Міхась Зарэцкі

беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык

Міха́сь Зарэ́цкі (сапраўднае імя Міхаі́л Яўхі́мавіч Касянко́ў; 20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласьці — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Міхась Зарэцкі
Michaś Zarecki.jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў
Псэўданімы Міхась Зарэцкі
Нарадзіўся 20 лістапада 1901
в. Высокі Гарадзец, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласьці
Памёр 29 кастрычніка 1937 (35 гадоў)
Менск, НКУС
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік
Мова беларуская
Дэбют 1922
Творы на сайце Knihi.com
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Зарэцкі.

БіяграфіяРэдагаваць

 
Міхась Зарэцкі

Нарадзіўся 20 лістапада 1901 году ў вёсцы Высокі Гарадзец Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласьці) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і яго жонкі Пелагеі Лявонцьеўны. Міхась быў другім дзіцем пасьля Івана, усьлед за ім нарадзіліся Мікалай і Ліза. Бацькі адыгралі вялікую ролю ў фармаваньні эстэтычных густаў будучага пісьменьніка. Бацька любіў музыку і сьпевы, кіраваў царкоўным хорам, сам спрабаваў пісаць музыку. Артыстычным талентам валодала і маці. Яна таксама любіла сьпяваць, вызначалася працавітасьцю і глыбокай душэўнасьцю. Ужо ў дзяцінстве Міхась умеў іграць на многіх музычных інструмэнтах[1].

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам — адсюль псэўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскай духоўнай вучэльні і Магілёўскай духоўнай сэмінарыі[2][3][4][5] (у 1917 годзе праз рэвалюцыйныя падзеі[6] пакінуў сэмінарыю пасьля 2 гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часьці. Пасьля вяртаньня ў родную вёску працаваў царкоўным вартаўніком[6].

Зь лютага 1919 настаўнічаў у пачатковай школе[6] на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзелу народнай асьветы. У 1920 годзе ўдзельнічаў у ІІ Усерасейскім зьезьдзе саюзу Работнікаў Асьветы, быў абраны кандыдатам у чальцы ЦК гэтага саюзу[6].

У 1920—1927 палітпрацаўнік Чырвонай Арміі.[7] З 1924 чалец літаб’яднаньня «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэньня новага літаб’яднаньня «Полымя». Выхад з «Маладняку» сьведчыў пра значныя ўнутраныя зрухі ў сьветаадчуваньні пісьменьніка, пра пэўныя зьмены яго мастацкай, эстэтычнай арыентацыі[8].

У жніўні — кастрычніку 1927 у складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну, Францыю. У наступным годзе ў складзе беларускай пісьменьніцкай дэлегацыі, куды ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, ён наведаў Харкаў і прысутнічаў на ўрачыстасьцях, прысьвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі[8].

Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 (артыкулы «Два экзамэны (Да пытаньня аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага пляна)»). Выступленьні М. Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А. Александровічам і А. Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928).[9] У 1929 выключаны з ВКП(б)[10]. Чалец СП БССР (з 1934). Да лістапада 1936 працаваў загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны 3 лістапада 1936 у Менску па адрасе: вул. Абутковая, д. 23, кв. 3. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Міхася Зарэцкага прадугледжвалася «спальваць»[11]. 28 кастрычніка 1937 году асуджаны пазасудовым органам НКУС як «актыўны чалец нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці.[12]

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 сьнежня 1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’яРэдагаваць

Малодшы брат пісьменьніка, Мікалай Касянкоў, таксама быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, прысуджаны да расстрэлу, аднак пазьней расстрэл замянілі 10 гадамі адбыцьця пакараньня ў папраўча-працоўных лягерах. Загінуў у 1941 годзе[13].

Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей (сын Слава, дачка Радаміра). Жонка пісьменьніка Марыя Іванаўна спачатку была асуджаная на 7 гадоў знаходжаньня ў папраўча-працоўных лягерах і на 5 гадоў паражэньня ў правах. Была рэабілітаваная ў 1941 годзе, а ў 1945 годзе была зноў асуджаная на 10 гадоў. Малалетнія дзеці засталіся адны, а пазьней былі перададзеныя ў Менскі дзіцячы прыёмнік, адкуль былі накіраваныя ў дзіцячы дом «Боркі» Калінінскай вобласьці[14].

ТворчасьцьРэдагаваць

 
Беларускія пісьменьнікі, 1936 год. Міхась Зарэцкі стаіць пасярэдзіне

Літаратурная дзейнасьць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнаньняў, не зьбіраўся быць пісьменьнікам. Як узгадвае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысьніўся яркі і незвычайны сон, уражаньне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражаньне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданьне ён даслаў у рэдакцыю газэты «Рабочий», аднак, сумняваўся, што яго надрукуюць[15].

Сьцьвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданьне «У Саўках», зьмешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 сьнежня 1922 году. Але, дэбют трэба аднесьці на больш раньні час, паколькі ў гэтай жа газэце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — «Спатканьне», 13 кастрычніка — «Сёньня» («Малюнкі жыцьця»), 22 лістапада — апавяданьне «Цішка Бабыль» і толькі 29 сьнежня — «У Саўках»[15].

Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасьці ахвотна зьвяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сфэру пісьменьніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасьці, жыцьцё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, клясавыя сутыкненьні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасьці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой[16]. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыцьцёвы вопыт, набыты маладым пісьменьнікам за час працяглай службы ў Чырвонай арміі. У апавяданьнях пісьменьнік часта зьвяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасьці і праяваў духоўнага жыцьця чалавека[17]. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасьць, жыцьцё і праца людзей, побач зь якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сьведчаць апавяданьні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Сьмерць» (1926) і інш.[18].

У 30-я гг. Зарэцкі ўжо рэдка зьвяртаўся да малой жанравай формы. У нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасьці, сьмелага вырашэньня тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Праца над апавяданьнямі стала адначасова і сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменьніка да напісаньня буйных твораў. Лягічным працягам інтэнсіўных пошукаў пісьменьніка ў галіне жанравай формы стала аповесьць «Голы зьвер» (1926). Аповесьць займае даволі прыкметнае месца ў творчасьці Міхася Зарэцкага. Гэта зьмястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага пляну. Вартасьць аповесьці ў тым, што надзённае пытаньне сучаснага яму жыцьця Зарэцкі пераводзіў у шырокі плян, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадзтва застаюцца актуальнымі сёньня і будуць актуальнымі заўтра[19].

У канцы 20-х гг. Міхась Зарэцкі зьвярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе зьмястоўнасьць, ляканічнасьць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасьці. Яго першыя п’есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п’есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб’ектамі выкрыцьця ў ёй сталі бездухоўнасьць, душэўная чэрствасьць і мяшчанства[20].

У канцы 1920-х — пач. 1930-хх гг. у творах пісьменьніка прыкметна паглыбілася заклапочанасьць далейшым лёсам рэвалюцыі, пэрспэктывай практычнага ўвасабленьня яе ідэалаў. Заклапочанасьць перарастала ў сапраўдную грамадзянскую трывогу мастака-гуманіста за будучыню роднага краю, будучыню народу. У гэты пэрыяд адбываюцца значныя зрухі ў сьветапоглядзе пісьменьніка, у яго стаўленьні да многіх вострых праблемаў тагачаснага грамадзтва, палітычнага, культурнага жыцьця. Сутнасьць зрухаў — у рашучым павароце пісьменьніка да нацыянальнай праблематыкі[21].

Многія рукапісы М. Зарэцкага загінулі, у прыватнасьці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».

У 1965 годзе Мікола Гарулёў пераклаў на расейскую мову раман «Вязьмо» (перавыданьне перакладу ў 1978). Раман «Сьцежкі-дарожкі» на расейскай мове друкаваўся ў скарочаным выглядзе на старонках газэты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. У 1980 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусьціла ў перакладзе на расейскую мову выбраныя апавяданьні[22].

Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмэнт» Ф. Гладкова (1930), «Прыгоды бравага салдата Швэйка ў часе сусьветнай вайны» Я. Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.

Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменьнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна-пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасьці літаратуры[23].

БібліяграфіяРэдагаваць

  • Міхась Зарэцкі. Збор твораў у 4 тамах. / рэдкалегія: С. А. Андраюк [і інш.]; прадмова, [с. 5―20], пасьляслоўе М. І. Мушынскага. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989—1992. — Т. 1—4. — ISBN 5-340-00296-9
  • Зарэцкі, М. Кветка пажоўклая. Аповесць: Голы звер; апавяданні: У Саўках; У віры жыцця; Спакуса; Мар'я; Як гэта часам трапляецца; Ноччу; З нашых дзён; Ворагі; Бацькаў сын; Гануля і інш. / Уклад. Н. Семашкевіч. — Менск: Мастацкая літаратура, 2002. — 430 с. — (Беларуская проза XX стагоддзя). — 2500 ас. — ISBN 985-02-0568-7
  • Зарэцкі, М. Кветка пажоўклая. Аповесць: Голы звер; апавяданні: У Саўках; У віры жыцця; Спакуса; Мар'я; Як гэта часам трапляецца; Ноччу; З нашых дзён; Ворагі; Бацькаў сын; Гануля і інш. / Уклад. Н. Семашкевіч.. — Менск: Мастацкая літаратура, 2010. — 477 с. — (Школьная бібліятэка). — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1198-9
  • Міхась Зарэцкі, Андрэй Мрый. М. Зарэцкі: Цішка Бабыль; У Саўках; У віры жыцця; Бацькаў сын; Гануля; Бель; На маладое; Ліпа; Голы звер: аповесьць; Сцежкі-дарожкі: раман. А. Мрый: Абстрыкаўся; Калектыў Яўмена; Рабін; Няпросты чалавек; Гармонія ў ружовым; Камандзір; Запіскі Самсона Самасуя: раман / укладаньне, прадмова й каментары І. В. Саверчанкі; навуковы рэдактар Я. А. Гарадніцкі. — Менск: Мастацкая літаратура, 2018. — 700 с. — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Т. 17). — 1000 ас. — ISBN 978-985-02-1848-3
  • Міхась Зарэцкі. Выбраныя творы. / укладаньне і каментар Галіны Тычко й Кастуся Цьвіркі; прадмова Івана Саверчанкі; навуковы рэдактар Яўген Гарадніцкі; успаміны пра Міхася Зарэцкага: Ян Скрыган. — Менск: Беларуская навука, 2022. — 666 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-08-2813-2

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Мушынскі М. 1991. С. 6-7.
  2. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный после производства годичныхъ испытаній въ педагогическомъ собраніи 13 іюня 1912 года. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 01.07.1912. — № 13. — С. 207, 208.
  3. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный после производства годичныхъ испытаній. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 15.07.1913. — № 14. — С. 219.
  4. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный после производства годичныхъ испытаній въ педагогическомъ собраніи 13 іюня 1914 года. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 01.07.1914. — № 13. — С. 192.
  5. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный 29-го апреѣля 1915 г. въ педагогическомъ собраніи Правленія училишча. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 15.06.1915. — № 13. — С. 173.
  6. ^ а б в г Мушынскі М. 1991. С. 7.
  7. ^ Алеся Гаротная. «Беларускі рух на Віцебшчыне» / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч // Наша будучына : газэта. — Вільня : «Друк», 8 сьнежня 1922. — № 1. — С. 4.
  8. ^ а б Мушынскі М. 1991. С. 9.
  9. ^ Расьціслаў Платонаў. «ЛIСТ 3-х»: Партыйнае расьследаваньне (Пратэст Андрэя Александровіча, Алеся Дудара й Міхася Зарэцкага супраць праяў антыбеларусізацыі) / М. І. Мушынскі // Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-30-х гадо : газэта. — Менск: Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДIДАС), 1996. — С. 127―139. — ISBN 985-6099-23-4.
  10. ^ С. Будзінскі. Вораг у доме. // Полымя : часопіс. — 1929. — № 11—12. — С. 223—252.
  11. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  12. ^ Расьціслаў Платонаў. «Чырвоны бунтар». (Пісьменнік Міхась Зарэцкі ў грамадска-палітычным жыцьці другой паловы 20-х гадоў) / Рэцэнзнгт: М. І. Мушынскі // Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях i малавядомых падзеях духоўнага жыцьця ў Беларусі 20—30-х гадоў. — Менск: Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС), 1998. — С. 61―83. — ISBN 985-6099-44-7.
  13. ^ Мушынскі М. 1991. С. 3.
  14. ^ Мушынскі М. 1991. С. 4.
  15. ^ а б Мушынскі М. 1991. С. 8.
  16. ^ Мушынскі М. 1991. С. 127.
  17. ^ Мушынскі М. 1991. С. 18-19.
  18. ^ Мушынскі М. 1991. С. 26-27.
  19. ^ Мушынскі М. 1991. С. 48-51.
  20. ^ Мушынскі М. 1991. С. 95-96, 121.
  21. ^ Мушынскі М. 1991. С. 147.
  22. ^ Мушынскі М. 1991. С. 5.
  23. ^ Мушынскі М. 1991. С. 6.

ЛітаратураРэдагаваць

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць