Лукаш Дзекуць-Малей
Лукаш Мікалаевіч Дзекуць-Малей (1 кастрычніка 1888, Слонім ці Слонімскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя — 20 студзеня 1955, Гданьск, Польская народная рэспубліка) — беларускі настаўнік, рэлігійны й грамадзкі дзяяч, эвангельскі прапаведнік-баптыст, перакладнік біблійных і іншых рэлігійных тэкстаў. Сябра БПСР.
Лукаш Дзекуць-Малей | |
Дзекуць-Малей каля 1920 году | |
Род дзейнасьці | перакладнік, хрысьціянскі прапаведнік |
---|---|
Дата нараджэньня | 1 кастрычніка 1888 |
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 20 студзеня 1955 (66 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | перакладнік, клірык |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская цэнтральная школьная рада і Грамада беларускай моладзі ў Горадні[d] |
Бацька | Мікалай Дзекуць-Малей |
Маці | Марыя з Тарасевічаў |
Жонка | Сэрафіма Кішка |
Дзеці | Сыны: Ліка (нар. 1924), Лёня (1925), Даніла (6 красавіка 1930); дочкі: Сэрафіма (13 сакавіка 1928) і Альжбета |
Дадаткова | Прасьвітар беларускіх баптыстаў (1941—1943) |
Біяграфія
рэдагавацьЗь сям’і настаўніка, Маці — Марыя з Тарасевічаў, бацька Мікалай. У чатыры гады застаўся без бацькоў. Да 16 гадоў выхоўваўся ў сям’і пэдагогаў Фунтаў. Скончыў слонімскую сярэднюю вучэльню, настаўніцкую сэмінарыю (1906). Працаваў настаўнікам, пазьней інспэктарам народнае адукацыі. Служыў у расейскім войску ў Беластоку, дзе пазнаёміўся зь вернікамі эвангельска-баптысцкага веравызнаньня, стаў наведваць іх малітоўныя зборы. У ноч з 31 сьнежня 1911 на 1 студзеня 1912 году ў Беластоку на рацэ Супрасьлі прыняў водны хрост паводле баптысцкага абраду. Водны хрост удзяліў прасьвітар беластоцкае царквы Раман Хамяк.
У 1912 годзе (або пачатку 1913 году) пачаў прапаведаваць, за што быў арыштаваны ў Лыскаве (Пружанскі раён) і прывезены ў турму ў Берасьце. У 1913 годзе стаў студэнтам першых біблейскіх курсаў эвангельскіх хрысьціянаў у Санкт-Пецярбургу І. С. Праханава. У 1915 годзе пачаў вучыцца ў духоўнай сэмінарыі.
Пасьля 1916 году (ці 1917?) заняўся душпастырскай працай у Горадні. У канцы 1918 году прызначаны летувіскім урадам камісарам крэйзу Крынкі — Лунна. Удзельнік Гарадзенскага беларускага сялянскага зьезду 15—16 сьнежня 1918 году, на якім быў абраны ў Гарадзенскую павятовую раду і аргкамітэт па скліканьні Краёвага беларускага зьезду. Прыяжджаў у Горадню з Крынак 30 сьнежня 1918 і 16 студзеня 1919 году.
Сябра Камітэту нацыянальнага адраджэньня Беларусі, клюбу «Беларуская хатка». Быў арыштаваны польскімі ўладамі 13 лютага 1919 году і ў красавіку 1919 году. Адзін з ініцыятараў стварэньня Грамады беларускай моладзі ў траўні 1919 году. Скарбнік арганізацыі і актор яе драматычнае сэкцыі. 26 сакавіка разам з П. Алексюком удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах у Горадні.
Зь ліпеня 1919 году — старшыня Гарадзенскае цэнтральнае беларускае настаўніцкай рады, з чэрвеня 1920 году — Гарадзенскае беларускае школьнае рады. Уваходзіў у склад прэзыдыюму Цэнтральнае беларускае школьнае рады ў Менску. Кіраўнік беларускага дзіцячага прытулку. Восеньню 1919 году скончыў беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні, тады ж зьмяніў П. Алексюка ў складзе Гарадзенскае гарадзкое рады.
У сярэдзіне лістапада 1919 году адаслаў у Вільню пратэст ад імя гарадзенскіх беларускіх арганізацыяў супраць летувіскіх замахаў на Гарадзеншчыну. 20 лістапада 1919 году Антон Луцкевіч перадаў пры сустрэчы Юзэфу Пілсудзкаму сабраныя Л. Дзекуць-Малеем матэрыялы пра перашкоды з боку польскіх уладаў у адкрыцьці беларускіх школак на Гарадзеншчыне. 29 лістапада 1919 году атрымаў ад А. Луцкевіча для беларускіх арганізацыяў Гарадзеншчыны 25 тысячаў марак. Тады ж, магчыма, хварэў на тыф і быў арыштаваны ў трэці раз.
На пачатку 1920 году — сябра Гарадзенскага БНК. 19 ліпеня 1920 году, падчас польскае эвакуацыі з Горадні, Вацлаў Іваноўскі выдаў яму з Цэнтральнае касы БНР 2 тысячы марак грашовага крэдыту. У канцы ліпеня — жніўні 1920 году зьяўляўся кіраўніком пададдзелу ясьляў і прытулкаў пры аддзеле сацзабесьпячэньня Гарадзенскага рэўкаму. Абвінавачваўся Я. Антонавым у карупцыі й прысваеньні грошаў. Паводле У. Шалешкі, узначальваў гарадзенскіх баптыстаў і нават выпускаў уласны баптысцкі друкаваны орган на беларускай мове. Летам 1921 году зноў арыштаваны і вывезены ў Беластоцкую турму. З 1921 году — сябра Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.
Ад канца 1921 году жыў у Берасьці, куды быў высланы польскімі ўладамі. Пачаў прапаведаваць у акрузе і стварыў суполку эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў у горадзе. Яшчэ ад 1920 супрацоўнічаў з Грэгарам — кіраўніком баптысцкай місіі ў Лодзі. У траўні 1922 году хрысьціў дзеяча «Зялёнага дубу» У. Ксяневіча-«Грача». У 1920—1924 гадах пераклаў 17 рэлігійных брашур на беларускую мову, у тым ліку разам з А. Луцкевічам выдаў у 1931 годзе «Новы Запавет і Псальмы» (Гельсінгфорс). У сьнежні 1927 году адкрыў малітоўны дом, пры якім арганізаваў кравецкія і пчалярскія курсы. Пазьней там сама адчыніў дзіцячы прытулак і нядзельную школу.
19 чэрвеня 1941 году арыштаваны ў Берасьці органамі НКУС і прыгавораны да сьмяротнага пакараньня. Вызвалены разам з прыходам нямецкіх войскаў. У гады вайны быў прасьвітарам беларускіх баптыстаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі. У 1942 годзе ў Менску выдаў хрысьціянскі сьпеўнік на беларускай мове. У 1943 годзе за дапамогу мясцовым жыдам быў высланы нямецкімі ўладамі ў лягер працы ў Ліпяны каля Шчэціну. Удзельнічаў у ІІ Усебеларускім кангрэсе.
У 1944—1945 гадах жыў у Нямеччыне. З 1946 году — у Польшчы. У сакавіку 1947 — сакавіку 1949 году — баптысцкі прапаведнік і акруговы прасьвітар у Гданьску. Памёр у Гданьску[1].
Сям’я
рэдагавацьЖонка — беларуская настаўніца Сэрафіма Кішка, дачка Адама й Марыі (нарадзілася 8 верасьня 1898 году, Горадня, хрост прыняла ў лютым 1922 году). Скончыла Гарадзенскую гімназію. Арганізоўвала ў Берасьці моладзевы рух, які пазьней рэарганізаваўся ў хор. У іх нарадзіліся пяцёра дзяцей. Сыны Ліка (нар. 1924), Лёня (нарадзіўся 1925, памёр у дзяцінстве), Даніла (нар. 6 красавіка 1930), дочкі Серафіма (нар. 13 сакавіка 1928) і Альжбета (нар. 8 лютага 1929). Была рэпрэсаваная (1941—1946). Арыштаваная 19 чэрвеня 1941 году і зь дзецьмі вывезеная ў Алтайскі край.
Памяць
рэдагавацьПрозьвішчам Дзекуць-Малея названая адна з цэнтральных вуліцаў Гданьску.
У 2008 годзе да 90-годзьдзя БНР была выдадзеная паштоўка з выявай Лукаша Дзекуць-Малея ў зборы паштовак «Берасьцейцы — дзеячы БНР». Да 120‑годзьдзя зь дня нараджэньня Лукаша Дзекуця‑Малея 22 лістапада 2008 году ў Менскай багаслоўскай сэмінарыі эвангельскіх хрысьціянаў‑баптыстаў адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная яго памяці.
Напрыканцы 2011 году ў берасьцейскім выдавецтве «Альтэрнатыва» выйшаў зборнік артыкулаў і дакумэнтаў, прысьвечаных Лукашу Дзекуць-Малею «Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі».[2]
У Берасьці 25 кастрычніка 2018 году Берасьцейскай абласной бібліятэкай імя М. Горкага сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі быў арганізаваны Міжнародны круглы стол і выстава да 130-годзьдзя Л. Дзекуць-Малея й 1000-годзьдзя г. Берасьця з удзелам ягоных нашчадкаў. Музычны гурт «Spasenie» прэзэнтаваў сваю песьню «Спадчына Дзекуць-Малея» на словы Аляксандра Барысюка, музыку да якой напісаў Павал Шальпук[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Алена Глагоўская. «…Хоць бы і памёр, жыць будзе». Пра Лукаша Дзекуць-Малея (1888—1955) Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух. Рэфармацыя ў Беларусі. Праверана 22 лістапада 2013 г.
- ^ Віктар Кахновіч. (6 траўня 2014) Лукаш Дзекуць-Малей: Святое Пісанне і будаванне нацыі Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Праверана 8 жніўня 2019 г.
- ^ Жэлянгоўская Ірына Іванаўна. (30 кастрычніка 2018) Міжнародны круглы стол да 130-годдзя Л. Дзекуця-Малея і 1000-годдзя г. Брэста Берасьцейская абласная бібліятэка імя М. Горкага Праверана 8 жніўня 2019 г. Архіўная копія ад 2019-09-02 г.
Літаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003.
- Picarda G. The Heavenly Fire: A Study of the Origins of the New Testament and Psalms (1931) // Божым шляхам. — London: 1975. — № 1—2 (143—144). — С. 9—24.