Земскі суд — павятовы шляхецкі суд станавага тыпу, уведзены ў Вялікім Княстве Літоўскім пасьля адміністрацыйных рэформаў 1560-х рокаў. Пачатковае вызначэньне структуры і кампэтэнцыі земскага суду было зробленае Бельскім прывілеем (1564), і замацаванае ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 року.

Разгляду ў земскім судзе падлягалі грамадзянскія і крымінальныя справы шляхты, апроч справаў, падсудных гаспадарскаму і гродзкаму судам. Таксама ў земскі суд маглі падавацца скаргі на пазапраўныя дзеяньні службовых асобаў гэтага павету. Як і гродзкі суд, земскі суд сьведчыў грамадзянска-прававыя дамовы, чыніў дзеяньні па забесьпячэньні судовых довадаў і пад.

Справаводзтва земскага суду мела такую самую арганізацыю, што і ў іншых мясцовых судах ВКЛ пасьля 1560-х рр.

Земскі суд аддзяляўся ад іншых органаў дзяржаўнай улады і быў выбарным. У яго склад уваходзілі судзьдзя, падсудак і пісар. Усе яны абіраліся шляхтай павету (з 4-х кандыдатураў на кожную пасаду) і зацьверджваліся на пажыцьцёвае займаньне пасады вялікім князем. Абранымі маглі быць толькі шляхцічы, жыхары ВКЛ, якія мелі нерухомую маёмасьць у гэтым павеце.[1] Артыкул восьмы чацьвертага разьдзелу Статуту 1566 року забараняў абіраць судзьдзямі ў земскія суды прадстаўнікоў духавенства і службовых асобаў мясцовай адміністрацыі.

Статут таксама вызначаў парадак прыняцьця судовай пасады судзьдзямі земскага суду і прыводзіў тэкст прысягі судзьдзяў, якую яны прыносілі на першай судовай сэсіі пры ўступленьні на пасаду. У ёй сьцьвярджалася, што судзьдзі павінныя дзейнічаць толькі ў межах закону, судзіць сумленна і справядліва, не баючыся помсты і пагрозаў, не зьвяртаючы ўвагі на тытулы, пасады, багацьце тых ці іншых асобаў, «посулы і дары» і інш. Судовы пісар, які зьяўляўся чальцом земскага суду, прыносіў асобную прысягу, якой абавязваўся добрасумленна запісваць паказаньні бакоў і іншых удзельнікаў судовага працэсу, нічога не дадаючы і не выключаючы. Закон абавязваў запісы рабіць «словы Рускими», г.зн. тагачаснай беларускай мовай.

Суд зьбіраўся на разгляд справаў тры разы на рок: у студзені, чэрвені і кастрычніку. Судовыя сэсіі («рокі земскія») працягваліся па 3—4 тыдні, позва або абвінавачваньне павінныя былі падавацца ў земскі суд за месяц да пачатку судовай сэсіі.

Узьнікненьне і дзейнасьць земскіх судоў сьведчыла пра новы этап у разьвіцьці судовага ладу і судаводзтва, пра паступальнае разьвіцьцё фэадальнага грамадзтва.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Доўнар Т. І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. — Мн.: Амалфея, 2007. С. 109—110.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць