Дзень Волі
Дзень Во́лі, Дзень Незале́жнасьці[1][2] — беларускае сьвята аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці, якое адзначаецца 25 сакавіка пад нацыянальнымі бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоняй. Прымяркоўваецца да гадавіны ўтварэньня першай нацыянальнай дзяржавы, калі 25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату. У Беларусі часоў прарасейскага рэжыму Лукашэнкі сьвяткуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.
Беларуская традыцыя | |
Значэньне | ушанаваньне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі |
---|---|
Дата | 25 сакавіка |
Назва
рэдагавацьПершая афіцыйная назва сьвята — Дзень абвяшчэньня (дзяржаўнай) Незалежнасьці Беларусі[1]. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэклярацыі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі», якая пачынаецца словамі: Дзень 25 сакавіка — нацыянальнае сьвята Беларусі <…> Тры гады таму … Беларуская Дзяржаўная Рада … абвесьціла наш край Дзяржавай вольнай і ад нікога незалежнай. <…> Моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю[a]. Гэтая назва таксама зазначаецца ў «Адозьве Рады БНР і Рады Міністраў БНР да беларускага й жыдоўскага народаў» ад 25 сакавіка: …вялікі гістарычны дзень 25 сакавіка 1918 году — Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі[b].
У жніўні 2021 году беларускі гісторык Уладзімер Ляхоўскі выявіў у архівах выпіску Дзяржаўнай палітычнай управы Менску за красавік 1924 году, дзе згадвалася прашэньне расейскай сям'і Пустоціных наконт падчаркі: «Просім даць дзяўчынцы імя Воля, бо яна нарадзілася напярэдадні Дня Волі»[3]. Назва Дзень Волі ўпершыню ў друку зьявілася ў спэцыяльным выпуску газэты «Свабода», які выйшаў у 1990 годзе. На думку беларускага мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гэтая назва — вобразная мэтафара, тым часам назва Дзень Незалежнасьці больш адпавядае гістарычнай падзеі[1].
Гісторыя
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, згодна зь якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.
Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы сталі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня[4], сталіцай — Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12 красавіка 1918 году[4]). Ад 11 кастрычніка 1918 году дзеяла часовая канстытуцыя[5], праводзілася выдача пашпартоў[4].
Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя[4], дэ-факта — Нямеччына, Баўгарыя, Турэччына, УНР[6].
Сьвяткаваньне
рэдагавацьБеларускі нацыянальна-вызвольны рух
рэдагавацьУпершыню ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні. На ўрачыстай вячэры старшыня Беларускай цэнтральнай Рады Гарадзеншчыны Павал Аляксюк прачытаў Першую Ўстаўную грамату, па чым прытомныя прасьпявалі беларускі гімн. З прамовамі выступілі Б. Квяцінскі, Я. Натусевіч і іншыя[7].
У 1920 годзе другую гадавіну ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка адзначылі ў Менску, а 27 сакавіка — у Горадні. У Менску прайшлі ўрачыстыя сходы вучняў беларускіх школаў і прытулкаў, на якіх прагучалі прысьвечаныя сьвяту прамовы, па чым дзеці разам з настаўнікамі наведалі каталіцкія і праваслаўныя набажэнствы. У мескім тэатры, клюбе «Беларуская хатка» і іншых будынках беларускіх арганізацыяў адбыліся культурныя імпрэзы. У Юбілейным доме прайшоў урачысты сход Беларускага нацыянальнага камітэту, куды ўсе беларускія арганізацыі, у тым ліку Беларуская вайсковая камісія даслалі сваіх прадстаўнікоў. У Горадні сьвяточная імпрэза адбылася ў памяшканьні клюбу «Беларуская хатка», дзе прагучаў беларускі гімн, выступілі старшыня Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэту Я. Натусевіч, Л. Дзекуць-Малей і старшыня Грамады беларускай моладзі С. Баран, па чым хор прасьпяваў некалькі нацыянальных песьняў[7].
У наступныя ўгодкі цэнтрам сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці стала Вільня. 25 сакавіка 1921 году тут адбылося ўрачыстае паседжаньне Беларускага нацыянальнага камітэту, на якім выступілі Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, кс. Адам Станкевіч і Максім Гарэцкі, а 29 сакавіка кс. А. Станкевіч правёў урачыстую імшу ў касьцёле Сьвятога Крыжа пры кляштары баніфратаў, якую завяршыў казаньнем на беларускай мове. Урачыстае набажэнства, якое пазьней праводзілася ў касьцёле Сьвятога Мікалая, стала трывалай традыцыяй сьвяткаваньня 25 сакавіка ў Вільні. У 1925 годзе прайшло апошняе супольнае сьвяткаваньне віленскіх беларусаў, спалучанае зь юбілеем выдавецкай дзейнасьці Францішка Скарыны. У арганізацыі гэтых урачыстасьцяў актыўны ўдзел узяло Беларускае навуковае таварыства[7]. Увогуле, у сьвяткаваньні заўсёды актыўна бралі ўдзел вучні Віленскай беларускай гімназіі і студэнты Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя, апошнія пэўны час выдавалі часопіс з назвай «25 сакавіка»[8].
У кастрычніку 1925 году на Другой Ўсебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне частка міністраў БНР перадала свае мандаты ўраду Беларускай ССР. Сярод удзельнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху (галоўным чынам кіраўнікоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады) пашырылася думка, што ідэя БНР вычарпала сябе, а Заходняя Беларусь у пэрспэктыве мусіць стаць часткай Савецкай Беларусі. Паседжаньне віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту ў пачатку сакавіка 1926 году пастанавіла адмовіцца ад шырокага сьвяткаваньня гадавіны незалежнасьці. Адгэтуль сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці працягнулі прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) і Беларускага сялянскага саюзу (БСС), а 25 сакавіка 1926 году сьвяточнае набажэнства, апроч касьцёла Святога Мікалая, таксама адбылося ў Пятніцкай царкве. Асабліва актыўна беларускім грамадзянствам Вільні адзначаліся 15-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці БНР, гэтым разам сьвяточнае праваслаўнае набажэнства адбылося ў Прачысьценскай саборнай царкве, а ўрачыстую вечарыну (акадэмію) аздобілі партрэтам Кастуся Каліноўскага і выявай Пагоні[7].
У сярэдзіне 1930-х гадоў традыцыя сьвяткаваньня выйшла за межы Вільні, найперш у асяродкі, што знаходзіліся пад уплывам БХД. Урачыстасьці праходзілі ў Ашмянах, Жодзішках, Смаргоні і іншых месцах. Сярод іншага, у Шутавічах актывісты гуртка Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры 25 сакавіка 1934 году вывесілі пасярод вёскі бел-чырвона-белы сьцяг, які празь некалькі гадзінаў зьнялі польскія паліцыянты. Сябры гуртка не хавалі свайго ўчынку і нават зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнем вярнуць ім сьцяг як прыватную ўласнасьць[7]. Увогуле, сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці ў Вільні і іншых месцах Заходняй Беларусі адбываліся да Другой сусьветнай вайны, але апошнія гады праходзілі зь вялікімі перашкодамі з боку уладаў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якія разглядалі падобныя акцыі як спробу парушыць тэрытарыяльную цэласнасьць. У 1938 годзе інавацыяй у сьвяткаваньні стала радыётрансьляцыя з сталіцы Летувы Коўна, у час якой з прамовамі выступілі лідэры беларускай супольнасьці і прасьпяваў беларускі хор[7].
У Другую сусьветную вайну традыцыю сьвяткаваньня 25 сакавіка разам зь беларускімі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). У 1944 годзе сьвяткаваньні мелі шырокую геаграфію ў Беларусі і спалучаліся з урачыстай прысягай жаўнераў Беларускай краёвай абароны, тады ж у Менску гістарычная Захараўская вуліца атрымала назву імя 25 Сакавіка[9]. У 1945 годзе да Дня Волі адбыўся парад падразьдзяленьняў 30-й грэнадэрскай дывізіі СС (1-й беларускай) у Гіршаве (Баварыя, Нямеччына)[10]. Ва ўрачыстасьцях таксама прымаў удзел прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі[11].
Па вайне намаганьнямі беларускіх арганізацыяў сэнатары, губэрнатары і мэры шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ЗША неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў адпаведных штатах і местах. Праца Сэнату і Кангрэсу ЗША неаднойчы пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім сьвятаром[12]. У мясцовасьцях з актыўнымі беларускімі асяродкамі 25 сакавіка адзначалася на афіцыйным узроўні вывешваньнем бел-чырвона-белага сьцяга. Такая традыцыя існавала ў Брэдфардзе (Вялікабрытанія)[13] і Ошава (Канада)[14], дзе сьцяг уздымаўся над будынкамі мескіх ратушаў. Да сёньня ў гэты дзень беларускі нацыяльны сьцяг вывешваецца на будынку гістарычнага музэю ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі, ЗША)[15].
У Беларусі ўгодкі ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі зноў пачалі паўпадпольна (у лесе, у мастацкіх майстэрнях) адзначаць у 1980-я гады[16], а першае публічнае сьвяткаваньне 25 сакавіка 1989 году зладзіў мастак Алесь Пушкін. У імпрэзе брала ўдзел каля 120 студэнтаў, прытым савецкія ўлады арыштавалі 36 чалавек, а самому Пушкіну далі вырак у 5 гадоў пазбаўленьня волі[17]. 25 сакавіка 1990 году выйшаў пілётны нумар газэты «Свабода» пад назвай «Дзень Волі», якая адразу стала новай назваю сьвята[16].
Рэспубліка Беларусь
рэдагавацьПа аднаўленьні незалежнасьці Беларусі ў Менску і іншых местах праводзіліся палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, прысьвечаныя Дню Волі. З 1991 году ў Палацы мастацтваў пачала праходзіць урачыстая тэматычная выстава[17], таго ж году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня разглядаў закон аб усталяваньні 25 сакавіка ў якасьці дзяржаўнага сьвята пад назвай «Дзень Рэспублікі», які з прычыны браку парлямэнцкай большасьці ў беларускіх нацыянальных сілаў, аднак, ня здолеў набраць патрэбнай колькасьці галасоў[18]. У 1993 годзе 75-ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі адзначалі на афіцыйным узроўні: у будынку Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ўсіх прытомных павіншавалі тагачасны кіраўнік дзяржавы старшыня парлямэнту Беларусі Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Сажыч[16].
Па ўсталяваньні аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьні палітыкі русіфікацыі Беларусі ўрачыстасьці да Дня Волі неаднаразова гвалтоўна перапыняліся супрацоўнікамі сілавых структураў, а іх удзельнікі арыштоўваліся. Пры гэтым угодкі ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў розных фарматах штогод адзначаліся па ўсёй краіне, а галоўная масавая акцыя з тысячамі ўдзельнікаў звычайна праходзіла ў Менску. Адно з найбольш масавых сьвяткаваньняў адбылося 25 сакавіка 1996 году на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру, дзе сабралася больш за 30 тысячаў чалавек. У гэты дзень людзі таксама пратэставалі супраць прапанаванага Лукашэнкам саюзу з Расеяй. Сілавыя структуры справакавалі сутычкі з удзельнікамі, па чым затрымалі 30 чалавек. Масавая акцыя ў абарону незалежнасьці выклікала вялікі рэзананс, у тым ліку на Захадзе. Існуе меркаваньне, што тагачасная «Менская вясна» ўратавала Беларусь ад аншлюсу з Расеяй[19]. У 1997 годзе сілавыя структуры жорстка разагналі мірнае шэсьце на праспэкце Францішка Скарыны, у якім бралі ўдзел каля 7 тысячаў чалавек. У выніку больш за сотню мітынгоўцаў затрымалі. У 1998 і 1999 гадох у акцыях бралі ўдзел 10 і 8 тысячаў чалавек адпаведна[19]. Адметнасьцю сьвяткаваньня ў 2000 годзе стаў вывад рэжымам Лукашэнкі на вуліцах Менску вадамётаў і бронетранспартэраў і патруляваньне цэнтру места ўзброенымі салдатамі з сабакамі. Паводле розных ацэнак, у той дзень з больш як 10 тысячаў удзельнікаў затрымалі ад 200 да 400 чалавек, сярод іх 35 журналістаў беларускіх і замежных мас-мэдыя[20]. У 2001 годзе ўдзельнікі сьвяткаваньня сабраліся на Юбілейным пляцы, адкуль каля 5 тысячаў чалавек прайшлі да стэлы «Горад-герой». Пры сьвяткаваньні 24 сакавіка 2002 году агулам у Менску (акцыя праходзіда ў парку імя Янкі Купалы) і Горадні затрымалі больш за 100 чалавек[16]. Увогуле, Горадня традыцыйна была другім цэнтрам сьвяткаваньня: у 1997 годзе тут выйшла 3 тысячы чалавек, у 2000 і 2001 гадох — па 2 тысячы[19]. У 2003 годзе 23 сакавіка сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі намагаліся зладзіць у Менску сьвяточнае шэсьце праспэктам Францішка Скарыны, якое разагналі амапаўцы. А 25 сакавіка акцыю на плошчы Якуба Коласы зладзіла Партыяй БНФ, у выніку чаго затрымалі дзясяткі чалавек[21]. У 2004 годзе акцыя, якую плянавалася правесьці на Высокім Рынку, фактычна не адбылася: усіх, хто прыходзіў затрымлівалі або выціскалі зь пляцу сілавыя структуры (у тым ліку міліцыянты з Расеі, якія ў гэты час праходзілі ў Беларусі стажаваньне)[19]. Разгонам і затрыманьнямі скончылася акцыя ў 2005 годзе, калі на заклік Андрэя Клімава каля 2 тысячаў чалавек сабралася ў самым цэнтры Менску. У 2006 годзе ў менскім Купалаўскім парку сабралася каля 10 тысячаў чалавек, частка дэманстрантаў на заклік экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна рушыла да ізалятару на вуліцы Акрэсьціна, каб патрабаваць вызваленьня затрыманых раней удзельнікаў пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. У выніку разгону шэсьця сілавыя структуры затрымалі каля 400 чалавек. У 2007 годзе ўдзельнікам акцыі ня далі сабрацца ў самым цэнтру Менску, урэшце ад 5 да 7 тысячаў чалавек правялі сьвяточны мітынг на пляцоўцы перад Акадэміяй навук[22]. У 2008 годзе сілавыя структуры зноў заблякавалі месца правядзеньня акцыі — гэтым разам плошчу Якуба Коласа. У выніку пратэстоўцы пачалі зьбірацца каля Акадэміі навук, адкуль іх выціскалі амапаўцы. Агулам у акцыі ўзялі ўдзел да 4 тысячаў чалавек, зь іх больш за 100 чалавек затрымалі, некаторых моцна зьбілі[19]. Адметнасьцю акцыяў у 2009 і 2010 гадох, якія праходзілі каля Акадэміі навук, стаў афіцыйны дазвол уладаў і брак затрыманьняў[16]. У 2011 годзе сілавыя структуры ня далі ўдзельнікам акцыі ў Менску сабрацца ў адным месцы, агулам у сталіцы і рэгіёнах затрымалі 70 чалавек. У 2012—2015 гадох на Дзень Волі праводзіліся афіцыйна дазволеныя шэсьці да плошчы Бангалор, у 2016 годзе шэсьце скончылася каля гандлёвага цэнтру Рыга. У 2017 годзе спроба сьвяткаваньня адзначылася найбольшай колькасьцю затрыманьняў. Напярэдадні Дня Волі рэжым Лукашэнкі прэвэнтыўна затрымаў больш за 300 чалавек, 26 чалавек сталі фігурантамі «справы патрыётаў», сфабрыкаванай КДБ. 25 сакавіка ў цэнтры Менску сканцэнтравалі вялікую колькасьць супрацоўнікаў сілавых структураў, сьцягнулі вадамёты, штурмавыя аўтамабілі і армейскія бронемашыны. У час акцыі зачынілі тры станцыі мэтро і цалкам перакрылі цэнтральны праспэкт. У выніку «зачысткі» ачэпленай тэрыторыі затрымалі больш за 700 чалавек, некаторых моцна зьбілі[19].
100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2018 годзе адзначылася маштабным сьвяткаваньнем. Галоўныя ўрачыстасьці пад назвай «Сьвята Незалежнасьці» прайшлі ў Менску на Траецкай гары перад Опэрным тэатрам, дзе адбыліся канцэрт і мітынг, якія сабралі да 50 тысячаў чалавек. Рэжым Лукашэнкі дазволіў сьвяткаваньне, але разам з тым у гэты дзень агулам затрымалі каля 120 чалавек, у тым ліку за выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі па-за межамі імпрэзы[23]. Масавыя сьвяткаваньні таксама прайшлі ў іншых вялікіх местах Беларусі: сьвяточныя вулічныя канцэрты і мітынгі адбыліся ў Баранавічах, Берасьці і Горадні, канцэрты — у Гомлі, Лідзе, Пружанах і Слуцку, пікет і мітынг — у Кобрыні і Салігорску. У Беластоку ў царкве Сьвятога Яна Тэоляга на сьвятой літургіі адбыўся малебен за беларускі народ, у Падляскай опэры і філярмоніі — сьвяточны канцэрт[24]. Сьвяточныя шэсьці прайшлі ў Варшаве і Любліне (Польшча), Вільні (Летува), Кіеве (Украіна), Філадэльфіі (Пэнсыльванія, ЗША)[25].
У 2019 годзе дазволеныя масавыя сьвяткаваньні адбыліся ў Горадні (23 сакавіка, Калоскі парк) і Менску (24 сакавіка, Кіеўскі сквэр). Канцэрт у Горадні наведалі ад 3 да 5 тысячаў чалавек[26], канцэрт-мітынг у Менску — 5—7 тысячаў чалавек. Пры гэтым у розных частках Менску адзначаліся кропкавыя затрыманьні музыкаў, палітыкаў і людзей з нацыянальнай сымболікай, большасьць зь якіх вызвалілі ў той жа дзень без складаньня пратаколаў[27]. У 2020 годзе з прычыны пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі і сьвеце адмовіліся ад традыцыйнага сьвяткаваньня ў выглядзе масавых акцыяў[28][29]. Адзначэньне прайшло ў фармаце анлайн-сьвята «Годны Дзень Волі» з удзелам вядомых беларускіх дзеячоў культуры, грамадзкіх актывістаў і музычных гуртоў[30].
Пры здушэньні масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня ў чацьвер 25 сакавіка 2021 году ад раніцы цэнтар Менску атачыла вялікая колькасьць вайсковай тэхнікі, аўтазакаў і супрацоўнікаў сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі, якія патрулявалі вуліцы. Удзень у розных частках места пачаліся кропкавыя затрыманьні. Нягледзячы на гэта, адбыліся некалькіх лякальных маршаў: у Трох Корчмах (раёне Велазаводу), Малінаўцы і Вялікім Лесе (Вайсковым гарадку). Апроч таго, удзень сьвяткаваньне выявілася ў запусканьні ў неба балёнікаў нацыянальных колераў, а таксама бел-чырвона-белых сьцягоў, вывешваньні сьцягоў на дамох. Пры мэмарыяле Аляксандра Тарайкоўскага дзеля ўшаваньня памяці забітых паклалі кветкі нацыянальных колераў. Увечары па ўсім Менску пачалі запускаць салюты. Паводле афіцыйных зьвестак, у гэтым дзень ува ўсёй краіне «за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» затрымалі больш за 200 чалавек[31]. Сытуацыя паўтарылася ў суботу 27 сакавіка, калі плянавалася прымеркаваная да Дня Волі масавая акцыя: супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі цалкам перакрылі ў Менску ўсе вуліцы, якія вялі да абвешчанага месца збору ўдзельнікаў акцыі. Агулам зноў затрымалі больш за 200 чалавек[32]. Адзначаецца, што 25 і 27 сакавіка рэжым Лукашэнкі фактычна ўвёў у Менску ваеннае становішча на фоне ўзмацненьня тэрору супраць беларусаў[33].
16 траўня 2024 году Сьледчы камітэт рэжыму Лукашэнкі абвясьціў, што распачаў супраць удзельнікаў эмігранцкага сьвяткаваньня Дня Волі 2024 году крымінальныя справы паводле артыкулаў «аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім» і «аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь». СК заявіў, што мае зьвесткі пра 104 асобаў, якія бралі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі ў розных местах замежжа, а таксама анансаваў ператрусы, арышты маёмасьці і спэцыяльную (завочную) вытворчасьць у дачыненьні да падазраваных[34].
Сьвята Незалежнасьці ў мастацтве
рэдагаваць25 сакавіка 1920 году Янка Купала, які ў 1919 годзе быў намесьнікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту (фактычна віцэ-прэм’ерам Беларусі[35]), напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»[36]:
Ня сьвята сьветлае спраўляці |
||
У вершы паэт выказвае расчараваньне ў выніках прызнаньня незалежнай Беларускай дзяржавы тагачаснай міжнароднай супольнасьцю (у першую чаргу Савецкай Расеяй і міжваеннай Польскай Рэспублікай)[37].
Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі апяваецца ў вершах «На 25 сакавіка» (1932 год)[38] і «На дзень 25.III.1933» (1933 год) Язэпа Германовіча[39] «25 сакавіка» (1935 год) Міхася Машары[40], «Паслухай, што кажа курган» (1944 год), «25 сакавік» (1946 год) і «Былі героі» (1962 год) Алеся Змагара[41], «25-ты сакавік» (1950 год) Натальлі Арсеньневай[42]. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які ў 1991 годзе актыўна выступаў за ўсталяваньне 25 сакавіка ў якасьці дзяржаўнага сьвята, мае верш з радкамі «І першым сьвятам Бацькаўшчыны стане Дзень Дваццаць Пятага Сакавіка!»[18]. Верш «25 Сакавіка», напісаны Народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, завяршаецца наступнымі радкамі:
Дваццаць пятага сакавіка — |
||
Вялікая колькасьць мастацкіх паштовак, налепак і канвэртаў, зьвязаных зь сьвяткаваньнем Дня Незалежнасьці, выйшла з друку намаганьнямі Беларускага замежжа[44].
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Вячорка В. Дзень Волі. Дзень Незалежнасьці. Як называць галоўнае сьвята, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2017 г.
- ^ Вячорка В. Якія гістарычныя даты павінны памятаць і шанаваць беларусы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 78.
- ^ Апошняе адкрыцьцё гісторыка Ляхоўскага: Дзень Волі ў савецкім Менску 1920-х // Наша Ніва, 11 верасьня 2021 г. Праверана 14 верасьня 2021 г.
- ^ а б в г Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 315.
- ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 386.
- ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 388.
- ^ а б в г д е Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак. № 3, 2008. С. 65.
- ^ Ліс А. «25 сакавіка» // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 219.
- ^ Скобла М. Леанід Маракоў: «У Менску існавала вуліца 25 Сакавіка», Радыё Свабода, 15 кастрычніка 2010 г.
- ^ Mark Alexander: Nazi Collaborators, American Intelligence, and the Cold War. The Case of the Byelorussian Central Council. University of Vermont Graduate College Dissertations and Theses, Nr. 424, 2015, S. 78f.
- ^ Ю. Грыбоўскі. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць. — 11.01.2009.
- ^ Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Пераклад С. Шупы. — Менск: Беларусь, 1993. С. 242—245.
- ^ Гардзіенка Н. (5 жніўня 2012) Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 5 жніўня. Мацей Райцэўскі. LiveJournal. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Гардзіенка Н. (16 верасьня 2012) Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 16 верасня. Беларусы Ашавы. LiveJournal. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ У Саўт-Рыверы (ЗША) узнялі бел-чырвона-белы сцяг ФОТАФАКТ, Наша Ніва, 31 сакавіка 2014 г.
- ^ а б в г д Соўсь Г. 15 фактаў пра Дзень Волі. Самыя прыкметныя і вызначальныя акцыі, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2017 г.
- ^ а б Як беларусы пачалі святкаваць Дзень Волі. Кароткая гісторыя, Белсат, 24 сакавіка 2019 г.
- ^ а б Гілевіч Н. «І запануе воля» // Літаратурная Беларусь. № 3 (139), 2018. С. 1.
- ^ а б в г д е Кроў, «фашысты» і Васіль Быкаў. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 30 гадоў, Белсат, 25 сакавіка 2019 г.
- ^ Колькі прыходзіла і колькі затрымалі на Дзень Волі ў папярэднія гады. ІНФАГРАФІКА, Радыё Свабода, 24 сакавіка 2019 г.
- ^ Дзень Волі — 2001—2005. Як гэты было, Радыё Свабода, 20 сакавіка 2008 г.
- ^ Дзень Волі ў Менску: як разгортваліся падзеі, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2007 г.
- ^ Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2018 г.
- ^ Леанюк Л. Дзень Волі — 2018 у Беластоку, Радыё Рацыя, 25 сакавіка 2018 г.
- ^ Карней І. 20 пунктаў на мапе Беларусі. Адрасы сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2018 г.
- ^ У Горадні адсьвяткавалі Дзень Волі. Самае галоўнае, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019 г.
- ^ Дзень Волі — 2019. Максымальна сьцісла, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2019 г.
- ^ Дзень Волі са Свабодай. ВІДЭА, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2020 г.
- ^ Навумчык С. Зянон Пазьняк заклікаў адзначыць Дзень Волі дома, зь сям'ёй. З прычыны пандэміі, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2020 г.
- ^ Дзень Волі будуць святкаваць анлайн — ПРАГРАМА, Наша Ніва, 20 сакавіка 2020 г.
- ^ У Менску на Дзень Волі прайшлі тры маршы з нацыянальнымі сьцягамі. ВІДЭА, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г.
- ^ У Менску і іншых гарадах Беларусі 27 сакавіка затрымалі больш за 200 чалавек, Радыё Свабода, 27 сакавіка 2021 г.
- ^ Раздарожжа пасьля Дня Волі. Аналітыкі адказваюць на вашы пытаньні, Радыё Свабода, 30 сакавіка 2021 г.
- ^ Власти Беларуси угрожают отобрать недвижимость у участников празднования Дня воли в эмиграции (рас.) Міжнароднае францускае радыё
- ^ Трефилов С. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали(недаступная спасылка) // Камсамольская праўда, 23 лютага 2018 г.
- ^ Янка Купала. 25.III.1918-25.III.1920 Гадаўшчына-памінкі
- ^ Сідарэвіч А. Поўны не акадэмічны // ARCHE Пачатак. № 6 (11), 2000 г.
- ^ Адважны, В. Выбраныя творы / Вінцук Адважны; уклад., прадм., камент. І. Багдановіч. — Менск: Кнігазбор, 2011. С. 20.
- ^ Беларуская крыніца. № 13, 1933. С. 2.
- ^ Шлях моладзі. № 3 (76), 1935. С. 1.
- ^ Алесь Змагар. Да згоды. — Кліўлянд: Выдавецтва Літаратурнай Сустані «Баявая Ўскалось», 1962.
- ^ Наталля Арсеннева. 25-ты сакавік, Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
- ^ Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка, Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
- ^ 25 Сакавіка ў паштоўках, канвертах, налепках беларускай эміграцыі — ФОТА, Наша Ніва, 25 сакавіка 2016 г.
Літаратура
рэдагаваць- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Быкаў В. «25 сакавіка — самая значная падзея ў нашай гісторыі» // Літаратурная Беларусь. № 3 (139), 2018. С. 1.
- Гарэцкі М. Думкі і развагі з прычыны сьвята незалежнасьці // Спадчына. № 3, 1997. С. 5—10.
- Гілевіч Н. «І запануе воля» // Літаратурная Беларусь. № 3 (139), 2018. С. 1.
- Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. Галубовіч, З. Шыбека, Д. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. Галубовіча і Ю. Бохана. — Менск: Экаперспектыва, 2005. — 584 с. ISBN 985-469-120-9.
- Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Пераклад С. Шупы. — Менск: Беларусь, 1993. — 352 с. ISBN 5-338-00884-X.
- Смоліч А. Незалежнасьць: 25 сакавіка 1918 г. — 25 сакавіка 1921 г. // Спадчына. № 2, 1997. С. 3—6.
- Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак. № 3, 2008. С. 62—85.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Яноўскі П. Дзень Незалежнасьці // Беларускія ведамасьці. № 3 (33), 2001. С. 2—4.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Андрэй Семянюк (22 сакавіка 2009) 25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР. Эўрапейскае радыё для Беларусі. Праверана 19 красавіка 2009 г.
- «Дзень Волі», дак. фільм, рэж. Юры Хашчавацкі, 2008 г., Беларусь на YouTube