, які экспанаваўся ў Менску на Першай ўсебеларускай мастацкай выставе ў 1925—26 гадах[37].
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьІмем Міхася Чарота названыя вуліцы ў Менску, Горадні, Маладэчне і Рудзенску[4]. У 1996 годзе імя паэта далі Рудзенскай сельскай бібліятэцы[38]. На будынку Дома культуры ў Рудзенску усталявана памятная шыльда ў гонар пісьменьніка.
Да 100-годдзя з дня нараджэньня пісьменьніка «Белпошта» выпусьціла канвэрт (мастак Віктар Сташчанюк), і ў 2021 годзе быў выпушчаны маркіраваны канвэрт, прысьвечаны да 125-годдзя з дня нараджэньня пісьменьніка (дызайн канвэрта Сьвятлана Цырулік)[39].
-
Памятная шыльда ў Рудзенску
-
1996
-
2021
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Крыптонім — подпіс пад творам замест імя аўтара, які не прадугледжвае магчымасьці ўтоесьніць яго з той або іншай пэўнай асобай; іншымі словамі — імя, разьлічанае на тое, каб схаваць сапраўднага аўтара твора.
- ^ 5 лістапада 1937 у Менску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 47, кв. 2 арыштаваная хатняя гаспадыня Дадыка Эўфрасіньня Тарасаўна (нар. 1903), жонка Міхася Чарота. 28 лістапада 1937 асаблівай нарадай пры НКВД асуджаная як «член сям'і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапаваная ў Карагандзінскі канцлягер НКВД Казаскай ССР (Акмалінск). Загінула ў зьняволеньні ў першай палове 1940-х г. Рэабілітаваная 11 сакавіка 1957 трыбуналам БВА. Асабовая справа жонкі М. Чарота № 10102-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #1047399547 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-ii?id=19882
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г д е ЧАРОТ Міхась // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ а б в г д Чарот Михась // Биографический справочник — Мінск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 667—668. — 737 с. (рас.)
- ^ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюабйло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 414. — 776 с. (рас.)
- ^ а б в Арлоў, Ул. Міхась Чарот. Радыё Свабода. Праверана 26 сьнежня 2011 г.
- ^ а б Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 241. — 344 с.
- ^ а б в г д Рублеўская, Л. (2 лістапада 2010) Краснокрылый вещун (рас.). Советская Белоруссия. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
- ^ а б Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі…. — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 52—53. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 454. — 903 с.
- ^ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюабйло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 414. — 776 с.
- ^ Айзенштат, Г. Жыццё і драма Міхася Чарота: дакументальная версія // Беларусь. — 1989. — № 7. — С. 5.
- ^ Культурная хроніка БССР. Пісьменьнікі на ўборцы бульбы. На здымку: М. Чарот капае бульбу. // Чырвоная Беларусь : часопіс. — 1931, кастрычнік, лістапад. — № 20—21. — С. 14.
- ^ Пятро Васючэнка Таталітарызм. Курс лекцыяў, Беларускі калегіюм.
- ^ М. Чарот. Суровы прыгавор падпісываю першым. // Полымя : часопіс. — 1930. — № 11—12. — С. 3—5.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Падаляк, Т. «Паглядзі… Вясну радзіла восень» // Звязда. — 2011.
- ^ Раман Корзюк. — Нью-Ёрк — Мюнхэн: 1985.
- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 473. — 903 с.
- ^ Чарот Михась // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978. (рас.)
- ^ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюбайло, Н. С. Перкин. — Мн.: Наука и техника, 1977. — С. 427. — 776 с. (рас.)
- ^ Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
- ^ Мішчанчук, М. Чарот Міхась// Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 269—684 с.
- ^ а б Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 455. — 903 с.
- ^ Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- ^ Барыс Бур'ян. П'еса вяртаецца да чытача, да тэатра. // Полымя : часопіс. — 1982. — № 2 (634). — С. 115, 116.
- ^ Я. К.. Беларускі тэатр. // Беларусь : газэта. — 1920, 8 сакавіка. — № 52 (108). — С. 4.
- ^ а б Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 48—49. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
- ^ Узвышша. 1927. № 3. С. 190
- ^ Маладняк. 1928. № 4. С. 96
- ^ Бабарэка А. Лірыка Міхася Чарота // Маладняк. — 1925. — № 9. — С. 119.
- ^ Жылевіч С. М. Чарот. Завіруха. ДВБ. Менск. 1922 г. // Крывіч. — 1925. — № 9. — С. 118.
- ^ а б Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 50. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
- ^ Жыбуль, В.. «…Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю. // Роднае слова : часопіс. — 2011. — № 10 (286). — С. 6—8.
- ^ Жыбуль, В.. «…Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю. // Роднае слова : часопіс. — 2011. — № 11 (287). — С. 9—1.
- ^ Каталёг 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі / Язэп Дыла, Мікола Шчакаціхін, Арон Касталянскі; мастакі: Анатоль Тычына, Міхаіл Эндэ. — Менск: 1925. — С. 22 (№ 464). — 44 с. — 2000 ас.
- ^ Пастанова Кабінэту міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1996 году N 555
- ^ Выйшаў канверт, прысвечаны Міхасю Чароту // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 27 кастрычніка 2021 г.
Літаратура
рэдагаваць
|
|
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Біяграфія Міхася чарота(недаступная спасылка) на belsoch.org.
- Чарот Міхась (сапраўднае імя Кудзелька Міхаіл Сымонавіч) Беларусь у асобах і падзеях
- Міхась Чарот (1896-1937). Адкрытая лекцыя Ганны Севярынец (+новая песьня гурту Dziećuki) TuzinFM
- Васіль Дранько-Майсюк. (24 лістапада 2022) Міхась Чарот - кароль беларускага Парнаса. Частка першая.
- Васіль Дранько-Майсюк. (5 студзеня 2023) Міхась Чарот - кароль беларускага Парнаса. Частка другая. Літаратурныя ночы з Васілём. Радыё Ўнэт.
- Васіль Дранько-Майсюк. (13 кастрычніка 2023) Міхась Чарот. Узыходжаньне да славы. Літаратурныя ночы з Васілём. Радыё Ўнэт.
- Васіль Дранько-Майсюк. (20 кастрычніка 2023) Міхась Чарот. Ад Парнаса да Пекла. Літаратурныя ночы з Васілём. Радыё Ўнэт.
- Міхась Чарот: даў беларусам тое, чаго нам не хапала. Лабірынты. Белсат (16 красавіка 2023).