Міхась Чарот

беларускі паэт, драматург, празаік, грамадзкі дзяяч
(Перанакіравана з «Міхаіл Кудзелька»)

Міха́сь Чаро́т (сапр. — Міхаі́л Сымонавіч Кудзе́лька; 7 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] 1896; Рудзенск, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 29 кастрычніка 1937[4]; Менск, НКВД). Псэўданімы: Максім Бяднейшы; Юрка Куртаты; В.Чарот; Крыптонімы[a]: М. К.; М.К-ка; Ч. М.; М. Ч.; М.Ч-т; Ч-т.) — беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадзкі дзяяч.

Міхась Чарот
лац. Michaś Čarot
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Міхась Чарот, Максім Бяднейшы, Юрка Куртаты, В. Чарот
Нарадзіўся 7 лістапада 1896(1896-11-07)[1]
Памёр 29 кастрычніка 1937(1937-10-29)[2] (40 гадоў)
Жонка Ганна Савіч
Дзеці Вячаслаў, Сьвятлана, Зінаіда, Алена і Маргарыта (пам. 1924)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург, празаік, рэдактар
Мова беларуская мова[3]
Дэбют зборнік «Завіруха» (1922)
Творы на сайце Knihi.com
Міхась Чарот у Facebook

У гады Першай сусьветнай вайны служыў афіцэрам запаснога палку. У часе Грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў[5][6]. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі.

Супрацоўнік газэты «Савецкая Беларусь», у 1925—1929 ейны рэдактар. Сябра Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Полымя», у 1924—1931 сябра ЦВК БССР. Сумесна з Ю. Тарычам паводле аповесьці «Сьвінапас» стварыў сцэнар першага беларускага мастацкага фільму «Лясная быль» (1926)[7].

Прысьвяціў арышатаваным па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…» (1930), у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну[8]. У студзені 1937 г. быў арыштаваны сам. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937[4][9]. Рэабілітаваны калегіяй Вярхоўнага суду СССР 8 сьнежня 1956 году.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Дзед Міхася Чарота быў майстрам па ткацтве, адкуль прозьвішча ад пана, адпаведнае яго заняткам, бабуля паэта працавала карміцелькаю ў панскім палацы.

Меў двух братоў і сясьцёр: Паўла (інжынэр і хатні пэдагог), Аляксандра (аграном), Марыю (кухарка) і Насту (акторка)[10].

Стрыечны брат Міхася Чарота, Ёсіф Кудзелька, быў начальнікам упраўленьня па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР, іншы, Іван Кудзелька, займаў пасаду народнага камісара фінансаў БССР[9].

Адукацыя і прафэсійная дзейнасьць

рэдагаваць
 
Міхась Чарот па сканчэньні Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі, 1917
 
Анатоль Вольны і Міхась Чарот (справа), 1925. Менск.
Паводле зьвестак стрыечнай сястры М. Чарота Алены Іванаўны Пашэнка, першая жонка паэта была закаханая ў сябра свайго мужа, які пэўны час у яго кватараваў, Анатоля Вольнага[10]

Першую адукацыю атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскай двухгадовай вучэльні. У 1913—1917 навучаўся ў Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі. У гады Першай сусьветнай вайны сэмінарыя эвакуявалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучаньня М. Чарота. Па сканчэньні вучобы быў мабілізаваны ў армію.

Служыў афіцэрам запаснога палку ў Кузьнецку, там разам зь іншымі афіцэрамі-беларусамі намагаўся стварыць беларускі гурток[11]. У часе Грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі, працаваў у паўстанчым камітэце і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў[5][12].

Вясной 1918 вярнуўся ў Менск і пачаў настаўнічаць у беларускай школе. Паступіў у Менскі вышэйшы пэдагагічны інстытут. Сьпяваў у хоры Тэраўскага пры «Беларускай хатцы» (меў прыгожы барытон), быў старшынём тэатральнай суполкі «Маладзік», выконваў ролі ў трупе Ўладзіслава Галубка[9].

У 1919 сябра Беларускага нацыянальнага камісарыяту і створанай пры ім Вайсковай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі.

У 1920 уступіў у Камуністычную партыю і неўзабаве стаў супрацоўнікам газэты «Савецкая Беларусь», а ў 1925—1929 ейным рэдактарам.

У 1923 удзельнічаў у стварэньні літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк» (уладальнік ягонага пасьведчаньня № 1[7]), зь якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў чальцом аб’яднаньня «Полымя», затым уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменьнікаў.

У 1922—1924 кандыдат у чальцы, у 1924—1931 сябра ЦВК БССР. У 1924 навучаўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.

У 1927 па камандзіроўцы Наркамасьветы разам з Ц. Гартным і М. Зарэцкім пабываў у Латвіі, Нямеччыне, Францыі і Чэхаславаччыне[13]. У 1927 быў у праўленьні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам.

У 1930-я працаваў загадчыкам літаратурнага сэктару Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінэце маладога аўтара Саюзу пісьменьнікаў БССР[14].

 
Міхась Чарот. 1930-я гады

Чаго хацелі вы? Якое мелі права
Крывёю гандляваць працоўных Беларусі?
Прыйшла на вас суровая расправа,
Перад судом віну прызнаць прымусім.
(…)
Вы прытаіліся пад венікам, як мышы,
Каб зноў паўзьці на вольныя загоны,
Вы марылі ўзабрацца на ўзвышша
І дыктаваць драпежныя законы.
Наш сьмелы крок — узвышша затраслося,
Законы піша дыктатура працы.

«Суровы прыгавор падпісваю першым»[15].

У 1930-ым годзе М. Чарот прысьвяціў арыштаваным па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» В. Ластоўскаму, М. Гарэцкаму, А.Дудару, У. Дубоўку, Я. Пушчы і іншым апублікаваны ў часопісе «Полымя» верш «Суровы прыгавор падпісваю першым…», у якім асуджаў іх за нацдэмаўшчыну[16][8]. Чарот ня ведаў, што празь сем год ён сам трапіць пад сьледзтва.

Міхась Чарот быў арыштаваны 24 студзеня 1937 году ў Менску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з УКП(б). 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, які «не падлягае абвяшчэньню», «усе кнігі» Міхася Чарота прадугледжвалася «спальваць»[17].

Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 году як удзельнік «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі»[18]. Сядзеў у адной камэры з паэтам Юркам Лявонным. Прыгавораны да расстрэлу 28 кастрычніка 1937. Апошні верш «Прысяга» (пра асабістую невінаватасьць) запісаў на сьцяне менскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч: «у 1939 годзе я быў пераве­дзены ў адзіночную камэру. Уважліва аглядзеў сьцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст вершу, выкалупаны нечым вострым на сьцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і другам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы»[4]. Празаік і паэт Масей Сяднёў у сваім рамане «Раман Корзюк» згадаў, як спакутванага М. Чарота сьвядома спойвалі, каб у непрытомнасьці выпытваць новыя імёны «здраднікаў»[19]. Пасьля допытаў і катаваньняў прызнаў сябе вінаватым[20]. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937[4][9]. Савецкія крыніцы пазначаюць дату сьмерці 14 сьнежня 1938, ня згадваючы факт расстрэлу[21][22].

Рэабілітаваны вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 8 сьнежня 1956 году. Асабовая справа М. Чарота № 8153-с з фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Асабістае жыццё

рэдагаваць

Быў двойчы жанаты[b], выхоўваў чатырох дзяцей: Вячаслава, Сьвятлану, Зінаіду, Алену. Другую жонку, братоў і іх сем’і таксама засудзілі[9].

Творчасьць

рэдагаваць
 
Група беларускіх пісьменьнікаў: зьлева направа стаяць: Альбэрт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка
Травень-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін з здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасьля выхаду апошняга (10-га) яго нумару.[23]

Пісаць пачаў у трынаццацігадовым узросьце[24]. Першыя паэтычныя спробы М. Чарота належалі да часоў вучобы ў сэмінарыі і не захаваліся[25]. Друкаваўся з 1918[4][5] (паводле іншых зьвестак — з 1919[26]). Аўтар кніжак паэзіі «Завіруха» (1922, першы зборнік М. Чарота[5]), «Босыя на вогнішчы» (паэма, 1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Карчма», «Ленін», «Марына» (паэмы, усе ў 1926), «Беларусь лапцюжная» (паэма, 1927), «Чырванакрылы вяшчун» (паэма-фантазія, 1927), «Паэмы» (1928), «Сонечны паход» (1929), «У сонечным паходзе» (вершы і паэмы, 1986), «Выбраныя вершы і паэмы» (1935), Збору твораў у 3 тамах (1933—1936), у 2 тамах (1958), «Выбраныя вершы і паэма» (1967), «Выбранае» (1982).

Выдаў зборнік апавяданьняў «Веснаход» (1924) і «Выбраныя апавяданьні» (1926).

Апублікаваў п’есы «Мікітаў лапаць» (апублікаваная і пастаўленая ў 1923), «Дажынкі» і аднаактоўку «Сон на балоце» (1924), дзіцячыя п’есы «Пастушкі. Данілка і Алеська» (Клімавічы, 1925). Напісаў музычную драму «На Купальле[5]» (кампазытар У. Тэраўскі), пастаўленая ў 1921, кампазытар А. Туранкоў стварыў на тэкст п’есы опэру «Кветка шчасьця»), адноўлены тэкст апублікаваны ў 1982[27].

Па аповесьці «Сьвінапас» стварыў з Ю. Тарычам сцэнар першага беларускага мастацкага фільму «Лясная быль» (пастаўлены ў 1926)[7].

  • 1922 — «Завіруха» зборнік
  • 1922 — «Босыя на вогнішчы» паэма
  • 1925 — «Выбраныя вершы»
  • 1926 — «Карчма», «Ленін», «Марына» паэмы
  • 1927 — «Беларусь лапцюжная» паэма
  • 1927 — «Чырванакрылы вяшчун» паэма-фантазія
  • 1928 — «Паэмы»
  • 1929 — «Сонечны паход»
  • 1935 — «Выбраныя вершы і паэмы»
  • 1933—1936 — Збор твораў у 3-х тамах
  • Збор твораў: у 2 ч. / Уклад. т., падрыхт. тэксту і заўв. Н. С. Перкіна. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. — Т. 1: Вершы. Паэмы. — 300 с. — 8000 ас.
  • Збор твораў: у 2 ч. / Уклад., падрыхт. і заўв. А. М. Адамовіча. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958. — Т. 2: Апавяданні. П'есы: Пастушкі; Мікітаў лапаць. — 204 с. — 8000 ас.
  • Вершы; Босыя на вогнішчы: паэма / укладальнік Міхась Ярош; рэдкалегія: Пімен Панчанка (галоўны рэдактар) і інш.. — Менск: Беларусь, 1967. — 146 с. — (Бібліятэчка беларускай паэзіі). — 6300 ас.
  • Выбраннае: вершы; паэмы: Босыя на вогнішчы; Ленін; апавяданні: Дзіўная заява; На Пасеках; Самалёт; Свінапас; Пасля буры (Сказ старога дзядулі); Мікітаў лапаць: п'еса; 1200 верст па Беларусі: нарыс / Аўт. прадм. і ўклад. Уладзімер Гніламёдаў. — Менск: Юнацтва, 1982. — 221 с. — (Школьная бібліятэка). — 3600 ас.
  • У сонечным паходзе: вершы; паэмы: Паэма пра Міколу Сініцына; Босыя на вогнішчы / укладальнік І. І. Рубін; прадмова У. В. Гніламёдава; мастак В. Ф. Александровіч. — Менск: Юнацтва, 1986. — 94 с. — (Паэтычная бібліятэка). — 8000 ас.
  • На Купалле: п'есы (Мікітаў лапаць; На Купалле / М. Чарот. Залёты / В. Дунін-Марцінкевіч. Модны шляхцюк / К. Каганец. Паўлінка; Прымакі / Я. Купала.) / укладальнік Н. М. Тарасевіч; мастак Г. А. Шышкін. — Менск: Беларуская навука, 1997. — С. 985-08-0047-X. — 189 с. — (Школьная бібліятэка). — 33 200 ас. — ISBN 985-08-0047-X
  • Выбранае: Вершы; Босыя на вогнішчы: Паэма; Дзіўная заява; Самалёт; Чалавек, які не радзіўся; 1200 вёрст па Беларусі: Нарыс; Апавяданні; На Купалле: П'еса / Уклад. Л. І. Каўрус. — Менск: Мастацкая літаратура, 2001. — 147,3 с. — 2000 ас. — ISBN 985-02-0527-X
  • «Мікітаў лапаць» — пастаўленая ў «Беларускай хатцы» у сакавіку 1920 году[28]
  • «Дажынкі» — у 1924
  • аднаактоўка «Сон на балоце» — у 1924
  • дзіцячая п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» — у 1925
  • музычная драма «На Купальле» (пастаўлена ў 1921, кампазытар А. Туранкоў стварыў на тэкст п’есы опэру «Кветка шчасьця»)
  • Міхась Чарот. На Купалле. Музычная драма ў трох актах. Адноўленьне і сцэнічная рэдакцыя К. Пуроўскага і К. Кулакова. // Полымя : часопіс. — 1982. — № 2 (634). — С. 117—143.

Аналіз творчасьці

рэдагаваць
 
М. Філіповіч. Ілюстрацыя да паэмы «Босыя на вогнішчы»

Дасьледнікі называюць Міхася Чарота адным зь лідэраў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Ягоная творчасьць адбіла ў сабе рамантычныя парываньні, супярэчнасьці і вялікія ілюзіі свайго часу[25]. Зрэшты, ацэнка творчасьці Міхася Чарота сярод сучасьнікаў ніколі не была адназначнаю[29]. Язэп Пушча, рэцэнзуючы выданьне паэмы «Ленін» (1926), крытыкаваў твор за «валавяна-лёгкія і гранітна-васковыя» стылістычныя прыёмы, якія «мядзьведжым спрытам варочаюцца ў гушчэчы шматкроп’яў, засланяючы сабою сэнс тых зьяваў, якія яны падручыліся перадаць». Таксама паэт ушчуваў М. Чарота за адсутнасьць зьместу[30].

Іншую пазыцыю датычна паэтычнай чыннасьці Міхася Чарота заняў Максім Гарэцкі, для якога творчасьць паэта была канглямэратам дасягненьняў і недахопаў пасьлякастрычнікай літаратуры ў цэлым, а сам Чарот быў для яго паэтам таленавітым, аднак супярэчлівым[29]. М. Гарэцкі адзначаў, што Міхась Чарот мае моцны прыродны талент і пры ўсіх недахопах зьяўляецца «найлепшым у беларускай літаратуры песьняром Кастрычнікавай рэвалюцыі». Згадваючы «шэсьць паэм» Міхася Чарота, М. Гарэцкі канстатуе, што гэта «найлепшае ў беларускай пралетарскай паэзіі»[31].

Адам Бабарэка ў артыкуле «Лірыка Міхася Чарота» (Маладняк, 1925, № 9) адзначыў гіпэрбалічнасьць як адзін з улюбёных прыёмаў паэта. Галоўнай высновай артыкулу было тое, што «Чарот першы на беларускіх загонах ажыцьцёвіў на практыцы марксісцкі погляд на літаратуру, як на зброю клясавага змаганьня»[32]. Крытык з ковенскага часопісу «Крывіч» (1923) прызнаючы за Чаротам вялікі талент, рабіў сур’ёзныя закіды паэту адносна мовы яго твораў, засьмечанай русізмамі і «барбарызмамі»; выказваў меркаваньне, што ў творах паэта «больш пераважае мляўкая перафразоўка камуністычных лістовак»[33], чым глыбіннае пранікненьне ў сутнасьць глябальных гістарычных падзеяў.

Паводле М. Мішчанчука, усё напісанае пра Міхася Чарота пасьля 1928 зьяўляецца аднабаковаю, ідэалягізаванаю ацэнкаю, дадзенай прыхільнікамі сацыялістычнага рэалізму ў яго сталінскай трактоўцы, паводле якой Чарот — «грамадзянскі паэт ярка выражанай адычнай арыентацыі»[34]. Яскарвым чынам гэта выявілася ў неўключэньні твораў «Карчма», «На шляху адраджэньня», «Буралом», «Пад крыжам», «З сучасных настрояў», «Вечная бура» ў выданьні 1930—1980 гг. празь несупадзеньне трагедыйных, філязофска-мэдытацыйных і роздумна-элегічных вершаў з разрэклямаванаю крытыкаю паэтавым аптымізмам[34].

У чэрвені 1924 вядомы маскоўскі паэт, празаік і кінасцэнарыст Мацьвей Ройзман (1896—1973) у артыкуле «Белорусский имажинизм» (часопіс «Гостиница для путешествующих в прекрасном», № 4) аднёс М. Чарота да пачынальнікаў беларускага імажынізму: «М. Чарот (может быть бессознательно) положил начало белорусскому имажинизму». Паводле В. Жыбуля, рысы паэтыкі імажынізму, спалучаныя з традыцыямі беларускай народнай творчасьці, прысутнічаюць у шэрагу вершаў М. Чарота 1922—1924 гг. («Вясну пяю», «Я зноў — дзе поле каласамі…», «Чырвоныя вясьнянкі», «Вясеньні балаган», «Зарунела, зарунела…», «Камсамолія», «Ленінамайскае»)[35][36] .

Вядомыя літаратуразнаўцы Міхась Ярош, Ніл Гілевіч, Іван Чыгрын адзначалі самабытнасьць і арыгінальнасьць літаратурна-мастацкай дзейнасьці Міхася Чарота. Яго лепшыя творы — гімны рэвалюцыі, будаваньню сьветлага жыцьця, і таму ў гісторыі айчыннай літаратуры Міхась Чарот назаўсёды застанецца палкім рамантыкам.

Літаратурная крытыка, рэцэнзіі

рэдагаваць

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць

Мастак Тодар Пархоменка намаляваў пяром партрэт пісьменьніка Міхася Чарота, які экспанаваўся ў Менску на Першай ўсебеларускай мастацкай выставе ў 1925—26 гадах[37].

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Імем Міхася Чарота названыя вуліцы ў Менску, Горадні, Маладэчне і Рудзенску[4]. У 1996 годзе імя паэта далі Рудзенскай сельскай бібліятэцы[38]. На будынку Дома культуры ў Рудзенску усталявана памятная шыльда ў гонар пісьменьніка.
Да 100-годдзя з дня нараджэньня пісьменьніка «Белпошта» выпусьціла канвэрт (мастак Віктар Сташчанюк), і ў 2021 годзе быў выпушчаны маркіраваны канвэрт, прысьвечаны да 125-годдзя з дня нараджэньня пісьменьніка (дызайн канвэрта Сьвятлана Цырулік)[39].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Крыптонім — подпіс пад творам замест імя аўтара, які не прадугледжвае магчымасьці ўтоесьніць яго з той або іншай пэўнай асобай; іншымі словамі — імя, разьлічанае на тое, каб схаваць сапраўднага аўтара твора.
  2. ^ 5 лістапада 1937 у Менску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 47, кв. 2 арыштаваная хатняя гаспадыня Дадыка Эўфрасіньня Тарасаўна (нар. 1903), жонка Міхася Чарота. 28 лістапада 1937 асаблівай нарадай пры НКВД асуджаная як «член сям'і здрадніка ра­дзімы» да 8 гадоў ППК і этапаваная ў Карагандзінскі канцлягер НКВД Казаскай ССР (Акмалінск). Загінула ў зьняволеньні ў першай палове 1940-х г. Рэабілітаваная 11 сакавіка 1957 трыбуналам БВА. Асабовая справа жонкі М. Чарота № 10102-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
  1. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #1047399547 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-ii?id=19882
  3. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  4. ^ а б в г д е ЧАРОТ Міхась // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  5. ^ а б в г д Чарот Михась // Биографический справочник — Мінск: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 667—668. — 737 с. (рас.)
  6. ^ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюабйло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 414. — 776 с.  (рас.)
  7. ^ а б в Арлоў, Ул. Міхась Чарот. Радыё СвабодаПраверана 26 сьнежня 2011 г.
  8. ^ а б Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 241. — 344 с.
  9. ^ а б в г д Рублеўская, Л. (2 лістапада 2010) Краснокрылый вещун (рас.). Советская Белоруссия. Праверана 23 сьнежня 2011 г.
  10. ^ а б Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі…. — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 52—53. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
  11. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 454. — 903 с.
  12. ^ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюабйло, Н. С. Перкин. — Мн: Наука и техника, 1977. — С. 414. — 776 с.
  13. ^ Айзенштат, Г. Жыццё і драма Міхася Чарота: дакументальная версія // Беларусь. — 1989. — № 7. — С. 5.
  14. ^ Культурная хроніка БССР. Пісьменьнікі на ўборцы бульбы. На здымку: М. Чарот капае бульбу. // Чырвоная Беларусь : часопіс. — 1931, кастрычнік, лістапад. — № 20—21. — С. 14.
  15. ^ Пятро Васючэнка Таталітарызм. Курс лекцыяў, Беларускі калегіюм.
  16. ^ М. Чарот. Суровы прыгавор падпісываю першым. // Полымя : часопіс. — 1930. — № 11—12. — С. 3—5.
  17. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  18. ^ Падаляк, Т. «Паглядзі… Вясну радзіла восень» // Звязда. — 2011.
  19. ^ Раман Корзюк. — Нью-ЁркМюнхэн: 1985.
  20. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 473. — 903 с.
  21. ^ Чарот Михась // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.  (рас.)
  22. ^ История белорусской советской литературы / Ред. И. Я. Науменко, П. К. Дюбайло, Н. С. Перкин. — Мн.: Наука и техника, 1977. — С. 427. — 776 с.  (рас.)
  23. ^ Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
  24. ^ Мішчанчук, М. Чарот Міхась// Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 269—684 с.
  25. ^ а б Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 455. — 903 с.
  26. ^ Чарот Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  27. ^ Барыс Бур'ян. П'еса вяртаецца да чытача, да тэатра. // Полымя : часопіс. — 1982. — № 2 (634). — С. 115, 116.
  28. ^ Я. К.. Беларускі тэатр. // Беларусь : газэта. — 1920, 8 сакавіка. — № 52 (108). — С. 4.
  29. ^ а б Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 48—49. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
  30. ^ Узвышша. 1927. № 3. С. 190
  31. ^ Маладняк. 1928. № 4. С. 96
  32. ^ Бабарэка А. Лірыка Міхася Чарота // Маладняк. — 1925. — № 9. — С. 119.
  33. ^ Жылевіч С. М. Чарот. Завіруха. ДВБ. Менск. 1922 г. // Крывіч. — 1925. — № 9. — С. 118.
  34. ^ а б Мішчанчук, М. І. «… Ў сэрца я паранены, вольны птах падстрэлены…» Паэзія Міхася Чарота з пазіцый сучаснасці // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 50. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
  35. ^ Жыбуль, В.. «…Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю. // Роднае слова : часопіс. — 2011. — № 10 (286). — С. 6—8.
  36. ^ Жыбуль, В.. «…Паклаў пачатак беларускаму імажынізму» Пра Міхася Чарота і адну маскоўскую публікацыю. // Роднае слова : часопіс. — 2011. — № 11 (287). — С. 9—1.
  37. ^ Каталёг 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі / Язэп Дыла, Мікола Шчакаціхін, Арон Касталянскі; мастакі: Анатоль Тычына, Міхаіл Эндэ. — Менск: 1925. — С. 22 (№ 464). — 44 с. — 2000 ас.
  38. ^ Пастанова Кабінэту міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 жніўня 1996 году N 555
  39. ^ Выйшаў канверт, прысвечаны Міхасю Чароту // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 27 кастрычніка 2021 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць