Васількаў (польск. Wasilków) — места ў Польшчы, на правым беразе ракі Супрасьлі. Цэнтар меска-сельскай гміны Беластоцкага павету Падляскага ваяводзтва. Знаходзіцца за 9 км на поўнач ад Беластоку; на аўтамабільнай дарозе №19 КузьніцаБеластокЖэшаў. Чыгуначная станцыя на лініі №6 Зялёнка — Кузьніца.

Васількаў
лац. Vasilkaŭ
польск. Wasilków
Рынак
Рынак
Герб Васількава Сьцяг Васількава
Першыя згадкі: 1566
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Беластоцкі
Гміна: Васількаў
Плошча: 28,15 км²
Насельніцтва (2005)
колькасьць: 8751 чал.
шчыльнасьць: 310,87 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 85
Паштовы індэкс: 16-010
Нумарны знак: BIA
Геаграфічныя каардынаты: 53°12′18″ пн. ш. 23°12′16″ у. д. / 53.205° пн. ш. 23.20444° у. д. / 53.205; 23.20444Каардынаты: 53°12′18″ пн. ш. 23°12′16″ у. д. / 53.205° пн. ш. 23.20444° у. д. / 53.205; 23.20444
Васількаў на мапе Польшчы
Васількаў
Васількаў
Васількаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.wasilkow.pl

Васількаў — магдэбурскае места на мяжы гістарычных Гарадзеншчыны (частка Троччыны) і Падляшша, на беларускай этнічнай тэрыторыі.

Паводле легенды, сваю назву места атрымала ў гонар галіцкага князя Васількі Раманавіча, які на месцы першых селішчаў у пушчы збудаваў умацаваны дзядзінец.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Мескі герб 1566 г.[a]

13 верасьня 1282 году ў гэтых мясьцінах адбылася бітва паміж ятвягамі і войскам Трайдзеня. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Васількаў датуецца 8 сьнежня 1566 году, калі вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў яму Магдэбурскае права і герб: у чырвоным полі галава лося з залатымі рогамі[1]. Згодна з гэтым дакумэнтам места заснаваў староста мельніцкі і мсьцібаўскі Рыгор Валовіч:

  ...асадзіў тут ку пажытку скарбу нашага гаспадарскага места ў пушчы нашай Гарадзенскай Васількаў  

У XVI ст. у Васількаве знаходзілася рэзыдэнцыя кашталяна падляскага. У 1567 годзе ў Васількаве збудавалі першы драўляны касьцёл. У 1612 годзе празь места дарогаю ў Вялікае Княства Літоўскае праязджала каралева і вялікая княгіня Канстанцыя, жонка Жыгімонта Вазы. Пад 1669 годам ўпершыню ўпамінаецца тутэйшая царква.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Царква-мураўёўка, 1916 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Васількаў апынуўся ў складзе Прусіі, у Беластоцкім дэпартамэнце. У 1807 годзе згодна з Тыльзіцкай мірнай дамовай паміж Расеяй і Францыяй — у Беластоцкай вобласьці Расейскай імпэрыі. У гэты час тут было 212 будынкаў. У 1839 годзе на загад маскоўскага гаспадара Мікалай I царкву ў Васількаве адабралі ў Сьвятога Пасаду і перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі.

У 1842 годзе Васількаў увайшоў у склад Гарадзенскай губэрні. На 1860 год тут быў 201 будынак, дзеялі 2 царквы. 5 траўня 1895 году пажар зьнішчыў палову места. У канцы XIX ст. у Васількаве было 508 будынкаў, зь якіх 2 мураваныя, дзеялі касьцёл, царква і 2 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 51 крама і адзін склад. Рамесьнікаў у месьце — 267 майстроў, 89 работнікаў і 30 вучняў. Жыхары прадмесьцяў — Сухоні, Варашыліна, Волькі — займаліся агародніцтвам, дробным гандлем і промысламі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Васількаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Васількаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Васількаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Беластоцкім ваяводзтве.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Васількаў акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Васількаў увайшоў у склад БССР, у Беластоцкую вобласьць. З 27 чэрвеня 1941 да 20 верасьня 1944 году места зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Васількаў Польскай Народнай Рэспубліцы.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1650 год — 0,5 тыс. чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1772 год — 1,5 тыс. чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1807 год — 667 чал.; 1846 год — 1,9 тыс. чал.; 1857 год — 1413 чал.; 1860 год — 1381 чал., зь іх 817 каталікоў, 65 праваслаўных, 19 эвангелістаў і 480 юдэяў[3]; 1877 год — 1,5 тыс. чал.; 1880 год — 3,9 тыс. чал.; 1891 год — 3335 чал. (1710 муж. і 1625 жан.), зь іх 1457 каталікоў, 675 праваслаўных, 49 эвангелістаў і 1154 юдэі; 1897 год — 3880 чал. (1859 муж. и 2021 жан.), зь іх 2335 беларусаў, 25 расейцаў, 9 палякаў, 40 немцаў і 1463 жыды[4]; 1899 год — 4,8 тыс. чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1910 год — 5,3 тыс. чал.; 1921 год — 3,9 тыс. чал.; 1931 год — 4,8 тыс. чал.; 1937 год — 5,1 тыс. чал.; 1939 год — 5,5 тыс. чал.; 1946 год — 3,9 тыс. чал.; 1956 год — 3,6 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,8 тыс. чал.[5]; 31 сьнежня 2008 году 9440 чал..[6]

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Славутасьці

рэдагаваць
  • Касьцёл Перамяненьня Пана (1880—1883)
  • Могілкі: старыя каталіцкія, юдэйскія
  • Санктуарыюм Маці Божай Балеснай (1949)
  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1853; мураўёўка)

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Сынагога
  1. ^ Паводле А. Цітова
  1. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 128.
  2. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  3. ^ Słownik geograficzny... T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 129.
  4. ^ Перепись 1897 года. Васильков, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
  5. ^ Васількаў. Афіцыйны партал места
  6. ^ Зьвесткі Галоўнага Статыстычнага Ўрада Польшчы, Ludność. Stan i struktura w przekroju terytorialnym (Stan w dniu 31 XII 2008 r.)

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць