Язэп Дыла (Восіп Лявонавіч Дыла; 14 красавіка 1880, Слуцак — 7 красавіка 1973, Саратаў, Расея) — беларускі празаік, драматург, грамадзкі і культурны дзяяч.

Язэп Дыла
Язэп Дыла, Менск, 1929 год
Язэп Дыла, Менск, 1929 год
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Восіп Лявонавіч Дыла
Псэўданімы Н.Бываеўскі; Наз. Бываеўскі; Назар Бываеўскі; Nazar Bywajeuski; А.Дыл; А.Дыла; Жорсткі; Л.Жорсткі; Тодар Кулеш; Т.Кулеша; Язэп; Н.Б.; Наз. Б.; Н. Б-і; Н. Б-скі; Наз. Б-скі; Я.Д.; Язэп Д.; Яз.Д-а
Нарадзіўся 2 (14) красавіка 1880
Слуцак
Памёр 7 красавіка 1973
Саратаў, Расея
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік, драматург, грамадзка-культурны дзяяч
Творы на сайце Knihi.com

Біяграфія

рэдагаваць
 
Язэп Дыла, 1920-я гг.

Нарадзіўся ў Слуцку ў сям’і службоўца. Стрыечны брат яго бацькі быў апошнім слуцкім батлеечнікам. У 1890—1898 гадах вучыўся ў Слуцкай гімназіі. З чацьвертай клясы ўдзельнічаў у гуртку самаасьветы. У гімназійскія гады быў знаёмы з Альгердам Абуховічам. У 1899—1903 гадах вучыўся ў Юр’еўскім вэтэрынарным інстытуце, адкуль быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях бяз права паступленьня ў іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У 1903—1904 гадах у Менску працаваў у газэце «Северо-Западный край». У 1905 годзе ўзначальваў арганізацыйную групу Менскага камітэту Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі. У 1906—1918 гадах працаваў у выдавецтвах Пецярбургу, Арэнбургу, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі расейскімі пісьменьнікамі. Са сьнежня 1918 па люты 1919 году працаваў наркомам працы ў Часовым рабоча-сялянскім Савецкім урадзе Беларусі. У 1921—1924 гадах — на розных кіруючых пасадах: старшыня Цэнтрасаюзу спажывецкіх таварыстаў Беларускага краю, старшыня Дзяржаўнай плянавай камісіі БССР, намесьнік старшыні па раянаваньні БССР. Кароткі час працаваў у толькі што створаным Інстытутце беларускай культуры. Разам з прафэсарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацоўваў статут Інбелкульту, зьяўляўся правадзейным чальцом гэтай установы. У красавіку 1925 году быў прызначаны дырэктарам Беларускага тэатру імя Янкі Купалы (БДТ-1). З кастрычніка 1926 па 1928 год — ізноў на працы ў Інбелкульце: вучоны сакратар, а таксама загадчык сэкцыі па вывучэньні беларускага мастацтва. Больш за сем месяцаў загадваў літаратурна-мастацкімі справамі ў Беларускім дзяржаўным кіно. Выступаў у якасьці навуковага кансультанта аднаго зь першых беларускіх фільмаў — «Кастусь Каліноўскі» (1928)[1]. З красавіка 1929 году працаваў інспэктарам Галоўмастацтва Наркамасьветы.

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 году па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; 10 красавіка 1931 году высланы ў Кунгур Пермскай вобласьці на 5 гадоў. Потым жыў у Саратаве. 22 жніўня 1938 году зноў арыштаваны (10 сакавіка 1939 году справа спыненая). Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 году.

Памёр 7 красавіка 1973 году ў Саратаве.

Творчасьць

рэдагаваць

Першая літаратурная публікацыя Язэпа Дылы зьявілася ў 1912 годзе ў газэце «Наша ніва». Ён аўтар апавяданьняў «Перад раніцою…» (1912), «Усурыйскі драпежнік» і «Спужаўся… дурненькі!», гістарычнага раману «На шляху з варагаў у грэкі» (1944—1945), аповесьці «У імя дзяцей» (1968), п’есаў «Панскі гайдук» (1926), «Падуанскі студэнт» і «Юнак з Крошына» (1965).

Аўтар публіцыстычных артыкулаў «Праз мукі — да шчасьця камунізму» (1918), «Беларускае жыцьцё ў Маскве» (1918) і «Беларуская сэкцыя Расейскай камуністычнай партыі» (1918). Таксама выступіў і як мэмуарыст: «Пісьменьнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч» (1958), «Чалавек вялікага сэрца» (1960), «Сьветлы вобраз» (1957), «Сустрэча ў Пяцігорску» (1959), «Пра Цішку Гартнага» і «Сустрэча зь Янам Райнісам».

У сваіх артыкулах па гісторыі культуры дасьледваў узьнікненьне беларускага тэатру: «Тэатральная „задума“ 1892 году ў Радашкавічах» (1957), «Беларускія спэктаклі ў пэрыяд рэвалюцыі 1905 году» (1957), «Першы прафэсійны тэатар» (1967), «Менская трупа „Першага таварыства беларускай драмы і камэдыі“» (1920-я), «Беларускія драматычныя гурткі на Случчыне», «Раньнія іскры таленту» і інш.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Язэп Дыласховішча мультымэдыйных матэрыялаў